У Выставачнай залі Бабруйска працуе выстава мастакоў-аматараў «Тут край мой, выток мой, сцяжынка мая…». Адкрылася яна 31 траўня. На выставе прадстаўленыя працы 29 бабруйскіх мастакоў-аматараў, аб’яднаныя тэмай радзімы. У экспазіцыю ўвайшло 116 аўтарскіх працаў.
«Я вельмі рада, што ў мяне атрымалася трапіць на адкрыццё выставы і ўбачыць не толькі цудоўныя творы, але і іх аўтараў – такіх розны і такіх таленавітых бабруйцаў! – падзялілася сваімі ўражаннямі бабруйская фатографка Вераніка Сарокіна (мы рабілі з ёй інтэрв’ю на 1387.io). – На выставе было прадстаўлена шмат працаў, мне асабліва запомніліся карціны Ларысы Басяковай, прысвечаныя Бабруйску – на адной з іх – наш знакаміты «Порт Артур», а на другой – касцёл. І працы маёй таленавітай сяброўкі Марыі Марозавай – мне вельмі падабаецца ейны стыль, як яна працуе з колерам. Асабліва хачу адзначыць ейную карціну «Летні дождж» – ад гэтай працы проста цяжка адарвацца, столькі ў ёй сімвалаў і сэнсаў!».
На адкрыцці выставы з прывітальным словам выступіў мастак Анатоль Концуб:
«Чалавек, які малюе – іншы, не так, як звычайны. Гэта чалавек, які разумее прыгожае, спрабуе перадаць яго, хоць з гэтага часцей за ўсё ніякіх дывідэндаў не заслужыш у нас. Цяпер рэдка купляюць карціны, рэдка можна зарабіць на гэтым. І тым гэта каштоўней, што ўсё гэта робіцца, існуе, што тры дзясяткі мастакоў, прыйшлі, выставіліся».
Працы мастакоў-аматараў адзначыла таксама мастачка і мастацтвазнаўца Таццяна Карчажкіна:
«Нягледзячы на тое, што ў Бабруйску прафесійныя мастакі пастарэлі, у нас з’явілася група мастакоў, у якіх, магчыма, няма мастацкай адукацыі, але не ў адукацыі справа. Мастак – гэта стан душы. <…>. Творчасць – гэта жыццё. Гэта дадае сілы, здароўе, настрой, нягледзячы на цяжкасці і любыя непрыемнасці».
Час працы выставы: 31 траўня – 3 ліпеня, 10:00 – 19:00, выходны – панядзелак.
Адрас: вул.Сацыялістычная, 100, Выставачная зала Бабруйскага мастацкага музею.