У гэтым кастрычніку распачаўся новы, ужо чацвёрты навучальны год у «Акадэміі 50+» – адукацыйнай ініцыятыве для людзей сталага ўзросту, якую заснавалі бабруйцы Святлана і Алег Красныя. Пра асаблівасці новага сезона, якія цяпер выкладаюцца прадметы, як змяняюцца людзі, што прыходзяць на заняткі, якую ролю адыграла «Акадэмія» у жыцці яе заснавальнікаў, распавядае Святлана Красная.
«Да нас можна далучыцца ў любы момант – не трэба чакаць пачатку новага месяца»
– Спадарыня Святлана, падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі ад адкрыцця новага навучальнага года. Колькі сёлета студэнтаў?
– Наш ужо чацвёрты навучальны сезон распачаўся 7 кастрычніка. Мы зладзілі ўрачыстую прэзентацыю. Прыйшлі амаль усе нашыя студэнты, якія хадзілі летась, але былі таксама новыя людзі – яны цяпер ужо прыходзяць на заняткі. І дагэтуль яшчэ запісваюцца. Увогуле, да нас жа можна далучыцца ў любы момант – не трэба чакаць адкрыцця сезона ці пачатку новага месяца. Можна проста прыходзіць на тыя заняткі, якія зацікавілі.
Студэнтаў мы пакуль не лічылі, але думаю, што каля 30 чалавек маем. Дакладна сказаць пакуль цяжка, бо ў нас двухтыднёвы цыкл – па панядзелках заўсёды танцы, а ў аўторак, сераду і чацвер заняткі змяняюцца. Два тыдні нешта адно ідзе, потым два тыдні іншае. І людзі ходзяць у залежнасці ад таго, што ім цікава. Таму пакуль цяжка дакладна палічыць, бо яшчэ не было ўсіх заняткаў. Але ў нас 20 чалавек нашых сталых студэнтаў, і яшчэ мы разлічваем, што каля 10 новых будзе.
Чаму можна будзе навучыцца ў новым сезоне
– Якія ў новым сезоне прадметы? Ці ёсць нейкія навінкі?
– Прадметаў у нас цяпер нашмат больш, чым было на пачатку – заняткі ідуць усе 5 дзён на тыдзень. З таго, што было, мы пакінулі танцы, і сёлета ў нас больш ахвочых танчыць, чым у мінулыя гады. Прыйшлі нават тыя, якія ўвесь папярэдні час спелі. Мы вельмі радуемся гэтаму, бо трымалі групу танцаў, нават калі толькі тры чалавекі хадзілі. Увогуле, хачу зазначыць, што на танцы мы запрашаем любых людзей, не абавязкова нашых студэнтаў. Нават калі людзі не хочуць хадзіць у «Акадэмію», а проста на танцы, то можна спакойна прыходзіць.
Таксама засталіся «Вандроўкі ў часе і прасторы» з Алегам, «Мова на кожны дзень» – толькі настаўнік змяніўся. Будзе новы курс «Давай паразмаўляем» – там у выкладчыцы Сабіны Курбанавай вельмі цікавая ідэя жывога фотаальбома – гэта калі па фотаздымках распавядаюцца гісторыі, і гэтыя сцэнкі прайграюцца. Людзі зацікавіліся.
Раней у нас была «Смарт-школа», але цяпер мы бачым, што ўсе нашыя студэнты з большага ўмеюць карыстацца смартфонамі, таму мы прыбралі гэты курс. Ёсць медыяпісьменнасць, таксама навучанне здымкам відэа на тэлефон і працы з Інстаграмам.
Таксама з мінулых сезонаў засталіся курсы «Дакрануцца да мастацтва», «Мода ў партрэтах», якія вядзе Вольга Рынкова. Ёсць псіхалагічны курс – «Шлях да сябе» Святланы Глаголы. Таццяна Капусціна працягне свой прадмет пра чалавека і здаровы лад жыцця.
Акрамя прадметаў, у нас ёсць «Літаратурная гасцёўня», якую вядзе нашая студэнтка. Таксама «Жывая бібліятэка», якую мы думаем пакінуць, бо ў нас з’явілася шмат цікавых людзей, ёсць з кім і пра што пагутарыць. Будзем праводзіць разавыя тэматычныя лекцыі, майстар-класы.
«Тут пачалося маё трэцяе жыццё, і яно лепшае за папярэднія два»
– Якія прадметы найбольш папулярныя сярод вашых студэнтаў?
– Самы папулярны – «Вандроўкі ў часе і прасторы» – ён заўсёды збірае больш за ўсё людзей. Шмат ходзяць на лекцыі «Дакрануцца да мастацтва». Курс Таццяны Капусцінай пра чалавека падабаецца. На псіхалогію збіраюцца каля 10 чалавек, але там гэтага цалкам дастаткова.
Шмат хто са студэнтаў ходзіць на розныя курсы і стабільна чатыры дні на тыдзень. Яны прызвычайваюцца да камунікацыі, што трэба апрануцца прыгожа, выйсці, што там добра, ты пабачыш сваіх сяброў і знаёмых, і гэта нават больш прыцягвае, чым само навучанне, студэнты самі пра гэта кажуць, што ў першую чаргу для іх важная камунікацыя, дзеля якой яны і ідуць на заняткі.
– Як вы бачыце за гэтыя тры гады – што «Акадэмія» дае бабруйцам?
– Нашыя студэнты змяняюцца і заўсёды ў лепшы бок. Гэта асабліва бачна на мерапрыемствах, дзе збіраюцца розныя людзі. Нашыя студэнты інакш апранутыя, прычасаныя, інакш глядзяць. Што я маю на ўвазе? У іх гараць вочы, ім нешта патрэбнае ад жыцця, у іх ёсць цікавасць, яны ведаюць, якія пытанні задаць. Яны іншыя. Яны часта маладзейшыя за сваіх аднагодкаў, і маладосць тут не ва ўзросце. Яны энергічныя, у іх заўсёды шмат ідэяў, яны таксама гатовыя падхапіць ідэі іншых, удзельнічаць у розных ініцыятывах. Яны жывуць. І гэта не толькі я заўважаю.
У нас ёсць адна вельмі цікавая студэнтка – Галіна Дзямідава, ёй 65 гадоў – і яна кажа пра «Акадэмію» так: тут пачалося маё трэцяе жыццё, і яно лепшае за папярэднія два.
«Мы ствараем бяспечную прастору»
– Такія людзі, якіх вы апісалі, ад самага пачатку прыходзяць да вас, ці гэта як раз «Акадэмія 50+» так змяняе іх?
– Я думаю, што і тое, і другое. У нас увогуле шмат цікавых людзей у горадзе, але мы іх не бачым, яны самі не раскрываюцца бо часта не адчуваюць сябе ў бяспецы. Мы ж ствараем менавіта бяспечную прастору. У нас забароненыя рэлігійная і палітычная тэмы, у тым ліку, абмеркаванне таго, што цяпер адбываецца. Гэта дае магчымасць пазбегнуць канфліктаў, таму што ў людзей могуць быць розныя меркаванні.
Паколькі мы гэта не абмяркоўваем, у нас няма лішніх сутыкненняў. Мы стараемся абыходзіць вострыя вуглы, бо кожны мае права на сваё меркаванне, і не нашая задача некуды людзей падштурхоўваць, перавыхоўваць, у нечым пераконваць.
У той жа час у нас такія заняткі, на якіх трэба аналізаваць, разважаць, запамінаць, чытаць, задаваць пытанні і адказваць на іх. Мы робім акцэнт не толькі на рух ці творчасць, але і на тое, каб працавала галава, каб быў задзейнічаны інтэлект. Гэта ўсё вельмі добра развівае мозг, ці як цяпер модна казаць – будуе новыя нейронныя сувязі, каб мозг не старэў. І гэта вельмі бачна.
Напрыклад, сёлета на псіхалогіі пачала казаць жанчына, якая ўвесь мінулы год маўчала. Мы бачым, што нехта можа хутка ўцягнуцца і пачаць удзельнічаць, некаму патрэбна больш часу. І мы даем гэты час, бо ўсё роўна раней ці пазней чалавек адкрываецца, і за гэтым вельмі цікава назіраць.
Мы актыўна ўдзельнічаем у грамадскім жыцці, у розных добрых справах. Дапамагалі Магілёўскаму дому малюткі, Веснаўскаму дзіцячаму дому для дзяцей з інваліднасцю – збіралі ім падарункі на Новы год. Таксама дапамагаем арганізацыі «Справядлівая дапамога», адвозім ім ежу. Аказвалі дапамогу прытулку для жывёлаў «Дабрадзецель», прымалі ўдзел у спартакіядзе людзей з інваліднасцю. Мы для іх спяклі пірог, падрыхтавалі ім сувеніры.
Акрамя таго, збіраем пластыкавыя накрыўкі. Хочам далучыцца да клуба «28 петляў» – яны вяжуць вопратку для дзяцей, якіх кінулі ў радзільні. Дапамагаем і асобным людзям, калі ідуць зборы на хворых дзяцей, напрыклад.
«Акадэмія 50+» – сэнс і справа нашага жыцця»
– А што вам з Алегам асабіста дала «Акадэмія»?
– Сэнс жыцця. Гэта справа нашага жыцця, а калі яна ёсць, ты не думаеш пра тое, што павінна наступіць старасць, ці сканчэнне жыцця. У цябе не стаіць пытанне, што табе рабіць, чым займацца. Гэта як калі вучань ходзіць у школу 10 гадоў ні пра што не думае. Так і мы – не задумваемся, чым займацца, куды сябе дзець – у нас гэта ўсё ўжо вядома.
«Акадэмія 50+» – гэта шмат новых людзей, ідэяў, праектаў. Да нас цягнецца моладзь, бо ў нас ёсць галоўнае – аўдыторыя. У нас большасць выкладчыкаў – маладыя людзі, бо ім цікава працаваць з нашымі студэнтамі нават у якасці валанцёраў. Мы ж усе тут – валанцёры, бо не маем ніякага прыбытку з «Акадэміі», але мы робім гэтую справу, бо яна для нас важная.
Я яшчэ, як аказалася, «Акадэмія» – гэта шмат блізкіх людзей побач. Калі нядаўна ў Алега здарыліся праблемы са здароўем, я атрымала такую каласальную падтрымку, якой у мяне ў жыцці ніколі не было!
«Бліжэй да 50 гадоў праблема ўзроста хвалюе ўсіх»
– А ці ёсць нейкія цяжкасці, магчыма, «Акадэміі» у нечым патрэбная дапамога?
– Нашая асноўная праблема, што людзі не ведаюць, дзе пра нас прачытаць. У нас уся інфармацыя ідзе ў сацсетках – Фэйсбуку, Інстаграме, але большасць нашых студэнтаў у Аднакласніках. У той час як у нас у Аднакласніках нічога няма.
Найлепш спрацоўвае сарафаннае радыё. І я б хацела папрасіць моладзь распавядаць пра нас сваім бацькам, цёткам-дзядзькам і т.п. Мы былі б рады, калі б было больш студэнтаў, бо тады ў нас будзе больш магчымасцяў, мы зможа адкрыць больш розных новых курсаў. Гэта будзе цікава і студэнтам, бо ў іх будзе больш выбару.
Напрыклад, мне сказалі нядаўна, што людзі хочуць займацца дызайнам агарода – як усё так пасадзіць і аформіць, каб не таптацца ўсё лета ў агародзе. Але мы пакуль не ведаем, дзе знайсці спецыяліста для такой лекцыі.
Яшчэ хацелася б стварыць магчымасць камунікацыі паміж рознымі ўзростамі. Вельмі не хачу, каб «Акадэмія» ператварылася ў рэзервацыю. Хацелася б, каб былі агульныя мерапрыемствы з маладзейшымі людзьмі, каб быў абмен інфармацыяй паміж людзьмі розных пакаленняў, напрыклад, 45-гадовым і 65-гадовым.
Я думаю, ім ёсць пра што пагаварыць, бо праблема ўзроста хвалюе ўсіх, асабліва калі табе бліжэй да 50 гадоў. І калі ты бачыш людзей, у якіх не сканчаецца жыццё, якія поўныя энергіі і ідэяў, ты разумееш, што ўзрост – гэта не страшна, і ты можаш жыць, як ты хочаш, і ў цябе заўсёды ўсё наперадзе. Я пакуль не прыдумала, як гэта зрабіць.
«Смела тэлефануйце, пішыце і прыходзьце на заняткі»
– Яшчэ адна важная задача нашая з Алегам – пабудаваць усё так, каб, калі мы па нейкай прычыне не зможам працаваць, гэтая справа не памерла, каб «Акадэмія» працягнула сваю дзейнасць, каб былі такія людзі, якія змогуць усё ўтрымаць і далей.
А ўсіх зацікаўленых, хто хацеў бы больш пра нас даведацца ці прыйсці на заняткі, ці ў каго ёсць нейкія пытанні, заахвочваю смела пісаць у дырэкт у Інстаграме ці тэлефанаваць наўпрост мне на нумар: +375291296906 (Святлана). Не трэба баяцца ці саромецца – мы ўсё распавядзем, растлумачым, пакажам.
А тут інтэрв’ю з Алегам Красным пра ваенныя помнікі ў Бабруйску.
А яшчэ Святлана Красная ўвайшла ў наш спіс самых цікавых блогераў Бабруйска.