А як там справы з абяцанай кавярняй у гісторыка-культурным помніку – камяніцы на Сацыялістычнай, 78, дзе да Новага года мелася адкрыцца новая кавярня?
На пачатку лістапада мы распавядалі, што працы ў кватэры на першым паверсе, якую рыхтавалі пад кавярню, больш не вядуцца, а на плоце вакол з’явілася абвестка «арэнда». Уласнік кватэры, прадпрымальнік Сяргей Аніхоўскі, запэўніваў, што ўсё добра, але адкрыццё кавярні крыху адкладаецца. Паглядзелі, як там справы цяпер, праз амаль месяц. І ўбачылі, што справаў проста няма – працы не вядуцца, праём пад дзверы, які быў вырублены ў сцяне, нечым закрыты, вокны наросхрыст (і гэта, калі на вуліцы мінусавая тэмпература). Абвестка «арэнда» з плота знікла.
А тым часам Мікалай Бялоў, таксама ўласнік адной з кватэраў у гэтым доме, вырашыў высветліць, пра які запланаваны на 2024 года агульны рамонт дому раней распавядаў прадпрымальнік Сяргей. Мікалай звярнуўся ў Бабруйскжылкамгас, адкуль атрымаў адказ, што ў бліжэйшыя гады ніякага рамонту не плануецца.
«Перспектыўнай праграмай капітальнага рамонту жыллёвага фонду на 2023-2027 гады капітальны рамонт жылога дому №78 па вуліцы Сацыялістычнай не плануецца», – адказалі ў ЖКГ.
«Пра які ж тады рамонт казаў прадпрымальнік?» – задаецца пытаннем Мікалай.
Паводле мужчыны, дом цяпер у даволі добрым стане, а вось што патрабуе рамонту – гэта дах і фасад.
«Вадасцёкаў па большай частцы перыметру няма. Агулам гэта дапускаецца для двухпавярховых дамоў, калі водступ карнізу страхі ад сцяны не меншы за 65 см, але ў нашым выпадку гэтага няма. Таму так, вадасцёкі вельмі патрэбныя, – кажа Мікалай. – Яшчэ праз кепскую цеплаізаляцыю кожную зіму нарастаюць вялізныя ледзяшы. Ад іх трэскаецца шыфер. У тым крыле, дзе прадпрымальнік выкупіў памяшканне, прасела кроква, там доўга была цеча, таму зверху ёсць невялікая расколіна на фасадзе. Агулам, даўно час мяняць дах. У астатнім цудоўны дом, жыць там вельмі камфортна».
Мікалай самастойна вырашыў праблему з прывазным газам.
«Я перарабіў з суседам на электрапліту, гэта каштавала парадку 2 тысячаў долараў на дваіх. Адным словам, праблемы старых дамоў вырашальныя, але самім нам з дахам не справіцца», – кажа мужчына.
Мікалай яшчэ раз звярнуўся ў гарвыканкам, адкуль атрымаў адказ, што ўсе працы на аб’екце вяліся ў адпаведнасці з заканадаўствам. Цікава, што ў адказе выкарыстаны менавіта мінулы час – працы не вядуцца, а вяліся.
«Пра магчымы капітальны рамонт жылога дому №78 па вул.Сацыялістычнай у 2024 годзе вам будзе паведамлена дадаткова. Зварот застаецца на кантролі ў Бабруйскім гарадскім выканаўчым камітэце», – паабяцала начальніца аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Яна Качан.