Псаванне фасаду ці вяртанне гістарычнага выгляду? Бабруйцаў непакоіць рамонт у камяніцы са статусам каштоўнасці

Шэраг будынкаў у цэнтры Бабруйска амаль год таму прызналі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Іх гаспадары і арандатары перажывалі тады, што цяпер моцна ўскладняцца рамонтныя працы, нельга будзе лішні цвік прыбіць. Краязнаўцы і спецыялісты ў культурнай спадчыне наадварот выказвалі надзею, што цяпер хоць не будуць змяняць гістарычныя фасады да непазнавальнасці. Хто меў рацыю? Да нас звярнуліся чытачы і распавялі, што на першым паверсе дому па адрасе: вул.Сацыялістычная 78, які цяпер знаходзіцца ў спісе каштоўнасцяў, вядуцца сур’ёзныя працы, у тым ліку, былі прарубленыя дзверы ў сцяне, дзе іх ніколі не было. Мы паспрабавалі разабрацца ў тым, што адбываецца.

Дом на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і К.Лібкнехта (адрас – вул.Сацыялістычная, 78), прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. На першым паверсе вядуцца рамонтныя працы і будзе кавярня. Фота: 1387.io

Спадзяваўся, што статус каштоўнасці абароніць дом, які хацелі знесці

Мікалай Бялоў купіў кватэру ў гэтым доме на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і К.Лібкнехта некалькі гадоў таму. Мужчына распавядаў нам раней, што закахаўся ў гістарычны цэнтр Бабруйска і старыя камяніцы ў ім. У сваёй кватэры на другім паверсе новы гаспадар пастараўся захаваць як мага больш аўтэнтыкі, якая яшчэ была на момант пакупкі. Так, па ўласнай ініцыятыве ён не стаў мяняць вокны – пакінуў старыя драўляныя рамы. А потым, напрыканцы 2022 года, стала вядома, што ён цяпер і не зможа гэтага зрабіць і ўвогуле правесці хоць нейкія працы на фасадзе будынку без узгаднення з Міністэрствам культуры. Але Мікалай не засмучаўся – наадварот, спадзяваўся, што статус каштоўнасці нарэшце абароніць дом, які, між іншым, некалькі гадоў хацелі ўвогуле знесці як аварыйны, але бабруйцы яго адстаялі.

Мы папрасілі Мікалая распавесці, што цяпер адбываецца з домам і пра рамонт на першым паверсе. Так мы даведаліся, што пэўны прадпрымальнік хацеў набыць кватэру, якая выходзіць вокнамі на вул.К.Лібкнехта, яшчэ ў снежні мінулага года. Але ўгода зацягнулася праз атрыманне будынкам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

«Нядаўна я даведаўся, што ўласнікі гэтай кватэры ўсё ж змяніліся і памяшканне пераводзяць у нежылы фонд. Тады я стаў тэлефанаваць суседзям, бо сам цяпер знаходжуся не ў Бабруйску, і яны мне сказалі, што так, і што вядзецца рамонт і нават прарубаюць дзверы, – распавядае Мікалай. – Я вельмі засмуціўся. У мяне ўзнікла шмат пытанняў, як такое магчыма, бо дом жа цяпер маю статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. Паводле гэтага, фасад цяпер – таксама прадмет аховы, і яго нельга змяняць».

Дом на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і К.Лібкнехта (адрас – вул.Сацыялістычная, 78), прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. На першым паверсе вядуцца рамонтныя працы і будзе кавярня. Фота: 1387.io

«Добра, што будынак выкарыстоўваецца, але з павагай да яго спецыфікі і статусу»

Акрамя гэтага, Мікалай перажывае, што дом зусім не новы, і няма інфармацыі датычна таго, хто будзе кантраляваць, наколькі працы, якія праводзяцца, бяспечныя для будынку. Мужчына разаслаў запыты са сваімі пытаннямі ў розныя дзяржаўныя органы, яны былі перанакіраваныя ў Бабруйскі гарвыканкам, адказу пакуль не было.

«Маё стаўленне да такога рамонту рэзка адмоўнае, бо прадпрымальнікаў шмат, і што будзе, калі кожны захоча змяняць фасады пад свае бізнес-патрэбы? Атрымаецца ў рэшце, што будынак настолькі зменіцца, што пазнаць у ім помнік будзе ўжо немагчыма. Ды пра гэта ў Бабруйску ўжо даўно кажуць – што старыя будынкі за новымі фасадамі пазнаць немагчыма. Але ж кожны такі будынак – ён жа адзін у горадзе, другі такі ўжо ніхто не пабудуе – навошта яго знішчаць?», – задаецца пытаннем гаспадар кватэры ў гістарычным доме.

Мікалай зазначае, што гістарычны цэнтр Бабруйска выглядае не самым прывабным чынам, бо будынкі не вытрыманыя ў нейкім адным стылі, кожны тынкуе і размалёўвае фасады па сваім гусце.

«Побач з маім домам стаіць былы будынак скурна-венерычнага дыспансеру – яго фасаду вярнулі шляхетную чырвоную цэглу, з якой ён быў пабудаваны. І як жа гэта прыгожа! Навошта ўвогуле гэтую цэглу размалёўваць. Выглядае тады як глыбокая правінцыйнасць», – кажа мужчына.

Архітэктурная спадчына Бабруйску: найбольш каштоўныя будынкі закінутыя ці патрабуюць рамонту

Пасля рамонту на першым паверсе дому на Сацыялістычнай, 78 будзе кавярня. Мікалай не бачыць у гэтым нічога кепскага, аднак хоча, каб гэта не шкодзіла будынку.

«Гэта добра, што будынак выкарыстоўваецца, але з павагай да яго спецыфікі, статусу. Напэўна, калі б не было гэтага змянення фасаду, у мяне і пытанняў не было б. Мае суседзі таксама засмучаныя і не ведаюць, як у новага ўласніка ўвогуле атрымалася ўзгадніць усе гэтыя працы», – кажа наш суразмоўца.

«Мы не псуем фасад, мы аднаўляем яго гістарычны выгляд»

Пытанні адносна змянення фасаду і будучыні памяшкання на першы паверсе дому на рагу Сацыялістычнай і К.Лібкнехта мы задалі непасрэдна прадпрымальніку, які набыў там кватэру і цяпер вядзе рамонт.

Сяргей (свайго прозвішча прадпрымальнік не назваў) пацвердзіў, што памяшканне цяпер рыхтуецца для здачы ў арэнду пад кавярню. Адкрыецца новы аб’ект грамадскага харчавання напярэдадні Новага года. Гэта будзе сеткавая кавярня, яе кропкі ўжо ёсць у Бабруйску, уласніца сеткі – мянчанка, але больш дэталяў – імя гаспадыні, назву кавярні – Сяргей пакуль называць адмовіўся.

Дом на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і К.Лібкнехта (адрас – вул.Сацыялістычная, 78), прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. На першым паверсе вядуцца рамонтныя працы і будзе кавярня. Фота: 1387.io

Перад пачаткам рамонтных прац былі атрыманыя ўсе неабходныя ўзгадненні і дазволы ў Міністэрстве культуры, а таксама праводзіліся даследаванні пад кіраўніцтвам навуковых супрацоўнікаў, сцвярджае прадпрымальнік.

«Насамрэч там, дзе мы замест акна цяпер робім уваход, ён там і быў першапачаткова, калі гэты будынак толькі быў пабудаваны – гэта высветлілі навуковыя супрацоўнікі падчас даследаванняў, – кажа Сяргей. – Яны глядзелі там усё, як кладка ляжыць, і прыйшлі да высновы, што дзверы там былі, а ў савецкія часы іх заклалі і зрабілі акно. Таму, па сутнасці, мы цяпер не псуем гістарычны фасад, а аднаўляем ягоны першапачатковы выгляд. У тым ліку і вокнам мы вяртаем гістарычны выгляд – робім іх такімі, як яны былі – большымі, да выступаў, якія можна бачыць на фасадзе».

«Тут ходзіць шмат турыстаў, горад хоча, каб было прыгожа»

Унутры, паводле гаспадара памяшкання, змяненняў ніякіх не будзе – адзінае, што там прыбралі – гэта перагародкі з ДСП, якія таксама былі зробленыя ў савецкія часы.

«Нам шмат працы давялося там зрабіць. У той кватэры жыла асацыяльная сям’я, усё было ў жахлівых стане, мы там блох труцілі», – распавядае прадпрымальнік.

Гатовы яшчэ адзін праект рэканструкцыі Бабруйскай крэпасці. Што ў ім?

Тынкоўку з фасаду прыбяруць, адкрыюць аўтэнтычную чырвоную цэглу. Паводле Сяргея, у планах гораду ўвогуле адкрыць першапачатковыя цагляныя фасады ўсіх будынкаў на Сацыялцы.

«Тут ходзіць шмат турыстаў, і горад хоча, каб было прыгожа, таму ёсць намер аднавіць чырвоную цэглу на фасадах, – кажа мужчына. – Мы ў нашай кавярні і побач таксама хочам штосьці прыгожае зрабіць, нейкую кампазіцыю, магчыма, гэта будуць габрэйскія матывы, каб людзі падыходзілі, фатаграфаваліся».

Прадпрымальнік кажа, што не стаў бы псаваць і змяняць гістарычны будынак, калі б даследчыкі не знайшлі там дзверы, і што ніхто не дазволіў бы яму гэта зрабіць паводле заканадаўства. Сяргея абурае, што бабруйцы, якіх хвалюе лёс дому, пішуць скаргі, але не паразмаўлялі перад гэтым з ім.

«Яны перажываюць, што ідуць нейкія працы, кажуць – фасад змяняюць. Я пакінуў свой нумар, сказаў, калі нейкія пытанні, няхай тэлефануюць. Але яны замест гэтага пішуць скаргі і нібы не разумеюць, што без дазволу я б не стаў ніякіх прац праводзіць, бо гэта ж крымінальная адказнасць», – кажа прадпрымальнік.

Якія камяніцы Бабруйска трапілі пад ахову дзяржавы

Сацыялка

Камяніца па вуліцы Сацыялістычнай, 78, якой быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Фота: 1387.io

Паводле рашэння №59-25 Магілёўскага аблвыканкама, 28 лістапада 2022 года старая цагляная забудова Бабруйска была прызнаная гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Аб’яднаныя гэтыя будынкі агульнай назвай «Гістарычны цэнтр Бабруйска».

Ахоўны статус атрымалі 57 будынкаў па адрасах:

  • вуліца Сацыялістычная: 34, 36, 46/54, 47, 48, 54, 56/40, 60, 63, 65, 68, 69, 70, 71, 73, 76, 78, 79, 81, 85, 89, 91, 97, 99, 103;
  • вуліца Дзяржынскага: 23, 23-а, 50, 54, 58;
  • завулак Пажарны: 3,
  • вул.Камсамольская: 33, 34, 36, 38, 41, 43, 47;
  • вул.Чангарская: 67, 77;
  • вул.Маскоўская: 38, 42;
  • вул. К.Лібкнехта: 39, 45;
  • вул.Савецкая: 36, 38, 40, 43, 54/68, 57, 64, 69, 70, 78/18, 83, 87;
  • вул.Інтэрнацыянальная: 19.

Новыя гісторыка-культурныя каштоўнасці Бабруйска маюць катэгорыю 3, што значыць – помнікі рэгіянальнага значэння. Яны будуць унесеныя ў адмысловы Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Унікальныя цэрквы, родныя вёскі вядомых пісьменнікаў, прыродныя помнікі: топ-6 турыстычных пярлін Бабруйшчыны

Што кажа закон пра працы на гісторыка-культурных каштоўнасцях?

Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь накладае на карыстальнікаў аб’ектамі з гэтага спісу пэўныя абавязкі і абмежаванні. Яны ўказаныя ў ахоўным абавязальніцтве, якое падпісваюць усе ўласнікі ці арандатары гістарычных помнікаў. Законам забараняецца знішчаць гісторыка-культурную каштоўнасць ці змяняць яе выгляд без узгаднення з мясцовымі ўладамі і Міністэрствам культуры.

Артыкул 28 Закону «Аб ахове культурнай спадчыны» забараняе ўласнікам нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў пры выкананні патрабаванняў пажарнай бяспекі, аховы навакольнага асяроддзя, санітарных і іншых патрабаванняў, а таксама пры выкананні навукова-даследчых, праектных і рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці і (або) у зонах яе аховы дапускаць змяненне гэтай гiсторыка-культурнай каштоўнасці, пагаршэнне яе адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцяў.

Паводле арт.38, працы на гісторыка-культурных каштоўнасцях па па забеспячэнню належнага тэхнічнага і санітарнага стану, рамонты ўнутры памяшканняў і т.п. могуць праводзіцца без дазволу Міністэрства культуры толькі ў рамках ахоўнага абавязацельства. Для прац на фасадзе патрэбны абавязковы дазвол Міністэрства культуры.

Усе рэстаўрацыйна-аднаўленчыя працы на нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцях праводзяцца пад наглядам навуковага кіраўніка.

Кожны ўласнік, арандатар, карыстальнік гісторыка-культурнай каштоўнасці падпісвае ахоўнае абавязацельства, у якім пагаджаецца выконваць усе нормы закона, якія датычаць будынку, і на адказнасць у выпадку іх невыканання.