Яшчэ некалькі гадоў таму Бабруйску прадказвалі будучыню рок-сталіцы Беларусі. Да нас прыязджалі зоркі сусветнага маштабу. Апошнім жа часам – цішыня, музычнае жыццё на паўзе. Спачатку пандэмія ковіду, потым палітычныя падзеі ў нашай краіне і ў суседзяў спрычыніліся да закрыцця пляцовак, фестываляў, ад’езду музыкаў і арганізатараў канцэртаў. Давайце разам узгадаем, як яшчэ зусім нядаўна запальваў Бабруйск.
БИ-2 FEST
6 ліпеня 2018 года на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, каля «Бабруйск-Арэны», адбылася абсалютна асаблівая падзея – гурт «БИ-2» правёў у родным горадзе (менавіта тут напрыканцы 1980-х гадоў утварыўся цяпер сусветна вядомы музычны калектыў) уласны рок-фестываль у фармаце open-air, які стаў самым масавым за ўсю гісторыю Бабруйска, а нават, кажуць і Беларусі.
Паводле прэс-службы гурта, фестываль наведалі 120 тысяч чалавек. Сярод іх было шмат гасцей з іншых гарадоў і краінаў. Бабруйск такога размаху дакладна раней не бачыў. Буйнейшы ў Беларусі рок-фестываль «Рок за Баброў» у 2018 годзе наведалі каля 30 тысяч чалавек – у 4 разы менш, чым «БИ-2 Fest».
«Гэта сур’ёзная заяўка Бабруйска стаць рок-сталіцай Беларусі», – пісалі тады ў СМІ.
Акрамя ўласна «БИ-2», у канцэрце прынялі ўдзел латвійскі гурт «Brainstorm», расейскі «Сети», амерыканскі «Midnight Faces». Адкрываў фэст бабруйскі гурт «Солнечная сторона», дзякуючы якому і з’явіўся «БИ-2».
Канцэрт працягваўся шэсць гадзін. Уваход для гледачоў быў бясплатным.
Пасля фэсту музыкі выпусцілі прысвечаны яму 30-хвлінны фільм «БИ-2 FEST. Made in Бобруйск».
Рок за Баброў
Фестываль рок-музыкі ў фармаце open-air «Рок за Баброў» нарадзіўся ў Бабруйску. Упершыню ён прайшоў у 2005 годзе.
Вядоўцам першага фэсту быў легенда беларускага року Лявон Вольскі. Хэдлайнерам стаў гурт «БИ-2».
У СМІ пісалі, што канцэрт праводзіцца ў абарону баброў, у гонар якіх названы Бабруйск. Насамрэч гэта была рэкламная акцыя з нагоды выпуску першай партыі новай маркі піва «Баброў» піваварнай кампаніі «Сябар».
На першым фэсце выступалі «Flat», «Indiga», «IQ-48», «Madera Hard Blues», Віктар Шэдзько, «Стокс», «Крамбамбуля».
З 2007 года фестываль праводзіўся ў Менску.
Удзельнікамі фестывалю ў розныя гады былі такія гурты, як «Brutto», «Чайф», «Каста», «NaviBand», «Сплин», «Anacоndaz», «ДДТ», «Ляпіс-98», «ЛСП», «Звери», «Noize MC», «Дай дорогу!», «J:МОРС», Сяргей Міхалок, «Баста», «Муммий Тролль», «Петля пристрастия», «Ночные снайперы» і іншыя – агулам больш за 100 выканаўцаў.
У 2009 годзе на фестывалі выступаў украінскі гурт «Океан Эльзи».
3 жніўня 2019 года на аэрадроме «Баравая» у Менску адбыўся апошні, 12-ы рок-фестываль, які стаў буйнейшым у Беларусі. Ён сабраў 50 тысяч гледачоў, на 20 тысяч больш, чым на год раней. На «Рок за Баброў» прыязджалі гледачы з розных краінаў – Украіны, Расеі, Польшчы, ЗША.
Вядоўцамі былі беларускі музыка Аляксандр Памідораў і расейскі журналіст Юрый Дудзь.
У 2020 – 2021 годах канцэрт не адбыўся праз пандэмію ковіду. У 2022 – праз палітычныя падзеі – як тлумачылі арганізатары, хэдлайнеры не змаглі прыехаць. Фестываль спачатку перанеслі на 2023 год, потым – на 2024-ы, аднак і сёлета ён не адбыўся. І ці адбудзецца яшчэ некалі – невядома. Пакуль жа можна сказаць, што Беларусь страціла самую значную рок-падзею.
«Волчьи тропы»
У 2010 – 2013 гадах ва ўрочышчы Глінішча пад Бабруйскам праходзіў фестываль экстрэмальных відаў спорту і адначасова – рок-фестываль «Волчьи тропы Схватка». Першы фэст сабраў 15 тысяч гледачоў.
У 2014 годзе імпрэза прайшла каля «Бабруйск-Арэны» – у апошні раз.
На «Волчьих тропах» выступалі расейскія рок-гурты «Ария», «Декабрь», «Salvador», беларускія «Крама», «Akute», «Дай Дарогу!», «Крама», «Re1ikt», «Neuro Dubel», «Steve Cramer BAND», бабруйскія «SkyNet» и «ZKM».
Арганізатарам фэстывалю быў кіраўнік мотаклубу «Начныя ваўкі Бабруйска» Арман Жанайдараў. У 2015 годзе ён з’ехаў з Бабруйску ў акупаваны Расеяй Крым, і маштабныя мотафестывалі ў нашым горадзе больш не праводзіліся. Арман казаў бабруйскім СМІ, што хацеў зладзіць фэст у 2015 годзе, аднак не ўбачыў зацікаўленасці ў гарвыканкаме, і агулам не захацеў «у сённяшняй нестабільнай эканамічнай сітуацыі рызыкаваць вялікімі грашыма і залежыць ад настрою чыноўніка ці супрацоўніка МУС».
Зрэшты, і першы фестываль арганізаваць было няпроста, казаў Жанайдараў – «цікавіліся і КДБ, і МУС. Але пасля пэўных праверак першы фестываль адбыўся».
Бабруйскія музыкі ў інтэрв’ю «Вечернему Бобруйску» згадвалі пра добрую арганізацыю фестывалю і казалі, што падобнай падзеі не хапае гораду. Вакаліст бабруйскага рок-гурту «ОзНоб» Сяргей Мацак, які двойчы выступаў на фестывалі, казаў, што было шмат людзей, добрыя музычныя калектывы.
«Атмасфера была сяброўская, уражвала. Лічу, што для гораду гэта было цудоўным мерапрыемствам. <…> цяпер людзі, канешне, засумавалі па такіх мерапрыемствах, ім патрэбны нейкі «выдых», і падобны фестываль як раз мог бы ім стаць», – зазначаў лідар бабруйскага рок-гурту «Нейтральная зона» Уладзімір Палееў, які выступаў на першых «Волчьих тропах».
Аднак цяпер у Бабруйску мотаруху няма, усе прадстаўнікі клубу «Начныя ваўкі» з’ехалі, а больш ніхто не хоча займацца арганізацыяй фестывалю.
Рок-фестываль «БобРОК»
Быў у Бабруйску і такі фестываль, праходзіў у клубе «Relax» на вул.Савецкай, 77а.
«Адзіны рок-фестываль у Бабруйску, які збірае на адной сцэне лепшыя гурты гораду і краіны розных стыляў і напрамкаў!», – гаварылася ў афішы.
Гэта была серыя канцэртаў, якія праходзілі з перыядычнасцю раз у некалькі месяцаў.
У розныя гады на ім ыступалі «CLAN», Thrashcore/Groove, Nu-Metal, «BOSTON’S LANE», Rapcore/Nu-metal (Менск), «No TIME To DIE», Metalcore, «ХРАНИТЕЛЬ», Heavy Metal, «TEXAS GRAVITY BAND», Southern\Stoner, «Нейтральная зона», «ОзНоб», Бабруйск.
Што цяпер?
Цяпер пра былыя буйныя рок-фестывалі ў Бабруйску застаецца толькі ўспамінаць. Увосень 2023 года у Палацы мастацтваў выступіў гурт «Княzz». Яго франтмэн – Андрэй Князеў, вакаліст і аўтар хітоў знакамітага гурту «Кароль і шут». Пасля пачатку вайны ва Украіне Князеў заняў пазіцыю маўчання, аднак улетку 2022 года прыняў удзел у запісе патрыятычнай песні «Я застаюся» у адказ тым, хто з’ехаў з Расеі, а ў жніўні 2023 года – выступаў на канцэрце, прысвечаным дню расейскага сцяга, чым расчараваў сваіх прыхільнікаў.
У снежні 2023 года ў Палацы мастацтваў прайшла сімфанічная рок-цырымонія «Барока» ад беларускага рок-аркестру «NIKAMUZA». Яны выканалі хіты Queen, Sting, Bryan Adams, Depeche Mode, Evanescence, Korn, Aerosmith, Roxette, Scorpions, Bon Jovi, Aerosmith, Bonnie Tyler, Tina Turner, Billy Joel, Chris Issak, Extreme.
30 кастрычніка 2024 года ў Палацы мастацтваў бабруйцам пакажуць рок-оперу «Юнона і Авось» у пастаноўцы маскоўскага Тэатру Аляксея Рыбнікава.