Унікальныя цэрквы, родныя вёскі вядомых пісьменнікаў, прыродныя помнікі: топ-6 турыстычных пярлін Бабруйшчыны

27 верасня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень турызму. З гэтай нагоды мы вырашылі распавесці вам пра цікавыя мясціны Бабруйшчыны. Большасць з іх звычайна не ўключаюць у папулярныя турыстычныя маршруты, аднак яны адназначна вартыя таго, каб пра іх ведаць і наведваць.

Капліца-пахавальня графскага роду Забэлаў у вёсцы Ізюмава

Капліца-пахавальня графскага роду Забэлаў у Ізюмава. Фота: 1387.io

 

Ізюмава – невялікая вёска ў Сычкаўскім сельсавеце ў Бабруйскім раёне. Да пачатку ХХ стагоддзя яна ўваходзіла ў склад маёнтку Дурынічы. Ім валодаў шляхецкі род Забэлаў, прадстаўнікі якога жылі на Бабруйшчыне з сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Апошнім уладальнікам маёнтку быў граф Шыман Эразм Забэла. Ён развіваў тут прамысловасць – пабудаваў паравы млын, крухмальны завод, будынак якога быў разбураны толькі на пачатку ХХІ стагоддзя – у 2006 годзе. Пасля рэвалюцыі 1917 года граф быў вымушаны пакінуць Бабруйшчыну.

Капліца-пахавальня графскага роду Забэлаў у Ізюмава. Фота: 1387.io

Капліца-пахавальня графскага роду Забэлаў у Ізюмава. Фота: 1387.io

 

Напамінам пра род Забэлаў засталася капліца на могілках, пабудаваная на месцы сямейнага склепу Забэлаў у 1900-1907 гадах. Капліца мае незвычайную для нашых мясцін архітэктуру – яна ўзведзеная з бутавага цесанага камяню, некаторыя даследчыкі знаходзяць у ёй рысы мадэрну.

Так выглядаў алтар у капліцы Забэлаў у Дурынічах. Фота: кніга ксяндза Язафата Жыскара «Нашы касцёлы» 1913 года

 

У інтэр’еры капліцы некалі размяшчаўся ўнікальны алтар, выкананы з чорнага дубу. Ён захаваўся толькі на адным фотаздымку, размешчаным у кнізе ксяндза Язафата Жыскара «Нашы касцёлы» 1913 года выдання. У ёй апісвалася, як капліца выглядала знутры: «… алтар, падсвечнікі, спавядальня і ўсё ўнутранае афармленне выкананае з чорнага дубу, што надае капліцы спаважны і жалобны выгляд».

У савецкія часы капліца была разрабаваная, магілы ўзарваныя шукальнікамі скарбаў. На пачатку ХХІ стагоддзя добраўпарадкаваць яе вырашылі бабруйскія каталікі – прыбраліся ўнутры, накрылі капліцу дахам, бо стары быў разбураны, узялі апеку над святыняй. Цяпер тут заўсёды стаяць кветкі, часам праводзяцца набажэнствы. Штогод на Дзяды 2 лістапада святар і вернікі наведваюць старыя дурыніцкія могілкі і капліцу.

Драўляная стараабрадніцкая царква ў вёсцы Туркоўская Слабада

Стараабрадніцкая царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Туркоўская Слабада ў Бабруйскім раёне. Фота: Дзмітрый Іўчанка/fotobel.by

 

Туркоўская Слабада – вёска ў складзе Варатынскага сельсавету Бабруйскага раёну. Турысты сюды амаль не заязджаюць, у той час як тут знаходзіцца цікавы помнік культавага драўлянага дойлідства – стараабрадніцкая царква, асвечаная ў гонар Покрыва Прасвятой Багародзіцы.

Стараабрадніцкая царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Туркоўская Слабада ў Бабруйскім раёне. Фота: Дзмітрый Іўчанка/fotobel.by

 

Храм быў пабудаваны ў 1836 годзе з драўляных брусоў. Крыху пазней да галоўнага фасаду была прыбудаваная двух’ярусная званіца з шатровым купалам.

Музеі Бабруйску і Бабруйшчыны: зачыненыя, дзейныя і тыя, што застаюцца толькі ідэяй

Будынак вінакурні пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы Дойнічава

Будынак вінакурні ў вёсцы Дойнічава. Фота: strada.by

 

Вёска Дойнічава знаходзіцца ў Глушанскім сельсавеце Бабруйскага раёну. Тут захаваліся рэшткі былой вінакурні, пабудаванай напрыканцы ХІХ – у пачатку ХХ стагоддзяў. На жаль, яна занядбаная і без належнага дагляду цягам апошніх гадоў разбураецца.

Будынак вінакурні ў вёсцы Дойнічава. Фота: strada.by

 

Фальварак Дойнічаў згадваецца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Вінакурня тут была заснаваная ў 1905 годзе Лявонам Рагульскім. На ёй усталявалі паравы рухавік магутнасцю 10 конскіх сіл. Працавалі на вінакурні 7 чалавек. Побач знаходзіліся сядзіба Рагульскіх і парк – да нашых дзён яны не захаваліся. У 1921 годзе на базе фальварку быў створаны саўгас «Камуна», які пазней перайменавалі ў «Дойнічава».

Панюшкавічы – радзіма Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Альтанкі на месцы сядзібы, дзе нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фота: strada.by

Мемарыяльны камень на месцы сядзібы, дзе нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фота: strada.by

 

4 лютага 1808 года ў фальварку Панюшкавічы пад Бабруйскам нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, пісьменнік, драматург, якога называюць айцом беларускага тэатру. Сёння гэта вёска ў Бабруйскім раёне паміж пасёлкам Бярэзіна і Шчаткава. Ад былой сядзібы не засталося ніякіх слядоў. Да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка ў 2008 годзе тут усталявалі мемарыяльны камень з шыльдай, указальнік і дзве альтанкі са студняй.

«Узгадваюць раз на два гады». Як у Бабруйску ўшаноўваюць памяць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якому сёлета 215 гадоў

Глуша – малая радзіма Алеся Адамовіча і «Цэнтр рамёстваў», які мусіў стаць скансэнам

«Цэнтр рамёстваў» у вёсцы Глуша Бабруйскага раёну. Фота: 1387.io

 

У Бабруйскім раёне ёсць вёска, якая магла б стаць галоўнай турыстычнай атракцыяй раёну. Гэта Глуша, якую называў сваёй малой радзімай пісьменнік Алесь Адамовіч.

На пачатку 1990-х гадоў у Глушы мусіў з’явіцца скансэн – музей народнай архітэктуры пад адкрытым небам, падобны на той, што працуе ў вёсцы Строчыцы пад Менскам. Напрыканцы 1980-х гадоў у Глушу сталі звазіць драўляныя будынкі з Бабруйскага раёну і ваколіцаў – цікавыя ўзоры традыцыйнай архітэктуры, якія не выкарыстоўваліся і былі пад пагрозай знішчэння.

Вятрак ХІХ стагоддзя ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёну. Фота: 1387.io

 

Сюды паспелі прывезці некалькі ўзораў драўлянага дойлідства з раёну і ваколіц. Сярод самых цікавых – стараабрадніцкая царква ХІХ стагоддзя з вёскі Вуглы і вятрак з Клецкага раёну. Цяпер комплекс, які мусіў стаць скансэнам, называецца «Цэнтр рамёстваў».

Будынак аптэкі, у якой працавала маці Алеся Адамовіча Ганна Адамовіч. Вёска Глуша Бабруйскага раёну. Фота: 1387.io

«Прыпынак Адамовіча» у вёсцы Глуша Бабруйскага раёну. Фота: 1387.io

 

У Глушы знаходзіцца будынак аптэкі, у якім некалі працавала маці Алеся Адамовіча, а таксама арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча» і помнік пісьменніку, якія з’явіліся тут у 2018-19 гадах дзякуючы намаганням бабруйскіх актывістаў.

Чатыры гады таму ў Глушы адкрылі «Прыпынак Адамовіча». У якім ён сёння стане і чаму нам усім трэба чытаць Алеся Адамовіча?

Ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Дубаўскі каскад азёраў»

Дубаўскі каскад азёраў. Фота: libmogilev.by

Дубаўскі каскад азёраў. Фота: libmogilev.by

 

Згадаем у нашым спісе таксама цікавую прыродную лакацыю Бабруйшчыны. У 4 кіламетрах на захад ад вёскі Цялуша, знаходзіцца ландшафтны заказнік мясцовага значэння «Дубаўскі каскад азёраў». Гэта ўнікальны па эстэтычнай і прыроднай каштоўнасці аб’ект. На працягласці 14 км з поўначы на поўдзень рака Вір яднае чатыры возера – Драгочын, Усох, Плавун і Вяхава. Гэта адзіная такая з’ява ў Магілёўскай вобласці.

Эколаг: Бабруйскі дуб-волат можна ўратаваць. (+ дзе яшчэ на Бабруйшчыне ёсць помнікі прыроды. Шмат фота)

Асаблівасці рэльефнага і гідралагічнага рэжыму ў гэтым рэгіёне ўтвараюць своеасаблівы мікраклімат. Тут унікальны раслінны і жывёльны свет. Тут растуць шырокалісцевыя лясныя масівы, маюцца дубовыя і кляновыя гаі. Сустракаюцца расліны і жывёлы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі – Гарлачык белы, Балотная чарапаха. Ну а яшчэ тут вельмі прыгожа, гэта ідэальнае месца для адпачынку ад гораду.

Цікавае

Спецпраекты