Адукацыя і праца онлайн у Беларусі: шанец на інклюзію ці рызыка эксклюзіі?

Магчымасці інтэрнэту ў арганізацыі аддаленай працы ці навучання онлайн сталі шырока выкарыстоўвацца на пачатку пандэміі COVID-19, з закрыццём краінаў на каранцін тры з паловай гады таму. Для Беларусі онлайн-мерапрыемствы не страчваюць актуальнасць і сёння, калі ў сувязі з масавай міграцыяй шмат людзей апынуліся раскіданымі па розных кутках свету. Але ці для ўсіх групаў насельніцтва онлайн-прастора – сапраўды добрае выйсце? Як забяспечыць інклюзіўнасць пры планаванні лічбавых актыўнасцяў? Як выключэнне сёння часам бывае неабходным злом і ці можна абысціся без яго? Паглядзелі, як беларусы вырашаюць гэтыя пытанні.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: ru.freepik.com

Што можа перашкаджаць удзелу ў онлайн-мерапрыемствах?

Вялізную працу па даследаванні даступнасці онлайн-прасторы для розных групаў насельніцтва, праблем, якія могуць узнікаць пры планаванні мерапрыемстваў у інтэрнэце, правяла беларуская ініцыятыва «ІншыЯ». Сярод іншага, актывісты прааналізавалі і вылучылі перашкоды і складанасці, якія могуць узнікаць ужо на этапе планавання далучыцца да онлайн-мерапрыемства. Агулам такімі бар’ерамі могуць быць:

  • вялізная плынь інфармацыі, у якой лёгка згубіць штосьці цікавае і карыснае
  • патрэбная для ўдзелу ў онлайн-мерапрыемствах тэхніка (ноўтбук, гарнітура, інтэрнэт), навыкаў для карыстання адмысловымі праграмамі – не ва ўсіх гэта можа быць
  • спакойнае і бяспечнае асяроддзе, асабліва калі на мерапрыемстве закранаецца адчувальная тэма
  • бяспека і канфідэнцыйнасць – гэты аспект набыў актуальнасць у апошнія гады, асабліва для тых, хто застаецца ў Беларусі. Пра бяспеку трэба паклапаціцца арганізатарам мерапрыемства – загадзя абдумаць, ці будуць уключацца камеры, гук, ці будзе весціся запіс.

Таксама спецыфічныя бар’еры для працы ў онлайн-прасторы могуць узнікаць у кожнай канкрэтнай сацыяльнай групы. Ініцыятыва «ІншыЯ» вылучыла 17 такіх груп, але з пазнакай, што гэта не канчатковы і не вычарпальны спіс.

Што важна ўлічваць пры працы онлайн з людзьмі з інваліднасцю?

Асабліва важна памятаць пра псіхалагічны бар’ер для працы онлайн, які можа быць уласцівы людзям з інваліднасцю. Эксперты ініцыятывы «ІншыЯ» пішуць, што чалавек з інваліднасцю можа адчуваць сябе непаўнавартасным, уразлівым, у яго можа быць заніжаная самаацэнка. Ён можа думаць, што ягонае меркаванне, а значыць, і ўдзел у мерапрыемстве, не такія важныя. Спрыяць такім думкам і настроям могуць стэрэатыпы ў дачыненні да людзей з інваліднасцю, распаўсюджаныя ў беларускім грамадстве, агульнае стаўленне, адсутнасць імкнення да інклюзіі ў дзяржаўнай палітыцы.

Арганізатарам мерапрыемства важна ўлічваць псіхалагічны аспект, не прымушаць удзельнікаў да актыўнасці (уключэнне камеры, удзел у абмеркаванні). Калі чалавек з інваліднасцю саромеецца, трэба даць яму магчымасць выступаць без відэа. Калі ёсць праблемы з вымаўленнем, важна дазволіць такому чалавеку камунікаваць праз чат.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: work.ua

 

Калі сярод удзельнікаў ёсць людзі, якія маюць праблемы са слыхам, важна прадугледзець наяўнасць тэкставага і ілюстратыўнага матэрыялу, а таксама перакладчыка на мову жэстаў.

Падчас працы з людьмі са слабым зрокам наадварот, трэба рабіць акцэнт на гук, абавязкова суправаджаць слайды тлумачэннем голасам.

Пры наяўнасці ў онлайн-групе прадстаўнікоў ЛГБТК+, важна ўлічваць рызыку патэнцыйна небяспечнага асяроддзя для іх – напрыклад, знаходжання ў адной кватэры з гамафобнымі сваякамі, перад якімі немагчыма адкрыцца, пагрозу дыскрымінацыі.

Важнасць kids-friendly атмасферы

У асобную ўразлівую групу, для якой онлайн-мерапрыемствы могуць быць недаступнымі ці складанымі для наведвання, «ІншыЯ» выдзяляе бацькоў з малымі дзецьмі. Даследчыкі ўказваюць на такія фактары, як неабходнасць догляду за дзіцём і праз гэта складанасць з поўнавартасным уключэннем у мерапрыемства, шум, які можа перашкаджаць іншым удзельнікам, стомленасць і адсутнасць унутраных рэсурсаў – часу, сіл, матывацыі, вольнага часу. Каб паспрабаваць вырашыць гэтыя складанасці, актывісты «ІншаЯ» раюць праводзіць мерапрыемствы ў вечаровы час, рабіць запіс сустрэчаў, каб іх можна было праглядзець пазней, працаваць з бацькамі, каб зняць псіхалагічную праблему «віны за нязручнасці» – напрыклад, адразу ў анонсе ўказваць, што шум ад малых дзяцей не будзе перашкодай. Агулам, варта клапаціцца пра стварэнне kids-friendly атмасферы не толькі падчас офлайн-мерапрыемстваў, але і онлайн.

Сярод іншых сацыяльных групаў, з якімі трэба ўлічваць асаблівыя ўмовы падчас інклюзіўных мерапрыемстваў, даследчыкі выдзяляюць:

  • людзей, якія жывуць у вёсках
  • людзей сталага ўзросту
  • няпоўнагадовых
  • людзей у зоне рызыкі хатняга гвалту
  • бацькоў навучэнцаў малодшых і сярэдніх класаў
  • зняволеных, якія знаходзяцца ў закрытых установах
  • дзяцей з інваліднасцю, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах
  • людзей, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы
  • людзей з ВІЧ
  • працаўнікоў камерцыйнага сэксу
  • людзей без сталага месца жыхарства
  • людзей з псіхіятрычнымі разладамі

Як забяспечыць інклюзіўнасць онлайн-мерапрыемстваў: агульныя правілы

Спіс парадаў, як зрабіць онлайн-мерапрыемствы больш камфортнымі для кожнай з гэтых груп, можна прачытаць па спасылцы.

Сярод агульных правілаў, якія могуць дапамагчы забяспечыць інклюзіўнасць онлайн-мерапрыемстваў, эксперты «ІншаЯ» называюць:

  • Абвесткі на зразумелай, простай мове, дакладныя інструкцыі і папярэдняя камунікацыя з удзельнікамі. Важна тлумачыць пра працяг мерапрыемства, інтэрактыўнасць, патрэбную тэхніку, узровень валодання кампутарнай тэхнікай сярод удзельнікаў.
  • Індывідуальнае тэхнічнае суправаджэнне, дапамога пры ўсталяванні праграм, дапамога ў падключэнні. Валанцёр загадзя можа звязацца з тымі ўдзельнікамі, якім патрэбная такая дапамога.
  • Рэгістрацыя перад мерапрыемствам. Яна можа спатрэбіцца для стварэння бяспечнай прасторы, каб ніхто старонні не змог далучыцца. У той жа час часам рэгістрацыя можа стаць перашкодай для ўдзелу, бо некаторым важна захаваць сваю канфедэнцыйнасць і не паказваць адрас электроннай пошты пры рэгістрацыі.
  • Магчымасць загадзя падключыцца да мерапрыемства – нават за 30-60 хвілін, каб праверыць усе функцыі праграмы, настроіць гук, відэа, магчыма, змяніць імя.
  • Розныя варыянты ўдзелу – з відэа, з мікрафонам, і без, магчымасць выкарыстоўваць чат замест адказаў голасам.
  • Тэкставае суправаджэнне і дубляванне важнай інфармацыі ў чат. Гэта дазволіць нікому не прапусціць неабходную інфармацыю.
  • Запытванне зваротнай сувязі пра мерапрыемства – ці ўсё зразумела, ці ўсе ўсё паспяваюць.
  • Этыка і бяспека ў дачыненні да ўдзельнікаў. Важна памятаць пра тое, каб не выкарыстоўваць стыгматызуючую лексіку, не прымушаць да актыўнага ўдзелу, не раскрываць асобы, калі ёсць пажаданне захавання ананімнасці.

Новыя практыкі выключэння

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: gorod-812.ru

 

Імкненне да захавання бяспекі для ўдзельнікаў можа ў сённяшніх умовах прывесці не да большай інклюзіўнасці, а да новых практык выключэння. Гэта датычыць мерапрыемстваў з міжнародным складам каманды, у тым ліку, у онлайн-прасторы. Ужо агульная сітуацыя, калі анонсы актыўнасцяў перадаюцца ў рэжыме сакрэтнасці ў закрытых чатах, а ў адкрытых публікацыях усё часцей сустракаецца паметка «не для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі». Гэта робіцца нібыта з памкненняў захаваць бяспеку для тых, хто ў Беларусі, а таксама для ўдзельнікаў з-за мяжы. Такім чынам, пытанне бяспекі ўступае ў канфлікт з традыцыйным разуменнем інклюзіі.

«Я б узгадала пра асабістую адказнасць удзельнікаў (-іц), – кажа экспертка па гендэрных адукацыйных публічных мерапрыемствах Алена Агарэлышава ў інтэрв’ю праекту «Іншыя». – Галоўны абавязак арганізатараў (-ак) – данесці да людзей поўную інфармацыю пра праект ці мерапрыемствы, каб патэнцыйныя ўдзельнікі (-цы) маглі самастойна ацаніць рызыкі і прыняць узважанае рашэнне. Калі мы кажам, напрыклад, пра публічныя онлайн-лекцыі чалавек на 500 ад медыя, прызнанага экстрэмісцкім, то людзі павінны асэнсоўваць – спасылку на мерапрыемства атрымаюць усе ахвочыя. Людзі з Беларусі, якія не жадаюць быць ідэнтыфікаванымі, самі павінны паклапаціцца пра тое, каб у іх была выключаная камера, а нік не складаўся з прозвішча і імя».

Паводле Алены Агарэлышавай, калі раней арганізатары мерапрыемстваў імкнуліся да пашырэння аўдыторыі і кола ўдзельнікаў, то цяпер даводзіцца прыбягаць да новых практык выключэння.

«Калі я выбіраю ўдзельніч на курс па гендары і раптам бачу ў лісце, што ўдзельніца даведалася пра курс з праўладнай арганізацыі, у якой яна з’яўляецца сябрам. Я не бяру яе з меркаванняў бяспекі, – кажа экспертка. – Я імкнуся рабіць усё, каб быць больш інклюзіўнай і ўключаць розныя мэтавыя групы, але пры гэтым усведамляю, што ў некаторых месцах паступаю неінклюзіўна. Гэта неабходнае зло, але гэта зло, з якім я жыву».

Бяспека павінна быць фактарам інклюзіі, а не эксклюзіі

Алена Агарэлышавала падкрэслівае, што цяпер даводзіцца больш уважліва вывучаць анкеты патэнцыйных удзельнікаў, як мінімум глядзець іхныя старонкі ў сацсетках. У сённяшніх умовах перавага будзе аддавацца сябрам НДА, а тым, у каго ў анкеце ўказаная сувязь з дзяржаўнымі інстытуцыямі, хутчэй будзе адмоўлена ва ўдзеле.

Пры гэтым, паводле эксперткі, залішні клопат пра ўдзельнікаў з Беларусі можа ператварыцца ў дыскрымінацыю, бо тыя, што засталіся, пачынаюць лічыцца ўразлівай групай.

«Я не лічу адмову ад эміграцыі ўразлівасцю. Гэта асабісты выбар кожнага (-ай) – застацца. Ці не абраза – тыкаць чалавека ў тое, што ён (яна) па нейкіх прычынах не з’ехаў (-ла)? Я перакананая, што не варта аддзяляць адных ад другіх у тых сітуацыях, калі гэта залішнее», – кажа экспертка.

Спадарыня Алена падкрэслівае, што не варта рабіць у анонсах пазнакі кшталту «Увага! У нас ёсць асобныя пажаданні для ўсіх і асобныя патрабаванні для ўдзельнікаў (-іц) з Беларусі», бо бяспека важная для ўсіх, незалежна ад месца знаходжання, яна павінна быць фактарам, які спрыяе інклюзіі, а не эксклюзіі, таму не варта паводле гэтай прыкметы выключаць пэўныя групы. Як паклапаціцца пра захаванне бяспекі ўдзельнікаў пры складанні формаў рэгістрацыі і анкетаў, эксперты раяць тут.