Магчымасці інтэрнэту ў арганізацыі аддаленай працы ці навучання онлайн сталі шырока выкарыстоўвацца на пачатку пандэміі COVID-19, з закрыццём краінаў на каранцін тры з паловай гады таму. Для Беларусі онлайн-мерапрыемствы не страчваюць актуальнасць і сёння, калі ў сувязі з масавай міграцыяй шмат людзей апынуліся раскіданымі па розных кутках свету. Але ці для ўсіх групаў насельніцтва онлайн-прастора – сапраўды добрае выйсце? Як забяспечыць інклюзіўнасць пры планаванні лічбавых актыўнасцяў? Як выключэнне сёння часам бывае неабходным злом і ці можна абысціся без яго? Паглядзелі, як беларусы вырашаюць гэтыя пытанні.
![](https://1387.io/wp-content/uploads/2023/08/working-at-a-laptop-in-the-outdoor-courtyard-men-s-hands-closeup-home-office-remote-work-remote-location-using-the-keyboard-and-mouse-relax_292419-2932.jpg)
Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: ru.freepik.com
Што можа перашкаджаць удзелу ў онлайн-мерапрыемствах?
Вялізную працу па даследаванні даступнасці онлайн-прасторы для розных групаў насельніцтва, праблем, якія могуць узнікаць пры планаванні мерапрыемстваў у інтэрнэце, правяла беларуская ініцыятыва «ІншыЯ». Сярод іншага, актывісты прааналізавалі і вылучылі перашкоды і складанасці, якія могуць узнікаць ужо на этапе планавання далучыцца да онлайн-мерапрыемства. Агулам такімі бар’ерамі могуць быць:
- вялізная плынь інфармацыі, у якой лёгка згубіць штосьці цікавае і карыснае
- патрэбная для ўдзелу ў онлайн-мерапрыемствах тэхніка (ноўтбук, гарнітура, інтэрнэт), навыкаў для карыстання адмысловымі праграмамі – не ва ўсіх гэта можа быць
- спакойнае і бяспечнае асяроддзе, асабліва калі на мерапрыемстве закранаецца адчувальная тэма
- бяспека і канфідэнцыйнасць – гэты аспект набыў актуальнасць у апошнія гады, асабліва для тых, хто застаецца ў Беларусі. Пра бяспеку трэба паклапаціцца арганізатарам мерапрыемства – загадзя абдумаць, ці будуць уключацца камеры, гук, ці будзе весціся запіс.
Таксама спецыфічныя бар’еры для працы ў онлайн-прасторы могуць узнікаць у кожнай канкрэтнай сацыяльнай групы. Ініцыятыва «ІншыЯ» вылучыла 17 такіх груп, але з пазнакай, што гэта не канчатковы і не вычарпальны спіс.
Што важна ўлічваць пры працы онлайн з людзьмі з інваліднасцю?
Асабліва важна памятаць пра псіхалагічны бар’ер для працы онлайн, які можа быць уласцівы людзям з інваліднасцю. Эксперты ініцыятывы «ІншыЯ» пішуць, што чалавек з інваліднасцю можа адчуваць сябе непаўнавартасным, уразлівым, у яго можа быць заніжаная самаацэнка. Ён можа думаць, што ягонае меркаванне, а значыць, і ўдзел у мерапрыемстве, не такія важныя. Спрыяць такім думкам і настроям могуць стэрэатыпы ў дачыненні да людзей з інваліднасцю, распаўсюджаныя ў беларускім грамадстве, агульнае стаўленне, адсутнасць імкнення да інклюзіі ў дзяржаўнай палітыцы.
Арганізатарам мерапрыемства важна ўлічваць псіхалагічны аспект, не прымушаць удзельнікаў да актыўнасці (уключэнне камеры, удзел у абмеркаванні). Калі чалавек з інваліднасцю саромеецца, трэба даць яму магчымасць выступаць без відэа. Калі ёсць праблемы з вымаўленнем, важна дазволіць такому чалавеку камунікаваць праз чат.
![](https://1387.io/wp-content/uploads/2023/08/2752b-1024x576.png)
Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: work.ua
Калі сярод удзельнікаў ёсць людзі, якія маюць праблемы са слыхам, важна прадугледзець наяўнасць тэкставага і ілюстратыўнага матэрыялу, а таксама перакладчыка на мову жэстаў.
Падчас працы з людьмі са слабым зрокам наадварот, трэба рабіць акцэнт на гук, абавязкова суправаджаць слайды тлумачэннем голасам.
Пры наяўнасці ў онлайн-групе прадстаўнікоў ЛГБТК+, важна ўлічваць рызыку патэнцыйна небяспечнага асяроддзя для іх – напрыклад, знаходжання ў адной кватэры з гамафобнымі сваякамі, перад якімі немагчыма адкрыцца, пагрозу дыскрымінацыі.
Важнасць kids-friendly атмасферы
У асобную ўразлівую групу, для якой онлайн-мерапрыемствы могуць быць недаступнымі ці складанымі для наведвання, «ІншыЯ» выдзяляе бацькоў з малымі дзецьмі. Даследчыкі ўказваюць на такія фактары, як неабходнасць догляду за дзіцём і праз гэта складанасць з поўнавартасным уключэннем у мерапрыемства, шум, які можа перашкаджаць іншым удзельнікам, стомленасць і адсутнасць унутраных рэсурсаў – часу, сіл, матывацыі, вольнага часу. Каб паспрабаваць вырашыць гэтыя складанасці, актывісты «ІншаЯ» раюць праводзіць мерапрыемствы ў вечаровы час, рабіць запіс сустрэчаў, каб іх можна было праглядзець пазней, працаваць з бацькамі, каб зняць псіхалагічную праблему «віны за нязручнасці» – напрыклад, адразу ў анонсе ўказваць, што шум ад малых дзяцей не будзе перашкодай. Агулам, варта клапаціцца пра стварэнне kids-friendly атмасферы не толькі падчас офлайн-мерапрыемстваў, але і онлайн.
Сярод іншых сацыяльных групаў, з якімі трэба ўлічваць асаблівыя ўмовы падчас інклюзіўных мерапрыемстваў, даследчыкі выдзяляюць:
- людзей, якія жывуць у вёсках
- людзей сталага ўзросту
- няпоўнагадовых
- людзей у зоне рызыкі хатняга гвалту
- бацькоў навучэнцаў малодшых і сярэдніх класаў
- зняволеных, якія знаходзяцца ў закрытых установах
- дзяцей з інваліднасцю, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах
- людзей, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы
- людзей з ВІЧ
- працаўнікоў камерцыйнага сэксу
- людзей без сталага месца жыхарства
- людзей з псіхіятрычнымі разладамі
Як забяспечыць інклюзіўнасць онлайн-мерапрыемстваў: агульныя правілы
Спіс парадаў, як зрабіць онлайн-мерапрыемствы больш камфортнымі для кожнай з гэтых груп, можна прачытаць па спасылцы.
Сярод агульных правілаў, якія могуць дапамагчы забяспечыць інклюзіўнасць онлайн-мерапрыемстваў, эксперты «ІншаЯ» называюць:
- Абвесткі на зразумелай, простай мове, дакладныя інструкцыі і папярэдняя камунікацыя з удзельнікамі. Важна тлумачыць пра працяг мерапрыемства, інтэрактыўнасць, патрэбную тэхніку, узровень валодання кампутарнай тэхнікай сярод удзельнікаў.
- Індывідуальнае тэхнічнае суправаджэнне, дапамога пры ўсталяванні праграм, дапамога ў падключэнні. Валанцёр загадзя можа звязацца з тымі ўдзельнікамі, якім патрэбная такая дапамога.
- Рэгістрацыя перад мерапрыемствам. Яна можа спатрэбіцца для стварэння бяспечнай прасторы, каб ніхто старонні не змог далучыцца. У той жа час часам рэгістрацыя можа стаць перашкодай для ўдзелу, бо некаторым важна захаваць сваю канфедэнцыйнасць і не паказваць адрас электроннай пошты пры рэгістрацыі.
- Магчымасць загадзя падключыцца да мерапрыемства – нават за 30-60 хвілін, каб праверыць усе функцыі праграмы, настроіць гук, відэа, магчыма, змяніць імя.
- Розныя варыянты ўдзелу – з відэа, з мікрафонам, і без, магчымасць выкарыстоўваць чат замест адказаў голасам.
- Тэкставае суправаджэнне і дубляванне важнай інфармацыі ў чат. Гэта дазволіць нікому не прапусціць неабходную інфармацыю.
- Запытванне зваротнай сувязі пра мерапрыемства – ці ўсё зразумела, ці ўсе ўсё паспяваюць.
- Этыка і бяспека ў дачыненні да ўдзельнікаў. Важна памятаць пра тое, каб не выкарыстоўваць стыгматызуючую лексіку, не прымушаць да актыўнага ўдзелу, не раскрываць асобы, калі ёсць пажаданне захавання ананімнасці.
Новыя практыкі выключэння
![](https://1387.io/wp-content/uploads/2023/08/isklyuchenie.jpg)
Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: gorod-812.ru
Імкненне да захавання бяспекі для ўдзельнікаў можа ў сённяшніх умовах прывесці не да большай інклюзіўнасці, а да новых практык выключэння. Гэта датычыць мерапрыемстваў з міжнародным складам каманды, у тым ліку, у онлайн-прасторы. Ужо агульная сітуацыя, калі анонсы актыўнасцяў перадаюцца ў рэжыме сакрэтнасці ў закрытых чатах, а ў адкрытых публікацыях усё часцей сустракаецца паметка «не для людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі». Гэта робіцца нібыта з памкненняў захаваць бяспеку для тых, хто ў Беларусі, а таксама для ўдзельнікаў з-за мяжы. Такім чынам, пытанне бяспекі ўступае ў канфлікт з традыцыйным разуменнем інклюзіі.
«Я б узгадала пра асабістую адказнасць удзельнікаў (-іц), – кажа экспертка па гендэрных адукацыйных публічных мерапрыемствах Алена Агарэлышава ў інтэрв’ю праекту «Іншыя». – Галоўны абавязак арганізатараў (-ак) – данесці да людзей поўную інфармацыю пра праект ці мерапрыемствы, каб патэнцыйныя ўдзельнікі (-цы) маглі самастойна ацаніць рызыкі і прыняць узважанае рашэнне. Калі мы кажам, напрыклад, пра публічныя онлайн-лекцыі чалавек на 500 ад медыя, прызнанага экстрэмісцкім, то людзі павінны асэнсоўваць – спасылку на мерапрыемства атрымаюць усе ахвочыя. Людзі з Беларусі, якія не жадаюць быць ідэнтыфікаванымі, самі павінны паклапаціцца пра тое, каб у іх была выключаная камера, а нік не складаўся з прозвішча і імя».
Паводле Алены Агарэлышавай, калі раней арганізатары мерапрыемстваў імкнуліся да пашырэння аўдыторыі і кола ўдзельнікаў, то цяпер даводзіцца прыбягаць да новых практык выключэння.
«Калі я выбіраю ўдзельніч на курс па гендары і раптам бачу ў лісце, што ўдзельніца даведалася пра курс з праўладнай арганізацыі, у якой яна з’яўляецца сябрам. Я не бяру яе з меркаванняў бяспекі, – кажа экспертка. – Я імкнуся рабіць усё, каб быць больш інклюзіўнай і ўключаць розныя мэтавыя групы, але пры гэтым усведамляю, што ў некаторых месцах паступаю неінклюзіўна. Гэта неабходнае зло, але гэта зло, з якім я жыву».
Бяспека павінна быць фактарам інклюзіі, а не эксклюзіі
Алена Агарэлышавала падкрэслівае, што цяпер даводзіцца больш уважліва вывучаць анкеты патэнцыйных удзельнікаў, як мінімум глядзець іхныя старонкі ў сацсетках. У сённяшніх умовах перавага будзе аддавацца сябрам НДА, а тым, у каго ў анкеце ўказаная сувязь з дзяржаўнымі інстытуцыямі, хутчэй будзе адмоўлена ва ўдзеле.
Пры гэтым, паводле эксперткі, залішні клопат пра ўдзельнікаў з Беларусі можа ператварыцца ў дыскрымінацыю, бо тыя, што засталіся, пачынаюць лічыцца ўразлівай групай.
«Я не лічу адмову ад эміграцыі ўразлівасцю. Гэта асабісты выбар кожнага (-ай) – застацца. Ці не абраза – тыкаць чалавека ў тое, што ён (яна) па нейкіх прычынах не з’ехаў (-ла)? Я перакананая, што не варта аддзяляць адных ад другіх у тых сітуацыях, калі гэта залішнее», – кажа экспертка.
Спадарыня Алена падкрэслівае, што не варта рабіць у анонсах пазнакі кшталту «Увага! У нас ёсць асобныя пажаданні для ўсіх і асобныя патрабаванні для ўдзельнікаў (-іц) з Беларусі», бо бяспека важная для ўсіх, незалежна ад месца знаходжання, яна павінна быць фактарам, які спрыяе інклюзіі, а не эксклюзіі, таму не варта паводле гэтай прыкметы выключаць пэўныя групы. Як паклапаціцца пра захаванне бяспекі ўдзельнікаў пры складанні формаў рэгістрацыі і анкетаў, эксперты раяць тут.