Смеццеапрацоўчы завод пад Бабруйскам “гатовы на 95 працэнтаў”. Яго адкрыццё планавалася яшчэ на 2022 год

Смеццеапрацоўчы завод. Выява створаная AI

Смеццеапрацоўчы завод мусіць палепшыць экалагічную сітуацыю ў Бабруйску і раёне, а таксама стварыць новыя працоўныя месцы. Яго планавалі адкрыць яшчэ ў 2022 годзе, але ён не дзейнічае і па стане на восень 2024 года. Расказваем, чаму так доўга будуецца завод і для чаго ён патрэбны.

Насамрэч, размовы пра будаўніцтва смеццеапрацоўчага завода ў Бабруйскім раёне вяліся яшчэ ў 2016 годзе. На той момант беларускія чыноўнікі яшчэ ездзілі абменьвацца вопытам у розныя краіны Еўропы, і спярша планавалася, што праект будзе ўзведзены паводле італьянскіх тэхналогіяў. 

У 2020 годзе было абвешчана, што пад Бабруйскам, у вёсцы Вішнёўка, плануюць збудаваць палігон і смеццеапрацоўчы завод – у адзіным комплексе. Згодна з планамі ён мусіў пачаць дзейнічаць ужо ў 2022 годзе. Як пісала ў анонсе “Белта”, цвёрдыя камунальныя адкіды на завод будуць вывозіць з Бабруйска і раёна, а таксама Асіповіцкага, Глускага, Клічаўскага ды Кіраўскага раёнаў. Забудоўшчык – “Белкамунпраект”, планаваў засвоіць на праектаванне ды ўзвядзенне каля 40 мільёнаў рублёў.

Будоўля пачалася восенню 2021 года, а ўлетку наступнага года стала зразумела, што запланаванае адкрыццё не адбудзецца, на той моманты былі ўзведеныя асноўныя будынкі і праводзілася пракладка камунікацый. Тады была агучаная новая меркаваная дата – 2023 год. Затрымку тлумачылі “часовымі цяжкасцямі з фінансаваннем”.  Яно, дарэчы выдаткоўвалася паводле дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2021-2025 гады”.   

Тэрміны запуску адсоўваліся ўжо некалькі разоў

У лістападзе 2023 года бабруйскія чыноўнікі заяўлялі, што праект гатовы на 90 працэнтаў. Таксама агучылі новыя, нашмат большыя сумы, патрэбныя для яго ажыццяўлення – агулам 92,1 мільёны рублёў, з якіх на той момант было засвоена 70,7 мільёнаў.

Крыніца фота: “Трыбуна працы”

У пачатку 2024 года было заяўлена, што завод гатовы на 95 працэнтаў. Пры гэтым, як адзначаў карэспандэнт “Вячэрняга Бабруйска”, вонкава праект выглядаў завершаным. Чыноўнік з абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва назваў тую ж прычыну затрымкі – недахоп фінансавання: “Гаворка пра 20 мільёнаў рублёў. Усяго ж інвестпраект першапачаткова ацанілі ў 70 мільёнаў”.

У пяць адсоткаў, якіх не хапала для запуску, уваходзілі тэхналагічнае абсталяванне, якое было недаплачана і недапастаўлена. Чыноўнік адзначыў, што “цяпер грошы выдзяляюцца”, і назваў новы арыенцір – 1 ліпеня бягучага года. Да гэтай даты планавалі наладзіць абсталяванне і выканаць тэставы запуск. Пасля гучала новая дата – верасень.

Але нават увосень гэтага года завод не запрацаваў, на гэты раз ужо мясцовыя, бабруйскія чыноўнікі тлумачылі, чаму так адбылося – праз падаражэнне праекта. У верасні старшыня гарвыканкаму расказаў, што “ўсё тэхналагічнае абсталяванне ўжо пастаўлена на завод і змантаванае… Так, была затрымка з кітайскага боку ў пастаўцы сілавога абсталявання. Але на сёння яно ўжо на заводзе. Прапрацоўваем пытанне з пошукам кадраў для прадпрыемства”. Пры гэтым новыя даты запуску гэтым разам не агучваліся.

Чым будзе займацца завод?

Як тлумачылі чыноўнікі, на палігоне будзе захоўвацца толькі 10-15 прывезеных адкідаў. Астатняе смецце будзе ісці ў перапрацоўку.

Агулам на завод будуць дастаўляць каля 100 тысячаў тон цвёрдых камунальных адкідаў у год. Траціна з іх – гэта шкло, папера, пластык і старая бытавая тэхніка, з якіх можна атрымліваць сыравіну.

Перапрацоўка мусіць станоўча паўплываць на экалогію Бабруйска, у ваколіцах якога хапае помнікаў прыроды і якія трэба захоўваць у чысціні. Яшчэ адна мэта будаўніцтва – стварэнне новых працоўных месцаў у раёнах. Завод мусіць працаўладкаваць 149 чалавек. І не забывайма, што перапрацоўка смецця – даволі прыбытковая справа.

Гранулят. Крыніца фота: ROMBO / pexels.com

З перапрацаванага смецця будзе стварацца гранулят – прадукт другаснай перапрацоўкі палімерных матэрыялаў. Для яго вытворчасці выкарыстоўваюцца розныя віды пластыка і поліэтыленаў. Далей гранулят прадаецца вытворцам, якія выкарыстоўваюць яго ў якасці базавай сыравіны ці дадатку да сыравіны, для выпуску новых пластыкавых вырабаў.

Гэта могуць быць трубы, плёнка, кабелі, торбы, абсталяванне для дзіцячых пляцовак і нават адзенне.

У Нідэрландах, напрыклад, другасны пластык выкарыстоўваюць у будоўлі дарог.

 

Колькі смецця выкідаюць бабруйцы?

Штодзень супрацоўнікі “Спецаўтапрадпрыемства” вывозяць на палігон у “Бабіна” 1 300 кубаметраў смецця. Журналісты “Вячэрняга Бабруйска” падлічылі, што гэта каля 6 літраў смецця на аднаго жыхара за адны суткі. Сарціровачная лінія працуе ў “Бабіна” ўжо даўно, але ўласнай лініі менавіта па перапрацоўцы ў горадзе не было.

Завод у Вішнёўцы стане восьмым у Беларусі, што перапрацоўвае смецце. Такія ўжо дзейнічаюць у Берасці, Гомелі, Гродна, Магілёве, Мінску, Баранавічы і Наваполацку.

Ёсць, што сказаць? Пішы ў каментарах у нашым інстаграм