10
16 траўня ў Бабруйску адбудзецца Ноч музеяў. Добрая частка імпрэзаў у яе межах будуць прысвечаныя Другой сусветнай вайне. Але ў праграме ёсць некалькі прапановаў, якія могуць быць цікавыя больш шырокаму колу гараджанаў(ак). Расказваем пра некаторыя з іх.

Бабруйскі краязнаўчы музей. Фота: 1387.io
- Заплануй час: ад 18.00 да 21.00.
- Месца: Краязнаўчы музей.
- Каля ўваходу ў музей будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка “Рэканструкцыя ў кіно”. Гаспадарыць тут будзе клуб вайскова-гістарычнай рэканструкцыі “Газдава” (тыя самыя “рыцары”, якіх можна пабачыць, бадай, на ўсіх гарадскіх святах).
- У гэтай жа лакацыі будзе дзейнічаць фотазона “Стары дом”. Гэта тры вялікія банеры з відамі старых будынкаў Бабруйска для сэлфі ці фота на памяць з сябрамі ці сваякамі.
- Непасрэдна ў музеі таксама знойдзеш, чым бавіцца. У фае на першым паверсе можна пазнаёміцца з выставай пра Бабруйскую крэпасць (якой у бягучым годзе спаўняецца ажно 215 гадоў).
- У першай залі для дзяцей ад 18.00 да 21.00 правядуць гульню “Кастынг” ад тэатральнага калектыву “На Біс!”
- У другой залі будзе працаваць яшчэ адна фотазона – “Музейная касцюмерная”, з аквагрымам.
- Тут жа, на першым паверсе музея, а 18.30 пачнецца квэст “Таямніцы старога горада”.
- У залі №6 раім завітаць на выставу кінаабсталявання розных часоў.
- А ў суседняй, 7-й залі, а 18.00 пачнецца этнаграфічны дэтэктыўны квэст з элементамі містыкі “Хто скраў сцэнар?”
- Таксама ў музеі адбудуцца музычныя і танцавальныя імпрэзы, напрыклад, можна будзе паслухаць саксафон.
- Або далучыцца да клуба гісторыка-бытавых беларускіх танцаў “Сябрына”, што зладзіць інтэрактыўную пляцоўку “Танец у кіно”.
А што ты хацеў(ла) б пабачыць у Бабруйску на Ночы музеяў? Пішы ў каментарах у нашым інстаграме!