У Бабруйску зносяць стары драўляны дом з прыгожым аздабленнем

Фота: 1387.io

На жаль – навіны кепскія: у Бабруйску зносяць стары драўляны дом на вуліцы Карла Лібкнехта-57. Пра гэта напісаў сёння ў фэйсбуку Аляксандр Чугуеў, журналіст і фатограф.

Гэты дом сапраўды быў лядашчы, даўно, але яго вельмі любілі мясцовыя фатографы ды краязнаўцы. Адметнасць – не толькі век будынка, а яму дакладна больш за сто гадоў, але і яго аздабленне – далікатныя карункі, выразаныя з дрэва, каваны падстрэшак над утульным ганкам з белымі дзвярамі ў смарагдавым атачэнні ліштваў.

Фота: фэйсбук-старонка Аляксандра Чугуева
Фота: фэйсбук-старонка Аляксандра Чугуева

“Уже снят шифер с кровли, частично демонтирована облицовка тыльного фасада. Вокруг здания свалены в кучу бревна, балки доски и дранка старой обрешетки” – адзначыў Аляксандр Чугуеў.

Мяркуецца, што ў доме мог жыць равін з сінагогі, што размяшчалася па суседстве – на яе парэштках паўстаў гарадскі архіў.

Фота: 1387.io

Вельмі хацелася б, каб асцярожна дэмантавалі ды захавалі элементы дэкору – ліштвы, падстрэшак, дзверы. Бо гэта не проста старызна – а музейныя экспанаты. Магчыма, хтосьці з нашых чытачак або чытачоў можа паспрыяць у гэтай добрай справе?

Вам таксама можа спадабацца