Міжнародны дзень музеяў адзначаецца штогод, пачынаючы з 1977 года. Тады міжнароднай супольнасці захацелася стварыць асаблівую падзею, якая б прыцягвала ўвагу да музеяў. У выніку была прынятая рэзалюцыя, якая і ўстанавіла 18 траўня музейным святам.
З 1992 года штогод гэтаму дню надаецца свая тэма. Так, сёлета ў 2024 годзе яна гучыць як «Музеі, адукацыя і навуковыя даследаванні».
18 траўня 2024 музеі па ўсім свеце традыцыйна робяць уваход у свае экспазіцыі бясплатным, а акрамя таго – праводзяць акцыю «Ноч музеяў», якая адзначаецца незвычайнымі відовішчнымі імпрэзамі, а таксама тым, што музей можна наведаць позна ўвечары ці нават ноччу. Гэта робіцца з мэтай зрабіць музеі даступнымі для як мага большай колькасці людзей і заахвоціць наведваць іх часцей.
Ноч музеяў
Упершыню Ноч музеяў была праведзеная ў Берліне ў 1997 годзе. З 2001 года ў акцыі ўдзельнічалі ўсе музеі 39 краінаў, якія падпісалі канвенцыю па культуры Рады Еўропы.
У Ночы музеяў удзельнічае таксама Беларусь. Расклад сёлетніх мерапрыемстваў у розных гарадах можна знайсці на адмысловым сайце nochmuzeev.by. Штогод адметнасцю музейных імпрэзаў у Беларусі становіцца тое, што за ўваходны квіток трэба плаціць, у той час як у большасці еўрапейскіх краінаў у Дзень і ноч музеяў агляд экспазіцыі і шмат якія мерапрыемствы бясплатныя. Вольны ўваход звязаны з асноўнай мэтай свята – зрабіць музеі даступнымі для ўсіх. На жаль, у нас гэтая ідэя не рэалізуецца.
100-гадовы юбілей Бабруйскага краязнаўчага музея
Бабруйскі краязнаўчы музей сёлета з нагоды Дня і ночы музеяў 17 траўня правёў святочны вечар «На музейных проСТОрах». Назва імпрэзы заключае ў сабе 100-гадовы юбілей, які музей адзначае ў гэтым годзе. Бабруйскі краязнаўчы музей быў заснаваны ў 1924 годзе і з’яўляецца адным са старэйшых музеяў Беларусі.
Калі вы былі на святочным вечары ў Міжнародны дзень музеяў ў нашым музеі, дзяліцеся сваімі ўражаннямі ў каментарах у Інстаграм 1387.io – што спадабалася, чаго не хапіла, якой увогуле вы сабе ўяўляеце ідэальную музейную ноч у Бабруйску?
Пра вынікі папярэдніх падобных апытанак, а таксама пра тое, якія музеі сёння працуюць у Бабруйску і Бабруйскім раёне мы распавядалі на нашым сайце 1387.io.
Музеі Бабруйску і Бабруйшчыны: зачыненыя, дзейныя і тыя, што застаюцца толькі ідэяй
Якія музеі вы б хацелі бачыць у нашым горадзе?
Дзелімся з табой ідэямі сучасных музеяў, якія маглі б быць у Бабруйску. Гэтыя візуалізацыі былі створаны з дапамогай midjourney, выкарыстоўваючы спецыяльныя запыты для перадачы атмасферы і ўнікальнасці кожнага музея.
Музей Бабруйскіх Баброў
Музей зефіру
Музей Бабруйскай крэпасці