Што не так з шыльдай «вуліца Мураўёўская» на фасадзе старой камяніцы?

Надоечы мы распавядалі, што на фасадзе кавярні ў доме на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Карла Лібкнехта павесілі шыльду «ул.Муравьёвская». Гэта выклікала розную рэакцыю бабруйцаў у каментарах: хтосьці пісаў, што яна тут не зусім да месца, хтосьці – што гэта «ганьба». А дзе яна павінна быць і што не так з гэтай назвай? Давайце разбірацца.

Шыльда на доме па вул.Сацыялістычнай, 78, дзе адкрылася новая кавярня. Фота: 1387.io.

«Я не з тых Мураўёвых, што былі павешаныя, а з тых, якія вешаюць»

Мураўёўскай некалі называлася цяперашняя вуліца Сацыялістычная. Назвалі яе так у 1876 годзе ў гонар расейскага графа, гарадзенскага, менскага і віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва, вядомага ўдзелам у жорсткіх задушэннях паўстанняў 1831 і 1863 гадоў і мянушкай «Мураўёў-вешальнік». Так яго называў Аляксандр Герцэн у сваіх публікацыях у газеце «Звон».

Ёсць гісторыя, як гэтая мянушка магла за ім замацавацца (некаторыя даследчыкі, аднак, лічаць, што гэта проста легенда). Пасля задушэння паўстання 1831 года адзін з гарадзенскіх шляхцічаў запытаўся, ці не з’яўляецца новы губернатар сваяком Сяргея Мураўёва-Апостала, які быў павешаны ў 1826 годзе? На што Мураўёў адказаў:

«Я не з тых Мураўёвых, што былі павешаныя, а з тых, якія вешаюць». Іншыя ягоныя мянушкі: «Мураўёў-кат», «Мураўёў-людаед».

Вуліца Мураўёўская. Фота: wiki.bobr.by

Мураўёў быў прыхільнікам палітыкі русіфікацыі на беларускіх землях, і менавіта яму прыпісваюць вядомую фразу:

«Што не дарабіў расейскі штык – даробіць расейская школа і царква».

Аднак і гэта на 100% не пацверджана. Тым не менш, што вядома дакладна – удзел Мураўёва ў жорсткіх задушэннях паўстанняў на тэрыторыі Беларусі і наступных за імі рэпрэсіях, пакараннях смерцю ўдзельнікаў паўстання 1863 года, у тым ліку, Кастуся Каліноўскага.

Вуліца Сацыялістычная. Фота: photobuildings.com

Ці трэба перайменаваць Сацыялку?

Мураўёўскай «Сацыялка» была да 1917 года. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года назву на некаторы час змянілі на Керанскага, потым зноў вярнулі Мураўёўскую. У 1925 вуліца стала Сацыялістычнай. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Бабруйска яе называлі Гаўпштрасэ. У 1987 – 88 гадах спрабавалі называць вуліцай Перамогі, аднак назва не замацавалася і вярнулася былая – Сацыялістычная.

А як вы лічыце, ці варта сёння пераназваць «Сацыялку» ды агулам прыбраць савецкую тапаніміку ў горадзе? І ці трэба размяшчаць на будынках шыльды, якія нагадваюць пра Мураўёва-вешальніка? Дзяліцеся меркаваннямі ў каментарах у нашым Інстаграме.