Вельмі часта мы штодня ходзім каля цікавых рэчаў кшталту ліштваў, і не заўважаем іх. А калі ў цябе пачалося гэтае захапленне?
Больш двух год таму я шпацыраваў па старым бабруйскім цэнтры і ўбачыў старую ліштву. Яна была прыгожая, але яе час прайшоў, бо была занядбаная, недагледжаная, адна з аканіцаў вісела на цвіку. Тады я прайшоўся па вуліцы і заўважыў, што мала дзе захавалася драўляная аздоба вокнаў, і пачаў фатаграфаваць тое, што засталося.
Пасля я ўзгадаў, што мой дзед – цясляр, шмат іх рабіў у свой час. Зразумеў, што такія ліштвы сёння амаль ніхто ўжо не здолее стварыць. Бо перайшлі на станкі, і адразу бачна, што гэта не створана рукамі.
Пачалося з Бабруйску, а пасля я фатаграфаваў ліштвы ў вёсках ды іншых гарадах. Яны ўсюды розныя.
На фота: Мікалай Сікорскі.
На фота: «Бабруйская лiштва ў 60-х прошлага стягодзя на карцiнах выбiтнага мастака Абрама Рабкiна», – піша Мікалай на сваёй старонцы.
І ў чым адметнасць бабруйскай ліштвы?
Яна пампезная, у добрым сэнсе. З багаццем элементаў. Як я зразумеў, у Бабруйску была нейкая мануфактура, бо разьба мае свой стыль. Пакуль наша ліштва самая адметная з усіх, якія я бачыў. Напрыклад, у Мінскай вобласці ліштва больш сціплая, геаметрычная.
У нашым горадзе я, у асноўным, рабіў фота ў старым, вялікім цэнтры – Дзяржынка, на Гогаля, Крылова, Фарштат. Таму што прыватныя дамы на Даманскім ці Чарапічным сучаснай забудовы, раней за 50-70-я гады, на іх не пабачыш ліштваў. Я нават хадзіў у Яловікі, але там хаты ўжо мадэрнізавалі, нічога не знайшоў.
Па ўсім відаць, што ў 80-х ужо не ставілі разныя аканіцы і ліштвы, бо засталося мала майстроў. І, хутчэй за ўсё, іх праца была вельмі дарагой.
На фота: першы допіс Мікалая з тэмай ліштваў.
Ты спрабаваў падлічыць, колькі ў цябе фотаздымкаў з бабруйскімі ліштвамі?
Так. У мяне ёсць асобная тэчка на камп’ютары, дзе я іх збіраю. Штопраўда, я не лічу сябе добрым фатографам, раблю здымкі на тэлефон. А калі плот высокі, ці дом стаіць далёка, цяжка злавіць удалы кадр.
Для чаго ты фатаграфуеш ліштвы?
Каб захаваць іх хаця б на фота. Шмат хто падчас рамонту дома здымае ліштву, ставіць вокны ПВХ, абшывае сцены сайдынгам. А мне хочацца гэтую прыгажосць пакінуць на памяць.
Ці спрабаваў ты расшыфраваць пабачаную ліштву? Кажуць, што кожны элемент колісь нешта сімвалізаваў, як і на вышыванцы.
На бабруйскай я найчасцей бачыў птушак, рыб, – на Фарштаце. І яшчэ даволі часта сустракаў ліры. Думаю, гэта тое, што любілі гаспадары, ці чым займаліся.
Напэўна, на Палессі, дзе захавалася стогадовая ліштва, будуць гэтыя знакі. А ў горадзе, хутчэй за ўсё, гэта была толькі аздоба. Бо заўважны адзіны стыль.
Неяк бабруйскія гарадскія актывісты агучвалі ідэю стварэння музею ліштвы. Збіраць тыя, што ўжо непатрэбныя гаспадарам, у адным месцы. Каб захаваць іх і паказаць прыгажосць разбярства. Як ты ацэньваеш такую ідэю?
Выдатная ідэя. Калі б яшчэ і самі людзі былі больш адказныя, і не на дровы ліштву пускалі, а сапраўды аддавалі ў музей… Таму што тыя, хто яе здымае, не разумеюць каштоўнасці. Тым не менш, калі б атрымалася ажыццявіць такі праект, ён бы стаў разынкай Бабруйску.
Год пяць таму, на адным з восеньскіх салонаў, я ўбачыў як адзін мастак зрабіў раму з сапраўднай ліштвы. Яна стала неад’емнай часткай карціны. Ён напісаў люпіны, і складвалася ўражанне, што глядзіш на іх з вакна. Магчыма, ідэя збіраць фота ліштвы падсвядома з’явілася ў мяне ўжо тады.
На фота: «Нехта марнуе, а нехта зберагае. Вось такi мiкс старажытнага i народнага з сучасным мастацтвам з галерэi Belart. Гэта не перадаць словамi, але любiны здаюцца жывымi i бачыш ты iх, як баццам бы сапраўдна з вакна».
Падаецца, што большасць людзей не звяртаюць увагу на драўляную спадчыну.
Не звяртаюць, так.
А калі ты пачаў выкладаць у сацсетках свае фота, якая была рэакцыя?
Спадабалася. Хтосьці пачаў узгадваць ліштвы, якія былі ў пэўнай мясцовасці. Бо разныя ліштвы характэрныя толькі для нашай краіны і для часткі Расіі, гэта поўдзень, Чарназем’е. І расіяне таксама пісалі: «А ў нас у Астрахані вось такія былі…» То бок, рэакцыя была вельмі добрая.
Дзякуючы ліштвам і кавіду я стварыў яшчэ адну рубрыку – «дзверы», у якой, адпаведна, і збіраю іх фота. Старых, аўтэнтычных, драўляных. Мне дасылаюць здымкі з розных гарадоў, краін, і я іх публікую. Дарэчы, іх захавалася яшчэ менш, чым ліштваў.
А фота ліштваў мне таксама дасылалі, але я стараюся публікаваць менавіта тое, што сам зняў.
Фота: Мікалай Сікорскі. Убачыць яшчэ больш яго фота можна па гэтай спасылцы.