Чым замяніць надзіманыя шары на выпускныя ў садочках і школах? Ідэі ад бабруйскіх экаактывістак

Найбольш небяспечныя – металізаваныя шары, з утрыманнем фольгі. Фота: Fernanda LatronicoPexels

 

Пра тое, як стварыць святочную і запамінальную атмасферу без шарыкаў, напісала бабруйская экаактывістка Юлія Саковіч ў Instagram экафестывалю “ПікнічОК”. А дапамаглі ёй у гэтым яшчэ дзве Юліі.

 

Юлія Букановіч, праект “Экопривычка” запыталася ў чытачоў, якія ідэі альтэрнатываў шарыкам у іх ёсць, вось што яны адказалі:

  • Капсула часу – кожны з вучняў напісаў сам сабе пасланне.
  • Высадзіць дрэвы або кветнік.
  • Зладзіць вясёлы флэшмоб.
  • Шоў мыльных бурбалак.
  • Арыгінальная фотасесія, напрыклад, у футболках з уласнымі партрэтамі дзесяцігадовай даўнасці!
  • Добрая справа, напрыклад, ахвяраваць грошы на дабрачыннасць.

– Яшчэ ёсць ідэя з папяровым змеем – кожны напісаў бы на ім жаданне і адправіў у неба. Але нават з улікам таго, што ён адзін і папяровы, усё роўна ўзнікае думка, што ён можа нешта пашкодзіць ці камусьці нашкодзіць, – разважае экаактывістка.

 

Фота: GelatinPexels

 

Юлія Прылішч, эколаг, кіраўнічка ЭкаЦэнтра, куратарка праекта “Новая жизнь в обмен на крышечки” у Бабруйску, прапанавала такія варыянты:

  • Пасадзіць дрэвы або шматгадовыя кветкі, каб у пасадцы абавязкова ўдзельнічалі самі дзеці.
  • Сабраць грошы на корм для сабак і схадзіць у прытулак. Ёсць прытулкі, у якіх нават дазваляюць пагуляць з сабачкамі.
  • Арганізаваць акцыю па зборы пластыкавых вечкаў і ў святочны дзень выкласці на асфальце пажаданне або карціну з вечкаў. Усё гэта сфатаграфаваць, а потым вечкі здаць у праект “Новая жизнь в обмен на крышечки”. Будзе вельмі ярка і прыгожа.
  • Можна арганізаваць дабрачынны збор грошай для хворага дзіцяці.
  • Можна зладзіць велапрабег.

– Цяпер вельмі сучасны і актуальны сярод моладзі рух плогінг – забег з прыборкай смецця. Гэта таксама можа быць як адзін з варыянтаў запомніць гэты дзень! – раіць Юлія.

 

Фота на застаўцы: THIS IS ZUNPexels

Цікавае

Спецпраекты