Дзе ў Бабруйску ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій?

29-30 кастрычніка – асаблівыя, жалобныя даты ў нашай гісторыі. У гэтыя дні мы ўшаноўваем памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1930-гадоў, якія дасягнулі свайго апагею ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Тады ў турме НКУС у Менску былі расстраляныя больш за 100 беларускіх пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў, навукоўцаў.

Помнік ахвярам палітычных рэпрэсій. Фота: 1387.io

 

Ці ведаеце вы, дзе ў Бабруйску знаходзіцца помнік ахвярам камуністычнага рэжыму? Так, Бабруйск – адзін з нешматлікіх гарадоў у Беларусі, дзе такое месца ёсць.

Помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў знаходзіцца ў скверы на плошчы Перамогі. Ён уяўляе сабой камень з прымацаванай шыльдай з тэкстам «Бобруйчанам – жертвам необоснованных репрессий». Усталяваны ён быў 15 чэрвеня 1998 года па ініцыятыве старшыні Бабруйскага аддзялення Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Ганны Бакач.

«Арганізаваў тэрарыстычную групоўку». 85 гадоў таму НКУС расстраляў пісьменніка Платона Галавача – ураджэнца Бабруйшчыны

Паводле праекту Ганны, у Бабруйску мусіў паўстаць паўнавартасны мемарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, з капліцай. 2 лістапада 1992 года адбылася ўрачыстая закладка каменя з пазнакай «Здесь будет сооружён памятник жертвам политических репрессий» на месцы будучага мемарыялу. Быў усталяваны таксама крыж.

Закладка мемарыялу ахвярам рэпрэсій у Бабруйску. 2 лістапада 1992 года. Фота: wiki.bobr.by

 

Капліца, аднак, так і не з’явілся – яе замяніў валун з белага мармуру.

Спачатку надпіс на камяні быў іншым: «Бобруйчанам, пострадавшим в годы репрессий». Той, які мы бачым цяпер, з’явіўся пазней, на пачатку 2000-х гадоў, калі папярэднюю шыльду хтосьці скраў. І нікога не збянтэжыла новая фармулёўка – ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій. Нібыта рэпрэсіі могуць быць абгрунтаванымі…

Акрамя помніка, Ганна Бакач заснавала ў Бабруйску «Музей ахвяраў палітычных рэпрэсій» – адзіны такі музей у Беларусі. Знаходзіўся ён там, дзе цяпер месціцца рэдакцыя парталу Bobr.by. Быў зачынены ў 2002 годзе.

Тэст: што вы ведаеце пра бабруйцаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і месцы, якія ўшаноўваюць іх памяць?