«Гісторыя – гэта падзеі, якія ствараюць людзі». Дзяўчына з Бабруйску вядзе гістарычны тыкток для падлеткаў, які падабаецца і дарослым.

Дар’я Роскач – бабруйчанка, якая выкладае моўныя курсы для дзетак і дарослых, мастачка і паэтка. А яшчэ часам Даша наносіць грым і пераўтвараецца ў «гістарычнага бабра», каб распавесці цікавосткі з гісторыі Бабруйску – хутка, зразумела і захапляльна. Мы гутарылі з Дашай, калі яна толькі пачала ствараць тыкток, і прыйшлі з пытаннямі зноў, каб даведацца, як ідуць справы. 

Ты стварала гістарычнага бабра, каб распавядаць гісторыю менавіта дзецям і падлеткам, ці атрымалася трапіць у мэтавую аўдыторыю? 

— Насамрэч, атрымалася так, што з цягам часу на тыкток сталі звяртаць увагу больш дарослыя: пасля 20 год, большасць – да 35 (але яны таксама адносяцца да моладзі па класіфікацыі). Ёсць людзі і нашмат старэйшыя – тыя, каму таксама цікава, хто не ведаў чагосьці з гісторыі гораду. Ёсць людзі, якія самі з Бабруйску, але жывуць далёка. Таму атрымалася, што мэтавая аўдыторыя трошкі «падрасла». І «гістарычны бабёр» заходзіць больш дарослай моладзі, іх не засмучвае грым бабра, для іх гэта даволі прыкольна.

Але людзі больш старэйшыя ўжо не разумеюць, што гэта за бабёр такі, бываюць пытанні, кшталту, а што ў мяне з тварам, – але яны таксама глядзяць.

Што, з твайго досведу, сапраўды працуе, каб зацікавіць падлеткаў гісторыяй?

Тут складана, бо зараз такі час, калі падлеткі вельмі хутка спажываюць інфармацыю, і яны вельмі засяроджаны не на сур’ёзных гістарычных пытаннях, а на больш разважальных. Грае ролю і тое, што яны стомленыя школамі, стомленыя тым, што трэба штосьці вучыць – а тут ім яшчэ падкідваюць нейкую дадатковую інфу. І калі ў дзіцёнка няма зацікаўленасці да гісторыі – вельмі складана на гэта выйсці.

Імаверна, праз нейкі час яны да гэтага кантэнту будуць вяртацца, ужо больш дарослыя. То бок, гэты кантэнт своеасаблівы, ён больш цікавы людзям пасля 18: калі яны пачынаюць вызначаць, хто яны, што яны, адкуль, цікавяцца нейкімі сувязі са «сваім». І вось на іх кантэнт заходзіць, а падлеткі яшчэ не так глыбока пра гэта задумваюцца, хаця ёсць асобныя людзі, якім гісторыя цікавая і ў 15 год.

Дзяўчына ў бары на квізе з кілішкам

Фота з асабістага архіва Дар’і Роскач

Ці з’явілася ў цябе свая фанбаза, а, можа, хейтары?

— Калі толькі пачынаўся тыкток быў адзін чалавек, які пастаянна пісаў каментары пра мой грым, але ён хутка знік, і мне ад гэтага нават сумненька, бо я заўсёды радая любым каментарам. Фанбаза ёсць, але цікава, што не так шмат людзей адкрыта кажуць, што ім падабаецца. Зразумела, што яны, можа, не хочуць пакідаць нейкі след і таму пішуць у прыватныя паведамленні, а не пакідаюць каментары. Таму маленечкая фанбаза ўсё ж ёсць.

Хейтараў, па сутнасці, няма – ёсць непаразуменне вобразу з мэтай і гэта, як правіла, больш дарослыя людзі, для якіх такое нязвыкла, якім патрэбны нейкі больш сур’ёзны падыход. Але відэа таксама трапляюць і на іх – і яны іх таксама глядзяць.

Як ты абіраеш тэмы для выпускаў? Ці бывае такое, што асабіста табе тэма не вельмі цікавая, але ўсё роўна бярэшся за яе, бо гэта частка гісторыі?

— У мяне ёсць спіс тэмаў. У тым ліку я спытваю людзей з Бабруйску – пра што і пра каго ім было б цікава пабачыць відэа. Таксама мы з калежанкай, якая дапамагае мне са сцэнарамі, абмяркоўваем тэмы. І шукаем розных людей – асабліва жанчын, бо пра іх мала расказваюць у гісторыі. Але жанчын менавіта з Бабруйску: магчыма, яны і не пражылі ўсё жыццё тут, але мелі карані ці атрымлівалі адукацыю ў Бабруйску, ці жылі тут у падлеткавым узросце, фарміраваліся – і цікава, як склалася іх жыццё. 

Таму ёсць у планах вялікая колькасць персаналій. І цікава, што мы перайшлі на персоны, бо гісторыю людзі і робяць. Гісторыя – гэта не сухія даты, гісторыя – гэта падзеі, а падзеі робяць людзі. І менавіта людзі характарызуюць тыя ці іншыя перыяды. Але ўсё роўна ёсць праблемка, што ў відэа ты па вярхах закранаеш біяграфію чалавека, намагаешся паказаць яго адмысловыя рысы. Вельмі складана ў такім сціснутым фармаце расказаць цікава і шмат, але мы намагаемся, і спадзяемся, што атрымліваецца. 

Але, калі не атрымліваецца, – хацелася б, каб людзі пісалі, давалі зваротную сувязь. Я за аргументаваную крытыку. Але і разумею беларускую публіку, якая, можа, недзе баіцца заставіць каментар, а недзе проста не звыклая да таго, што можна і трэба пісаць каментары і выказваць сваё меркаванне.

Наконт тэмаў, пра якія нецікава распавядаць, але трэба – такога яшчэ не было. Дзякуючы таму, што я займаюся гэтым праектам, я сама часта даведваюся аб тым, чаго не ведала з гісторыі гораду, сама даведваюся больш пра свой горад, пра людзей, пра нейкія асаблівасці.

Дзяўчына ў вышыванцы і спадніцы сядзіць на стуле, побач стаіць заплечнік

Фота з асабістага архіва Дар’і Роскач

З часам любы праект становіцца чымсьці руцінным, што дае табе сілы і натхняе працягваць ствараць відэа?

— Насамрэч самая руціна – гэта тэхнічныя моманты, тут трэба сабрацца і сказаць сабе: «Мне трэба». Напрыклад, трэба змантаваць відэа да пятніцы, і я саджуся, і ўжо ў працэсе атрымліваю вось гэты смак. Складаней за ўсё пачаць. А ўжо потым, у працэсе, ледзь не можаш спыніцца. Таму пакуль я гэтую руціну не злавіла. Канечне, натхняе, калі ёсць нейкі водгук, і тады хочацца рабіць яшчэ і яшчэ. І водгукі ёсць, у тым ліку ад бабруйцаў, якія з’ехалі вельмі-вельмі даўно. І ў любым выпадку – гэта не дарма, ты штосьці карыснае робіш і гэта натхняе.

Зараз (на момант нашай размовы) у тыктоку найбольшая колькасць праглядаў на відэа пра Цодзіка Славіна, як думаеш, з чым гэта звязана, і ці плануеш рабіць больш відэа пра асобаў з гісторыі Бабруйску?

Я думаю, што папулярнасць гэтага відэа звязаная з тым, што яно нейкім чынам трапіла на аўдыторыю з’ехаўшых беларусаў-габрэяў з Ізраілю. Але складана сказаць, бо няшмат водгукаў у каментарах. Плюс – значнасць гэтай персоны. Таму што Цодзік Славін – унікальны чалавек, які ў Бабруйску падтрымліваў усіх: і каталікоў, і праваслаўных. Важны момант яшчэ ў тым, што пра яго пісаў Абрам Рабкін у кнізе «Уніз па шасэйнай» (вельмі раю пачытаць главу пра Славіна, кніга ёсць у адкрытым доступе). І ты разумееш, што гэта тая персона, якая чапляе – і спадзяюся, што людзей таксама зачапіла ягоная гісторыя пра тое, якім ён быў летуценнікам і як нечакана (з аднаго боку) і трагічна скончылася яго жыццё. У гэтым і ёсць адказ папулярнасці відэа – у самой персоне Цодзіка Славіна. 

Аб чым мы яшчэ даведаемся ад гістарычнага бабра, якія планы на будучыню?

— У будучыні вас (і нас) чакае адкрыццё імёнаў, звязаных з Бабруйскам, але тых, пра якія адкрыта не казалася – пра якія ведаюць толькі вузкія колы людзей. Напрыклад, географы ведаюць пра Міколу Азбукіна, які займаўся геаграфіяй, але пра яго могуць не ведаць усе астатнія. Таму мы будзе гэтыя імёны падымаць і запамінаць – я таксама, бо шмат з іх былі мне невядомыя. Як раз зараз я пачынаю шукаць і знаходзіць гэтых герояў і гераінь. Канечне, хочацца яшчэ распавесці і пра розныя падзеі, якія адбываліся ў Бабруйску – іх таксама будзем шукаць, і з цягам часу адкрываць вам. 

Але дакладна: на бліжэйшы месяц вас чакае добры пачак гісторый і імёнаў. Таму – заставайцеся з намі, падпісвайцеся, дзяліцеся з усімі і пішыце, што класна, а што не. Магчыма, ёсць тэмы, у якія гістарычнаму бабру яшчэ трэба паглыбіцца – дайце ведаць! 

Пішы ў нашым інстаграм, ці падабаецца знаёміцца з гісторыяй у такім фармаце?