«Хачу зарабляць на хобі», «адчуваю патрэбу аддаваць і дзяліцца». З якімі запытамі прыйшлі на праграму «Дадай сябе» менці і ментары(кі)

Ілюстрацыйнае фота: Julia M Cameron/pexels.com

 

«Адзін з варыянтаў заробку атрымалася рэалізаваць у працэсе працы з ментаркай»

Наша суразмоўніца Ганна прыйшла на праграму «Дадай сябе» з запытам знайсці варыянты зарабляць анлайн – каб яны далі фінансавую незалежнасць і стабільнасць. Яшчэ адным яе жаданнем было навучыцца факусавацца.

– Я задаволеная вынікам праграмы і ўдзячная сваёй ментарцы, – кажа Ганна. – У рамках ментарскай праграмы мы перагледзелі мае прафесійныя навыкі і разгледзелі магчымыя варыянты заробку, адзін з якіх атрымалася рэалізаваць у працэсе сумеснай працы. Акрамя гэтага я падняла сваю самаацэнку і перагледзела погляд на кошт сваіх паслуг.

Па-першае, у час праграмы я зразумела, як можна рэалізаваць сваю мэту. Па-другое, дадатковым эфектам была прапампоўка асабістых якасцяў. Я стала больш упэўненай у сваіх навыках, больш адкрытай да новага вопыту і прапановаў.

Па-трэцяе, пачала вучыцца падзяляць працу і асабістае жыццё, планаваць працоўны час і час для адпачынку.

Хачу выказаць вялікую падзяку камандзе «Дадай сябе» за магчымасць прапампаваць сябе і закрыць сваё балючае пытанне. Асобнае дзякуй ментарцы, якая падзялілася ўласным вопытам і ведамі, падтрымлівала і матывавала.

Цяпер ёсць вялікая разнастайнасць платных і бясплатных навучальных праграм, у якіх можна атрымаць веды ў пэўнай сферы. Але каштоўнасць гэтай праграмы – падтрымка і магчымасць павучыцца аб іншага чалавека. (Я не агаварылася. Нядаўна пачула паняцце, што мы вучымся «аб іншых людзей» і гэта на самай справе так).

Яшчэ гэта магчымасць выйсці з «уласнага свету» і атрымаць іншы погляд на сваю праблему вачыма чалавека, які ўжо з ёй спраўляўся, – кажа суразмоўніца.

 

«Некаторыя з ментараў вярнуліся на праграму ў якасці менці»

Дарэчы, для Ганны гэта другі вопыт удзелу ў «Дадай сябе», у першы раз яна сама была ментаркай. Адна з арганізатарак праграмы, Наталля Халанская, кажа, што яе нават радуе, калі так адбываецца, бо гэта сведчыць пра паспяховасць іх справы.

– Калісьці ў мяне і маёй каманды таксама былі файныя ментаркі, у якіх пераймалі вопыт і натхняліся. Таму для нас было надзвычай важна, каб гэтая праграма прыносіла рэальны вынік – каб удзельнікі(цы) знаходзілі новую працу, адкрывалі ці перазапускалі свае бізнесы. У афлайне ў нас атрымалася правесці тры праграмы з крутымі ментарамі(камі) і менці. Для мяне вельмі важным было тое, што некаторыя з былых нашых ментараў падаліся ў якасці менці, бо надышоў час, калі ім таксама спатрэбілася падтрымка. А былыя менці прыходзяць як ментары(кі). Гэта цудоўнае ўзаемадзеянне ўнутры і развіццё супольнасці. Я ўсім удзячная і ўпэўненая, што мы і надалей будзем падтрымліваць адно аднаго, – адзначае Наталля.

– У час майго ментарства мы прапрацоўвалі з менці запуск прафесійнага профілю ў Instagram і прасоўванне сябе, як спецыяліста, – узгадвае Ганна. – Мне і цяпер складана ацэньваць вынік, бо гэта доўгі працэс і пасля заканчэння праграмы мне здавалася, што я нешта недадала і недаматывавала да канца. Але цяпер бачу, што мая менці развіваецца, і гэта вельмі радуе! Мы працягваем кантактаваць, яна задае мне пытанні, падтрымліваю яе. Толькі не з такой інтэнсіўнасцю, як падчас праграмы.

Удзел у якасці менці і ментаркі – абсалютна розны вопыт для мяне. Як менці паглынала ўсё, чым са мной дзяліўся ментар. Як ментарка адчувала адказнасць і старалася максімальна дзяліцца сваімі ведамі і досведам, – дадае Ганна.

 

Але што гэта было?

Цягам траўня і чэрвеня 20 чалавек – 10 ментараў і 10 менці, што працуюць у парах, бралі ўдзел у анлайн-праграме падтрымкі «Дадай сябе». Яна разлічана на людзей узростам 30+, якія сутыкнуліся з пэўнымі прафесійнымі праблемамі.

– Мне самой за 30, і часам я разумею, што адукацыя, прафесія, якую я атрымала шмат год таму, перастае быць актуальнай. З такімі ж запытамі прыходзяць да нас удзельнікі і ўдзельніцы ў ментарскую праграму. Таму што ментарынг даволі зручны спосаб, фармат перадачы вопыту. Мы працуем толькі з прафесійнымі запытамі», – тлумачыць Наталля Халанская.

Больш падрабязна пра праграму падтрымкі можна пачытаць па гэтай спасылцы

 

Рэкамендую гэтую праграму ўсім, хто сумняецца – куды пайсці, чым заняцца”

Яшчэ адна менці, Таццяна, расказала што праграму ёй параіла блізкая сяброўка, якая сама ўдзельнічала ў ёй.

– У той момант я якраз была на росстанях, бо толькі выйшла з дэкрэтнага і не магла сябе рэалізаваць у тым накірунку, у якім хацела. Таксама мяне падкупіла, што праграма бясплатная.

Даволі хутка мне падабралі ментарку, з ёй мы трымалі сувязь анлайн. У нас адразу атрымаўся канэкт.

Першы час я сумнявалася, што праграма можа дапамагчы, але пасля першага ж сазвону з ментаркай зразумела, што яна вельмі адукаваная і разбіраецца ў тэме. Яна падтрымлівала мяне і падказвала цягам усёй праграмы, мы з ёй былі на сувязі 24 на 7. Яна каментавала і давала мне парады па інстаграму, падказвала, як і што лепей зрабіць.

А запыт у мяне быў такі: хацела развівацца ў касметалогіі. У мяне ёсць адукацыя, але не было вопыту працы. Трэба было напрацаваць кліенцкую базу. Ментарка спрыяла прасоўванню маёй старонкі ў інстаграм. Мы займаліся яе афармленнем, я вучылася правільна запісваць сторызы, правільна пісаць хэштэгі, працаваць з самаадзнакай, самарэалізацыяй. Шмат было зроблена працы і я вельмі ўдзячаная сваёй ментарцы – яна мне вельмі дапамагла! Адназначна, у мяне атрымалася прапрацаваць запыт, з якім прыйшла на “Дадай сябе”.

Цяпер адчуваю сябе ўпэўнена ў сваім профілі ў інстаграм. А мая ментарка дасюль падтрымлівае і дае парады. Рэкамендую гэтую праграму ўсім, хто сумняецца – куды пайсці, чым заняцца. І нават калі вы ўжо вызначыліся, на пачатковым этапе патрэбны нейкі матыватар, дапамога ад старонняга чалавека, – кажа Таццяна.

 

Ілюстрацыйнае фота: Vanessa Garcia/pexels.com

 

Якімі былі запыты менці?

  • Запусціць інстаграм, каб расказаць пра сваю справу.
  • Запусціць уласны брэнд.
  • Пачаць зарабляць на хобі і сысці з найму.
  • Пачаць дэлегаваць, няма пэўнага разумення, з чаго пачаць.
  • Перавесці працу з рэжыму афлайн у анлайн.
  • Заняцца стратэгічным развіццём сваёй справы.
  • Змяніць прафесію, але няма разумення, у якім накірунку рухацца.
  • Пачаць працаваць на сябе, але незразумела, як гэта зрабіць.
  • Атрымаць падтрымку і погляд збоку на сваю справу, халодную ацэнку і накірунак у патрэбны бок.
  • Знайсці цікавую і прыбытковую справу.
  • Вырашыцца на канкрэтныя дзеянні.
  • Пераадолець страх самазванца, адчуць упэўненасць у сабе.
  • Пачаць справу ў новай краіне, але страшна.

 

Пагадзіся – гэта страхі, якія знаёмыя большасці з нас. Асабліва, калі справа тычыцца нечага новага – змены прафесіі, запуску ўласнага бізнесу і гэтак далей. І адметнасць «Дадай сябе» менавіта ў тым, каб пазбавіць менці трывог і натхніць іх на плённую працу.

– На курсах мы не вучым чамусьці канкрэтнаму, кшталту прасоўвання ў інстаграм ці фатаграфаванню, – тлумачыць Наталля Халанская. – Мы дапамагаем людзям знайсці адно аднаго з канкрэтным запытам. Ёсць пары, у якіх не атрымліваецца спрацавацца, і гэта цалкам нармальна. Бо тут важна знайсці «свайго» чалавека. Многае залежыць не толькі ад прафесійных навыкаў, але таксама ад рытму працы, камунікацыі. У такіх выпадках мы прапануем ментарам і менці папрацаваць у іншых парах.

 

Але што матывуе ментараў выдаткоўваць свой час на такі від валанцёрства?

Вось што яны расказалі:

  1. «Лічу вельмі важным дзеліцца сваім вопытам, гэта мяне натхняе. Бо калі зоркі запальваюцца, значыць гэта каму-небудзь трэба».
  2. «У мяне ёсць вялікі вопыт у падтрымцы і ўзмацненні людзей, матывацыі. Захацелася развіваць сябе ў прафесіі коўча».
  3. «Калі я пачынала свой шлях фрылансера, у мяне не было падтрымкі з боку навакольных. Я працавала ў паспяховых кампаніях, займала годныя пасады, атрымлівала прыстойны заробак. Але мне хацелася свабоды, развіцця, і пачаць зарабляць грошы для сябе, а не быць інструментам для дасягнення чужых мэтаў. Мне б хацелася падтрымаць чалавека, які хоча сысці працаваць у анлайн, дапамагчы выбраць прыдатную працу. Прыйшоў час дзяліцца ўнікальнымі ведамі і вопытам. Ведаю, што дапамога і падтрымка бываюць жыццёва важныя, выпрабавала на сабе».
  4. «Дапамагчы іншаму чалавеку. У мяне вялікі вопыт, я ўмею падтрымліваць і матываваць. Я ўмею радавацца за поспехі іншых. Бо толькі мы сваімі дзеяннямі мяняем і паляпшаем грамадства. Мне падаецца вельмі важным аддаваць і падтрымліваць – цяпер у мяне, відаць, назапасілася на гэта трошкі сіл.
  5. Ментарства – выдатная магчымасць не толькі дапамагчы іншаму чалавеку, але і «пракачаць» свае прафесійныя навыкі. Ёсць вялікі назапашаны вопыт, якім хочацца падзяліцца з людзьмі, што маюць матывацыю».
  6. «Адчуваю патрэбу «аддаваць», дзяліцца. Плюс ментарства – гэта ўзмацненне ведаў і дысцыпліны праз працу з іншымі.
  7. Мне здаецца, што ў мяне дастаткова ведаў, якія вельмі карысныя пры адкрыцці свайго бізнесу. У мяне побач не было дасведчанага чалавека, і я ўсяму вучылася на ўласных памылках. Мая падтрымка дапаможа чалавеку зэканоміць час і грошы. Мне падабаецца назіраць за пераўвасабленнем, ростам, поспехамі і зменамі ў лепшы бок жыцця людзей».
  8. «Я ведаю наколькі складана бывае пачаць і паверыць у свае сілы, перастаць параўноўваць сябе з іншымі і знайсці сваю адметнасць».

 

Ілюстрацыйнае фота: MART PRODUCTION/pexels.com

 

«Для мяне ментарства – стымул для развіцця»

Вольга, адна з ментарак вясновага патоку, называе «Дадай сябе» – карыснай і патрэбнай праграмай. Яна адзначае, што не часта бачыць, каб штосьці падобнае рабілася іншымі.

– Мне спадабалася, як спрацавалі арганізатаркі – Наталля, Юлія, Інга. Яны пастаянна былі на сувязі, даволі прафесійна ўсё зладзілі. Рэгулярна і цярпліва нагадвалі пра анкеты. Менавіта іх унёсак пакінуў самыя пазітыўныя ўражанні. Я адчувала добразычлівасць і ненавязлівасць з іх боку.

Пакуль мне цяжка судзіць пра тое, ці атрымалася мая супраца з менці паспяховай, бо хочацца ўбачыць канкрэтны вынік. А таксама вынікі ў арганізатараў, іншых менці ды ментараў(ак).

Адназначна такія праграмы мусяць быць. Цікава, што «Дадай сябе» выйшла геаграфічна за межы Бабруйска. Могуць знаёміцца людзі з іншых гарадоў і нават краін. У мяне, напрыклад, была менці з Барысава. І гэта сапраўды цікавы вопыт – пазнаёміцца з чалавекам з іншага горада. Таму пакуль чакаю вынікаў, якія будуць бачныя, якія можна памацаць.

Магчымасць абмяняцца вопытам вельмі важная. Я другі раз прымаю ўдзел у гэтай праграме ў якасці ментаркі, і для мяне гэта пэўны стымул для развіцця. Бо мне ў чарговы раз давядзецца падымаць нейкія крыніцы інфармацыі, шукаць лекцыі ды кнігі – і ўсё дзеля таго, каб падвышаць свой узровень ведаў і кампетэнцый у пэўных сферах. У тых, што мне цікавыя. Плюс – гэта пашырае мой кругагляд, бо маю стасункі з рознымі людзьмі, з якімі ў звычайным жыцці можна і не сустрэцца.

«Дадай сябе» – на 100 працэнтаў перспектыўная і карысная праграма, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы працы і добразычлівасці арганізатарак, – падсумоўвае Вольга.

 

“З трапятаннем чакала наступнай сесіі”

Юлія Катаржынская, менеджарка, расказала, што на праграме хацела пракачаць свае скілы ў ролі ментаркі.

– Усе атрымалася ў найлепшым выглядзе, таму я працягнула ментарскую справу далей. У мяне быў цудоўны менці, які прыйшоў з запытам навучыцца дэлегаваць справы, разабрацца з коштам на свае паслугі, аптымізаваць працоўныя працэсы.

Мы сустракаліся раз на тыдзень. Разбіралі працоўныя сітуацыі, дамаўляліся на хатняе заданне, дзе правяралі гіпотэзы і пасля абмяркоўвалі на наступнай сустрэчы. Разам з менці мы распрацавалі працоўны графік, паднялі кошт на паслугу, ен навучыўся яго абгрунтоўваць і не саромецца гэтага. А самае важнае – зразумеў, якая каманда патрэбна для працы. Кожная сустрэча натхняла і давала энэргію на цэлы тыдзень. З трапятаннем чакала наступнай сесіі.

Такія праграмы падтрымкі вельмі важныя. Ты можаш знайсці свае моцныя бакі, свае накірункі, у якіх развівацца. І гэта не залежыць, у ролі каго ты прыйшоў на праграму. Гэта працуе ў два бакі, – кажа Юлія.

 

«Наша праграма – пра негвалтоўную камунікацыю і камфорт»

На анлайн-выпускным Наталля Халанская расказала, як ішоў працэс навучання – яму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца. Арганізатары даведваюцца ва ўсіх удзельнікаў іх матывацыю, зацікаўленасці, умовы для камфортнай працы. Гэта падрабязныя інтэрв’ю і першая сустрэча, на якіх стараюцца максімальна дакладна падабраць пары – як пазлы, якія сходзяцца, ці не.

– Далей ідуць установачныя сесіі, на якіх складаецца падрабязны план на першыя тры сустрэчы. Фармат, час – абіраюць самі ментары і менці. Але на старце мы дапамагаем, каб было зразумела, як выбудаваць камунікацыю, – кажа Наталля. – Таксама падпісваюцца ментарскія пагадненні.

Звычайна ментар і менці сустракаюцца раз на тыдзень, на тры гадзіны. Гэтага часу дастаткова, каб цягам двух месяцаў прыйсці да рэалізацыі запыту. Калі ў менці з’яўляецца запыт на вузкага спецыяліста, напрыклад, дызайнера, юрыста – мы можам дапамагчы знайсці яго. Ёсць таксама дадатковыя, інфармацыйныя матэрыялы, а ментары ды ментаркі могуць звяртацца да арганізатарак, калі ёсць патрэба ў нейкіх парадах.

Па выніках праграмы ўдзельнікі(цы) дзеляцца сваімі ўражаннямі – што атрымалася, а што не, куды яны плануюць рухацца далей. Для арганізатараў гэта важная інфармацыя, бо дапамагае ўдасканальваць праграму, падтрымліваць наступных ментараў(к) і менці.

Вядома, у анлайн-навучанні ёсць свае плюсы і мінусы. З аднаго боку ты не прывязваешся да месца і можаш самастойна абіраць час. З іншага – не хапае моманту тактыльнасці, калі, напрыклад, менці стварае штосьці рукамі, і хоча прадэманстраваць ментару(цы). Але было такое, што нават адпраўлялі штось адно аднаму пасылкамі. Тэхнічныя моманты трошкі могуць перашкаджаць, але, як правіла, усё гэта вырашальна. А мы гатовыя браць на сябе частку тэхпадтрымкі, пра што часта кажам удзельнікам(цам).

Мяне радуе, што па выніках праграмы ментары(кі) вельмі высока адзначалі сваіх менці, казалі пра тое, што вераць – у іх усё атрымаецца. Некаторыя казалі, што плануюць падтрымліваць менці і пасля праграмы. Ёсць водгукі, у якіх менці з захапленнем узгадваюць інструменты, якія выкарыстоўваліся ў час праграмы – бо ўсе яны, нагадаю, абіраліся самастойна.

Бо хтосьці абірае больш дзелавы стыль, а хтосьці стыль «размова з сябрам», і гэта цудоўна! Некаторыя спісваліся, стэлефаноўваліся штодня, іншыя – раз на тыдзень. То-бок, гэта яшчэ і пра негвалтоўную камунікацыю і камфорт, якія менці і ментары(кі) самі выбудоўвалі ўнутры пары, – рэзюмуе Наталля Халанская.

Усе ўдзельнікі(цы) праграмы атрымалі сертыфікаты, якія, напрыклад, можна дадаць у сваё партфоліа. Таксама арганізатары абяцаюць стварыць для ўсіх майнд-мэп (мапы розуму), на якіх будуць адлюстраваныя запыты і чаканні ў пачатку праграмы і прагрэс, які быў заўважны ў працэсе працы. З натхняльнымі цытатамі і водгукамі, каб чалавек бачыў, якія крокі прайшоў, чаму яшчэ трэба навучыцца і не згубіць матывацыю.

 

А калі ты таксама хочаш паўдзельнічаць у праграме «Дадай сябе» ў якасці ментара(кі) ці менці – рэгіструйся на восень. Спасылка на рэгістрацыю тут @includeyourself.