«Калі даведаўся пра крымінальную справу, пачаў задыхацца». Бабруец – пра ўцёкі з «хіміі» і новае жыццё

42-гадовы бабруец Андрэй Сініца меў наладжанае жыццё ў родным горадзе – выхоўваў сына, працаваў на сябе. А акрамя таго, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці і спадзяваўся на перамены ў краіне. У 2023 годзе на яго завялі крымінальную справу паводле «народнага» 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу – за нібыта ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Бабруец здолеў уцячы ад пераследу і з’ехаць у Польшчы. У размове з 1387.io Андрэй распавёў пра зняволенне, эвакуацыю і новае жыццё за мяжой.

Андрэй Сініца. Фота: Андрэй Сініца / Instagram

«Дыскатэка» у карцары

З затрыманнем паводле палітычных матываў Андрэй сутыкнуўся яшчэ ў 2021 годзе – тады яму прысудзілі содні. Пасля вызвалення мужчына застаўся ў Бабруйску – усё яшчэ не згасала надзея на перамены, ды і пакінуць адных няпоўнагадовага сына і хворую маці было няпроста. Яшчэ два гады Андрэй пражыў адносна спакойна, пакуль яго не затрымалі 10 сакавіка 2023 года.

Спачатку быў адміністратыўны артылкул, ізалятар часовага ўтрымання і 20 содняў карцару ды катаванні святлом і гукам.

«Напрыканцы майго знаходжання ў карцары яны мне зладзілі «дыскатэку», – прыгадвае бабруец. – У камеры перагарэла і міргала такая даўгая лямпа. Пачала міргаць а 4-й гадзіне раніцы і так працягвалася 12 гадзінаў. Я прасіў выключыць – мне казалі: не паложана. А гэта ж катаванне – святло, якое маргае. Ты не можаш проста вочы адкрыць. У мяне потым яшчэ два дні міргала ў вачах».

У нейкі момант Андрэй не вытрымаў і сказаў супрацоўніку ІЧУ, што калі святло не выключаць, ён будзе біцца галавой аб металічную рашотку на дзвярах. Гэта падзейнічала – нашага суразмоўцу перавялі ў іншую камеру на час рамонт лямпы, потым вярнулі назад. Але прыдумалі іншы спосаб катавання – сапсаванае радыё.

«Я тады ўжо ведаў пра «крыміналку»…. Памятаю, спачатку ўзрадаваўся, што мне ўключылі радыё, думаў, нарэшце навіны паслухаю. Ляжу на бетоне там, слухаю навіны, нейкую музыку, адпачываю. Але ў абед з радыё пайшлі толькі шыпенне і грукат, – распавядае Андрэй. – І гэта ніхто не думаў выключаць. І толькі калі я сам палез па рашотцы і сам хацеў вырваць калонку, супрацоўнік ізалятару выключыў. Бо я казаў, што інакш буду біцца галавой аб рашотку і ў СІЗА мяне не прымуць».

Шахматы з хлеба і надзея на волю

У карцары Андрэй шукаў спосабы як бавіць час. Напрыклад, на аркушы паперы намаляваў шахматную дошку, а з белага і чорнага хлебу зляпіў фігуры. Адразу гуляў сам з сабой, а потым з суседам па камеры – маладым хлопцам, якога затрымалі за рэпост. Аднак бавіць час шахматамі давялося нядоўга – аказалася, што гэта забаронена ў ІЧУ.

«Ахоўнік сказаў, што нельга, а я адказаў, што будзем гуляць. Аднак той хлопец – сусед па камеры, баяўся, каб у выніку не стала горш, – распавядае Андрэй. – Агулам, там усе запужаныя, канешне. Калі таго выпусцілі, да мяне падсадзілі іншага. У мяне забралі шахматы, але я новыя зляпіў. З тым новым суседам таксама нядоўга гулялі – і яго ахоўнікі запужалі».

Акрамя шахмат, Андрэй імкнуўся падтрымліваць форму ў зняволенні – адціскаўся, качаў прэс, адзін і з сукамернікамі – спорт не забаранялі.

Андрэй Сініца. Фота: Андрэй Сініца / Instagram

Нягледзячы на спробы маральна падрыхтавацца да любых падзеяў, навіна пра крымінальную справу стала для нашага суразмоўцы шокам.

«Тэрмін сканчаўся ў суботу. Памятаю, як у пятніцу ў другой палове дня мяне выклікаў міліцыянт, штосьці пытаўся, казаў зноў пра тое, «як шмат нашых здаюць» і прапаноўваў «працаваць разам», – распавядае Андрэй. – Я сказаў яму – падумаю. А думаю я толькі пра тое, каб выйсці адтуль і адразу з’ехаць з Беларусі».

«Думаў – усё, канец, 5 гадоў. Здарылася панічная атака»

Калі міліцыянт адпусціў Андрэя ў камеру без нейкіх дадатковых прэтэнзіяў, наш суразмоўца абрадаваўся, што, напэўна, можна маральна рыхтавацца да волі, бо ў пятніцу ўвечары наўрад ці ўжо хто будзе прымаць нейкае новае рашэнне.

«Я разлічваў, што ў суботу мяне адпусцяць, і быў ужо ў добрым гуморы, але раптоўна а 17-й гадзіне мне кажуць – на выхад, – прыгадвае бабруец. – Я выходжу, мяне кладуць тварам на падлогу, я паварочваю галаву і бачу мужчыну з партфелем. Усё – думаю, п*ц, «крыміналка». Так і аказалася».

Мужчына з партфелем аказаўся следчым, які азнаямляў Андрэя са справай каля трох гадзінаў.

«Ужо ў камеры ў мяне здарылася панічная атака, я адчуў, што задыхаюся ад адрэналіну, – кажа бабруец. – Я настройваўся ісці дамоў і ў думках ужо быў у Польшчы, а тут гэты следчы. Я запытаўся ў яго – які артыкул? Ён сказаў, што 342, да 5 гадоў. Я думаў – усё, канец. 5 гадоў! Гэта ж жах. Я лічыў: мне 41, выйду ў 46 – лічы, ніколі. І колькі здароўя забяруць за гэты час. У мяне ўжо быў досвед «адсідкі» 20 гадоў таму, я ведаў, што мяне чакае».

Праз тую старую «адсідку» Андрэя адправілі на строгі рэжым, у СІЗА пасадзілі ў адну камеру з рэцыдывістамі.

«Яны па паўжыцця адседзелі. Аднаму мужчыне было 60 гадоў, з іх ён 34 правёў у турмах з невялікімі перапынкамі. Яшчэ аднаму 47, з іх 23 гады адседзеў, – распавядае бабруец. – Акрамя таго, не перадавалі перадачы, бо строгі рэжым».

Уцёкі і салідарнасць беларусаў

Андрэй Сініца. Фота: Андрэй Сініца / Instagram

У СІЗА ў чаканні суду Андрэй настройваўся на калонію, тым больш, што пра гэта яму ўвесь час казалі следчыя. 19 чэрвеня 2023 года адбыўся суд, які вынес вырак – 3 гады абмежавання волі («хімія») з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Андрэя вызвалілі ў залі суда пад падпіску аб нявыездзе. Мужчына адразу падаў апеляцыйную скаргу, каб выйграць час, і пачаў рыхтавацца да ад’езду – падаў заяву на польскую гуманітарную візу, якую атрымаў у сярэдзіне жніўня. 

Як толькі пашпарт з візай быў на руках, бабруец сабраў сумку з самымі неабходнымі рэчамі і з’ехаў з Бабруйска. Дарога да Польшчы была няпростай і доўгай, аднак урэшце палітвязень дабраўся да Гданьску, дзе атрымаў дапамогу і салідарнасць беларускай дыяспары.

«У Гданьску мяне сустрэлі мясцовыя беларусы, далі мне месца для начлегу, дапамаглі падключыць сім-карту, узяць квіток да Варшавы, – кажа мужчына. – Агулам, мне ўвесь час тут дапамагалі. У Варшаве я спачатку жыў у шэлтары для ўцекачоў. Потым мне дапамаглі з падпрацоўкамі, каб было за што жыць».

Свабода і асалода ад жыцця

Андрэй Сініца. Фота: Андрэй Сініца / Instagram

У верасні Андрэй падаўся на міжнародную абарону. У Польшчы бабруйцу падабаецца. Па Бабруйску асабліва не сумуе – толькі па сябрах, сыну, які застаўся дома і не можа пакуль прыехаць да бацькі. Але яны з Андрэем рэгулярна стэлефаноўваюцца.

«Я бачу, як тут людзі не могуць знайсці сябе, сяброў. І гэта зразумела, бо ты ў чужой краіне, з чужым менталітэтам. Я адчуваю тут гэты дух адзіноты, праз які людзі ўпадаюць у дэпрэсію, – кажа бабруец. – Але я лічу, што тут можа дапамагчы толькі камунікацыя. Я камунікую са знаёмымі, аднадумцамі. Пачаў дапамагаць тым, хто эвакуяваўся. Набыў машыну сабе. Вельмі падабаецца ноччу выехаць, па Варшаве пакатацца – кайф. Агулам – атрымліваю асалоду ад жыцця. Ну і я пабыў у турме, я ведаю, што там чакае і які можа быць вынік знаходжання там. Пасля такога досведу ты разумееш, што тут у цябе – свабода, усе перспектывы, ты можаш ехаць і рухацца куды хочаш. Гэта вельмі каштоўна».

Андрэй не ведае, ці вернецца ў Бабруйск нават пасля пераменаў. Кажа, што ў Польшчы пакуль бачыць больш перспектываў.

«Я бачу тут шмат людзей, якія ўсе гэтыя чатыры гады жывуць чаканнем вяртання. Я так не хачу, але і далёка пакуль не заглядваю. Хачу павандраваць, паглядзець розныя гарады, краіны. І напэўна, асесці недзе ў Польшчы, але не ў Варшаве, а ў меншым гарадку, магчыма, недзе каля Нямеччыны, напрыклад, у Шчэціне», – рэзюмуе бабруец.

Цікавае

Спецпраекты