Універсальнае кімано
Пачнем з утульнага. З кімано, якое можна насіць і дома, і на вечарынку. Увесь камплект разам, ці камбінаваць з іншымі рэчамі. Універсальная рэч! А стварае кімано ў розных колерах, але нязменна – з фактурнай тканіны лён+бавоўна, дызайнерка Дар’я Тараховіч.
«Кімано – не проста адзенне. Гэта рэч з старажытнай гісторыяй і энергетыкай. У ім я насычаюся духам сілы і спакою, сузірання і прымірэння, пазбаўляюся ад лішняга шуму ў галаве», – так апісвае сваё адзенне Дар’я. Больш пра дызайнерку чытай тут:
Галошы ад «Белшыны»
Гумавыя боты ўжо шмат год не знікаюць з паліц крамаў, бо пакуль на зямлі ідзе дождж – песціць сябе камфортам, які гарантуе рознакаляровы абутак з абцасікамі і без – наш святы абавязак. Ды што казаць, нават у грыбы ў квяцістых гумовіках выправіцца куды больш прыемна, чым у колішніх чорных. Але галошы – не менш зручная рэч. Асабліва, калі яны леапардавыя! Бо прынт, які шанавалі Жаклін Кенэдзі ды Сальвадор Далі, актуальны і да гэтага часу. Для кансерватараў(ак) маюцца кветачкі і аднатонныя.
Бабруйскі прынт і торбачкі з пробкавай тканіны
«White Crow» – гэта не проста словы. Гэта гімн усім, хто выбірае шчасце быць сабой! – кажа дызайнерка Святлана Безман і тлумачыць, што надта доўга адчувала сябе няшчаснай у імкненні «быць, як усе». І яе торбачкі, заплечнікі, футаралы для акуляраў, рукавічкі – сведчанне таго, бабруйчанка знайшла сябе.
Некаторыя свае вырабы яны шые з коркавай тканіны, якая лічыцца надзвычай практычнай і трывалай.
Яшчэ адно вынаходніцтва Святланы – прынт, які яна зрабіла сама, у ім – улюбёныя месцы і слоўцы бабруйцаў. «Я хацела стварыць прынт, які не рэжа вока, не бʼе наўпрост: «Я люблю Бабруйск». Мяккі і стыльны аповед пра горад, аб маім, і тваім вядома ж».
Лён і нацыянальныя строі
Лепшае адзенне для лета – гэта, вядома лён. А калі хочацца чагось вышыванага, з кветкамі і роднымі матывамі, варта зазірнуць у краму ад Фабрыкі мастацкіх вырабаў. Тут знойдзеш ільняныя спадніцы, жакеты, сукенкі. На замову тут робяць і беларускія нацыянальныя строі.
Класіка на вясну
Для ўсіх, хто не гатовы да смелых і незвычайных вобразаў – неўміручая класіка ад «Славянкі». Насуперак меркаванням, што ў Бабруйску не шыюць прыгожыя паліто ды курткі, у каталозе фабрыкі можна адшукаць свежыя і цікавыя мадэлі – і па колерах і па фасонах.
Таксама мы ўключылі ў падборку брэнды, стваральніцы якіх – бабруйчанкі, але сёння жывуць за мяжой.
Ніжняя бялізна, вартая каралевы
Брэнд «A N N A K O R O L E K» стварыла бабруйчанка. На старонцы ў інстаграм – пачуццёвыя вобразы ў лёгкім адзенні і ніжняй бялізне, што суправаджаюцца цытатамі вядомых дызайнераў. Напрыклад, гэтай, ад Како Шанэль: «Дурныя жанчыны спрабуюць зрабіць уражанне на мужчын, ды апранаюцца эксцэнтрычна. І мужчын гэта палохае, яны не выносяць эксцэнтрычнасці. Ім падабаецца, калі іншыя мужчыны азіраюцца на іх жанчын, таму што яны прыгожыя».
Цікава, Шанэль сказала гэта да таго, як апрануць жанчын у штаны, ці пасля?
Краіны, у якіх працуе брэнд – Германія, Францыя, Літва, Беларусь.
Італьянскі шык ад бабруйчанкі
Дызайнерка Яўгенія Басякова ўжо доўгі час жыве ў Рыме, таму яе адзенне можна набыць у многіх еўрапейскіх краінах. Модай бабруйчанка цікавілася з маленства, у чым яе падтрымлівала маці-мастачка. Перамагла ў многіх беларускіх і замежных конкурсах.
Як кажа сама дызайнерка, яна шые адзенне «для жанчыны, якая жыве ў вялікім еўрапейскім горадзе і займае высокае становішча ў грамадстве». Таксама, адзначаецца на сайце брэнда, яго філасофія «адлюстроўвае жаночае пачуццё свабоды, свабоду самавыяўлення, але пры гэтым кожная рэч працятая элегантнасцю».
Упрыгажэнні з характарам
Брэнд LISARTI стварае бабруйчанка Ілона Галех. Яна робіць стылёвыя завушніцы, бранзалеты, чокеры і незвычайныя пярсцёнкі. Матэрыялы – медыцынская сталь, крышталь Свароўскі, камяні, акрыл, мельхіёр, дрэва ды інш.
Гарады, якія пазначаны ў дызайнеркі – Мінск, Масква і Санкт-Пецярбург.
Ведаеш бабруйскія брэнды, пра якія не ведаем мы? Напішы пра іх у нашым інстаграм!