Даша ў строі, які прыдумала і шыла сама. Фота: anna_pro_foto
– Калі была зусім маленькай, здаецца, гэта была пачатковая школа, мяне вабілі танцы, асабліва балет. Хацелася пашыць пачку, яна зачароўвала! І я зрабіла не толькі яе, а яшчэ і пуанты. Устаўляла ў іх корак з-пад віна, каб дамагчыся падабенства.
А пазней сама зрабіла туфлікі на абцасах: падэшву – з старой пластыкавай ванны, абцасы змайстравала з дрэва, усё гэта абшывала тканінай, і мела туфлікі накшталт сярэднявечных. На жаль, наш кот іх сапсаваў, яны стаялі ў вітальні, і ён у іх пасікаў. Прыбраць гэты пах не атрымалася, давялося выкінуць… Памятаю, што найбольш з гэтай нагоды бедавала мама, туфлікі ёй вельмі падабаліся.
У ход ішлі старыя шторы, фіранкі, з іх ствараліся сукенкі… То бок, шыццё заўсёды выклікала ў мяне зацікаўленасць. Бабуля была самавучка, але шмат шыла, яна мне літаральна пару разоў паказала, як запраўляць машынку, і далей я спраўлялася сама.
Фота: anna_pro_foto
– А чаму наагул узнікла патрэба шыць? Бо ў тыя часы быў дэфіцыт адзення, нейкія рэчы даставаліся ад стрыечных сясцёр, і яны былі не зусім патрэбнага памеру. Усё трэба было перарабляць пад сябе.
У старэйшых класах, калі больш хацелася прыбірацца, выглядаць нестандартна, вельмі шмат рэчаў перашывалася. Напрыклад, неяк зрабіла ўстаўкі з белай тканіны ў джынсы – насіла іх, і на мяне звярталі ўвагу, бо гэта было штосьці новае і незвычайнае. А ўжо пасля, праз пару год, такія джынсы пачалі прадавацца, я апярэдзіла гэтую моду. Заўважу, што гэта быў час без інтэрнэта, не было магчымасці падглядаць у інстаграм: “А што зараз модна ў іншых краінах?” Магчыма, мая ідэя паляцела ў космас і хтосьці яе злавіў (смяецца).
Яшчэ прыгадваю, як з двух татавых джынсаў пашыла сабе адны – шырокія, клёш ад сцягна, з махрамі. Доўга фарсіла ў іх, бо яны мне страшэнна падабаліся! Таксама з вельветавага паліто шыла штаны, з шнураваннем, драўлянымі пацеркамі.
Зараз у мяне няма часу чымсьці падобным займацца, але ведаю, што ў Мінску ёсць дзяўчаты, якія зрабілі на адзенні з сэкандаў бізнес. Яны яго перашываюць, дадаюць вышыўку ці нешта яшчэ, і пасля прадаюць. І гэта цудоўна, бо такая перапрацоўка скарачае лішак рэчаў, які стварае мас-маркет. Гэта добрае экалагічнае рашэнне праблемы.
– Пасля сканчэння школы я разумела, куды трэба ісці, дзе мне будзе цікава, і паступіла ў 73-ці каледж. Мэтанакіравана, з сяброўкай, у якой таксама быў добры атэстат. Выкладчыкі здзівіліся: “Што вы тут забылі, дзяўчаты?” Бо тады лічылася, што ў такія ўстановы ідуць, бо больш няма куды. Але я бачыла, што ў гэтай справе магу расці, прасоўвацца, і атрымліваць задавальненне.
У час навучання я некалькі разоў удзельнічала ў фестывалі “Мельница моды”, ездзіла ў Берлін з сваёй авангарднай калекцыяй “Бяздзейнасць”. Ідэя такая: людзі – палотны. Мадэлі ішлі па подыўму ў вобразе жывых карцін, з завязанымі вачамі і нерухомыя. У мяне захаваліся фотаздымкі кепскай якасці, бо гэта было даўно – 2004 год:
– Дарэчы, калекцыя пасля яшчэ доўга брала ўдзел ў разнастайных мерапрыемствах і конкурсах. Гэты, “закулісны”, фестывальны вопыт мне вельмі дапамог, даў глебу для развіцця і бачання ідэй і канцэпцый.
Сукенка з тэнселю, якую пашыла Даша. Фота – таксама яе.
– Два гады пасля навучання я мусіла адпрацаваць, нас з сяброўкай размеркавалі ў Салігорск, на “Калінку”. Там я была тэхнікам-тэхнолагам, згодна з атрыманай спецыяльнасцю. То бок, прыдуманыя і распрацаваныя мастаком і канструктарам мадэлі рыхтавала ў вытворчасць. І акурат гэты вопыт дапамог зразумець, што фабрыка – не маё. Таму што для мяне ва ўсім гэтым працэсе важная творчасць.
Пасля вярнулася ў Бабруйск, і там пачалася іншая гісторыя майго быцця – дэкрэтны, пасля яго вырашала, куды ісці… І тут на дапамогу прыйшла сяброўка з “паралелі” ў каледжы, якая прывяла мяне ў вясельны салон. Яна мяне шмат чаму навучыла, бо спецыфіка вытворчасці менавіта вясельных сукенак адрозніваецца ад таго, што нам выкладалі. Думаю, гэтаму і магчыма навучыцца толькі на нейкіх спецыяльных курсах ці непасрэдна ў майстра. Я і сёння працую ў гэтай сферы, а ў вольны час ствараю нешта сваё, для душы.
Топ, які шыла Даша. Мадэль: callmenasta
– Спадзяюся, калі-небудзь я дарасту да таго часу, калі вырашу займацца сваім брэндам. А пакуль вучуся – назіраю, як гэта робяць іншыя. Бо не магу сабе намаляваць канкрэтны план. У маім разуменні гэта ўсё роўна больш творчасць, чым вытворчасць.
Спантанна ўзнікаюць думкі, ідэі, я бачу карцінку агулам, ведаю, як гэта падаць, менавіта як гатовы прадукт, як сцэнічны вобраз. Калі прыходзіць натхненне, я ўяўляю ўсё акрэслена – уключна з пахамі, асвятленнем, эмоцыямі. Таму мне цяжка сказаць, на якую катэгорыю кліентаў я магла б працаваць у камерцыйным плане. У маім уяўленні гэта больш арт-аб’ект, і мне цікава адсачыць паэтапна моманты ад стварэння вырабу да яго прэзентацыі. Напрыклад, аднойчы Саша Кашавараў дапамог мне зрабіць відэа ў пэўнай атмасферы:
– Мяркую, для мяне была б ідэальнай супраца з людзьмі, якія б далі мне гэтую магчымасць – займацца творчасцю. А яны б займаліся прасоўваннем, фотасесіямі, рэкламай ды ўсімі неабходнымі рэчамі. Ведаю, як бы я гэта рабіла, але іншым патлумачыць пакуль не магу, бо мне складана перадаць на словах пачуцці.
Сукенка з тэнселю, якую шыла Даша. Фота: _heautontimor
– Шыць сабе і насіць свае рэчы – не ўмею. Мне ўсё падабаецца, і па якасці, і па тканіне, але… Я ўмею ствараць тонкія рэчы, вясельныя сукенкі, раблю гэта з задавальненнем і разуменнем, што гэта – для некага іншага. Бо ў мяне больш практычны стыль адзення, трэба, каб было зручна ў першую чаргу. Так, часам хочацца паказацца, стварыць ваў-эфект, і зноў вярнуцца ў камфорт.
Сукенка, якую шыла Даша. Фота: anna_pro_foto
– Я прасоўваю тэму натуральнасці ў тканіне, мне блізкі оверсайз і наагул канцэпцыя зручнага адзення разам з экалагічнасцю. Таму перайсці да ўласнага стылю і падаваць яго як свой прадукт я пакуль не гатовая. Зараз больш цікава вучыцца і спрабаваць рабіць нешта новае.
А тыя рэчы, што я вынаходжу, мала прадаю. Літаральна пару ў мяне купілі. Астатнія ў кайф дарыць – блізкім, сябрам, ад усёй душы, бо мне гэта прыемна. Камерцыі няма.
– У мяне ёсць дэвіз: “Няма нічога немагчымага”. Калі працуе фантазія і ёсць мэта, зрабіць можна што заўгодна, тым больш разнастайныя заняткі ёсць у інтэрнэце. Таму я ўмею рабіць перацяжку мэблі, складаныя маскі з пап’е-машэ, ды многае іншае. Напрыклад, аднойчы мне замовілі статуэткі з гіпсу, вышынёй 40 см. Я паразмаўляла з бабруйскімі майстрамі, а пасля зрабіла дротавы каркас, абляпіла яго пап’е-машэ, абмазала гіпсам, замацавала акрылам, і ўсё атрымалася. Таму скажу так – усё рэальна, любы матэрыял можна прыручыць.
Адзінае, з чым я не люблю працаваць – футра і скура, для мяне яны чужыя. І па адчуванні фактуры, і праз тое, што гэта забітыя дзеля адзення жывёлы.
Лён, бавоўна – улюбёная тканіна. Таксама я працавала з тэнселем, які падобны да шоўку, але больш шчыльны. І з шоўкам – а гэта слізкая, капрызная тканіна. Навучылася з ёй спраўляцца, калі супрацоўнічала з Аксанай Мурашкай, дызайнеркай хустак. Вясельная індустрыя навучыла скараць шыфон, ды іншыя далікатныя матэрыялы. Цяпер я іх не баюся, нават пасябравала (смяецца).
Адзначу, што для мяне шоўк – бог тканіны. Па сваім складзе, структуры, па адчуванні, як ён сутыкаецца з скурай на целе.
Дарэчы, мужчынскае адзенне – таксама не маё. Гэта як з цырульнікамі, дзе ёсць майстры па жаночых і мужчынскіх фрызурах, так і ў мяне. Бо тут патрэбнае адчуванне формы і чуццё.
– Гэты “самурайскі” строй я рабіла спецыяльна для асабістай, тэрапеўтычнай фотасесіі. У маім жыцці здарылася моцнае эмацыйнае ўзрушэнне, і я прыдумала адзенне, якое сімвалізавала ўнутраную сілу і няскоранасць. Ты можаш узяць катану, усё рассекчы, але пры гэтым застацца чыстай у сваіх памкненнях, без злосці і крыўдаў. То бок, барацьба з самой сабой, якая прывядзе да святла. Гэты строй цяпер вісіць у шафе, чакае сваю новую ўладальніцу.
У асноўным адзенне – гэта маё выказванне.
Наагул мне падабаецца ідэя стварэння прыгожага і зручнага хатняга адзення. Не проста халат – а кімано. Для гэтага я выкарыстала спецыфічную тканіну – “вафельную”, яна стварае адчуванне ўтульнасці. Яе можна апрануць на медытацыю ці ёгу, чайную цырымонію. Сам гэты колер – малочны, дае адчуванне прасторы, святла, паветра. Тое, чаго мне ў той момант хацелася.
Напэўна, такая, камфортная вопратка адпавядае жаданню жанчын мець унутраную свабоду. І мне гэта блізка. Бо стараюся не стаяць на месцы і рухацца далей, да сваёй мэты.
Куртка, якую шыла Даша. Фота – яе.
– Акурат зараз, вясной, я хаджу па горадзе, кайфую, назіраю за росквітам прыроды. Стараюся гэтыя ўражанні акумуляваць у сабе, каб пасля выкарыстоўваць, як падсілкоўку. Звычайна летам і восенню я якраз і атрымліваю цікавыя ідэі. А вясной хочацца быць больш на вуліцы, гуляць, атрымліваць асалоду ад пахаў і прыгажосці.
Сачыць за творчасцю Дашы можна ў яе Instagram