МесцыЭкалогія

На Бабруйшчыне з’явіцца экасцежка працягласцю 17 кіламетраў

Маршрут экасцежкі распрацоўваецца ляснікамі з Глушанскага лясніцтва Іллём Дудалем ды Эдуардам Зайцавым. Яго вырашылі назваць у гонар мясцовага лесавода Уладзіміра Белаша “Белашава сцежка”.

Працягласць экасцежкі 17 кіламетраў. Як піша BOBR.BY, на шляху на стэндах будзе размяшчацца інфармацыя аб дубровах, балотах, дзікіх жывёлах ды іх слядах, аб пародах дрэваў.

Леснікі двойчы прайшлі па маршруце, каб адзначыць найбольш цікавыя кропкі. Мапа дазволіць вандроўнікам(цам) абысці перашкоды забалочаныя мясціны, верхавое балота, раку і возера.

Што плануецца

Дабрацца да старту маршрута дапамогуць леснікі. Ён у пары кіламетраў ад Глушы. Пасля таго, як удзельнікі(цы) пройдуць маршрут, іх адвязуць на базу. У планах арганізаваць пракат ровараў, суправаджэнне гіда, які пройдзе маршрут разам з турыстамі.

Маршрут месцамі пракладзены па дарогах, а месцамі – па звярыных сцежках. Гэтыя месцы найбольш цікавыя, бо маюць сляды жывёл, гняздоўі рэдкіх птушак, старажытныя дрэвы, пра якія раскажа гід.

Таксама на маршруце неіснуючая ўжо вёска Белыя, што была спаленая, разам з жыхарамі, у часы Другой сусветнай вайны. Цяпер на яе месцы толькі абеліск.

Колькі часу займае маршрут

Калі ўдзельнікі(цы) будуць ісці ўвесь час (бо ў будучыні на шляху плануюць арганізаваць і кемпінг) – можна адолець экасцежку за пяць гадзінаў. Прынамсі, столькі часу сышло ў журналістаў BOBR.BY. Але, магчыма, з часам маршрут будзе пашырацца, бо гэтыя мясціны маюць даволі шмат разынак, напрыклад, рэшткі старой вузкакалейкі.

Больш па тэме “Экалогія” чытай тут

Цікавае

Спецпраекты