“Насамрэч усе мы карыстаемся штучным інтэлектам штодня”. Гутарка са Змітром Смірновым, аўтарам ТГ-канала Easy AI

Сёння штучны інтэлект генеруе карціны, тэксты і нават песні, дапамагае пісаць коды айцішнікам ды робіць безліч іншых рэчаў. Падаецца, яшчэ крыху – і мы развучымся думаць і быць крэатыўнымі… Але ці варта сапраўды гэтага баяцца? Наш суразмоўца Зміцер Смірноў, аўтар ТГ-канала Easy AI і сайта aieasy.pro упэўнены, што не варта, але адна пагроза ўсё ж існуе. Што гэта, і як наогул бабруец зацікавіўся тэмай штучнага інтэлекту – чытай у гутарцы на 1387.io.

Зміцер Смірноў. Фота з асабістых архіваў суразмоўніка

Зміцер, раскажыце трошкі пра сябе: дзе нарадзіліся, раслі, вучыліся?

– Мае бацькі з Бабруйска, але сам я нарадзіўся на Далёкім Усходзе, а потым паспеў пажыць ва Узбекістане, Сімферопалі і Маскве, бо тата быў вайскоўцам. Але ў выніку я ўсё адно большую частку дзяцінства правёў у Бабруйску, скончыў там школу 2. Пасля паступіў ва ўніверсітэт у Мінску і з’ехаў.

Цяпер у Бабруйску жывуць мае мама, дзядзька і цётка, а я не губляю надзеі калі-небудзь іх там наведаць. Пакуль жыву і працую ў Польшчы.

 

Якімі былі вашыя захапленні цягам сталення і як прыйшлі да зацікаўленасці штучным інтэлектам?

– Мне з дзяцінства падабаліся гаджэты. У 90я гэта было ўсё – ад электронных гадзіннікаў да прыставак і камп’ютараў.

Першы камп’ютар з’явіўся ў мяне ў 1997 – тады гэта яшчэ было ваў! Потым зразумеў, што ў мяне атрымліваецца нядрэнна пісаць. Так зрэшты я стаў рэдактарамнатуральна, па тэме тэхналогіяў. Прапрацаваў у гэтай сферы больш за 10 гадоў.

Год таму ўбачыў, што вельмі шмат увагі ў СМІ надаецца генератыўнаму штучнаму інтэлекту, прычым часта незаслужана. Пачаў разбірацца ў гэтым пытанні – мяне асабліва хвалявала, як ШІ паўплывае на маю сферу – журналістыку.

 

Як бы вы патлумачылі тым, хто далёкі ад тэхналогіяў, у чым карысць ШІ?

– Я люблю параўноўваць ШІ з хірургічным скальпелем. У руках хірурга ён суперэфектыўныратуе жыцці, у руках звычайнага чалавека проста карысны – дапамагае ў нейкіх базавых рэчах. Але ў час неакуратнага абыходжання можа сур’ёзна нашкодзіць. У цэлымгэта проста новы зручны інструмент.

Я памятаю часы, калі людзі захоўвалі сабе адрасы карысных сайтаў у закладкі браўзера. Цяпер для гэтага ёсць пошук. З чымсьці падобным можна параўнаць штучны інтэлект – ён дазваляе аўтаматызаваць нейкія працэсы, зняць з нас руцінную працу, зэканоміць нашы сілы і сродкі.

Так AI намаляваў выяву “Штучны інтэлект у выглядзе чалавека”

Як ставіцеся да тэхнафобіі, і ці не баіцеся, што ўмоўныя “робаты” захопяць планету, як у фільме “Тэрмінатар”?

– Штучны інтэлект дакладна не захопіць планету. Адзінае, чаго я баюся, што ён можа пазбавіць (часова) частку людзей працы. І вось да гэтага мы можам быць не гатовыя, з усімі вынікаючымі наступствамі. Але пакуль рэальнасць такая, што без кантролю чалавека ШІ не такі эфектыўны, як многія мяркуюць.

 

Ці не зробіць ШІ людзей лянівымі, калі будзе цяжка нават самыя простыя задачы вырашаць, нешта прыдумляць. Наогул, ці можа стаць ШІ супернікам творчым людзям?

– Але мы ўжо сталі лянівымі, калі пачалі ездзіць на машынах, падымацца на ліфтах, мыць рэчы ў пральных машынах і перамыкаць ТБ-каналы з дапамогай пульта.

Калі мы зараз гаворым пра штучны інтэлект, то часцей за ўсё гаворым пра яго разнавіднасці “генератыўных ШІ”. Гэты штучны інтэлект не стварае, ён генеруе на базе таго, чаму быў навучаны, не больш. Умоўна, калі ён ведае, што ёсць квадрат і трохкутнік, ён згенеруе вам нейкае іх падабенства або разнавіднасць, але не створыць круг.

Для гэтага патрэбныя творчыя людзі. І хоць вайна паміж творчымі людзьмі і тымі, хто замяняе творчасць з дапамогай ШІ ўжо пачалася, я ўпэўнены – усё прыйдзе да таго, што штучны інтэлект стане карысным інструментам у іх руках. Як, напрыклад, раней ім сталі сінтэзатары або смартфоны.

 

Калі ў вас з’явілася ідэя рабіць ТГ канал і сайт пра AI і для чаго вам гэта? Таксама цікава, чаму тэма звязаная менавіта з медыя?

– Гэтая тэма знаходзіцца на стыку маіх інтарэсаўтэхналогій і СМІ. Гэта маё хобі і гэта пытанне, у якім я трохі разбіраюся. Таму хачу, каб мае веды былі карысныя іншым.

Я лічу, што калі цяпер медыя хоча застацца канкурэнтназдольным, рухацца наперад, яму проста неабходна будзе так ці інакш выкарыстоўваць ШІ-інструменты.

Таму ў гэтым годзе рукі дайшлі да стварэння сайта aieasy.pro і telegram-канала @aieasypro.

Зміцер Смірноў. Фота з асабістых архіваў суразмоўніка

Як часта вы карыстаецеся штучным інтэлектам, і якія гэта задачы?

– Насамрэч усе мы карыстаемся ШІ штодня. Дзядуля таго ж ChatGPTгэта ўсім вядомы Т9 з канца 90-х. Прыгадайце таксама маскі беларускага стартапа MSQRD – гэта ШІ, якім мы карысталіся яшчэ ў 2015-м. І наогул, усё, што мы здымаем на свой смартфон, ужо даўно апрацоўваецца тым жа штучным інтэлектам.

Калі казаць пра мае бягучыя задачы – гэта розныя боты ChatGPT, якія скарачаюць, канвертуюць, сумуюць, генеруюць ідэі і малюнкі. Плюс я ўвесь час тэстую розныя новыя сэрвісы – па генерацыі аўдыё / відэа, транскрыбаванні і гэтак далей.

 

Каму б вы раілі карыстацца ШІ, і як часта, каб гэта было на карысць?

– Самы просты адказусім, але я разумею, што ён не зусім слушны. Калі вы пачняце карыстацца тым жа ChatGPT, то адразу зразумееце, што гэта не чароўная палачка, якая зробіць за вас усю працу. Больш за тое, можа так атрымацца, што ў першы час пры карыстанні ШІ ваша загрузка наадварот, павялічыцца.

Правільны адказвывучайце штучны інтэлект, чытайце пра яго, спрабуйце самі, знаходзьце карыснае для сябе і сваёй працы.

Гэта ў цэлым натуральны працэсяк фатографы калісьці перайшлі на лічбавыя фотаапараты, а мы ўсе – на CD, DVD, а потым і на стрымінгі. Проста таму, што так зручней. А прымушаць сябе дакладна не варта.

 

Ёсць, што сказаць па гэтай тэме? Пішы ў каментарах у нашым інстаграм!

Цікавае

Спецпраекты