ТэмаУрбаністыка

Дзіцячыя пляцоўкі Бабруйска: што з імі не так і як зрабіць іх лепшымі?

На youtube-канале “Падмуркі Бабруйска” выйшла наша новае даследванне, прысвечанае дзіцячым пляцоўкам. На працягу некаторага часу мы праводзілі анкетаванне бабруйцаў, запытвалі ў іх, што яны думаюць пра гульнявыя зоны для дзяцей у нашым горадзе, што хацелі б палепшыць. Распавядаем пра вынікі, а таксама пра розніцу ў пляцоўках у нас і ў суседніх краінах.

Хто гуляе на дзіцячых пляцоўках у Бабруйска?

Спачатку давайце разбярэмся, хто – самыя частыя наведвальнікі дзіцячых пляцовак у нашым горадзе.

На пытанні нашай анкеты адказалі бабруйцы пераважна ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў. Узрост дзяцей, з якімі яны ходзяць на пляцоўкі, – самы розны: ад немаўлят да падлеткаў. Найчасцей з дзецьмі гуляюць самі бацькі. Ёсць у нас таксама адказы ад бабуляў і іншых сваякоў, а таксама ад людзей, што не маюць сваіх дзяцей, але назіраюць за пляцоўкай у двары.

Хто гуляе з дзецьмі на пляцоўках у Бабруйску. Вынікі даследвання 1387.

Большасць нашых рэспандэнтаў ходзяць з дзецьмі на пляцоўкі штодня. 

Як часта бабруйцы гуляюць з дзецьмі на пляцоўках. Вынікі даследвання 1387.

На бабруйскіх пляцоўках заўсёды нечага не хапае?

Дарэчы, у сваім двары гуляюць на пляцоўках не так шмат маладых бацькоў Бабруйска – часцей ездзяць у іншыя раёны ды ў дзіцячы і гарадскі паркі, каб знайсці штосьці больш цікавае, чым старыя арэлі і горкі.

Дзе знаходзіцца пляцоўка, на якой вы гуляеце з дзецьмі? Вынікі даследавання 1387.

Дзе знаходзіцца пляцоўка, на якой вы гуляеце з дзецьмі? Вынікі даследавання 1387.

Як апісваюць бабруйцы дзіцячыя пляцоўкі ў нашым горадзе? І чаго, на іх думку, не хапае, каб пляцоўкі былі больш камфортнымі? Вось адказы нашых рэспандэнтаў:

  • “У нашым двары была жахлівая пляцоўка, а каля плошчы Леніна адчынілі новую, у Маскоўскім дворыку – мы так называлі, за Універмагам, туды і хадзілі”.
  • “У нашым двары старая пляцоўка”.
  • “У нашым двары была жах якая старая, а новая – не прыдатная. Хадзілі туды, дзе былі больш-менш новыя і сучасныя”.
  •  “Калі браць бабруйскія дзіцячыя пляцоўкі, то на іх заўсёды нечага не хапае. Але найбольш мяне здзіўляла, што ў тым жа гарадскім парку, дзе некалькі дзіцячых пляцовак і атракцыёнаў, не было месца, дзе можна было набраць пітной вады. Гэта нейкі нонсэнс. Я лічу, што там, дзе менавіта вялікія пляцоўкі для спорту ці гульняў, мусяць быць нейкія пітныя фантанчыкі”.
  • “Арэлі, горка, пясочніца. Не самае новае ўсё, але ў добрым стане”.
  • “Старыя, нібы яшчэ савецкіх часоў арэлі і горкі, якія даўно не фарбавалі”.
  • “Самая смешная і трагічная адначасова пляцоўка, якую я бачыла ў Бабруйску, была ў дворыку за касцёлам. Там у арэляў не было нават сядушкі – проста дзірка. І так – некалькі гадоў запар. Цікава, ці змянілася там хоць што сёння”.

Як выглядаюць пляцоўкі, на якіх гуляюць бабруйцы з дзецьмі. Вынікі даследвання 1387.

Ёсць бабруйцы, якія скардзяцца на тое, што пляцоўкі занадта стандартныя:

“Магу сказаць толькі за гарадскі парк, бо мы хадзілі туды – нібыта і горка, і пясочніца, і домікі – усё было ў наяўнасці, але не больш за тое. Стандарт”.

А дзе самыя прыгожыя пляцоўкі?

Дзіцячая пляцоўка ў Бабруйску. Фота: 1387

Але ёсць месцы ў горадзе, дзе можна знайсці прыгожыя пляцоўкі, кажуць бабруйцы:

  • “Сацыялістычная, 197; 5 – 6 мікрараёны”.
  • “Кісялевічы”.
  • “На тэрыторыях новых школаў і садкоў”.
  • “У 7-м мікрараёне”.
  • “За “Марко”, на Вурыцкага, каля царквы”.
  • “За Белай царквой, у дварах пачалі ставіць прыгожыя сучасная новыя пляцоўкі”.
  • “У двары на перасячэнні Менскай і Сацыялістычнай”.

Што трэба змяніць?

Дзіцячая пляцоўка ў Бабруйску, вул. Гогаля, д.220. Фота: 1387

Што трэба змяніць у бабруйскіх пляцоўках, каб яны сталі больш зручнымі і камфортнымі? Зноў перадаем “мікрафон” нашым рэспандэнтам:

  • “Прыбраць вялікія качалі на ланцугах, іх ламаюць. Колеры больш спакойныя, больш інвентару”.
  • “Зусім не прадуманыя арэлі на ланцужках, была адна на новай пляцоўцы – тры разы рамантаваў. Урэшце іх знялі. Лепш жалезныя савецкі былі”.
  • “Рабіць штосьці ў дварах старых дамоў. Калі старыя дамы, гэта не значыць, што там не жывуць дзеці. Яны жывуць у такой жа колькасці, як і ў новых дамах”.
  • “Падыход да дызайну, выкарыстанне больш натуральных матэрыялаў. І бяспека – хочацца разнастайнасці”.
  • “Зрабіць іх сучаснымі”.
  • “Арганізаваць дзіцячыя пляцоўкі па ўзросце. Усё намешана ў кучу, малыя дзеці ясельнага ўзросту гуляюць уперамешку з дзецьмі школьнага ўзросту. Як вынік – нецікава ні тым, ні другім. Атрымліваецца небяспечна для малых і сумна дарослым”.
  • “Бяспека – мяккае пакрыццё, разнастайнасць: каб і батуты былі, і арэлі, і поле, каб мяч паганяць, баскетбольны кош, каб як мага большай колькасці дзяцей там было цікава”.
  • “Памятаць, што яны ёсць! Такое адчуванне, што забылі пра іх існаванне – у двары па вул. К.Маркса, д. 322а, 324, двары па вул. Арлоўскага”.
  • “Патрэбная поўная рэканструкцыя пляцовак”.

“Кожны адказвае за свой двор”

Ці бяспечныя бабруйскія дзіцячыя пляцоўкі? Вынікі даследвання 1387.

Як выглядае дызайн бабруйскіх дзіцячых пляцовак. Вынікі даследвання 1387.

Усім гэтым – рэканструкцыяй, усталяваннем новага гульнявога інвентару і т.п., мусіць займацца ЖКГ, а грошы павінны выдзяляцца з мясцовага бюджэту, лічаць большасць бабруйцаў, якія адказалі на нашую анкету. Траціна мяркуе, што супольнасць жыхароў двара мусіць фінансаваць пляцоўкі для сваіх дзяцей, яшчэ частка – што дапамагаць павінны бізнесы.

Ёсць бабруйцы, якія не чакаюць дапамогі ад некага.

“Кожны адказвае за свой двор. Мы з суседзямі самі паставілі пляцоўку”, – распавёў нам адзін з рэспандэнтаў.

І гэта сапраўды можна зрабіць, але папярэдне давядзецца камунікаваць з ЖЭУ, бо на ўстяляванне пляцоўкі патрэбны дазвол. За стан пляцоўкі адказвае той, у чые абавязкі ўваходзіць абслугоўванне прыдамавой тэрыторыі, на якой знаходзіцца пляцоўка. 

Дзіцячая пляцоўка ў Бабруйску. Мікрараён “Заходні”. Фота: 1387

Дзіцячая пляцоўка ў Бабруйску, вул.Сікорскага, 16. Фота: 1387

Калі вы хочаце самі ўсталяваць пляцоўку, важна памятаць, што яна павінна адпавядаць нормам, прапісаным у заканадаўстве. У Беларусі дзейнічае адзіны стандарт, згодна з якім мусіць кантралявацца бяспека дзіцячых пляцовак: ГОСТ 34614.7-2019 (EN 1176-7:2008): “Абсталяванне і пакрыццё гульнявых пляцовак. Частка 7. Кіраўніцтва па ўсталяванні, кантролі, тэхнічным абслугоўванні і эксплуатацыі”.

Падрабязней пра тое, якой павінна быць пляцоўка, згодна са стандартамі, а таксама пра сучасныя падыходы да дзіцячых гульнявых зонаў мы распавядалі раней у гэтым матэрыяле.

Сучасная дзіцячая пляцоўка – якая яна? І пры чым тут рызыка і супраца архітэктараў з лекарамі?

А як у Еўропе?

А вось так бабруйцы параўноўваюць родны Бабруйск і месцы для забаваў дзяцей у іншых краінах:

“Многія рэчы, якія я бачу зараз у Літве – бяспечнае пакрыццё, сценкі для малых “альпіністаў”, батуты – тут на многіх пляцоўках у вольным доступе, а ў Бабруйску нават за ўваход у дзіцячы парк трэба плаціць. А каб недзе стаяў бясплатны батут ці штось такое – наогул цяжка ўявіць”.

А яшчэ цяжка ўявіць, каб у нас на пляцоўках было гульнявое абсталяванне для дзяцей з асаблівымі патрэбамі.

Дзіцячая пляцоўка ў Бабруйску. Фота: 1387

У еўрапейскіх краінах за апошнія гады цалкам змяніўся сам падыход да будаўніцтва дзіцячых пляцовак. Усё менш застаецца двароў, дзе можна ўбачыць звычайны набор: арэлі, горку, пясочніцу, і ўсё больш – сапраўды цікавых праектаў.

У Польшчы, напрыклад, для тых, хто плануе зрабіць пляцоўку ў двары, рэкамендуюць спачатку правесці даследванне асяроддзя, каб даведацца пра патрэбы жыхароў. І калі побач увогуле няма падобнага аб’екту, то можа цалкам хапіць класічнай пляцоўкі з гульнявым абсталяваннем для дзяцей рознага ўзросту.

Але калі пляцоўкі ўжо ёсць, то польскія гарадскія адміністрацыі раюць падумаць над не самымі тыповымі рашэннямі, напрыклад, пабудаваць адукацыйную пляцоўку, скейтпарк, пляцоўку-гібрыд з элементамі вяровачнага парку, на якім не абавязковая страхоўка. Таксама пляцоўку можна спалучыць з вулічнымі трэнажорамі.

Інклюзіўныя пляцоўкі

Інклюзіўная дзіцячая пляцоўка ў Польшчы. Фота: kompan.com

Асобна ў рэкамендацыях падкрэсліваецца, што пляцоўка павінна быць інклюзіўнай і адаптаванай для дзяцей з асаблівымі патрэбамі. На сучасных польскіх пляцоўках амаль паўсюль ёсць адмысловыя арэлі, горкі і іншае абсталяванне для дзяцей у вазках, якое вырабляюць еўрапейскія фірмы. Ёсць таксама падыходы, якія дазваляюць зрабіць цікавай пляцоўку не толькі для дзяцей-вазочнікаў, але і з іншай формай інваліднасці.

На гэтым цяпер робіцца акцэнт, бо грамадства даўно зразумела – адпачынак на пляцоўцы важны не толькі для самога дзіцяці з інваліднасцю, але і для іншых дзяцей, якія з малых гадоў вучацца бачыць побач самых розных людзей і камунікаваць з імі – такім чынам і пачынаецца інклюзіўнае грамадства.

У сучасным свеце, каб зрабіць сапраўды добрую пляцоўку, супрацоўнічаюць архітэктары і лекары-неўролагі і псіхафізіёлагі. Разам яны ствараюць пляцоўкі, пабудаваныя згодна з нейрадынамічным падыходам, мэта якога – развіваць розныя сістэмы арганізму дзіцяці. Больш дэталёва мы таксама распавядалі пра гэта раней.

Інклюзіўная дзіцячая пляцоўка ў Польшчы. Фота: bialystok.pl

І канешне ж, на дзіцячых пляцоўках дзеці вучацца камунікаваць, у розных гульнях разыгрываюць розныя сцэнары, якія рыхтуюць іх да будучага дарослага жыцця. Менавіта таму так важна рабіць пляцоўкі сапраўды якаснымі і не лічыць іх нечым другасным і не вартым увагі. Усе мы калісьці былі дзецьмі, і, напэўна, памятаем, чаго нам самім хацелася. І канешне ж, не трэба забывацца, што ў залежнасці ад таго, што мы дамо, што ўкладзем у дзяцей сёння, такое грамадства атрымаем заўтра.

А ці бачылі вы ў Бабруйску ці ўвогуле ў Беларусі інклюзіўныя дзіцячыя пляцоўкі? Ці варта нашым гарадскім уладам і нам самім задумацца пра гэта? Што ўвогуле думаеце пра нашыя дзіцячыя пляцоўкі? Далучайцеся да абмеркавання дзіцячых пляцовак Бабруйска на ютуб-канале “Падмуркі Бабруйска” – падпісвайцеся, стаўце лайк і выказвайце свае меркаванні!

Цікавае

Спецпраекты