Людзі

«Раніцай 24 лютага прыйшоў да консульства Украіны і стаў на калені». Размова з бабруйскім актывістам Андрусём Архіпенкам

Андрусь Архіпенка некалькі гадоў таму стаў вядомым усёй Беларусі сваёй дзейнасцю па ўшанаванні памяці Алеся Адамовіча і папулярызацыі спадчыны пісьменніка. Менавіта Андрусь распачаў збор подпісаў, а потым і сродкаў на ўсталяванне помніку Адамовічу ў Глушы. У 2020 годзе актывіста разам з ягонай маці судзілі за ўдзел у мірных шэсцях. Пасля гэтага Андрусь з’ехаў у Польшчу і цяпер вучыцца па Праграме Каліноўскага ў адным з універсітэтаў Гданьску. Калі 24 лютага ва Украіне пачалася вайна, бабруец адразу ўключыўся ў валанцёрскую дзейнасць. Пра дапамогу ўкраінцам і новыя ініцыятывы на карысць Беларусі – нашая размова з Андрусём.

Андрусь Архіпенка. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

Прастаяў на каленях тры з паловай гадзіны

24 лютага, калі Расея напала на Украіну, Андрусь Архіпенка быў у Гданьску, дзе ён вучыцца ў магістратуры мясцовага універсітэту на факультэце сацыяльных навук. Як распавядае сам актывіст, у тую ноч ён не спаў – праглядаў навіны з Украіны, бо ўжо цягам некалькіх дзён чакаў пачатку вайны.

– Мне стала адназначна зразумела, што вайна непазбежная, калі 22 лютага Пуцін прызнаў незалежнасць ДНР і ЛНР, – кажа Андрусь. – 24-га я да 4 гадзіны раніцы чытаў навіны, потым не вытрымаў і заснуў. Таму ўварванне Расеі ва Украіну я праспаў і даведаўся пра ўсё толькі а 8-й гадзіне раніцы.

Андрусь адразу накіраваўся да консульства Украіны ў Гданьску.

– Я пайшоў туды адзін, з плакатам, – распавядае далей актывіст. – Паўсюль ужо пісалі, што Украіну бамбяць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Я зразумеў, што мая радзіма стала такім жа агрэсарам, як і Расея. У той момант я стаў ля консульства на калені і прастаяў так тры з паловай гадзіны. Пакуль стаяў, думаў, што можна зрабіць для дапамогі Украіне.

Андрусь і ягоная аднагрупніца Марцэліна Вільчэвска вырашылі распачаць ва ўніверсітэце збор рэчаў для ўцекачоў і тых, хто застаецца ва Украіне. На акцыю дапамогі далі згоду і дэкан, і рэктар вучэльні.

– У пятніцу 25 лютага я прыйшоў на заняткі, там на невялікім століку стаялі чатыры пакеты з рэчамі. Ужо праз паўтары гадзіны пакетаў было нашмат больш, стаялі ўжо і пад сталом, а к вечару каля сцяны была гара вопраткі, розных рэчаў, прадуктаў харчавання, – распавядае Андрусь. – У суботу мы з маёй групай паліталогіі прыйшлі ўсё разбіраць, сартаваць. І ўбачылі няспынную плынь людзей, якія ішлі да нас і неслі прадукты і іншую дапамогу.

Рэчы для ўцекачоў, сабраныя ў першы дзень збору. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

У пункце дапамогі ўцекачам з Украіны, арганізаваным Андрусём Архіпенкам у Гданьскім універсітэце. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

«Марыупаль можна параўнаць з тым, пра што пісаў Алесь Адамовіч у «Блакаднай кнізе»

Для студэнтаў збор рэчаў быў новым і незнаёмым досведам, аднак яны хутка зарыентаваліся і знайшлі грамадскія арганізацыі ў Гданьску, Гдыні, Сопаце, якім пачалі адпраўляць рэчы. Некалькі машын адразу адправілі ў Люблін.

– Да нас прыязджалі фуры з дапамогай з Нарвегіі – былі дзве машыны, з Ірландыі – шэсць фураў. Мы ў сваю чаргу накіроўвалі ўсё гэта ва Украіну – Львоў, Роўна, Кіеў. Ад паліцыі Ровенскай вобласці нам нават прыйшла падзяка за дапамогу, – кажа Андрусь. – Я адпраўляў бус з прадуктамі, прадметамі гігіены, дзіцячым харчаваннем, памперсамі ў Сумы. Таксама мы туды накіроўвалі корм для жывёлаў валанцёрам, якія там кармілі катоў і сабак, пакінутых гаспадарамі, што выязджалі. Падчас вайны дапамога патрэбная не толькі людзям, але і жывёлам, бо не ўсе маглі забраць гадаванцаў з сабой.

Падзяка валанцёрам ад Ровенскай паліцыі. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

Акрамя вопраткі і прадуктаў харчавання, актывісты адпраўлялі ва Украіну медыкаменты – у значных маштабах у Запарожжа.

– Запарожжа прымала ўцекачоў з Марыупалю, таму там была вялікая патрэба ў леках. Страшна ўявіць, у якім там стане былі людзі, – зазначае бабруец. – На наш пункт дапамогі прыязджалі некалькі ўцекачоў з Марыупалю і распавядалі, як яны выжылі – гэта не перадаць словамі. Напэўна, можна параўнаць з «Блакаднай кнігай» Алеся Адамовіча, дзе ён распавядаў, як людзі выжывалі ў блакадным Ленінградзе. Прыкладна тое ж было ў Марыупалі.

«Чалавек баяўся спускацца па лесвіцы – узгадваў, як бег у бамбасховішча»

Дапамагалі студэнты-валанцёры таксама ўцекачам з Украіны, якія прыехалі ў Польшчу.

– Нам давалі спісы, што патрэбна. Мы камплектавалі і выдавалі – вопратку, сродкі гігіены, памперсы, дзіцячае харчаванне, прадукты, – распавядае Андрусь. – Але потым адзенне мы перадалі на іншы пункт, дзе была магчымасць прымерыць і ўзяць тое, што падыходзіць. У нас такога месца не было.

«Гэта балюча – калі ў цябе двойчы забіраюць дом». Бабруйчанкі – пра эвакуацыю з Украіны

Уцекачы, якія прыходзілі за дапамогай былі рознымі, зазначае бабруец – хтосьці добра трымаўся і спакойна ўсё перажываў, іншым было цяжка справіцца з шокам.

– Я заўважаў, што больш спакойнымі і нібыта падрыхтаванымі да таго, што адбылося, былі тыя, што сталі двойчы ўцекачамі – украінцы, якія некалі ўцяклі ад вайны ў Данецку і Луганску ў той жа Харкаў, – кажа Андрусь. – Праз 8 гадоў іх зноў дагнала вайна, але яны распавядалі, што ўжо разумелі, што рабіць у параўнанні з тымі, хто ўпершыню перажываў вайну. Напрыклад, яны ведалі, што на гук паветранай трывогі трэба ісці ў сховішча. А тыя, хто ўпершыню сутыкнуўся, губляліся, у іх пачыналася паніка.

Збор рэчаў для ўцекачоў з Украіны. У цэнтры ў карычневай байцы – Андрусь Архіпенка. Фота: асабісты архіў Андруся Архіпенкі

У некаторых уцекачоў Андрусь назіраў праявы посттраўматычнага разладу.

– Напрыклад, чалавек баяўся спускацца па лесвіцы – у яго ўзнікалі асацыяцыі з тым, як ён бег па прыступках у бамбасховішча, – прыгадвае актывіст. – Некаторыя распавядалі, як тыднямі жылі ў сутарэннях і ніяк не маглі ўсвядоміць, што цяпер у бяспецы. На другім тыдні нашай працы прыходзіла дзеўчына з Марыупалю. Мы ёй выдалі прадукты і сродкі гігіены. Па ёй было вельмі добра бачна, што яна не адышла ад шоку.

«Я прасіў прабачэння за сваю краіну»

Праз тры месяцы вайны колькасць людзей, якія нясуць дапамогу, значна зменшылася. Менш стала і ўцекачоў, хоць яны ўсё роўна прыязджаюць, і ўсцяж захоўваецца патрэба ў падтрымцы, зазначае Андрусь. Штаб дапамогі ў Гданьскім універсітэце ўсё яшчэ працуе, але ўжо не ў такіх маштабах. Дапамога цяпер кропкавая і мэтавая. Напрыклад, нядаўна збіралі ровары для ўкраінскіх дзяцей, якія жывуць у адным з інтэрнатаў Гданьскага ўніверсітэту, распавёў бабруец. 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзіцяці, на тэрыторыі вучэльні будуць мерапрыемствы для дзяцей.

Андрусь ужо не так актыўна ўдзельнічае ў валанцёрстве – цяпер час сесіі і трэба сканцэнтравацца на вучобе. Але маладзён не выключае, што ў разе патрэбы можа зноў уключыцца ў дапамогу.

– Я перакананы, што я павінен нешта рабіць і дапамагаць Украіне, – кажа Андрусь. – Можна пачуць, маўляў, не трэба адчуваць асабістую віну за тое, што са згоды беларускай улады ракеты ва Украіну ляцелі ў тым ліку з нашай тэрыторыі. Але я лічу, што часткова мы ўсё ж усе нясем за гэта адказнасць. Бо нашая радзіма – краіна кожнага з нас, а не толькі ўладаў. А ўкраінцы цалкам слушна лічаць Беларусь агрэсарам. Ды нават калі паглядзець на вызначэнне панятку «краіна-агрэсар», то стане адназначна ясна, што нават проста прадстаўленне тэрыторыі як плацдарму, з якога вядуцца ваенныя дзеянні, без непасрэднага ўдзелу ўласных войскаў у іх – гэта ўжо акт агрэсіі супраць іншай краіны. Таму мы павінны нешта рабіць, каб дапамагчы ўкраінцам. І таму я стаў на калені каля ўкраінскага консульства ў першы дзень вайны – я прасіў прабачэння за сваю краіну і такім чынам паказваў, што беларусы не падтрымліваюць вайну і дзеянні афіцыйных уладаў, якія – галоўныя віноўнікі таго, што адбылося. Але і мы ўсе цяпер не адмыемся ад пэўнай адказнасці, а Беларусь будзе плаціць рэпарацыі за гэтую вайну, гэтак жа, як і Расея.

У той жа час з негатыўным стаўленнем да сябе ці іншых беларусаў у Гданьску з пачаткам вайны бабруец не сутыкаўся.

– У нас валанцёрылі студэнты-палякі, прыходзілі таксама школьнікі-ліцэісты, але таксама было шмат валанцёраў-беларусаў. У нас усіх было паразуменне, і з боку ўкраінцаў, якія прыходзілі да нас, я таксама не бачыў агрэсіі, – кажа актывіст. – За ўвесь час я сустрэўся з адным фактам дыскрымінацыі ў дачыненні да беларусаў. Я пайшоў адкрываць брату рахунак у банку «Paribas», і ў ім нам прама сказалі, што беларусаў і расейцаў не абслугоўваюць. Чуў таксама, што некага звальнялі з працы толькі з-за таго, што яны беларусы. І адна наша валанцёрка, якая працуе ў школе, распавядала, што сутыкалася з канфліктамі паміж вучнямі – дзеці-украінцы негатыўна выказваліся пра дзяцей з Беларусі.

“Не веру ў дзяржаву, веру ў дапамогу звычайных людзей”. Як экс-бабруец з Барселоны дапамагае ўкраінскім уцекачам

Збор экспанатаў для Музею вольнай Беларусі

У Польшчы Андрусь Архіпенка працягвае працаваць на карысць Беларусі. Так, актывіст далучыўся да працоўнай групы па стварэнні Музею вольнай Беларусі, які неўзабаве мусіць паўстаць у Варшаве. Экспазіцыя будзе распавядаць пра супраціў і вызваленчы рух у сучаснай Беларусі, у асноўным будзе прысвечана пратэстам 2020 году. Ідэя захавання памяці пра тыя падзеі ў музейным зборы была абвешчана яшчэ год таму – у чэрвені 2021 году. Нядаўна стала вядома, што музею выдзелілі памяшканне ў цэнтры Варшавы па вуліцы Фоксаль, 11, і ўжо падпісаная дамова аб арэндзе.

Гэтым летам плануецца адкрыць культурніцкую пляцоўку на базе будучага музею. Стварэнне ўласна музею – праца доўгая і за пару месяцаў дакладна не зробіцца. Адкрыццё пляцоўкі можа быць прымеркаванае да Міжнароднага тыдню беларускай культуры, які пройдзе з 4 па 10 ліпеня, ці да гадавіны паслявыбарчых падзеяў 9 жніўня. Дакладная дата пакуль не вызначаная.

Андрусь Архіпенка цяпер дапамагае збіраць экспанаты ў фонды будучага музею. Такім чынам, актывіст не кідае памкнення развіваць беларускую музейную справу, чым хацеў займацца яшчэ да ад’езду з Беларусі. Марай Андруся было адкрыццё музею Алеся Адамовіча ў будынку былой аптэкі ў вёсцы Глуша пад Бабруйскам, дзе працавала маці пісьменніка.

Уся Беларусь збірала грошы на помнік Адамовічу

Ушанаванне памяці Адамовіча і папулярызацыя ягонай спадчыны як літаратара і грамадскага дзеяча было асновай актывізму Андруся ў Беларусі. У пачатку 2018 году бабруец распачаў збор подпісаў за ўсталяванне бюсту Адамовіча ў ягонай роднай Глушы. Да адкрыцця помніка прайшло крыху больш за паўтары гады – яго ўрачыста прэзентавалі 9 лістапада 2019 году. Вырабіў бюст вядомы беларускі скульптар Генік Лойка. Грошы на помнік збіралі ўсёй Беларуссю. Асноўныя сумы ахвяравалі Юры Зісер і Святлана Алексіевіч.

Андрусь Архіпенка на адкрыцці помніка Алесю Адамовічу. 9 лістапада 2019 году. Фота: babruysk.by

За год да адкрыцця помніка, у кастрычніку 2018 году, таксама па ініцыятыве Андруся Архіпенкі, у Глушы з’явіўся арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча» – на звычайным аўтобусным прыпынку беларускі мастак Аляксандр Благій намаляваў партрэт пісьменніка і напісаў урывак з ягонага твору «Vixi», прысвечаны Глушы.

У 2019 годзе Андрусь разам з камандай тайм-клубу «1387» удзельнічаў у конкурсе сацыяльных праектаў «Social weekend» з ініцыятывай «Глуша Адамовіча». Праект стаў адным з пераможцаў конкурсу і атрымаў падтрымку, у рамках якой была распрацаваная і пасля адкрыцця помніка прэзентаваная тэатралізаваная экскурсія па творах Алеся Адамовіча. Урыўкі з аповесцяў гралі акторы Бабруйскага тэатру ім.В.Дуніна-Марцінкевіча.

https://1387.io/vajna-i-kahanne-pad-strjehami-geroi-alesja-adamovicha-azhyli-padchas-tjeatralizavanaj-jekskursii/

Увосень 2020 году Андруся і ягоную маці аштрафавалі за ўдзел у мірных шэсцях. Актывіст неўзабаве з’ехаў у Польшчу, дзе па Праграме Каліноўскага пайшоў вучыцца ў магістратуру Гданьскага ўніверсітэту (у Беларусі Андрусь некалі скончыў гістарычны факультэт БДУ). На факультэце сацыяльных навук бабруец цяпер даследуе польска-беларускія стасункі на працягу апошніх 30 гадоў. Дыплом магістра актывіст атрымае ў 2023 годзе.

Андрусь не губляе надзеі аднойчы вярнуцца ў Беларусь і адкрыць у Глушы музей Алеся Адамовіча.

Цікавае

Спецпраекты