Старую забудову ў цэнтры Бабруйска нарэшце прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. На шэрагу будынкаў ужо з’явіліся шыльды з папярэджаннем, што іх пашкоджанне караецца паводле закона. Што гэта значыць для саміх камяніц і для тых, хто ў іх жыве ці працуе? Што ўласнікі ці арандатары цяпер абавязаныя зрабіць, а якія дзеянні пагражаюць адказнасцю? У чым хібы заканадаўства аб ахове спадчыны ў сучаснай Беларусі і як яно павінна працаваць? Размаўляем з уласнікамі кватэры і кавярні ў будынку на Сацыялцы, а таксама з краязнаўцам Віталём Мурашкевічам і мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім.
Новыя гісторыка-культурныя каштоўнасці Бабруйска
Паводле рашэння №59-25 Магілёўскага аблвыканкама, 28 лістапада 2022 года старая цагляная забудова Бабруйска была прызнаная гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Аб’яднаныя гэтыя будынкі агульнай назвай «Гістарычны цэнтр Бабруйска».
Ахоўны статус атрымалі 57 будынкаў па адрасах:
- вуліца Сацыялістычная: 34, 36, 46/54, 47, 48, 54, 56/40, 60, 63, 65, 68, 69, 70, 71, 73, 76, 78, 79, 81, 85, 89, 91, 97, 99, 103;
- вуліца Дзяржынскага: 23, 23-а, 50, 54, 58;
- завулак Пажарны: 3,
- вул.Камсамольская: 33, 34, 36, 38, 41, 43, 47;
- вул.Чангарская: 67, 77;
- вул.Маскоўская: 38, 42;
- вул. К.Лібкнехта: 39, 45;
- вул.Савецкая: 36, 38, 40, 43, 54/68, 57, 64, 69, 70, 78/18, 83, 87;
- вул.Інтэрнацыянальная: 19.
Новыя гісторыка-культурныя каштоўнасці Бабруйска маюць катэгорыю 3, што значыць – помнікі рэгіянальнага значэння. Яны будуць унесеныя ў адмысловы Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь накладае на карыстальнікаў аб’ектамі з гэтага спісу пэўныя абавязкі і абмежаванні. Яны ўказаныя ў ахоўным абавязальніцтве, якое падпісваюць усе ўласнікі ці арандатары гістарычных помнікаў. Законам забараняецца знішчаць гісторыка-культурную каштоўнасць ці змяняць яе выгляд без узгаднення з мясцовымі ўладамі і Міністэрствам культуры.
«Цяпер спакайней, бо дом прынамсі не знясуць»
Адна з новых бабруйскіх каштоўнасцяў – камяніца на рагу вуліц Сацыялістычнай і К.Лібкнехта (адрас – вул.Сацыялістычная, 78). Некалькі гадоў таму на другім паверсе гэтага дома набыў кватэру масквіч Мікалай Бялоў. Бабруйск уразіў мужчыну – аматара даўніны – сваёй прыгажосцю і самабытнасцю, што падштурхнула да пакупкі.
«Я заўсёды любіў старыя дамы, гістарычныя. У Маскве ў такім жа жыву. Я б ніколі не набываў кватэру ў новабудоўлі, – кажа мужчына. – Няпраўда, што ў старым доме трэба моцна ўкладвацца ў рамонт. Выдаткаў хопіць і ў новым доме, бо найчасцей першасны рамонт там робяць з самых танных і не заўсёды якасных матэрыялаў, тыя ж дзверы прыйдзецца мяняць, магчыма, вокны».
У кватэры на Сацыялцы Мікалай вокны не стаў мяняць – кажа, што «родныя» якасныя і лепшыя за любы пластык.
У 2019 годзе вяліся размовы пра магчымы знос дома на Сацыялістычнай, 78. Паводле Мікалая, некаторыя з жыхароў дамагаліся прызнання дома аварыйным. Аднак камяніца стаіць і сёння, і цяпер з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Навіну пра новы статус Мікалай успрыняў пазітыўна.
«Гэта вельмі добра і нарэшце. Цяпер будзе спакайней жыць, бо буду ведаць, што дом, прынамсі, не знясуць», – кажа мужчына.
«Магчыма, я не да канца разумею, як працуе гэтае заканадаўства»
Пасля надання будынку статуса каштоўнасці, Мікалая запрасілі ў выканкам падпісаць ахоўнае абавязальніцтва. Замест мужчыны па даверанасці гэта зрабіла ягоная маці, бо сам Мікалай цяпер знаходзіцца ў Маскве.
«Ёй растлумачылі, што значыць новы статус, якія мы цяпер маем абавязкі, абмежаванні, – кажа Мікалай. – Напрыклад, я не магу цяпер змяняць фасад без праектна-каштарыснай дакументацыі і яе ўзгаднення ў выканкаме. Але я нічога і не збіраюся змяняць. Пра тую ж замену вокнаў у мяне ніколі не было думак. У інтэр’еры кватэры нічога старога, аўтэнтычнага няма, там ужо неаднойчы рабіўся рамонт, таму ахоўваць там няма чаго. У чым яшчэ мяне можа датычыць пункт пра змяненне фасаду, я не ведаю, магчыма, не да канца разумею, як працуе гэтае заканадаўства».
Таксама не цалкам Мікалай разумее пункт пра неабходнасць даваць доступ грамадскасці да будынка цягам шасці месяцаў, прапісаны ў ахоўным абавязальніцтвы.
«Калі размова пра фасад, то ён і так звонку, і хоць кожны дзень хадзі па вуліцы і глядзі. Што яшчэ гэта можа значыць, я не ведаю», – зазначае мужчына.
Агулам жа Мікалай падтрымлівае наданне старым будынкам статусу помнікаў і іх ахову, і кажа, што чым больш даўніны будзе захавана ў горадзе, тым лепш.
З вокнаў трэба зняць рэкламу і навагоднія дэкарацыі
У гэтай жа камяніцы на Сацыялістычнай, 78, працуе кавярня «Golden coffee». 1 сакавіка будзе два гады, як яна адчынілася. Гаспадыня кавярні Вольга Небажэнка кажа, што працаваць у помніку гісторыі – гэта гонар, але адначасова і пэўныя складанасці.
«Пра тое, што дом, у якім знаходзіцца кавярня, прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю, мы даведаліся з адпаведнага ліста з выканкама, – распавядае Вольга. – У ім распавядалася, што гэта значыць, і чаго ад нас у гэтай сувязі чакаюць. Сярод іншага, паведамлялася пра неабходнасць павесіць на будынак шыльду, што гэта каштоўнасць. За ўласны кошт».
Акрамя таго, цяпер трэба зняць усю рэкламу і навагоднія дэкарацыі з вокнаў кавярні, а ў далейшым усе працы, якія датычаць фасада, мусяць зацвярджацца ў аддзеле архітэктуры ў выканкаме. Ахоўнае абавязальніцтва, аднак, Вольга пакуль не падпісвала – такога патрабавання ад уладаў яшчэ не было.
«З аднаго боку мяне вельмі цешыць, што мы цяпер знаходзімся ў гісторыка-культурнай каштоўнасці, я нават ганаруся гэтым. І спадзяюся, што Бабруйск будзе наведваць больш турыстаў, – кажа Вольга. – Аднак у той жа час новы статус накладае некаторыя абмежаванні».
«Разглядаць старыя фотаздымкі Бабруйска цікава не толькі турыстам, але і самім бабруйцам»
Сто гадоў таму ў памяшканні, дзе цяпер месціцца «Golden coffee», знаходзілася гандлёва-суконная палата. Гісторыя камяніцы, а таксама ўвогуле выгляд цэнтра Бабруйска на пачатку ХХ стагоддзя, адлюстраваныя ў інтэр’еры кавярні.
«Мы знаходзімся ў старым горадзе, што само па сабе стварае асаблівую атмасферу даўніны, да нас прыходзяць турысты, і ў пэўны момант мне падалося, што нашую гісторыю трэба паказаць у кавярні, – распавядае Вольга Небажэнка. – Мы знайшлі ў інтэрнэце выявы старога Бабруйска, раздрукавалі іх і развесілі на сценах. Лічу, што атрымалася прыгожа і атмасферна».
Гаспадыня кавярні хоча і далей развіваць гістарычную тэматыку ў інтэр’еры.
«Яшчэ больш да гэтага матывуе новы статус будынка, – кажа Вольга. – Акрамя таго, я не магу прыгадаць, каб у цэнтры Бабруйска была яшчэ адна кавярня, якая б адлюстроўвала гісторыю горада ў інтэр’еры. Таксама цешыць, што мы можам выконваць у пэўным сэнсе і асветніцкую функцыю, бо разглядаць фотаздымкі старога Бабруйска цікава не толькі турыстам, але і самім бабруйцам, пераважна, моладзі. Шмат хто з іх не ведае, што раней было ў гэтым будынку, побач, і ім цікава даведацца».
Абаронцам спадчыны трэба звярнуць увагу на драўляную забудову Бабруйска
Бабруйскі краязнаўца, калекцыянер, аўтар блогу «Паштоўкі з Бабруйска» Віталь Мурашкевіч вітае ўнясенне гістарычнага цэнтра Бабруйска ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
«Гэта, безумоўна, добрая навіна, што ўлады прызнаюць каштоўнасць старой забудовы Бабруйска і неабходнасць яе захавання, – кажа Віталь. – У той жа час, канешне, цяпер будуць пэўныя абмежаванні для ўласнікаў, жыхароў гэтых будынкаў. Будзе цяжка рабіць рамонты, уносіць нейкія змяненні. І тут у мяне супярэчлівыя пачуцці – з аднаго боку я за тое, каб старыя будынкі не змяняліся, а наадварот, аднаўляліся ў першасным выглядзе. З іншага, яны мусяць быць жывымі, адпавядаць сучасным патрэбам, таму цяжка ўявіць сабе, як можна іх закансерваваць на пачатак ХХ стагоддзя і не ўносіць ніякіх змяненняў. Павінен быць нейкі баланс».
Паводле краязнаўцы, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ахоўная шыльда на фасадзе – далёка не самае галоўнае ў захаванні спадчыны. Найперш патрэбныя змяненні ў свядомасці беларусаў.
«Трэба, каб у галовах нешта змянялася – разуменне таго, што такое спадчына, яе каштоўнасць, каб у людзей была патрэба яе ахоўваць і захоўваць, – кажа Віталь. – Тады і без шыльдаў і статусаў спадчына не будзе руйнавацца, а наадварот – жыць і аднаўляцца».
Калекцыянер таксама зазначае, што ў Бабруйску ёсць шмат гістарычных будынкаў, якія патрабуюць увагі нават больш пільнай, чым камяніцы.
«Тая ж драўляная забудова Бабруйска. У нас чамусьці прызвычаіліся не звяртаць на яе ўвагу, у той час як сярод яе ёсць вельмі каштоўныя будынкі, – кажа Віталь. – І руйнуюцца яны нашмат хутчэй, чым тыя, што з цэглы».
«Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ўскладняе жыццё ўласнікам ды арандатарам»
Што ў сённяшняй Беларусі значыць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, ці дае заканадаўства аб ахове спадчыны нейкія гарантыі помнікам, мы папрасілі пракаментаваць мастацтвазнаўцу Сяргея Харэўскага. Галоўная выснова эксперта – статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Беларусі не працуе так, як павінен, а толькі ўскладняе карыстанне з аб’екту.
«Праекты любых прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях павінны праходзіць узгадненні з Міністэрствам культуры. Гэта каштуе для ўласнікаў і арандатараў такіх будынкаў. Пры гэтым дзяржава нічым не дапамагае, бо няма сродкаў, а яшчэ разумення, што дзяржава тут увогуле павінна рабіць, – кажа мастацтвазнаўца. – Таксама няма належнага кантролю за гісторыка-культурнай спадчынай, дасведчаных інспектараў, якія б кантралявалі выкананне заканадаўства, як гэта адбываецца ў еўрапейскіх краінах».
Функцыю нагляду над гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, паводле спадара Харэўскага, добра выконвала Добраахвотнае таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры, але яго ліквідавалі. У рэгіянальных жа выканкамах, лічыць эксперт, не хапае кваліфікаваных супрацоўнікаў, якія маглі б належным чынам ацэньваць гістарычныя помнікі і адпаведна, выказваць нейкія прэтэнзіі ці нешта раіць тым, хто з іх карыстаецца. А на такі горад, як Бабруйск, паводле мастацтвазнаўцы, экспертаў у спадчыне павінна быць не менш за два чалавекі. Але ў нашым горадзе іх увогуле няма, ды і на ўсю Беларусь лічаныя спецыялісты.
«Такім чынам, сам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў нашай краіне не сведчыць ні пра што і толькі ўскладняе жыццё ўласнікам ды арандатарам будынкаў, унесеных у Рэспубліканскі спіс», – зазначае эксперт.
Хто ў Беларусі адказвае за руйнаванне спадчыны?
У якасці прыклада таго, як у Беларусі працуе, а дакладней, не працуе заканадаўства аб ахове спадчыны, мастацтвазнаўца прыводзіць гісторыю першай электрастанцыі ў Менску.
«Гэтая электрастанцыя была ў Рэспубліканскім спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але аказалася, што калі некаму вельмі патрэбна, то нават каштоўнасць можна зруйнаваць, – кажа Сяргей Харэўскі. – І такіх прыкладаў у Беларусі сотні».
На ахову спадчыны павінен быць выдзелены бюджэт, перакананы эксперт, і калі аб’екту даецца статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, то з ім трэба штосьці рабіць – як мінімум ахоўваць, як максімум – кансерваваць ці рэстаўраваць. Не павінна быць так, што ўласнікі помнікаў мусяць за свой кошт вырабляць і вешаць на будынак ахоўную шыльду.
«Гэтыя «бляшанкі», на якіх напісана «ахоўваецца дзяржавай», увогуле сталі мемам цягам апошніх гадоў. З іх смяюцца, бо ўсе ведаюць, як гэтая «ахова» працуе, – зазначае эксперт. – Ці хтосьці ў нас адказвае за руйнаванне помнікаў? Хоць адзін чыноўнік за ўвесь час панёс адказнасць? А калі адказнасці няма, то які сэнс у ахоўным статусе? Акрамя штрафаў у мясцовыя бюджэты, якія збіраюць з уласнікаў і арандатараў. Таму ўся гэтая гісторыя з наданнем статуса выглядае прафанацыяй, і ці ёсць на будынку бляшанка аб ахове, ці яе няма, нічога не вырашае».
Якія помнікі Бабруйска статус каштоўнасці не ўратаваў
Сяргей Харэўскі лічыць, што заканадаўства аб ахове спадчыны ў Беларусі мусіць быць такім жа жорсткім, як аб ахове прыроды.
«Усе ведаюць, што за незаконную лоўлю рыбы ці спілаванае дрэва будзе штраф, а нават і пазбаўленне волі. За пашкоджанне помнікаў таксама прадугледжаны штраф, але да суда амаль ніколі не даходзіць! Падобныя судовыя справы можна палічыць на пальцах, у той час як на нашых вачах гінуць сотні помнікаў, – кажа мастацтвазнаўца. – Калі вылавіш рыбу, то яна можа яшчэ прыйсці, распладзіцца, а ў выпадку помнікаў страта незваротная».
Раней у Бабруйску гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі былі прызнаныя:
- дом купчыхі Кацнальсан;
- будынак 1914 года на вуліцы Савецкай, 45;
- дамы №№77 і 79 на вуліцы Савецкай;
- дамы №№120, 177, 211 па вуліцы Пушкіна;
- ансамбль Бабруйскай крэпасці (катэгорыя 2 – рэспубліканскае значэнне).
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці не ўратаваў Дом купчыхі Кацнальсан ад аварыйнага становішча, будынкі Бабруйскай крэпасці ад разбурэння. У вельмі сумным стане сёння знаходзіцца самы старажытны будынак Бабруйска – езуіцкі касцёл 1747 года пабудовы. Шмат гадоў, пакуль ён руйнаваўся, на ўваходнай браме вісела шыльда, якая папярэджвала, што будынак ахоўваецца дзяржавай. Некалькі гадоў таму яна некуды знікла, новую так і не павесілі.
Архітэктурная спадчына Бабруйску: найбольш каштоўныя будынкі закінутыя ці патрабуюць рамонту
А як вы лічыце, што дае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці сёння ў Беларусі? І што трэба нам усім рабіць, каб захаваць нашую спадчыну? Дзяліцеся сваімі меркаваннямі на нашай старонцы ў Інстаграме.
Напрыканцы мы прапаноўваем вам праверыць сябе – наколькі добра вы ведаеце архітэктурную спадчыну Бабруйска? Краязнаўца Віталь Мурашкевіч склаў цікавы тэст на падставе старых бабруйскіх паштовак. Адказвайце на пытанні і дзяліцеся з намі сваімі вынікамі!
[ays_quiz id=’2′]