Слухай першы выпуск падкаста “Міфічны Бабруйск”!

Ад сённяшняга дня паслухаць новы падкаст “Міфічны Бабруйск” можна на Youtube, Spotify ды Soundcloud. Аўтаркі плануюць выпускаць па 2 серыі на месяц. Стартуе падкаст з гісторыі пра тое, як каралева Рэната Цэцылія атрымала ў валоданне Бабруйскае староства, але мэты развіваць наш горад у яе не было. Чаму так атрымалася? Адказ – у аўдыё.

А вось што расказваюць пра падкаст аўтаркі:

“Бабруйск – не проста міфічны горад, ён магічны, з асаблівай атмасферай, якую немагчыма апісаць парай словаў. Для таго і быў створаны гэты падкаст, каб данесці да вас хаця б зярнятка нашай да яго любові і захаплення, як да месца незвычайнага, якое прыцягвае праз адлегласці і гады. І калі мы чуем ад некага пра тое, што “у Бабруйску няма чаго глядзець, гэта шэры, правінцыйны горад” ды іншую лухту, разумеем адно: гэты чалавек анічога не ведае пра наш горад. Ані каліва.

Пра тое, што ў Бабруйску ў паветры лунае своеасаблівая магія, мы зразумелі даўно. Але неяк саромеліся пра гэта гучна заяўляць, бо ў Беларусі ёсць Гародня, якой усе захапляюцца, каралеўскі горад, а наш асацыюецца з расейскай імперыяй ды крэпасцю, дзеля якой быў знішчаны стары цэнтр. І вось, адным сонечным днём, у Бабруйск з выступам прыехалі вядомыя літаратары з Мінска. Яны паспелі пашпацыраваць па горадзе, паслухалі мяцовыя гісторыі і легенды. “Бабруйск – магічны” – падсумавалі пасля свае ўражанні госці. Не будзем хаваць, нам было радасна гэта чуць.

А яшчэ праз нейкі час дзве бабруйчанкі, сярод якіх была адна з аўтарак гэтага падкаста, стварылі лекцыю “Магічны Бабруйск” ды з’ездзілі з ёй у некалькі гарадоў. Прыгадваецца, што нават у Мінску і Гародні слухачы былі ўражаныя тым, колькі цікавага ёсць у Бабруйску, і, цытуючы Ільфа і Пятрова, былі гатовыя ехаць туды проста цяпер.

Бабруйск адметны і тым, што мясцовыя краязнаўцы ды гісторыкі даволі часта не пагаджаюцца адно з адным наконт звестак пра горад. Першыя будуць даводзіць, што тут былі падземныя хады праз Бярэзіну, другія – што гэта лухта. Адны – што крэпасць знішчыла горад, другія – што ўзбагаціла і дала штуршок для развіцця. І гэтак па многіх і многіх пытаннях.

Мы ж хочам расказваць гарадскія міфы і легенды, не больш. Бо гэта і ёсць тое, што любое месца ў свеце робіць прывабным і магічным.

Пра што першы выпуск?

Бабруйск перажыў цікавую гісторыю, мяняліся дзяржавы, у склад якіх ён уваходзіў, мяняліся гаспадары. У гэтым падкасце – гісторыя пра тое, як нашым горадам валодала каралева Рэната Цэцылія, дачка імператара Свяшчэннай  Рымскай імперыі. Чаму ёй не даспадобы прыйшоўся наш горад, і яна вырашыла будаваць новы, перацягнуўшы туды жыхароў Бабруйска? І як у выніку маскоўскія войскі зруйнавалі абодва гарады, але наш адрадзіўся. Пра ўсё гэта – у падкасце “Міфічны Бабруйск“. Слухай таксама на пляцоўках:

Чакаем твае прапановы і каментары да падккаста ў Інстаграм