У Бабруйску зрабілі «патрыятычны пляж», у чырвона-зялёных колерах і з трактарамі. Але гараджане яго засмецілі

 

Але спачатку разбярэмся, што зрабілі на самым старым бабруйскім пляжы камунальнікі. Як пісала газета «Вячэрні Бабруйск», тут пафарбавалі распранальні, ценявыя падстрэшкі (тыя самыя парасончыкі ў форме кветак), адпампавалі і пачысцілі прыбіральні, выставілі кантэйнеры для цвёрдых адходаў, пакасілі траву, узялі пробы вады, правялі апрацоўку ад кляшчоў.

 

 

Самыя кардынальныя змены можна назіраць каля пляцоўкі для пляжнага валейбола. Тут усталявалі металічны плот, трыбуну ў чырвона-зялёных колерах, распранальні, спонсарам якіх, падобна, выступіў бабаруйскі трактарны завод. Таксама тут зʼявіўся новы ходнік, перафарбавалі прыступкі, што вядуць у санаторый. І цяпер выглядае гэтае месца, як з падручніка па ідэалогіі. Так, чыста, так – акуратна, але ад эстэтыкі, утульнасці – вельмі далёка. На жаль, нават старыя, мілыя фантанчыкі замянілі на новыя, якія, безумоўна, выконваюць свае функцыі, але без разынкі.

 

 

На шчасце, камунальнікі не чапаюць дрэвы, што ўтварылі прыемную алейку і ў якіх, як сцвярджаюць арнітолагі, жывуць совы.

 

На фота: тыя самыя адпампаваныя прыбіральні – раней пах было чуваць метраў за пяць. 

 

 

На спартовую пляцоўку ў стылі 80-х не хапіла чырвонай і зялёнай фарбы, а старая лупіцца і выглядае непрывабна. А магчыма, нават небяспечна, бо можа параніць скуру ў час заняткаў.

 

 

Так вось, бляск на пляжы навялі, але штось пайшло не так. Як піша вышэйузгаданы «Вячэрні Бабруйск», наведнікі пляжа пачалі скардзіцца, што ён брудны. «Бераг у жахлівым стане, як быццам тут ніколі не прыбіраюць, антысанітарыя поўная! Такіх аскепкаў, як на фота, я сабрала і вынесла некалькі. Па такім пяску можна парэзаць ногі на раз!» – цытуе выданне паведамленне чытачкі.

 

На фота з інстаграма “ВБ” шкло, якое знайшла чытачка ў пяску на пляжы.

 

У каментарах пішуць, што сама рака не пачышчаная, людзі, што купаліся, рэзалі ногі аб банкі, а дзеці выцягнулі на бераг шыну. Але сам пляж, падобна, паспелі засмеціць самі наведнікі, «бо ў траўні там было чыста», – сцвярджаюць іншыя бабруйцы.

Пакуль каментатары высвятляюць, хто вінаваты, мы заўважылі ў інтэрнэце ініцыятыву мясцовых экаваланцёраў eco.bobr, якая заклікае разам прыбраць пляж 23 чэрвеня:

«На тэрыторыі пляжа каля санаторыя імя Леніна сабралася шмат смецця. Для нас цалкам нармальна зрабіць добраахвотны рэйд па пляжы і ачысціць яго сумеснымі намаганнямі з неабыякавымі гараджанамі. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел, а 18-й гадзіне збіраемся на трыбунах каля санаторыя Леніна».

Валанцёры раяць захапіць пальчаткі, пакеты для смецця, тканевыя мяхі і разнастайныя прыстасаванні, што дапамогуць здабываць цяжкадаступны смецце, па магчымасці – шуфлік, мяцёлку, шчоткі.