У вёсцы Каменка ўшанавалі памяць ахвяраў Бабруйскага гета

У нядзелю, 4 лістапада ў вёсцы Каменка Бабруйскага раёну прайшлі традыцыйныя штогадовыя мерапрыемствы з нагоды гадавіны расстрэлу гета ці дня памяці яго ахвяраў, які адзначаецца 7 лістапада. Распавядаем пра масавыя забойствы габрэяў у нашым горадзе падчас Другой сусветнай вайны.

Калаж: 1387

У пакоях – па 16 чалавек, забаранялі мыцца і гатаваць ежу

Як ў папярэднія гады, памятная акцыя распачалася каля помніка вязням Бабруйскага гета на вуліцы Бахарава каля заводу ТДіА. Далей быў жалобны мітынг з ускладаннем кветак каля мемарыялу ў Каменцы. Апошняй кропкай для наведвання стала Алея праведнікаў, дзе ўдзельнікі ўзгадалі бабруйцаў, якія ратавалі габрэяў ад генацыду падчас Другой сусветнай вайны.

Бабруйскае гета існавала з 1 жніўня па 30 снежня 1941 года. Гэта было месца, дзе прымусова размесцілі габрэяў Бабруйска і бліжэйшых населеных пунктаў.

Паводле перапісу, напярэдадні Другой сусветнай вайны, у 1939 годзе ў Бабруйску пражывалі 26 703 габрэя ці 31,6% ад агульнай колькасці жыхароў (84 107 чалавек). Колькі з іх засталося ў горадзе на момант акупацыі 28 чэрвеня 1941 года – дакладна невядома.

1 жніўня 1941 года акупацыйныя нацысцкія ўлады выдалі абвестку аб абавязковым перасяленні габрэяў у гета. Гэты працэс цягнуўся больш за 10 дзён, бо габрэі спрабавалі ўцякаць. Гета было створана ў межах вуліц Новашасейнай, Затурэнскага і Баброва. Бабруйскае гета было «закрытага тыпу» – яно было абгароджана, ахоўвалася і выхад з яго забараняўся.

У гета засялялі па 10 – 16 чалавек у пакоі. Забаранялася тапіць печы, мыцца і гатаваць ежу. Жыхары гета па начох уцякалі і абменьвалі рэчы на прадукты харчавання. Тых, каго хапалі на гэтым, расстрэльвалі на месцы.

Перад расстрэлам распраналі

Насельнікаў гета прымушалі да цяжкай фізічнай працы. Іх выкарыстоўвалі на земляных працах па ўзвядзенні дотаў і равоў ля чыгункі, прыцягвалі да нацысцкай версіі сапёрных работаў – людзей запрагалі ў бароны і яны цягнулі іх па мінным полі. Многія гінулі, падрываючыся на мінах, а на тых, хто спрабаваў схавацца, нацкоўвалі сабак.

Акупанты часова выкарыстоўвалі кваліфікаваных габрэяў – вязні гета працавалі на гарадскім прамкамбінаце, камбінаце райсабесу, у майстэрні па вытворчасці трунаў (памяшканне былой фабрыкі «Чырвоны мэбельшчык»), Цітаўскай салатопцы.

Калаж: 1387

Амаль адразу ў гета пачаліся масавыя расстрэлы. Паводле некаторых звестак, ужо толькі ў ліпені 1941 года былі забітыя каля 10 тысячаў бабруйскіх габрэяў. У верасні-кастрычніку 1941 года былі здзейсненыя тры масавыя расстрэлы, падчас якіх былі забітыя 407, 380 і 418 габрэяў. Найбольш масавы расстрэл адбыўся ў верасні 1941 года – тады на тэрыторыі аэрадрома былі забітыя каля 7000 бабруйскіх габрэяў.

Канчатковае знішчэнне гета праводзілася 7 – 8 лістапада 1941 г. Раніцай беларускія паліцаі і нямецкія салдаты ўварваліся ў гета і выгналі габрэяў. З мэтай утойвання сапраўднай прычыны, людзям абвясцілі пра паездку ў Палестыну.

Месца запланаванага забойства знаходзілася за дзевяць кіламетраў ад Бабруйска, недалёка ад шашы на Слуцк. Габрэяў збівалі прыкладамі вінтовак і заганялі ў машыны, якія адпраўляліся да вёскі Каменка. Там загадзя выкапалі тры вялікія ямы. На месцы з габрэяў спачатку здымалі адзенне і абутак, а затым забівалі групамі. Агулам у тыя два дні былі забітыя каля 10 тысяч чалавек.

Памяць

Ушанаванне памяці ахвяраў гета ля мемарыялу ў Каменцы, 4 лістапада 2024 года. Фота: Вечерний Бобруйск

Акрамя Каменкі, ля Бабруйска былі яшчэ месцы масавага забойства габрэяў: урочышча “Лысая гара” каля вёскі Яловікі, тэрыторыя гарадскіх габрэйскіх могілак.

Рэшткі расстраляных у Яловіках былі знойдзеныя падчас будаўніцтва “Белшыны” – іх пахавалі таксама ў Каменцы.

Агульная колькасць забітых габрэяў Бабруйска складае прыкладна 25 тысячаў чалавек. Дакладная колькасць вязняў, якія выжылі, не вызначаная, вядомыя толькі адзінкавыя выпадкі.

У 1978 годзе ў Каменцы намаганнямі габрэйскай абшчыны быў усталяваны мемарыял, ля якога штогод праводзяцца жалобныя мерапрыемствы. Сёлета памятная акцыя не была маштабнай, бо неўзабаве, 27 студзеня 2025 года Бабруйск стане цэнтрам мерапрыемстваў з нагоды Міжнароднага дню памяці ахвяраў Халакосту. Чакаецца, што яго наведае шмат гасцей з розных краінаў.

 

Цікавае

Спецпраекты