Нядаўна мы расказвалі пра тое, чаму шыльда з, на шчасце ўжо не існуючай назвай вуліцы – Мураўёўская, для беларусаў абсалютна непрымальная. Калі сцісла: засланы імперыяй на «северо-западный край» генерал-губернатар меў мянушку «вешальнік» і рабіў усё магчымае, каб нас і нашай культуры не існавала.
Але і сярод сённяшніх бабруйскіх тапонімаў хапае спрэчных ды недарэчных. Наагул, большасць назваў носіць імёны чужынцаў, што не мелі да горада ніякага дачынення, а некаторыя з іх нават адзначыліся тым, што паслядоўна знішчалі мясцовае насельніцтва ў імя ўсё той жа адной імперыі, хоць і пад рознымі соусамі.
Чужыя імёны
І пачнем з імёнаў людзей, якія пры ўсіх сваіх талентах ды заслугах, не маюць да Бабруйска аніякага дачынення. Вось толькі некалькі яскравых прыкладаў.
Вуліца імя кампазітара Чайкоўскага, які меў украінскія, французскія ды аўстрыйскія карані, нарадзіўся ва Удмурціі, і, судзячы па яго біяграфіі, не тое што ў Бабруйску, на тэрыторыі Беларусі ніколі не быў.
Сяргей Чаплыгін – савецкі механік, матэматык, нарадзіўся і жыў на тэрыторыі Расіі, мы не знайшлі звестак пра тое, каб ён хоць калі прыязджаў у Беларусь.
Пісьменнік Мікалай Гогаль – нарадзіўся ва Украіне, памёр у Расіі, быў у Беларусі праездам у Варшаву. У Бабруйск, на жаль, не заскочыў.
Іван Крылоў – пісьменнік, нарадзіўся і памёр у Расіі, мы не знайшлі звесткі, ці быў ён хоць калі ў Беларусі.
Быў у Беларусі, але не заязджаў у Бабруйск паэт Уладзімір Маякоўскі. Зусім не наведвалі нашу краіну, і, суадносна, горад – пісьменнік Міхаіл Лермантаў, мастакі Іван Шышкін ды Ілля Рэпін, паэт Кандрацій Рылееў, вучоны Дзмітрый Мендзялееў… І гэтак далей. Цяжка зразумець логіку, па якой абіраліся гэтыя персоны дзеля ўшанавання ў нашым горадзе.
Пры гэтым ты не ўбачыш на шыльдачках імя паэткі Зінаіды Гіпіус, якая ў 1919 годзе бавіла ў Бабруйску некалькі дзён ды ад’ядалася – бо ў тагачасным «чырвоным» Пецярбургу была праблема з прадуктамі і наагул з усім. Станоўчыя ўражанні ад нашага горада, які Гіпіус параўнала з Парыжам, яна апісала ў сваіх дзённіках.
Ці – Сяргея Пясецкага, якога палякі лічаць сваім, хоць і нарадзіўся ён у Ляхавічах, пісаў пра Беларусь, і ў тым ліку ўзгадваў у кнізе «Багам ночы роўныя» візіт у Бабруйск.
А пры чым тут Пушкін?
«А посуд хто замест цябе будзе мыць, Пушкін?!» Можа памятаеш гэтага паўсюднага «пушкіна», які нібыта мусіў выконваць за цябе нейкія заданні паводле іранічных заўвагаў бацькоў ці настаўніц(каў)? Дык вось, складваецца ўражанне, што такім жа чынам савецкія функцыянеры надавалі назвы вуліцам для нас, «братоў меншых». Калі нейкія там местачковыя Алаізы Пашкевічы ды Уладзіміры Караткевічы падаваліся не надта велічнымі, каб называць іх імёнамі буйныя вуліцы, на дапамогу прыходзіў ён – універсальны Пушкін!
Зараз некаторыя бабруйцы, што чытаюць гэты тэкст, пачнуць казаць: «А як жа ўнучка? Унучка Пушкіна жыла ў Бабруйску!»
Так, сапраўды жыла. Але была яна самастойнай асобай, з уласным імем і прозвішчам – Наталля Варанцова-Вельямінава. І, судзячы па ўспамінах аб ёй, сапраўды шанавала зямлю, на якую прыехала жыць, ды яе людзей.
Народжаная ў Санкт-Пецярбургу Наталля выйшла замуж за ўраджэнца Бабруйшчыны – Паўла Варанцова-Вельмінава, ды пасялілася ў сямейным маёнтку сужэнца ў Вавулічах (сёння вёска Дубаўка). Тут жа з’явіліся на свет і выраслі іх дзеці ды ўнукі. Пра Наталлю ў мясцовых жыхароў засталася добрая памяць. Яна шмат займалася дабрачыннасцю, напрыклад, дапамагала сялянскім дзяўчаткам атрымаць адукацыю ды прафесію, садзейнічала будаўніцтву школы і царквы ў Цялушы, спрыяла бедным сем’ям у будаўніцтве жылля, у набыцці неабходных рэчаў, ежы і лекаў.
А ў Бабруйску сям’я Варанцовых-Вельмінавых мела дом, на месцы якога сёння Палац шлюбаў, кажуць, што менавіта з іх ініцыятывы былі высаджаныя першыя ў горадзе каштаны, а сама Наталля марыла пра з’яўленне тут бібліятэкі імя свайго дзеда. Задуму ажыццявілі яе дзеці, але бібліятэка, разам з каштоўнымі кнігамі, была знішчаная ў часы Другой сусветнай вайны. Сама ж Наталля памерла ад запалення лёгкіх ва ўзросце 53 гадоў, пахаваная ў Цялушы.
Напэўна, яе нашчадкі працягвалі б жыць у Бабруйску і да сёння, але рэвалюцыя ўнесла карэктывы – адзін з сыноў паспеў эміграваць у Францыю (другі загінуў яшчэ ў час Першай сусветнай вайны), дачка памерла падчас спробы перайсці мяжу, і яшчэ дзве дочкі з сем’ямі былі рэпрэсаваныя бальшавікамі.
Таму цалкам лагічна, калі б адна з вуліцаў Бабруйска насіла імя самой Наталлі Варанцовай-Вельямінавай, а не ейнага дзеда, які непасрэдна не мае дачынення да горада. Бо, калі абапірацца выключна на логіку сваяцтва, адна з вуліц горада мусіла б, напрыклад, насіць імя Зоські Верас, бо ейны каханы і бацька яе сына Фабіян Шантыр (беларускі паэт і публіцыст) служыў у Бабруйску наглядчыкам палявога шпіталя. Дзеля яго і сама Людвіка Сівіцкая наведвала наш горад. Але ні вуліц Шантыра, ні Верас-Сівіцкай у нас, чамусьці, няма.
Як няма і вуліцы імя Стывена Тайлера, вакаліста гурта «Aerosmith», а ягоны дзед – Фелікс Чарнышэвіч, жыў і вучыўся ў нашым горадзе да эміграцыі ў ЗША. Як і няма вуліцы, названай у гонар стрыечнага дзеда Тайлера – Фларыяна Чарнышэвіча, які не толькі нарадзіўся, вучыўся і жыў на Бабруйшчыне да эміграцыі ў Аргентыну, а яшчэ і напісаў кнігу «Надбярэзінцы», у якой апісаў сваю малую радзіму.
А колькі мясцовых?
Калі казаць пра назвы ў гонар мясцовых жыхароў, то іх вобмаль. Адна з кропак – завулак імя Аляксандра Непагодзіна, удзельніка камуністычнага падполля ў часы грамадзянскай вайны. Ён нарадзіўся ў Бабруйску, працаваў у друкарні Гілера Фрыдлянда – якая сёння носіць імя Непагодзіна.
У перыяд, калі наш горад быў захоплены палякамі (1919-20 г.) Аляксандр таемна, на працоўным месцы, вырабляў улёткі, пракламацыі, у чым яму дапамагала, рызыкуючы жыццём, жонка – Соф’я Дубровінская (але яе імя на шыльдах вы не знойдзеце). Неяк Непагодзіну выпала друкаваць звесткі дыслакацыі польскіх войскаў, яму вельмі хацелася пакінуць адзін экзэмпляр для падполля, але за працэсам сачыў наглядчык. Тады Аляксандр прагнаў ухаластую рамку з наборам, перавёў адбітак на паперу і перадаў паплечнікам. Але на паверхні барабана друкавальнага станка застаўся тэкст, па якім актывіста вылічылі, жорстка катавалі і забілі як ворага польскай улады.
Непагодзіна расстралялі разам з яшчэ адным бабруйцам – Герасімам Адзярыхам. Ён таксама ўдзельнічаў у падполлі, а працаваў, як нескладана здагадацца, на маслабойным заводзе Ізраіля Віленскага. Пасля таго, як усе прадпрыемствы паспяхова «раскулачылі», імя купца замянілі на імя загінулага Герасіма. А сёння, хоць завод і не носіць імя Адзярыхі, выпускае пад гандлёвай маркай «Одеріха» лінейку раслінных алеяў. Таксама ў гонар бабруйца названая вуліца ў Першамайскім раёне.
На Фарштаце ёсць завулак імя Аляксея Сямёнава –
бабруйца, які служыў у часы Другой сусветнай вайны сапёрам, атрымаў інваліднасць ды званне поўнага кавалера ордэна Славы. Па вайне вярнуўся ў Бабруйск, але здароўе яго было вельмі слабым, ён пражыў усяго 30 год.
Таксама ў Бабруйску маецца вуліца, якая носіць імя інжынера ды каменданта крэпасці – Карла Берга. Ён займаў гэтую пасаду 20 год і пахаваны на Мінскіх могілках у нашым горадзе. Мае сваю вуліцу і Гаўрыла Ігнацьеў – яшчэ адзін ушанаваны служка імперыі – быў бабруйскім ваенным губернатарам у часы вайны 1812 года, але пахаваны ў Пецярбургу. Сюды ж можна аднесці Карла Апермана – кіраўніка будаўніцтва крэпасці, ды адзінага сярод вышэйпералічаных беларуса – Тэадора Нарбута, аўтара праекту цытадэлі (і, суадносна зачысткі старога Бабруйска).
Ёсць у Бабруйску невялічкая вуліца, што носіць імя Дуніна-Марцінкевіча – яна размяшчаецца на тэрыторыі крэпасці і, падаецца, вядомая толькі вузкаму колу мясцовых, а таксама не мае ніводнай афіцыйнай шыльды.
І крыху жаночых імёнаў –
якіх у бабруйскіх тапонімах наагул вельмі і вельмі мала. Гэта вуліца імя Марыі Бабровай, удзельніцы бальшавіцкага падполля ў часы акупацыі палякамі. За арганізацыю партызанскіх атрадаў дзяўчыну жорстка катавалі – і нават на месца расстрэлу прынеслі, а пасля прывязалі да дрэва. Марыя пахаваная разам з паплечнікамі ў брацкай магіле на вуліцы Крупскай (жонкі Леніна).
У гонар Веры Харужай назвалі не толькі вуліцу, але і школу. Наагул, жыццю гэтай бабруйчанкі цяжка прысвяціць пару радкоў – настолькі яно было падобным да прыгодніцкага фільму! Вера літаральна ахвяравала сабой і сям’ёй дзеля ўласных ідэалаў, сядзела ў польскай турме, пасля яе арыштоўваў НКУС праз падазрэнне ў шпіянажы. Пасля вызвалення Харужая цяжарнай удзельнічала ў Другой сусветнай вайне, і калі яе адправілі ў рэзерв у Расію, вельмі пераймалася думкай, што недзе там вораг «топча родную Беларусь». Пасля нараджэння сына Вера паехала ў Віцебск і актыўна ўдзельнічала ў падполлі. Пасля арышту яе змясцілі ў турму для небяспечных злачынцаў, катавалі і пакаралі смерцю разам з паплечнікамі.
Платон Галавач
Яшчэ адзін чалавек, які мае дачыненне да нашага горада – ураджэнец Пабокавічаў (Бабруйскі раён) Платон Галавач. Ён быў актывістам ды карэспандэнтам мясцовай газеты «Камуніст», па рэкамендацыі Харужай выправіўся на вучобу, каб расці па партыйнай лініі. Платон пісаў уласныя творы, а таксама рэдагаваў літаратурныя часопісы, увайшоў у Саюз пісьменнікаў. У 1937 годзе быў арыштаваны НКУС разам з іншымі беларускімі творцамі. Тройка на судзе, які доўжыўся ўсяго 15 хвілін, вынесла Галавачу смяротны вырак, як «удзельніку тэрарыстычнай групоўкі» ды за «правядзенне нямецка-фашысцкай дзейнасці». Яго жонку Ніку пакаралі канцлагерам. Абое рэабілітаваныя толькі ў 50-х гадах.
Вуліца Саламона Гарэліка, вайскоўца і героя Савецкага саюза, ёсць у Кісялевічах. Нарадзіўся бабруец у габрэйскай сям’і, яго бацька займаўся гарбарствам. А сам хлопчык ужо ў 11 год быў вядомы як здольны манцёр ды механік. У час вайны быў намеснікам камандзіра танкавай брыгады і загінуў у баі. Стаў першым з ураджэнцаў Бабруйска, хто атрымаў званне Героя.
Міхась Лынкоў, хоць і не нарадзіўся ў Бабруйску, але працаваў у мясцовай газеце «Камуніст», для якой зрабіў літаратурнае ўкладанне «Вясна», арганізаваў філіял «Маладняка», але галоўнае – менавіта ў нашым горадзе ён адчуў сябе пісьменнікам.
Яшчэ адзін не мясцовы творца, ураджэнец Санкт-Пецярбурга Яўген Цікоцкі, таксама ўвайшоў у гісторыю Бабруйска і наагул – Беларусі. Яго імя носіць вуліца, а таксама музычная школа ў нашым горадзе – якую ён і стварыў. Бабруйск кампазітар называў «другой радзімай», а пасля пераезду ў Мінск прысвяціў нямала твораў беларускай тэматыцы ды фальклору.
Што ж тычыцца наагул вядомых беларусаў, то іх, у адрозненні ад чужынцаў, можна пералічыць на пальцах аднае рукі. Варта адзначыць, што і самі вуліцы, называныя ў іх гонар, знаходзяцца не ў цэнтры і даволі малыя: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага ды Францішка Багушэвіча.
Чэкісты, тэрарысты, забойцы і чужыя «героі»
Адна з вялікіх гарадскіх вуліц носіць імя чэкіста Маісея Урыцкага. Нарадзіўся ён ва Украіне, быў забіты ў Петраградзе. Паводле некаторых звестак, быў актыўным удзельнікам жорсткіх рэпрэсій, але ёсць крыніцы, якія сведчаць, што Урыцкі быў супраць гвалту, а «чырвоны тэрор» пачаўся ўжо пасля яго смерці. Забіў жа «вампіра» паэт Леанід Канегісер « у надзеі ўзнавіць добрае імя рускіх габрэяў». Але якое дачыненне мае ўся гэтая гісторыя да Бабруйска? Загадка.
А вось імем Сцяпана Халтурына ў Бабруйску была названая не толькі вуліца, але і мэблевая фабрыка. Нарадзіўся ён у Расіі, стаў вядомы дзякуючы выбуху ў Зімовым палацы, якім планаваў знішчыць цара, але забіў 11 жаўнераў і параніў 56 чалавек. Сцяпана арыштавалі ў Адэсе – ён удзельнічаў у забойстве пракурора, але быў, разам з паплечнікам, затрыманы мінакамі і пасля павешаны.
Вуліца Фелікса Дзяржынскага – адна з цэнтральных, а носіць імя чалавека, праз якога загінулі сотні тысяч ні ў чым невінаватых людзей – бо менавіта ён кіраваў дзвюма першымі савецкімі арганізацыямі дзяржаўнай бяспекі, ЧК і ОГПУ, а таксама стварыў таемную паліцыю для савецкага рэжыму. Дарэчы, нарадзіўся будучы «бацька тэрора» у сённяшняй Мінскай вобласці, але паходзіў з польскага шляхецкага рода, праз што меў складанасці з рускай мовай у час навучання ў Віленскай гімназіі.
У Бабруйску няма вуліцы імя Кастуся Каліноўскага, які змагаўся з царскім рэжымам, але ёсць вуліцы, названыя ў гонар чужых герояў – Емяльяна Пугачова ды Сцяпана Разіна.
Але яшчэ больш дзіўна, што ў нашым горадзе няма вуліцы беларускага героя Тадэвуша Касцюшкі, які шануецца амаль ва ўсім свеце, але ёсць – чужых Суворава ды Кутузава, з якімі, акурат, Касцюшка і змагаўся. І працягваць гэты шэраг можна яшчэ доўга…
Савецкі горад падполля ды вайны
На жаль, менавіта такое ўражанне складваецца пра Бабруйск, калі прабегчыся па назвах вуліц. Беларускі след захаваўся, хіба што, у назвах прыватнага сектара. Нават новыя назвы, якія адносна нядаўна з’явіліся на мапе горада – прысвечаныя гарадам-пабрацімам з Расіі, Балгарыі ды Славакіі.
То яно і не дзіўна, што хтосьці называе Бабруйск «горадам без гісторыі» ці «горадам, гісторыя ў якім пачалася з часоў Кацярыны». Бо нам сістэматычна замянялі і працягваюць замяняць сваіх – на чужых.
А што думаеш на гэты конт ты? Пішы ў нашым інстаграм.