Канцэрт гурта будзе складацца з трох частак, і пачнецца з прагляду на вялікім экране кароткаметражнага фільма “Дзякуй”, які зняў 17-гадовы Сцяпан Сцепаненка разам з бацькам і гуртом “КаS”. І прысвечаная стужка тэме бацькоў.
У другой частцы бабруйцаў чакае вялікі сольны канцэрт гурта, дзе музыкі абяцаюць зарадзіць усіх дабрынёй і пазітывам праз свае песні, як яны самі кажуць “з беларускім каларытам”. І трэцяя частка – гэта расповеды аднаго з удзельнікаў “КаS” – Сашы “Родны край”, пра самыя цікавыя месцы ў Беларусі.
Хто ж такія “КаS”? Гурт быў заснаваны ў 2017 годзе Аляксандрам Віскуном. За час існавання музыкі знялі кліпы на песні “Ровар”, “Холадна”, “Handmade”, кароткаметражны фільм “Дзякуй”, ды запісалі поўнафарматныя альбомы “На адным подыху”, “Handmade”, адыгралі мноства канцэртаў па ўсёй Беларусі.
Часам можна сустрэць такое вызначэнне стылю гурта – “беларускі народны рок”. Самі ж “КаS” кажуць, што выконваюць песні, у які ёсць “пазітыў і душэўнасць, весялосць і сляза ад моцных эмоцый”.
“Тэмы для песень прыходзяць, як сігналы з космасу. Яны пра ўсё роднае, блізкае, па цёпламу сваё”, – тлумачыць як ствараюцца іх хіты Аляксандр Віскун.
Перад бабруйскім канцэртам “КаS” знялі некалькі відэа ў мясцовых лакацыях – у дворыку Порт-Артура, каля гатэлю “Беразіна і Еўрапейская”, а таксама з бабром – куды ж без яго.
– Хоць бабруйцаў сярод нас няма, горад падаўся вельмі прыгожым і класным, аж самому тут нарадзіцца і жыць захацелася, – пракаментаваў Аляксандр Віскун знаёмства з Бабруйскам.
Калі: 21 верасня 2024 г. Пачатак кінаканцэрту а 18.00
Дзе: Тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча. Квіткі можна набыць тут.