На фота: Юлія Саковіч. Крыніца: Пікнічок
У пачатку эфіра Юлія Саковіч расказала пра апытанне сярод падпісчыкаў, з якога даведалася, што большасць проста не ведае, як утылізаваць медыкаменты без шкоды для экалогіі.
Вікторыя Калач расказала пра праект, якім яна кіравала амаль два гады. Яго мэта – зніжэнне ўплыву медыкаментаў на здароўе чалавека – шляхам збора і ўтылізацыі, а таксама праз змену культуры спажывання лекаў сярод беларусаў.
– Пачалося ўсё з неабходнасці ўтылізаваць лекі з хатняй аптэчкі. Бо мы з мужам ужо былі ў экаруху і для нас было важна зрабіць гэта правільна, – тлумачыць Вікторыя. – Пачалі вывучаць публікацыі, вопыт суседніх краін, а таксама зразумелі, што беларусы сапраўды не ведаюць, што рабіць з пратэрмінаванымі лекамі. Бо мы займаемся пытаннем утылізацыі менавіта бытавых медыкаментаў. А яны забруджваюць глебу, ваду, уплываюць на рэпрадукцыю амфібій, рыбаў, на здароўе птушак, на змены ў паводзінах жывёлаў. Гарадскія ачыстныя сістэмы таксама не здольныя цалкам вызваліць ваду ад фармпрэпартаў – каля 10-20 працэнтаў забруджванняў усё адно застаецца, і трапляе ў наш арганізм разам з пітной вадой. І мы спажываем гэтыя мікрадозы лекаў, якія, цягам некалькіх год, нясуць небяспеку здароўю. Напрыклад, гарманальныя прэпараты могуць выклікаць праблемы рэпрадуктыўнага характара, антыбіётыкі прывесці да рэзістэнтнасці арганізма – развіваецца ўстойлівасць да іх. Таксама пастаянны кантакт з лекамі вядзе да развіцця алергічных рэакцый. Гэта ўсё пацверджана даследаваннямі.
На фота: Вікторыя Калач з сабранымі медыкаментамі. Крыніца: Экацэнтр
Калі экаактывісты пачыналі працаваць з гэтай праблемай, сутыкнуліся з двума асноўнымі пытаннямі – адсутнасць законаў, якія б рэгулявалі ўтылізацыю і нябачнасць праблемы. Тэма знаходзілася ў юрысдыкцыі трох міністэрстваў – ЖКГ, мінпрыроды, мінздароўя. І ў валанцёраў не было дакладнага разумення – хто чым займаецца.
– Нябачнасць праблемы вельмі перашкаджала. Бо калі ты глядзіш у вакно і бачыш гару смецця, разумееш: «З гэтым трэба нешта рабіць». А калі справа тычыцца жменькі таблетак, гісторыя іншая. Тут трэба браць маштаб краіны, бо калі кожны выкіне нават па таблетцы, атрымаецца некалькі дзясяткаў тон у год, – кажа Вікторыя. – А праблема прывыкання да антыбіётыкаў нават Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ўздымаецца сярод першачарговых. Таму асноўнае, што мой муж Яўген (а ён і распачаў кампанію ў Баранавічах) жадаў зрабіць – усталяваць кантэйнеры для збора медыкаментаў насельніцтвам. А таксама інфармаваць людзей.
Да нас пачалі звяртацца экаактывісты з іншых гарадоў, з просьбай падзяліцца вопытам і дапамагчы. Так мы і вырашылі распрацаваць і запусціць маштабны пілотны праект. Для гэтага трэба было стварыць сістэму асобнага збора і ўтылізацыі медыкаментаў, правесці навуковыя сацдаследаванні, падвысіць інфармаванасць насельніцтва і ўтылізаваць сабраныя лекі шляхам спальвання ў спецыяльных умовах. То-бок, у печцы дома іх спальваць нельга.
Экаактывісты ўсталявалі 50 кантэйнераў па ўсёй Беларусі, усе адрасы можна знайсці на сайце праекта. За 16 месяцаў яны сабралі больш 640 кг пратэрмінаваных медыкаментаў.
У траўні бягучага года праект скончыўся, але валанцёры перадалі пункты збора медычным установам бескаштоўна. І сёння больш за 30 з іх працягваюць працаваць – самастойна збіраюць і адпраўляюць на ўтылізацыю лекі.
Што яшчэ паспелі зрабіць экаактвісты? Гэта коміксы і мульцікі на тэму ўтылізацыі медыкаментаў (паглядзець іх можна на ютубе), навуковы фільм, а таксама дапаможнікі для школьнікаў, тэматычныя плакаты. Яны сустрэліся з сотнямі людзей, каб паразмаўляць на хвалюючую тэму, у тым ліку з чыноўнікамі – дзякуючы чаму з’явіўся тэхнічны кодэкс. А адказнасць за ўтылізацыю цяпер нясуць гарадскія ўлады, да іх і трэба звяртацца, калі вы жадаеце, каб недзе з’явіўся спецкантэйнер.
Фота: Пікнічок
Як мы можам дапамагчы вырашэнню праблемы?
- Не скупаць бяздумна лекі ў аптэках.
- Правільна захоўваць лекі, каб яны не сапсаваліся раней тэрміну.
- Не забываць піць выпісаныя лекі курсамі, не прапускаць прыёмы, каб яны сапраўды ішлі на карысць.
- Правільна ўтылізаваць пратэрмінаваныя лекі.
– Самыя старыя лекі, якія нам прынеслі, былі датаваныя 1987 годам, – кажа Вікторыя. – А ў лідарах па колькасці – прэпараты для захворванняў сэрца.
Што можна выкідваць у кантэйнер:
аэразолі, кроплі, мазі, свечкі, таблеткі, капсулы, суспензіі.
Дзе знайсці спецкантэйнеры ў Бабруйску:
50 год ВЛКСМ-18 (паліклініка №6)
пр. Будаўнікоў-37 (паліклініка №7)
Паглядзець эфір цалкам можна па гэтай спасылцы.