Ваколіцы Бабруйска і раён: куды варта зганяць гэтым летам

Абавязкова пішы ў каментарах свае рэкамендацыі. А пакуль – паа-аа-ехалі!

by alesia.oj

Не атрымліваецца гэтым летам выбрацца на мора ці ў горы? Не сумуй! Прапануем табе некалькі месцаў у межах Бабруйска і недалёка ад яго, дзе можна цікава бавіць выходныя дні. Абавязкова пішы ў каментарах свае рэкамендацыі. А пакуль – паа-аа-ехалі!

Зладзіць сабе «загрузачны дзень» і наесціся смажанак на іх радзіме

Гэта сёння кіраўскімі смажанкамі можна пачаставацца ў Бабруйску. Але сапраўдныя аматары ўсё адно будуць круціць носам і казаць: «Нешта не тое». Бо сапраўдныя, гарачыя, духмяныя кіраўскія смажанкі могуць з’явіцца на свет толькі на сваёй радзіме – у Кіраўску. То і выпраўляйся туды.

Фота: Аляксей Сталяроў

Дарэчы, рэйтынг «Смажанкі» ў гугл – 4,6 (а на яндэксе моцная «пяцёрка»), кавярні пакінулі ажно 1 774 водгукі. І працуе кропка штодня з 8 раніцы да 00.00 (панядзелак да 22.00). У меню – смажанкі з лісічкамі, свіным ці курыным фаршам, вяндлінай, крэветкамі, кальмарамі. Але. Калі ты не любіш маянэз, папярэджваем – ён прысутнічае ў кожным з відаў.

 

Калі лянота выбірацца з горада, але хочацца ўбачыць штось цікавае – разглядай ліштвы

Мы неяк рабілі вялікі матэрыял, прысвечаны ліштвам Фарштата,  а таксама размаўлялі з Мікалаем Сікорскім, які фатаграфуе ліштвы па ўсёй Беларусі. Пазнаёміцца з ім можна па гэтай спасылцы.  А яшчэ лепей – прайсціся самім па прыватным сектары, паназіраць за ліштвамі, якія пакуль захаваліся – а іх з кожным годам робіцца ўсё менш. Паспрабаваць «расчытаць» малюнкі, якія стваралі майстры, пафантазіраваць, якія сэнсы яны ў іх укладалі.

Фота: 1387.io

Дарэчы, калі паедзеш па смажанку ў Кіраўск, там таксама шмат цікавых ліштваў, а яшчэ – мазаіка, проста на ў’ездзе ў горад. 

 

Убачыць ваколіцы Бярэзіны і закахацца ў іх

Пейзажы, якія можна пабачыць уздоўж Бярэзіны – гэта нешта фантастычнае! Ландшафт увесь час змяняецца, тут дубовы гаёк – там сосны, тут нізкі бераг, там – стромкі. А як лепей паглядзець усю гэтую прыгажосць? Напрыклад, на байдарках. У нашым горадзе іх можна ўзяць напракат, звычайна ўладальнікі самі завозяць і забіраюць кліентаў(ак) у пэўных кропках.

 
 
 
 
 
Посмотреть эту публикацию в Instagram
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Публикация от Юлия Прилищ (@juliprilisch_ecolife)

Напрыклад, bobrychillout  прапануюць арэнду байдаркі за 50 рублёў. А splavbobruisk  прапануюць акрамя байдарак SUP-serf, сап-дошкі, а таксама сплавы ў добрай кампаніі (іх кошт 80 рублёў). Адзначым, што яны, сумесна з eco.bobr часам ладзяць экасплавы – гэта калі ўдзельнікі не толькі адпачываюць на вадзе, але яшчэ і збіраюць смецце з ракі. За што ад нас такім адказным бабруйцам вялізны лайк!

 

Паглядзець графскую капліцу ў Бабруйскім раёне

Капліца-пахавальня Забелаў з часанага каменя знаходзіцца на могілках у вёсцы Ізюмава. Раней вёска называлася Дурынічы і належала графскаму роду Забелаў – па іх загадзе і быў збудаваны гэты радавы склеп у пачатку 20 стагоддзя.

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

Цікавы факт: у 1960-я гады капліца і пахаванні былі разрабаваныя чорнымі капальнікамі, якія давялі збудаванне да аварыйнага стану. Але намаганнямі парафіян бабруйскага касцёла ў 2006 годзе пачалося аднаўленне. Сёння гэтае месца – адна з турыстычных кропак для вандроўнікаў па Беларусі.

 

Пажыць у лесе і адпачыць ад тлуму

Адчуць сябе дзіцём Сусвету нашмат лягчэй у вёсцы, чым у горадзе. А яшчэ лепей – у лесе! Мы даўно сочым за старонкай domik_lesnika, і раім табе. ⠀

Крыница фота: bobruysk.slivki.by

Зняць хатку ў лесе можна на дзень ці некалькі дзён. А там ужо… Пагрэцца каля печкі – калі на дварэ будзе дождж, а ў цёплыя дні паплаваць у Бярэзіне, можна збіраць грыбы і ягады, лавіць рыбу. Ці – пазнаёміцца з аўтарскай праграмай ў лазні ад гаспадароў.

А калі твой варыянт аграсядзібы – іх таксама хапае ў ваколіцах Бабруйска. Паглядзець варыянты і кошты, напрыклад, можна тут

 

Красны Бераг – павітацца з гаргуллямі і адчуць дух шляхецкай сядзібы

Фота: 1387.io

Сядзіба Козел-Паклеўскіх знаходзіцца бліжэй да Жлобіна, чым да Бабруйска, але павер, варта страціць трохі часу на дарогу, каб пабачыць яе. Сам палац, вакол якога разбіты «англійскі парк» – выглядае досыць незвычайна для Беларусі, бо ў яго архітэктуры намяшана багата стыляў, а вонкавыя сцены ўпрыгожваюць гаргуллі.

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

Будынак даволі добра захаваўся, і пасля рэстаўрацыі тут можна пабачыць шмат аўтэнтыкі – уключна з мэбляй, дэкорам – экспанатамі музею, які тут размяшчаецца.

 

Там жа – убачыць унікальны антываенны мемарыял

Фота: 1387.io

А яшчэ ў Красным Беразе можна ўбачыць нетыповы мемарыяльны комплекс, прысвечаны дзецям, якіх гвалтоўна рабілі донарамі крыві для жаўнераў вермахта. Ён зроблены ў выглядзе «Плошчы сонца», у цэнтры якой яблыневы сад, алеі-прамяні ад якога разыходзяцца ў розныя бакі. У мемарыяле шмат сімвалаў – пусты школьны клас у сапраўдным памеры, ліст ахвяры канцлагера да бацькі – на дошцы, паруснік, вітражы з пасляваеннымі малюнкамі дзяцей, скульптура дзяўчынкі, мапа лагераў смерці.

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

Напэўна, нічога падобнага на гэты мемарыял у Беларусі больш няма. Комплекс спраектавала творчая група пад кіраўніцтвам Леаніда Левіна.

 

Наведаць палацава-паркавы комплекс Булгакаў!

Тым больш, знаходзіцца ён у Кіраўскім раёне, зусім блізка ад Бабруйска. Будаваўся палац у 18-19 стагоддзях і належаў бабруйскаму павятоваму маршалку Ігнацыю Булгаку. Вядома, рука бальшавіка дасціпна прабеглася па багаццях палаца пасля рэвалюцыі, ды знайшла ўжытак (і дзякаваць богу, што не знішчыла ўшчэнт, што таксама не было рэдкасцю) нерухомасці. Тут у розныя часы размяшчаўся дзіцячы дом, заатэхнічны тэхнікум, шпіталь, агранамічная школа, краязнаўчы музей і музычная школа.

Палац Булгакаў. Крыніца фота: Вікіпедыя

У 2009 годзе комплекс пачалі рэстаўраваць. Па задумцы, у палацы мусяць дзейнічаць музейная экспазіцыя, міні-гасцініца і сельская бібліятэка, асобныя залы ўжо адчыненыя для наведнікаў.

 

Завітаць у вёскі Сіманавічы і Завалочыцы – дзеля старой архітэктуры

Абедзве вёскі размяшчаюцца па суседстве, у Глускім раёне. У Сіманавічах можна ўбачыць паштовую станцыю, збудаваную ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Чаму такое вялікае збудаванне з’явілася ў вёсцы? Бо побач шасэ «Старая Варшаўка», яго адкрылі ў 1850 годзе і для свайго часу яно было вельмі добра спланаванае. На станцыі можна было адпачыць, пакарміць ці змяніць коней – таму гэта не адзін будынак, а цэлы комплекс.

Паштовая станцыя. Крыніца фота: Вікіпедыя

А Завалочыцы паўсталі ў 1896 годзе дзякуючы інжынеру Іосіфу Жылінскаму, які займаўся меліярацыяй. Тут па яго загадзе збудавалі палац для сям’і і спіртзавод.

Сядзіба Жылінскіх. Фота: strada.by

Будынкі захаваліся да нашага часу. На жаль, яны паступова руйнуюцца, як і многія іншыя архітэктурныя разынкі ў Беларусі.

Спіртзавод. Фота: strada.by

Чакаем твае рэкамендацыі ў нашым інстагам!

You may also like

Leave a Comment