Людзі

У хуткім часе запрацуе першы беларускі маркетплэйс «Kamaroŭka». І прыдумаў яго бабруец

Наш суразмоўца расказвае, як з’явілася ідэя «Kamaroŭka», і ці проста было яе ажыццявіць.

Зміцер Завадскі працуе над ажыццяўленнем свайго вялікага праекта – маркетплейса «Kamaroŭka», ужо больш за два гады. Мяркуецца, што пляцоўка пачне дзейнічаць праз восем месяцаў, але гэта залежыць ад фінансавання, бо амаль усё робіцца сіламі валанцёраў. Таму каманда пачала збіраць сродкі на аплату хостынгу, убудоваў ды на іншыя неабходныя для запуску рэчы. Наш суразмоўца расказвае, як з’явілася ідэя «Kamaroŭka», і ці проста было яе ажыццявіць.

Фота з асабістага архіва Змітра Завадскага

Што такое маркетплэйс «Kamaroŭka»?

Гэта гандлёвая анлайн-пляцоўка накшталт «E-bay» ці «Amazon», але разлічаная перадусім на беларускіх вытворцаў, рамеснікаў, выдаўцоў – ды іх пакупнікоў. Пры гэтым няважна, дзе фізічна знаходзяцца ці юрыдычна зарэгістраваныя тыя, хто прапануе тавары. Галоўная ідэя – беларусы беларусам – і ніякіх межаў! Падтрымаць бізнес суайчыннікаў(іц), якія цяпер раскіданыя па ўсім свеце, дазволіць ім заставацца ў беларускай тэматыцы. І, вядома ж, даць магчымасць усім нам набываць якасныя і цікавыя тавары.

А выбар назвы тлумачыцца даволі проста – гэта адсылка да легендарнага мінскага раёна, знаёмага, бадай, усім беларусам(кам).

Зміцер расказвае, што працуе над праектам ужо больш за два гады.

– За гэты час мне дапамагала шмат таленавітых і цікавых людзей. У нашай камандзе ёсць вэб-майстар, які адказвае за тэхнічную частку, за распрацоўку сайта, дызайнер, маркетолаг, менеджар, перакладчыкі. Мы перакладаем не толькі сайт, але і праграмы-убудовы, якія інтэгруем з сайтам, і якімі дзелімся з беларускай грамадскасцю. Напрыклад, нядаўна мы скончылі пераклад праграмы «Complianz», якая забяспечвае адпаведнасць сайтаў міжнародным стандартам аховы звестак, аўтаматычна генеруе юрыдычныя дакументы, кіруе згодамі на выкарыстанне файлаў «cookie» ды іншае. Цяпер амаль палова ўсіх сайтаў у свеце можа мець гэты функцыянал па-беларуску, а кожны(ая) беларус(ка) – бачыць важныя дакументы на сваёй роднай мове. Усе людзі, якія дапамагаюць – валанцёры, таму асноўную працу я раблю сам, але іх унёсак таксама вельмі каштоўны.

 

Суразмоўца адзначае, што асноўныя складанасці звязаныя з недахопам фінансаў і патрэбай у кваліфікаваных спецыялістах.

– Мы пісалі некалькі заявак на фінансаванне, але, на жаль, не прайшлі адбор. Зараз пачалі збор сродкаў і стварылі для гэтага адмысловую старонку: kamarouka.eu. Нягледзячы на цяжкасці, мы хоць і не хутка, але ўпэўнена крочым наперад. Спадзяемся на падтрымку беларусаў, якія вераць у нашу ідэю.

Дапамагчы можна ў розных напрамках. Па-першае, можна зрабіць фінансавыя ахвяраванні праз нашу форму для ахвяраванняў тут. Мы прапануем розныя варыянты падтрымкі, ад разавых плацяжоў да рэгулярных штомесячных унёскаў.

Для будучых пакупнікоў, якія падтрымаюць нас на суму больш за 150 еўра, мы прапануем гадавую зніжку 10% на ўсе пакупкі на маркетплэйсе. Для будучых прадаўцоў, якія зробяць перавод большы за 700 еўра, наш сайт не будзе браць камісіяў на працягу года, – тлумачыць суразмоўца.

Фота з асабістага архіва Змітра Завадскага

Калі плануецца запуск

Зміцер ды яго каманда прайшлі ды падрыхтоўчы этап, дзе ствараўся бізнес- і фінансавы планы, наладжвалася праца каманды, а таксама асноўны этап распрацоўкі сайта: гатовыя і базавая структура сайта, і функцыянал, і дызайн. Засталося распрацаваць сістэму дастаўкі ды інтэграваць плацежныя сістэмы. Наперадзе – напаўненне сайта, праца над бяспекай, юрыдычнымі пытаннямі.

– Калі атрымаецца знайсці фінансавую падтрымку, плануем запусціцца праз 3-4 месяцы. У адваротным выпадку запуск можа зацягнуцца да 8 месяцаў. Мы разумеем, што гэта амбіцыйны праект, які патрабуе шмат працы на розных узроўнях, але ўпэўненыя, што наш маркетплэйс стане важным інструментам для падтрымкі беларушчыны і эканамічнага становішча прадпрымальнікаў.

Па-другое, нам патрэбная дапамога валанцёраў. Шукаем рэдактара, юрыста, журналіста для некалькіх артыкулаў, перакладчыкаў паміж ангельскай, беларускай і рускай, маркетолага. Любая дапамога будзе вельмі каштоўнай і дапаможа хутчэй запусціць праект. Акрамя таго, важна распаўсюджваць інфармацыю пра наш маркетплэйс сярод сяброў і знаёмых, каб як мага больш людзей даведаліся пра нашу ініцыятыву. Зрабіце рэпост! – звяртаецца да беларусаў(ак) суразмоўца.

На гэты момант на праект выдаткавана агулам каля 5 000 еўра – гэта аплата паслуг, хостынгу, убудоў, праграм. Каб завяршыць праект і запусціць маркетплэйс, патрабуецца яшчэ мінімум 3 600 еўра.

– Калі б у нас было 19 000 еўра, мы змаглі б наняць спецыялістаў або прастымуляваць працу валанцёраў, што дазволіла б хутчэй і якасней скончыць працу, якая засталася, – тлумачыць Зміцер Завадскі.

 

Наш суразмоўца расказвае, чаму для яго так важна было рабіць маркетплейс для беларусаў(ак) – па-беларуску.

– Беларуская мова – адна з важнейшых частак нашай ідэнтычнасці. Яе выкарыстанне дапамагае захоўваць і развіваць нашу культуру, умацоўвае незалежнасць краіны. Акрамя таго, беларуская мова на маркетплэйсе падкрэслівае, што тавары менавіта беларускія, зробленыя для беларусаў(ак) і для тых, хто любіць Беларусь. Яна важная і для падтрымкі нацыянальнага бізнесу – як у Беларусі, так і за яе межамі. Асабіста для мяне беларуская мова – гэта яшчэ і мова маёй бабулі, якая хоць і адышла, але заўсёды будзе жыць у маім сэрцы. Як і родная вёска, і ўся вялікая сямʼя. Я адчуваю адказнасць за захаванне беларускай мовы і культурнай спадчыны для будучых пакаленняў.

Тым не менш, мы разумеем важнасць шматмоўнасці ў сучасным свеце. Таму наш маркетплэйс таксама будзе мець версіі на рускай і англійскай мовах, пазней – на нямецкай. Аднак беларуская мова застанецца асноўнай, бо адлюстроўвае нашу місію і каштоўнасці.

У ідэале «Kamaroŭka» стане галоўнай платформай, якая абʼяднае беларускіх вытворцаў, гандляроў і спажыўцоў з усяго свету. Мы бачым яе як зручнае і бяспечнае месца, дзе кожны зможа знайсці якасныя беларускія тавары – ад адзення і прадуктаў харчавання да кніг і тэхнікі з беларускай мовай. Нашы карыстальнікі – гэта беларусы і ўсе, хто цікавіцца нашай культурай і прадукцыяй.

Нашы прадаўцы – гэта рамеснікі, творцы, прадпрымальнікі, дызайнеры, выдавецтвы, буйныя вытворцы – як з Беларусі, так і з іншых краін. Мы хочам стварыць бяспечныя і зручныя ўмовы і тым, хто ў Беларусі, але пачынаць працу мы будзем з Еўразвязу з паступовым пашырэннем на іншыя рэгіёны.

Наш маркетплэйс стане месцам, дзе беларусы змогуць падтрымаць адзін аднаго, адчуць сябе часткай вялікай беларускай сямʼі, адчуць сувязь з радзімай.

Фота з асабістага архіва Змітра Завадскага

Хто такі Зміцер Завадскі

Зміцер нарадзіўся і вырас у Бабруйску. Пасля пераехаў у Мінск, але часта наведваў бабруйшчыну, бо там знаходзіцца дом, які ён набыў у вёсцы, дзе жылі ягоныя дзяды і прадзеды. У Беларусі займаўся прадпрымальніцтвам у сферы будаўнічых паслуг. Акрамя гэтага, заўсёды быў актыўным і ў грамадскім жыцці.

– Я выехаў з Беларусі ў сярэдзіне 2021 году. Гэта было складанае рашэнне, але, на жаль, неабходнае. Паўгады жыў ва Украіне, чакаючы рашэння Германіі – спачатку ў Кіеве, але потым выпадкова апынуўся ў Адэсе, якая мяне проста зачаравала. Адэса моцна нагадвала Бабруйск майго дзяцінства: адкрытыя людзі, непаўторны гумар, архітэктура і атмасфера нашых цэнтральных двароў і вуліц 90-х гадоў. За некалькі месяцаў да пачатку вайны я атрымаў нямецкую гуманітарную візу і прыляцеў у Кёльн, – прыгадвае Зміцер.

– Адаптацыя ў Германіі была няпростай, асабліва ў першыя паўгады. Моўны барʼер, бюракратычныя працэдуры і новыя ўмовы выклікалі шмат стрэсу. Аднак дзякуючы падтрымцы беларускіх валанцёраў і мясцовых уладаў я паступова прызвычаіўся да новага жыцця. Цяпер адчуваю сябе больш камфортна і ўпэўнена, хоць яшчэ, безумоўна, не надта інтэграваны. У Кёльне мала беларусаў, а з немцамі яшчэ не магу паўнавартасна камунікаваць. Большасць часу я працую дома за ноўтбукам над праектам.

 

Менавіта ў Германіі ў нашага суразмоўцы і ўзнікла ідэя стварыць маркетплэйс.

– Я шукаў беларускія кнігі і зразумеў, што гэта даволі складана. Не існавала не толькі адзінай платформы, дзе можна было б знайсці беларускія тавары, але амаль не было нават інтэрнэт-крамаў. Я падумаў, што добра было б зрабіць пляцоўку, якая б абʼядноўвала беларускія выдавецтвы і кніжныя крамы з пакупнікамі. Пазней зразумеў, што можна зрабіць такую платформу ўніверсальнай, для ўсіх беларускіх тавараў. Такім чынам, хацелася зрабіць беларускую культуру і тавары даступнымі ў розных краінах і каб кожны беларус мог адчуваць сувязь з радзімай.

Ці падабаецца табе ідэя стварэння беларускай анлайн-пляцоўкі «Kamaroŭka»? Дзяліся думкамі ў нашым інстаграме!

Цікавае

Спецпраекты