Адпрацоўка пасля навучання – дапамога, ці перашкода? Бабруйцы расказваюць пра свой вопыт

Ілюстрацыйнае фота: Pexels: Liza Summer

Ванэса, 22 гады:

– Я атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю ў архітэктурна-будаўнічым каледжы. Спачатку мне падавалася, што я абрала цікавую прафесію – цеплагазазабеспячэнне. Думала, што буду працаваць у будаўнічай кампаніі, заключаць дамовы ці распрацоўваць праекты на будаўніцтва.

Але размеркаванне ў нас было па сярэднім бале, у каго ён вышэй, таму дастанецца лепшая адпрацоўка, у вялікіх гарадах. З 30-ці чалавек я была роўна ўсярэдзіне гэтага рэйтынгу, і мяне адправілі па прапісцы – у Бабруйск. Права выбару ў мяне не было. З усіх дысцыплін газазабеспячэнне было ў мяне самым нелюбімым прадметам, і мне зноў не пашчасціла, бо трапіла на адпрацоўку менавіта ў газавую службу, а не ў будаўнічую кампанію, як хацела.

Бацькі, дарэчы, былі задаволеныя, маўляў, добрая стабільная праца на дзяржаўнай пасадзе.

Я выйшла на адпрацоўку ў жніўні. Спачатку было нават весела, увесь дзень шпацыруеш па горадзе, добрае надвор’е.

Але мяне так нічому і не навучылі, не расказалі толкам, што ўваходзіць у мае абавязкі. Затое спраўна штодня лаялі за нешта новае. Напрыклад, я магла рабіць нейкую аперацыю штодня, і толькі праз паўгады даведацца, што гэта мусіў рабіць іншы спецыяліст. Ці, даведвалася пра пэўныя свае абавязкі толькі праз тыдні і месяцы, і на пытанне, чаму мне пра іх не сказалі адразу, чула: “А чаму ты не пытала сама?” То бок, я мусіла пытаць пра тое, пра існаванне чаго нават не ведала.

Але са мной так не працуе, калі мне не падабаецца месца, не падабаецца стаўленне да мяне, не падабаецца тое, чым займаюся – не магу сябе прымусіць трываць таму што “трэба”. Я праз гэтае і школу з цяжкасцю скончыла, сышла пасля 9-га класа. Мяне хапіла толькі на 6 месяцаў, да Новага года. У мяне не было магчымасці сысці па ўласным жаданні, бо гэта адпрацоўка і я “малады спецыяліст”. Адпрацавала, колькі і як змагла, і ў выніку мне павесілі артыкул “невыкананне абавязкаў кантракту” і звольнілі без магчымасці аднавіцца.

Суд абавязаў мяне аплаціць доўг за навучанне, каля 5 600 рублёў. Кожны месяц я выплачваю пэўную суму, колькі магу. Абмежаванняў па тэрмінах няма, галоўнае не прапускаць аплаты. Але ёсць вялікі мінус – я не магу выязджаць з краіны.

Вядома, ва ўсім, што адбылося, мая віна таксама ёсць. Але на той момант мне было толькі 18 год, я не магла вытрымаць такую псіхалагічную нагрузку. Напэўна, калі б была магчымасць адпрацоўваць з кім-небудзь з аднагрупніц, ці самім шукаць іншае месца, калі тут не склалася, усё магло б атрымацца інакш.

Шукаць працу па прафесіі ў мяне толькі аднойчы з’явілася жаданне – калі доўга не магла ўладкавацца, і былая аднагрупніца прапанавала да яе пайсці. Але для гэтага мне трэба было дадаткова скончыць курсы, і паўстала пытанне: навошта было тады наогул вучыцца ў каледжы?

У выніку прыйшла да высновы, што пасля няўдалага вопыту адпрацоўкі ў дзяржаўныя прадпрыемствы больш ніколі не пайду!

 

Ілюстрацыйнае фота: Pexels: Yury Kim

Аляксей, 22 гады:

– Вучыўся я ў каледжы на тэхніка-будаўніка. Два гады таму скончыў яго і ў нас было два варыянты адпрацоўкі: ці ты знаходзіш месца сам, але толькі па сваёй спецыяльнасці, ці – па прапанаваным спісе, згодна з дамоўленасцямі паміж каледжам і прадпрыемствамі. Вядома, выдатнікам прапануюць месцы палепей, астатнім – не самыя прыемныя – ЖКГ ці наагул у вёскі ехаць. Па глупстве я мог апынуцца ў іншым месцы, але, на шчасце, мяне пераканалі абраць Бабруйск.

І вось – мне 19 год, а я прыходжу ў асяроддзе, дзе ўсім у сярэднім 40+ год. Мяне прывязалі да майстра, і так я трапіў на сапраўдную будоўлю. Майстар мяне нічому не вучыла, але я таварыскі, паўсюль хадзіў сам, з усімі знаёміўся. Недзе нешта паслухаеш, недзе раскажаш, пажартуеш. І вопыту я набіраўся самастойна.

Уліванне ў такіх месцах, дзе ўвесь час нешта адбываецца, пастаянна змяняюцца людзі, аб’екты, новая праца – недзе паўгады займае. Але залежыць ад таго, з чым даводзіцца звыкацца.

Вопытныя калегі і начальства ведалі, колькі мне год, таму патрабаванні з мяне былі невялікія, часта ставілі ў начныя змены, дзе адказнасці паменш. Гэта прыемна, але дае кепскія плады ў будучыні, бо трэба ж набірацца рэальнага вопыту! А вось працоўныя ставіліся менш прадузята, бо я даволі вялікі хлопец, і яны думалі, што мне год 30. І пасля, праз гады, шчыра здзіўляліся, калі даведваліся мой рэальны ўзрост. Напэўна, з гэтым мне пашчасціла.

Калі з усімі перазнаёмішся і пачынаеш разумець, да каго на якой казе пад’ехаць – і адбываецца ўліванне. Бо на будоўлі можа працаваць і 200 і 300 чалавек, і ўсіх-усіх ведаць нерэальна.

У выніку з каледжам, у якім я вучыўся – размеркаванне – адэкватны варыянт. Сама адпрацоўка… Цяжка сказаць. Як гарантаванае працаўладкаванне, можа і файна. Бо каму патрэбны малады спецыяліст?

З умовай наяўнасці добрага выбару месцаў – гэта нармальна. Так, нязручна, што яна мусіць быць менавіта па спецыяльнасці, маўляў: “А для чаго вы тады вучыліся?” Ці, у іншым выпадку, выплочваць вялізную суму грошай… Гэта непрыемнае абмежаванне. Але добра, што хаця б службу ў войску залічылі за адпрацоўку тым, хто туды пайшоў.

Ідэальным быў бы такі варыянт: ці добры выбар годных месцаў для адпрацоўкі, ці права самому ўладкавацца, куды хочаш. Але такога шчасця ніхто не дасць.

Памятаю, што выбар прафесіі ў мяне адбыўся практычна рандомна. Я скончыў 9 класаў, не ведаў куды ісці, і бацькі дапамаглі вызначыцца з выбарам. Перспектыва роста нібыта і ёсць. Калі рухацца па лініі будоўлі – ты спачатку майстар, пасля прараб. Але я пайшоў у папяровую працу, таму з’явілася яшчэ больш шанцаў для роста. Адбылося гэта выпадкова, я думаў звольніцца, а мне прапанавалі падвышэнне.

З вышыні атрыманага вопыту зразумеў адно: працаваць майстрам на будоўлі нават ворагу не буду раіць. Гэта вялікая адказнасць, атрымаеш у выніку больш праблемаў, чым карысці для сябе.

 

Фота на прэв’ю: Pexels: Min An