Ва ўсе часы людзі вандравалі па свеце, шукалі лепшай долі, а часам вымушаныя былі пакінуць роднае гняздо ў мэтах бяспекі. Двум героям гэтага выпуску вельмі пашчасціла, што своечасова з’ехалі за акіян, ды пазбегнулі рэпрэсіяў. Адзін з іх – Фларыян Чарнышэвіч, стаў таленавітым пісьменнікам – якога шануюць беларусы ды палякі. Другі – Фелікс Чарнышэвіч, дзедам знакамітага ва ўсім свеце рок-спевака Стывена Тайлера ды прадзедам галівудскай акторкі Ліў Тайлер, якую ведаюць найперш па ролі ў экранізацыі “Уладара пярсцёнкаў”. Слухай іх гісторыі ў новым выпуску падкаста “Міфічны Бабруйск”!
У падкасце выкарыстаная музыка, створаная пры дапамозе SUNO AI, а таксама “Багатэль” для фартэпіяна, “Прыляцелі сакалочкі” – Станіслава Манюшкі; паланэз “Развітанне з радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага; Argentina Tango Bandonian – Doug Maxwell; “Чарльстон” Джэймса П. Джонсана; “Dream On” (кавер) – Glee Cast.
Слухай таксама на іншых пляцоўках:
Як з’явілася ідэя распавядаць пра Міфічны Бабруйск? І чаму менавіта міфы, а не, напрыклад, які-небудзь трукрайм, які зараз вельмі папулярны?
– Ідэя рабіць падкаст пра гарадскія міфы і легенды з’явілася пару гадоў таму. Але перадгісторыя яшчэ больш доўгая. Некалі я задумалася пра тое, чаму ў Бабруйску даволі непрыязна некаторыя краязнаўцы ставяцца да гарадскіх легендаў – маўляў, гэта несур’ёзна, ненавукова, спрэчна. Але калі здаралася бываць на экскурсіях у іншых краінах, там гіды смела і не саромеючыся нават усялякую фантастыку выдавалі за гістарычныя факты. І турыстам, у тым ліку мне, гэта вельмі падабаецца. Бо па навуку, гісторыю, якая таксама даволі спрэчная штука, можна звярнуцца ў падручнікі ды спецыялізаваныя крыніцы, а для адпачынку, каб спазнаць дух горада, патрэбныя легенды.