ГісторыяМесцы

Анлайн-праект «Стары дом»: краязнаўчы музей распавядае невядомую раней гісторыю бабруйскіх камяніцаў

З пачатку чэрвеня Бабруйскі краязнаўчы музей вядзе анлайн-праект «Стары дом». У рамках праекту на старонцы музею ў Фэйсбуку публікуюцца аповеды пра самыя адметныя будынкі Бабруйска канца ХІХ – пачатку ХХ стст.  Ідэя падаецца цікавай і актуальнай. У нашым горадзе захавалася вельмі цікавая забудова камяніцаў мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Мы прызвычаіліся бачыць гэтыя дамы на нашых вуліцах, але мы так мала пра іх ведаем – хто іх пабудаваў, хто ў іх жыў ці працаваў. Паглядзелі, пра якія будынкі музей ужо распавёў у рамках праекту, і сабралі гэтыя гісторыі ў адным матэрыяле.

Дом Ісаака-Айзіка Эстрына, цяпер – клуб грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства глухіх» на вуліцы К.Маркса ў Бабруйску. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

«Скласці з асобных пазлаў цэласную карціну Бабруйска пачатку ХХ стагоддзя ўжо немагчыма»

Шукаць інфармацыю пра бабруйскія дамы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя сёння зусім няпроста, зазначае навуковая супрацоўніца Бабруйскага краязнаўчага музею Іна Аўсейчык, распавядаючы пра анлайн-праект «Стары дом» у Фэйсбуку.

«Напачатку здавалася, што мы проста спазніліся – старажылаў ужо няма, нашыя папярэднікі зафіксавалі ўспаміны асобных жыхароў, але сведчанняў пра дарэвалюцыйныя дамы аказалася нікчэмна мала. Але ж надта хацелася разабрацца хаця б з імёнамі гаспадароў самых прыгожых маёнткаў», – піша спадарыня Аўсейчык.

Пошукі інфармацыі супрацоўнікі музею распачалі з Занальнага дзяржаўнага архіву ў г.Бабруйску, Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі, вывучэння перыядычнага другу пачатку ХХ стагоддзя.

«Як галаваломку, рэбус даводзілася часам разгадваць абвесткі ў газетах, але гэта таксама дапамагло ў пошуках, – зазначае навуковая супрацоўніца. – <…>. Сёння скласці з асобных пазлаў цэласную карціну Бабруйска пачатку ХХ стагоддзя ўжо немагчыма. І ўсё ж нам удалося сумясціць імёны асобных жыхароў гораду з іхнымі дамамі. І гэта не заўсёды былі вядомыя краязнаўцам прозвішчы, трэба было знайсці інфармацыю пра гэтых людзей, іхныя сем’і. Працэс пошуку працягваецца і цяпер, але нам хочацца падзяліцца тым, што мы знайшлі на сённяшнім этапе».

Іна Аўсейчык зазначае, што некаторыя з прыведзеных звестак публікуюцца ўпершыню.

Дом бабруйскага чыноўніка Віктара Казлоўскага

Дом Віктара Казлоўскага, цяпер – фірмовая крама тыпаграфіі ім. А.Непагодзіна «Друкар» на вуліцы К.Лібкнехта ў Бабруйску. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

Гэты аднапавярховы будынак праз дарогу ад тэатру, на вуліцы Карла Лібкнехта, вядомы бабруйцам крамай «Друкар», што ў ім размясцілася.

Гісторыя гэтага дому пачалася, калі ўвосень 1910 году бабруйскі чыноўнік Віктар Казлоўскі набыў участак зямлі на Паліцэйскай вуліцы (пасля 1917 году – Карла Лібкнехта) у Бабруйску. Увесну ён распачаў будаўніцтва каменнага дому.

Дом Казлоўскага быў пабудаваны ў «цагляным стылі» з адкрытай кладкай. Першапачаткова галоўны фасад будынку быў асіметрычным і не такім працяглым, як сёння.

Дом Віктара Казлоўскага на старой паштоўцы. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

Пра Казлоўскага вядома, што ён распачаў сваю кар’еру напрыканцы ХІХ стагоддзя з пасады ліставода (сакратара) пры маршалку дваранства Бабруйскага павету. Потым ён стаў сябрам Гарадской думы з правам голасу, сябрам і скарбнікам Гарадской управы, а ў 1910 годзе – намеснікам гарадскога кіраўніка.

Новы каменны дом на Паліцэйскай вуліцы выкарыстоўваўся не толькі для пражывання сям’і Казлоўскіх. Тут месцілася кантора Расейскага транспартнага страхавога таварыства. Гаспадар дому служыў агентам гэтага таварыства.

У 1917 годзе ў доме знаходзілася цырульня Адама Аўчарскага. Працавала яна з 9-й гадзіны раніцы да 9-й гадзіны вечара.

Увесну 1918 году, у перыяд нямецкай акупацыі гораду, у будынку была адкрытая тэхнічна-камісійная кантора «Святло». Гэта быў час, калі ў Бабруйску праводзілі электрычнае асвятленне вуліцаў і прыватных дамоў. Кантора «Святло» займалася праводкай і мантажом, абсталяваннем электра-тэатраў, продажам прадметаў электрычнага абсталявання.

Сёння ў будынку знаходзіцца фірмовая крама бабруйскай тыпаграфіі ім.А.Непагодзіна «Друкар».

Даходны дом у стылі мадэрн, які пабудаваў Мордух Галодзец

Даходны дом Мордуха Галодца, цяпер – будынак Бабруйскага краязнаўчага музею на скрыжаванні вуліцаў Сацыялістычнай і Камсамольскай у Бабруйску. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

Гэты дом з 1996 году бабруйцы ведаюць як будынак краязнаўчага музею. А пабудаваны ён быў у 1910 годзе як даходны дом на ўчастку гарадской зямлі, якая знаходзілася ў бестэрміновым і бескантрактным карыстанні ў купца 1-й гільдыі Мордуха Ківавіча Галодца. Ранейшы адрас будынку – скрыжаванне вуліцаў Мураўёўскай (цяпер – Сацыялістычная) і Адамаўскай (сёння – Камсамольская). Даходным дом называўся, таму што будаваўся адмыслова для здачы кватэраў у арэнду.

Паводле жадання гаспадара, будынак быў пабудаваны ў стылі «мадэрн». На фасадзе да сённяшняга дня захавалася дата пабудовы – 1910. Новая камяніца разам з суседнімі дамамі стварыла ўнутраны дворык з уязной аркай з брамай, якая на ноч зачынялася на замок.

На першым паверсе даходнага дому з боку, які выходзіў на вуліцу Мураўёўскую, знаходзілася крама гаспадара – «Суконна-мануфактурны гандаль», крама «Венскі шык» і цырульня Вархмана (дамская зала). Па тым баку будынку, што выходзіў на вуліцу Адамаўскую, месцілася «Англійская крама» В.Цыбулеўскага і Х.Сафяніка, у якой прадаваліся ровары, швейныя і пішучыя машынкі, грамафоны і кружэлкі, цырульніцкія прылады, электрычныя званкі і іншыя гаспадарчыя прадметы.

Музеі Бабруйску і Бабруйшчыны: зачыненыя, дзейныя і тыя, што застаюцца толькі ідэяй

Пакоі на 2-м паверсе здаваліся кіраўніку бабруйскага аддзялення Аб’яднанага банку. Першапачаткова тут пражываў Міхаіл Бродскі, праз некалькі гадоў іншы ўпраўляючы – Ісаак Шмерлінг. Цягам некаторага часу і сам банк знаходзіўся ў доме Галодца.

У 1919 годзе дом быў нацыяналізаваны. У розныя гады тут месціліся крамы, сталовая і іншыя ўстановы. Напрыканцы 1980-х – у пачатку 1990-х гадоў будынак пуставаў. Пасля капітальнага рамонту ў 1996 годзе сюды з вуліцы Пушкіна пераехаў Бабруйскі краязнаўчы музей. Аўтарам інтэр’ераў у адноўленым будынку стаў мастак Эдуард Агуновіч.

Дом Ісаака-Айзіка Эстрына, які напрыканцы ХІХ стагоддзя перасяляў бабруйскіх габрэяў у Ізраіль

Дом Ісаака-Айзіка Эстрына, цяпер – клуб грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства глухіх» на вуліцы К.Маркса ў Бабруйску. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

Гэты каменны дом на 2-й Слуцкай вуліцы (сёння – вуліца К.Маркса) з’явіўся адным з першых пасля спусташальнага пажару ў Бабруйску ў 1902 годзе.

Аднапавярховы асабняк побач з гасцініцай «Бярэзіна – Еўрапейская» пабудаваў купец 1-й гільдыі Ісаак-Айзік Эстрын.

Браты Эстрыны былі добра вядомыя ў дзелавых колах Бабруйска. Старэйшы брат Якаў (Янкель) быў лесапрамыслоўцам, малодшы, Ісаак – займаўся гандлем бакалеяй: цукрам, мукой, крупамі, гарбатай, кавай, прыправамі. Браты стаялі ля вытокаў стварэння ў 1901 годзе Бабруйскага рамесніцкага і дробнагандлёвага пазыка-ашчаднага таварыства, уваходзілі ў склад яго праўлення.

Дом Ісаака-Айзіка Эстрына і гасцініца «Бярэзіна – Еўрапейскай» на старой паштоўцы. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

Якаў Эстрын быў папячыцелем габрэйскай лякарні, а Ісаак уваходзіў ледзь не ва ўсе дабрачынныя арганізацыі і папячыцельскія рады гораду. Жонка Ісаака Марыя цягам некалькіх гадоў была дырэктаркай Бабруйскага аддзялення жаночага турэмнага камітэту. Гэта была дабрачынная арганізацыя, якая на ахвяраванні набывала вопратку для арыштантак і іхных дзяцей, аказвала дапамогу сем’ям вязняў.

На пачатку 90-х гадоў ХІХ стагоддзя Ісаак Эстрын узначальваў бабруйскую арганізацыю сіяністаў. Ён займаўся арганізацыяў лекцыяў вядомых дзеячаў сіянісцкага руху, арганізацыяй перасялення жыхароў Бабруйска ў Эрэц Ісраэль (зямлю Ізраільскую).

Дом Ісаака-Айзіка Эстрына, цяпер – клуб грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства глухіх» на вуліцы К.Маркса ў Бабруйску. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

У доме на 2-й Слуцкай вуліцы Ісаак Эстрын жыў са сваёй сям’ёй, выхоўваў траіх дзяцей.

Падчас Першай сусветнай вайны браты Эстрыны эмігравалі, а ў доме ўвесну 1919 году размясціўся гарсавет.

За сваю гісторыю дом страціў частку дэкаратыўных элементаў. Гомельскія рэстаўратары на пачатку ХХІ стагоддзя аднавілі фасад былога асабняку, у якім размясціўся клуб грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх».

Дом Гіндэнбурга: натарыус Красоўскі, кроў хрысціянаў для мацы і раскрыццё гучнага забойства

Дом Гіндэнбурга. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

Гэты двухпавярховы блакітны будынак знаходзіцца на скрыжаванні вуліцаў Камсамальскай і Чангарскай (раней – Альхоўскай), насупраць месца, дзе некалі знаходзіўся тайм-клуб «1387».

Гэты будынак часта згадваўся ў газетах пад назвай «дом Гіндэнбурга», але хто такі гэты Гіндэнбург, не было вядома, распавядае Іна Аўсейчык. Хоць нейкую інфармацыю пра яго супрацоўнікі музею шукалі некалькі гадоў. Увесну 2022 году ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі знайшоўся запіс пра пакупку ў 1911 годзе Ісерам Сімхавым Гіндэнбургам участку зямлі на Альхоўскай вуліцы. У 1912 годзе тут быў пабудаваны двухпавярховы будынак у стылі «мадэрн» для здачы кватэраў у арэнду.

Больш пра Гіндэнбурга нічога не вядома, аднак ёсць інфармацыя пра людзей, якія жылі ў ягоным доме. У 1910 годзе тут пражывала сям’я натарыуса Міхаіла Красоўскага, тут жа знаходзілася ягоная кантора. Паводле ўспамінаў бабруйца І.М.Найдана, Красоўскага ў Бабруйску паважалі за сумленнасць, лібералізм і адмоўнае стаўленне да чарнасоценнага «Саюзу рускага народу», які быў вядомы арганізацыяй габрэйскіх пагромаў.

Вуліца Альхоўская на старой паштоўцы. Фота: Бабруйскі краязнаўчы музей/Facebook

Брат Міхаіла Красоўскага быў героем сапраўднай дэтэктыўнай гісторыі пачатку ХХ стагоддзя. У той час шырокую вядомасць атрымаў так званы «судовы працэс Бейліса». Пачаўся ён з таго, што ў 1911 годзе на тэрыторыі аднаго з цагляных заводаў у Кіеве мясцовая паліцыя знайшла труп расейскага хлопчыка Андрэя Юшчынскага, які памёр ад мноства нажавых ранаў. Мендэль Бейліс, якія працаваў на гэтым заводзе, быў абвінавачаны ў забойстве хлопчыка нібыта з мэтай здабычы хрысціянскай крыві, якую, паводле некаторых павер’яў, іўдзеі дадавалі ў велікодную мацу. Прагрэсіўная частка грамадства абурылася гэтай правакацыяй і публічна выступала з пратэстамі. Падрабязнасці гэтай гісторыі бабруйцы ведалі не толькі з прэсы, а яшчэ і таму, што родны брат натарыуса Міхаіла Красоўскага, які жыў на вуліцы Альхоўскай, Мікалай Красоўскі служыў у крымінальнай паліцыі Кіева. Ён знайшоў сапраўдных забойцаў хлопчыка, што, аднак, не ўваходзіла ў планы арганізатараў гучнага судовага працэсу. Таму супраць Мікалая Красоўскага ўзбудзілі справу аб дысцыплінарных правінах і звольнілі з паліцыі. Пасля гэтага ён працягнуў расследаванне ў прыватным парадку.

Архітэктурная спадчына Бабруйску: найбольш каштоўныя будынкі закінутыя ці патрабуюць рамонту

У 1913 годзе кіеўскі суд прысяжных на падставе доказаў, сабраных Мікалаем Красоўскім, апраўдаў Бейліса.

У траўні 1919 году дом Гіндэнбурга быў нацыяналізаваны. Сюды ўехаў Бабруйскі павятовы савет народнай гаспадаркі. Неўзабаве ў Бабруйск увайшлі польскія войскі і ўвосень 1920 году ў будынку размясціўся штаб 1-й Вялікапольскай стралковай дывізіі пад камандаваннем генерала Д.Канаржэўскага.

Дому Гіндэнбурга да сённяшняга дня захаваў большую частку сваіх дэкаратыўных элементаў, акрамя аконных пераплётаў і дзвярэй.

Цікавае

Спецпраекты