Урбаністыка

Архітэктурная спадчына Бабруйску: найбольш каштоўныя будынкі закінутыя ці патрабуюць рамонту

18 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў. Гэтая дата была ўсталяваная ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і гістарычных мясцінаў (ICOMOS) пры ЮНЭСКО з мэтай звяртання ўвагі на важнасць і неабходнасць захавання сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны. Упершыню на міждзяржаўным узроўні дзень помнікаў адзначаўся 18 красавіка 1984 году. Мы ў гэты дзень вырашылі распавесці пра самыя цікавыя і каштоўныя архітэктурныя помнікі Бабруйску і паглядзець, у якім яны стане.

Езуіцкі касцёл

Езуіцкі касцёл. Фота: 1387.io

Пачнем наш агляд з найстарэйшага будынку гораду – былога езуіцкага касцёлу. Гэта адзіны сведка старажытнага Бабруйску, таго, які існаваў яшчэ да пабудовы на ўзбярэжжы Бярэзіны крэпасці.

Так выглядаў езуіцкі касцёл у Бабруйску. Крыніца выявы: Слюнькова И.Н. Монастыри восточной и западной традиций. Масква, 2002

У 1625 годзе ў Бабруйску была заснаваная езуіцкай калегія, а мураваны касцёл быў узведзены ў 1747 годзе. Гэта была трохнававая (ёсць адмыслоўцы, якія лічаць, што аднанававая) базіліка ў стылю віленскага барока. Люстрацыйны інвентар касцёлу Бабруйскай калегіі езуітаў ад 10 студзеня 1774 году так апісваў святыню:

«Касцёл мураваны на тракце, па вуліцы Вялікай… фронт касцёлу з 2 вежамі з муру высока ўзнесены, паміж якімі фацыята (цэнтральная мансардная частка фасаду) мураваная, на якой кружганак (балкончык) драўляны з балясамі стары. На вежах купалы пакрытыя бляхай белай з кружганкамі вакол, крыжы з ветракамі (флюгерамі). У тых купалах з аднаго боку гадзіннік з боем, а на другім баку матэматычны компас, унутры званы… У фрамугах тых вежаў статуі драўляныя на пастаментах мураваных Св.Ігнація, Св.Бергіяша, Св.Ксаверыя і Ст.Станіслава». Унутры касцёлу было 7 алтароў.

Іезуіцкі касцёл. Фота: @andrey_molvin/Instagram

У гонар каго быў асвечаны касцёл, нам невядома – інфармацыі пра гэта ў архіўных крыніцах няма.

У 1773 годзе пасля скасавання ордэну езуітаў касцёл быў перададзены парафіі. Некалькі разоў пацярпеў ад пажараў, у якіх, аднак, выстаяў. Як і падчас будаўніцтва Бабруйскай крэпасці, хоць і згубіў тады сваё ўнутранае аздабленне і стромкія вежы – у будынку касцёлу зрабілі цэйхгаўз.

У савецкія часы, калі тэрыторыю крэпасці аддалі пад ваенную частку, у касцёле зрабілі гаўптвахту, якая дзейнічала да ліквідацыі часткі ў 2005 годзе. Тады будынак касцёлу быў перададзены на баланс гораду і з таго часу стаіць закінуты і ўсё хутчэй руйнуецца.

Іезуіцкі касцёл. Фота: @andrey_molvin/Instagram

Іезуіцкі касцёл. Фота: @andrey_molvin/Instagram

Іезуіцкі касцёл. Фота: @andrey_molvin/Instagram

Касцёл уваходзіць у комплекс Бабруйскай крэпасці і разам з іншымі яе будынкамі з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі 2 катэгорыі, што значыць, што гэта помнік нацыянальнага значэння. Але апошнім часам нават шыльда, якая сведчыла пра гэта і мацавалася на сцяне вакол касцёлу, некуды знікла. Будучыня самага старога будынку Бабруйску пад вялікім пытаннем.

Бабруйская крэпасць

Бабруйская крэпасць. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Бабруйская крэпасць. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Пяройдзем да ўласна Бабруйскай крэпасці, якую напэўна можна назваць візітоўкай Бабруйску.

Будавалася крэпасць з 1810 па 1836 гады на месцы старажытнага Бабруйску – як раз там, дзе стаяў комплекс езуіцкай рэзідэнцыі, парафіяльны касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (да нашы дзён захаваўся толькі фундамент), рынкавая плошча.

Мэтай будовы крэпасці была абарона заходніх межаў Расейскай імперыі. Пасля вайны 1812 года будаўніцтва працягвалася.

Пасля паўстання дзекабрыстаў, крэпасць стала выконваць функцыю дзяржаўнай палітычнай турмы. У гэтай турме сядзелі таксама ўдзельнікі паўстанняў 1830-31 гадоў і 1863 году.

Падчас Другой сусветнай вайны ў крэпасці быў лагер для савецкіх ваеннапалонных.

Бабруйская крэпасць. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Бабруйская крэпасць. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

У 2002 годзе рэшткі крэпасці былі ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік рэспубліканскай значнасці (катэгорыя 2). Цягам апошніх гадоў неаднаразова падымалася пытанне аб рэканструкцыі крэпасці, прапаноўваліся розныя праекты, але ніводны з іх так і не быў рэалізаваны. Некаторыя будынкі, што знаходзяцца каля Лядовага палацу, былі пераробленыя пад крамы, гасцініцу. Астатнія працягваюць руйнавацца.

Гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская»

Так выглядала гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская» на пачатку ХХ стагоддзя. Фота: wiki.bobr.by

Гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская». Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская». Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Руіны некалі велічнага будынку былой гасцініцы «Бярэзіна і Еўрапейская» знаходзяцца на скрыжаванні вуліц Чангарскай і Карла Маркса. Пабудаваная гасцініца ў 1897 годзе на сродкі памешчыка Карла Незабытоўскага. Гэта быў першы трохпавярховы будынак у Бабруйску пасля таго, як бабруйская крэпасць ужо згубіла сваё стратэгічнае значэнне.

На першым паверсе гасцініцы знаходзіўся рэстаран «Еўропа». Таксама там была адна з першых турыстычных агенцыяў у горадзе, якая прапаноўвала вандроўкі нават у Афрыку ды Амерыку.

Гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская». Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская» перастала існаваць пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Будынак заняў НКУС. Ёсць звесткі, што ў сутарэннях расстрэльвалі вязняў.

Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку гасцініцы гарадскія ўлады размясцілі камунальныя кватэры. З-за аварыйнага стану будынку ў 1980-я гады жыльцоў перасялілі. З таго часу гасцініца закінутая. Існавалі праекты рэканструкцыі, але яна так і не пачалася. У апошнія гады гасцініцы ўсё хутчэй руйнуецца.

Гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская». Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская». Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Неагатычны касцёл быў пабудаваны ў 1906 годзе. Асвечаны ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1912 годзе.

У 1968 годзе камуністычныя ўлады разбурылі вежу касцёлу і прыбудавалі замест яе пяціпавярховы будынак, у якім размясцілася адміністрацыя будаўнічага камбіната. Хоць будынак першапачаткова прымаўся як інтэрнат на 197 чалавек – такую інфармацыю прадстаўляў Магілёўскі аблвыканкам у адказ на зварот парафіянаў аб вяртанні касцёлу гістарычнага выгляду.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

У савецкія часы ў касцёле месціліся кінатэатр, клуб, выставачная зала. Святыню вярнулі каталікам у 1989 годзе. Але пяціпавярховік замест вежы застаўся стаяць да сённяшняга дня. Ужо больш за 30 гадоў парафіяне змагаюцца за вяртанне святыні першапачатковага выгляду – збіралі подпісы, пісалі звароты да мясцовых, абласных уладаў, у адміністрацыю прэзідэнта, аднак касцёл дагэтуль застаецца знявечаным.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

ААТ «Бабруйскбудкомплекс», які месціўся ў прыбудове цягам апошніх гадоў, збанкрутаваў, і цяпер былы адміністратыўны корпус стаіць пусты. Будынак, за якім амаль ніхто не даглядае, становіцца небяспечным для людзей – ужо не раз зверху падалі кавалкі тынкоўкі, цэглы з даху, ад якіх на ўваходзе зрабілі нават ахоўны казырок. На шчасце, пакуль ніхто не пацярпеў.

На пачатку бягучага году ў Бабруйск прыязджаў новы мітрапаліт Менска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі. Ён хадзіў на абмеркаванне пытання касцёлу ў выканкам. Вынікі перамоваў у адкрытым доступе не публікаваліся.

Так мог бы выглядаць касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, калі б аднавілі вежу. Аўтары рэканструкцыі: Зміцер і Ганна Башмакі

Былая «зялёная бібліятэка» – дом купчыхі Кацнэльсан

Асабняк купчыхі Кацнальсан, красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Драўляны асабняк зялёнага колеру на вуліцы Інтэрнацыянальнай – адзін з самых заўважных у Бабруйску. Ён быў пабудаваны ў 1912 годзе ў стылю мадэрн. Належаў купчысе Кацнальсан. Ёсць звесткі, што дом быў перавезены аднекуль з узбярэжжа Балтыйскага мора, аднак пацверджання гэтай інфармацыі няма.

Існуе таксама меркаванне, што асабняк быў пабудаваны крыху раней за 1912 год. На карысць гэтай версіі выступае фотаздымак, зроблены са званніцы касцёлу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на пачатку мінулага стагоддзя. На здымку дакладна бачны дом купчыхі, але адсутнічае асабняк па вуліцы Пушкіна, дзе цяпер месціцца Нацыянальны алімпійскі камітэт, які таксама датуецца 1912 годам.

Дом купчыхі Кацнальсан на архіўным фота. Крыніца: фонды Бабруйскага краязнаўчага музею

Незадоўга да рэвалюцыі 1917 году спадарыня Кацнальсан пераехала ў Санкт-Пецярбург, а свой дом здала ў арэнду паліцэйскай управе. Падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку размясціўся павятовы рэвалюцыйны камітэт, потым – уезны выканкам.

Гарадская ўправа ў асабняку купчыхі Кацнэльсан. Архіўнае фота. Крыніца: фонды Бабруйскага краязнаўчага музею

У 1970-я гады асабняк аддалі раённай бібліятэцы, з таго часу і прыжылася назва «зялёная бібліятэка». Будынак праз увесь час быў зялёнага колеру.

У 2007 годзе асабняк быў унесены ў Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, пра што сведчыць шыльда на ўваходзе.

З-за аварыйнага стану дому ў 2014 годзе бібліятэку перасялілі. Будынак жа перадалі хакейнаму клубу «Шыннік-Бабруйск».

Асабняк купчыхі Кацнальсан. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Напрыканцы 2020 году гарадскія ўлады праводзілі конкурс на лепшы праект выкарыстання асабняку. Перамагла рэкламная агенцыя «Прэстыж», ім і быў перададзены будынак. Дырэктар фірмы абяцаў хутка адрамантаваць асабняк, перасяліць у яго сваю агенцыю, а таксама зрабіць там музей, у тым ліку – пад адкрытым небам, каля былой «бібліятэкі», але дагэтуль ні музею няма, ні рамонту будынку не бачна.

Былы вінзавод

Былы вінзавод у Бабруйску. Фота: voldema.livejournal.com

Комплекс былога вінзаводу на вуліцы Новашасейнай, паміж вуліцай Карла Маркса і чыгуначнай станцыяй «Бабруйск» – шыкоўны ўзор прамысловай архітэктуры канца XIX стагоддзя. Аднак сёння ён амаль цалкам у руінах.

Гісторыя вінзаводу пачалася ў 1897 годзе. Тады быў пабудаваны першы будынак комплексу – спіртовы склад, які пазней і перарос у буйны завод. Гэты будынак і дагэтуль найбольш вылучаецца сярод іншых, на ягоным франтоне можна пабачыць надпіс «Vinitus Unitis» – «Таварыства вінаградараў».

Былы вінзавод у Бабруйску. Фота: poshyk.info

Былы вінзавод у Бабруйску. Фота: poshyk.info

У 1960 годзе завод быў уключаны ў склад грузінскага канцэрну «Самтрэст», і на ім пачалі разліваць грузінскае віно і каньяк. Так працягвалася да 1980-х гадоў.

У 1986 годзе завод быў выведзены са структуры «Самтрэсту» і перададзены на баланс Дзяржаграпраму БССР. Паступова спыніліся пастаўкі з Грузіі натуральнага вінаграднага соку. На пачатку 2000-х гадоў завод быў прызнаны банкротам.

Галоўны корпус вінзаводу. Фота 1962 году. Крыніца: фонды Бабруйскага краязнаўчага музею/bobruisk.ru

Цэх Бабруйскага вінзаводу. Фота 1962 году. Крыніца: фонды Бабруйскага краязнаўчага музею

У 2008 годзе аднавіць завод планавала французская фірма «Belvedere SA», кампанія нават купіла комплекс, аднак у рэшце рэшт ідэя была закінутая і працы па рэканструкцыі так і не пачаліся.

«Вечерний Бобруйск» пісаў, што тады вінзавод яшчэ быў цалкам укамплектаваны ўсім неабходным, абсталяванне хоць і было старым, але працавала.

Гарадскія ўлады ў хуткім руйнаванні аводу пасля 2010 году абвінавацілі французскую фірму.

«Кампанія «Галіарт», якія з’яўлялася ўпаўнаважаным прадстаўніком «Belvedere», нягледзячы на нашыя шматразовыя звароты, ніякіх мерах па захаванні будынкаў з 2008 году не прадпрымала. Аб’ект не быў закансерваваны і не падтрымліваўся ў належным стане, што і прывяло да ягонага руйнавання», – прыводзіў «Вечерний Бобруйск» словы намесніцы старшыні гарвыканкаму Інны Ануфрыевай.

Гарадскія ўлады спрабавалі прадаць комплекс вінзаводу з аўкцыёну, апошні раз у 2020 годзе, стартавая цана тады склала каля 48 тысячаў рублёў (прыкладна $22 тысячы), аднак пакупнік так і не знайшоўся.

Так некалі выглядаў вінзавод. Фота: sacral_BY/Telegram

Завод вельмі імкліва разбураецца, у чым яму дапамагаюць паляўнічыя за цэглай ХІХ стагоддзя фабрык Лазінскіх і Розенберга – будынкі акуратна разбіраюцца на цаглінкі, якія потым прадаюцца, у тым ліку свабодна ў інтэрнэце.

Мы запыталіся ў бабруйцаў у нашым Інстаграме, якія архітэктурныя помнікі ў горадзе трэба ратаваць у першую чаргу. Большасць выказалася за крэпасць, на другім месцы – касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Вынікі апытанкі ў Інстаграме 1387.io

 

Цікавае

Спецпраекты