Бабруйск – горад-мем? Вось што думаюць пра гэта бабруйцы ды людзі з іншых гарадоў

Нядаўна ў наш інстаграм даслалі відэа з старонкі hroniki.brodiag (Хроники Бродяг). У ім – уражанні вандроўнікаў з Украіны пра бабруйскі касцёл, уваходная частка якога была ў савецкія часы перабудаваная ў «каробку». «Бобруйск и так город мем, а тут еще этот костел» – зазначылі аўтары відэа. І нам стала цікава, з якімі менавіта мемамі асацыюецца сёння наш горад у мясцовых ды іншагародніх? І атрымалі цікавыя адказы – ад згадак пра «олбанский йезыг» да анекдотаў пра габрэяў.

 
 
 
 
 
Посмотреть эту публикацию в Instagram
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Публикация от Хроники Бродяг (@hroniki.brodiag)

Як аказалася, аўтары відэа наведалі Беларусь яшчэ ў 2018 годзе, але ролікі пачалі выкладаць толькі цяпер. Дзеля справядлівасці адзначым, што ад таго часу касцёл ніяк цудоўным чынам не змяніўся, рудымент савецкай эпохі пры ім. Мы напісалі вандроўнікам з просьбай патлумачыць, што яны мелі на ўвазе пад горадам-мемам, і вось які адказ атрымалі:

– Гэта проста жарт, заснаваны больш на асабістых уражаннях. Мы да таго часу ніколі не чулі пра гэты горад, вырашылі туды паехаць праз яго назву.

Але ніяк не маглі зразумець: чаму назвалі горад менавіта Бабруйск? Там што, шмат баброў? Ці можа гэта ў гонар ракі? Ці можа проста супадзенне, і ніякага дачынення да бабра гэта не мае?

А потым прыехалі, а там паўсюль скульптуры баброў, ды так цікава гэта ўсё і арганічна выкарыстана. Нават на доме нейкім на даху замест пеўніка, ці яшчэ чаго, як гэта звычайна бывае, флюгерам быў бабёр, для турызму гэта вельмі класна. І мы нібыта паіранізавалі з таго, што горад такі незвычайны, а тут яшчэ і касцёл, наогул унікальнае спалучэнне таго, што не спалучаецца.

Дарэчы, у нас на YouTube ёсць поўны ролік па Бабруйску і яшчэ двух гарадах Беларусі, – расказалі суразмоўцы. 

 

Бабруйчанка Лета прыгадала часы, калі вышэйузгаданы «олбанский» ці «падонкаффский йезыг» захапіў, падаецца, усю постсавецкую прастору:

– Так, у нейкім сэнсе Бабруйск – мем. Я ў інтэрнэце года з 2003-2004, прыблізна ў той жа час з’явіліся гэтыя «падонкі», якія форсілі мем «в Бабруйск жывотное», яны нават прыязджалі ў горад і рабілі матэрыял вялікі пра Бабруйск (з таго матэрыялу я запомніла толькі, што іх уразіў надпіс «міліцыя» на нейкай шыльдзе).

Ад таго часу амаль усе, з кім я знаёмілася ў інтэрнэце і казала, што я з Бабруйска, тупа не верылі, кшталту: «Не хочаш, не кажы, навошта здзекавацца». Таму ў свой час прыйшлося зрабіць фотку, дзе было бачна мяне і надпіс «Бобруйский рынок», каб хоць так даказваць, што я мясцовая. У той час Бабруйск быў штосьці сярэдняе паміж мемам і горадам-прывідам.

Бабруйск. Фота Дар’і Роскач

Хутчэй за ўсё людзі, якім няма 30, наагул не разумеюць, што за «олбанцы» і пра які «йезыг» ідзе размова. А гэта была цэлая з’ява ў пачатку 2000-х гадоў у рускамоўным сегменце інтэрнэту. Менавіта тады з’явілася манера гуллівага напісання словаў: дафай, превед, аффтар, йад, і гэтак далей, а таксама шэраг устойлівых выразаў кшталту «ржунімагу», якія пайшлі ў народ.

Але пры чым тут Бабруйск? Менавіта праз фразу «ф Бабруйск, жывотнайе!», якую носьбіты падонкаффскай мовы выкарыстоўвалі, каб высмеяць некага. Ёсць меркаванні, што гэты выраз быў натхнёны пісьменнікам Уладзімірам Сарокіным, які ў апавяданні «Дорожное происшествие» узгадваў Бабруйск як месца, абавязковае для наведвання ягонымі суграмадзянамі. Ну і другая версія – уплыў Ільфа і Пятрова. Дарэчы, цытату з іх «Залатога цяля» убачыш на рэстаране «Чырвоная вежа», акурат каля помніка Шуры Балаганаву:

«При слове «Бобруйск» собрание болезненно застонало. Все соглашались ехать в Бобруйск хоть сейчас. Бобруйск считался прекрасным, высококультурным местом».

І ўзгаданая Летай гісторыя, што людзі з Украіны і РФ ездзілі ў паломніцтва ў Бабруйск – праўда. Нават усемагчымых памераў «зоркі» ў тыя часы выкладалі фота з указальнікамі, калі праязджалі наш горад.

 

Андрэй Шобін, фота з асабістага архіва суразмоўцы

Андрэй Шобін – журналіст і гештальт-псіхолаг з Бабруйска адзначыў, што мемны наш горад у большай ступені не для мясцовых, а менавіта для людзей з іншых гарадоў і краін.

– Колькі сябе памятаю, амаль увесь час людзі звонку (не бабруйцы) успрымалі, лічылі Бабруйск горадам-мемам. І гэта – задоўга да стварэння інтэрнэту і сацсетак. Гэтыя мемы не заўседы былі іранічнымі, але – часцяком.

Першы мем: Бабруйск – габрэйская сталiца. Прычым, не толькі беларуская, але тагачаснага Савецкага Саюза (і не беспадстаўна). І, звычайна, калі гаворка ішла пра Бабруйск, знаходзіўся хтосьці, хто пачынаў картавіць і заводзіў гэтую старую кружэлку: «А-а, Бабгу-уйск!.»

Другі стары мем, што наш горад – самы крыміналізаваны ў Беларусі. Быццам бы, для прыезджых вельмі небяспечна апынуцца недзе не толькі ў бязлюдным месцы, але і ў любым рэстаране, ці на дыскатэцы. І сапраўды, у 70-80-я гады былі і «злодзеі ў законе», і хуліганскія групоўкі амаль у кожным раёне горада…
Яшчэ адзін мем, паралельны другому і, магчыма, звязаны з ім: што Бабруйск – горад гандляроў – «торгашей», аферыстаў, фарцоўшчыкаў ды рознага кшталту прайдзісветаў. Казалі, што гэта – горад шахцёраў, з-пад зямлі што хочаш, любы дэфіцыт дастануць. І зноўку – не беспадстаўна! Добра памятаю тыя часы, калі з розных гарадоў Саюза, нават з Менску людзі прыязджалi набываць тавар у мясцовых фарцоў.

Ну, і нарэшце, ужо сапраўдны iнтэрнэт-мем 21-га стагоддзя: «ф Бабруйск, жывотнае». Ён узнік сярод расейскіх прыхільнікаў «олбанского языка» і культываваўся больш за 10 год. Але зараз сучасная расейская і беларуская моладзь нават і ня чула пра яго. Неаднаразова ўжо праверыў! – смяецца Андрэй.

– Але для мяне Бабруйск ніколi не быў горадам-мемам, таму што ў мяне ўсё жыццё былі свае асабістыя (а не павярхоўныя, як у чужаніцы) стасункі з родным горадам. Яны з часам трансфармаваліся, але ніколi не былі зняважлівымі, ім ніколі не бракавала пэўнай долі пяшчоты, – рэзюмуе суразмоўца.

 

Бабруйск. Фота: 1387.io

Яшчэ адзін бабруец, Аляксандр, кажа што мемнасць Бабруйска перадусім – пытанне асабістага стаўлення:

– Для кагосьці Бабруйск – сапраўды горад-мем, для іншых – горад першага кахання, для трэціх – горад смутку. Для адных гэта горад з шырокімі праспектамі і новымі мікрараёнамі, для іншых – горад з пыльнымі вуліцамі прыватнага сектара.

 

Бабруйск. Фота 1387.io

Надзея, наша суразмоўніца з Бабруйска кажа, што для яе горад наагул не асацыюецца з мемамі:

– Мне здавалася, што пытанне пра бабруйскі мем неяк само сабой сышло ў годзе 2010. Як жыхарка Бабруйска я не думаю пра горад такімі катэгорыямі і не рэфлексую на гэтую тэму. Напэўна, гэтая тэма больш актуальная для падлеткаў?

Для мяне Бабруйск – незавершаная драма. Спектакль, які ніяк не можа скончыцца, бо не ведае, куды далей ісці сюжэту. Горад з разбуранай гісторыяй, які не здолеў збудаваць сучасны цэнтр – але пазбавіўся ад старога. Гэта горад, які быў маленькім, але ўваходзіў у пяцёрку найбуйнейшых – і страчвае гэтую магчымасць. Ён мог бы стаць прамысловым, але і гэтую магчымасць не скарыстаў. Да таго ж апошнім часам ён актыўна губляе насельніцтва – актыўней за астатнія гарады Беларусі.

Для мяне гэта драма, але няскончаная. Ці будзе некалі фінал – невядома.

 

 

Вядома, тэма Бабруйска немагчымая без тэмы зефіру. Мы нават рабілі матэрыял «ЗЕФІР – СІМВАЛ ГОРАДА?» Яго можаш пачытаць па гэтай спасылцы. У нашага суразмоўцы Паўла з Салігорска, менавіта такія асацыяцыі:

– Для мяне ваш горад асацыюецца перадусім з зефірам і «Белшынай». І калі з зефірам усё больш менш зразумела, то з «Белшынай» – не. Замест таго, каб выпускаць аж цэлых 27, ці колькі там, імпартазамяшчонных шын, лепш б засвоілі выпуск прэзерватываў і гумовых фалаімітатараў. Бо гэта крута гучала б: «Прэзерватывы «Белшына» зімовыя шыпаваныя, ці – гума тонкая, летняя…»

 

Дар’я Роскач, фота з асабістых архіваў гераіні

Бабруйская мастачка Дар’я Роскач наагул не згодная з тым, што Бабруйск – горад-мем:

– Падаецца, нашаму гораду наадварот не хапае сучасных мемаў. Бо гэтыя старыя, пра «жывотных», для моладзі абсалютна невядомыя. Таму нам трэба свежыя мемы, якія можна будзе цытаваць з задавальненнем.
Я лічу, што мемы патрэбныя, бо сёння яны – аналаг гістарычнага летапісу. І калі штось трапляе ў шэраг мемаў – гэта падзея.

Для мяне, напэўна, як і для многіх, Бабруйск асацыюецца з зефірам, але я б гэты вобраз давяла да абсурду. Неяк я агучвала ідэю помнік Леніну замяніць на вялізную зефірчыну. Ці дадаць на сам помнік зефіркі.

Калі я працавала ў школе, мы стваралі легенды з вучнямі. Адна з іх была пра тое, што зефір прыдумалі іншапланетнікі, бо ён падобны да лятаючай талеркі. Ці – яшчэ адна легенда была, што горад збудаваны антрапаморфнымі бабрамі, таму і мясцовыя скульптуры баброў маюць чалавечыя рысы. Магчыма, такія рэчы не ўсім падабаюцца, але гэта лепш за «ф Бабруйск жывотнае» і пасуюць усім узростам – і дзецям і дарослым. На гэтую тэму можна спакойна жартаваць, – разважае Дар’я.

 

Віталь Рыжкоў, фота bahouka_art

Віталь Рыжкоў, паэт, перакладчык і аўтар даследніцкага тыктоку пра беларускі характар vitaju_vital (ВІТАЮ, ВІТАЛЬ) называе сябе чалавекам дамемнай эпохі:

– Я ведаў адзін анекдот пра Бабруйск («так далёка ад Бабруйска, а так добра шыюць»), але не паспеў пачаць успрымаць гэта як нешта стэрэатыпнае. А калі пачаўся мемны час, я ўжо ўспрымаў усю гэтую эстэтыку як чужую і нясмешную. З недаўменнем ставіўся, скажам шчыра.

А потым у мяне зʼявіліся і знаёмыя-сябры з Бабруйска, і сам там пабываў колькі разоў, у тым ліку са здымкамі і экскурсіямі, то і крыху яшчэ больш эмпатычны стаў наконт горада і жартаў-мемаў у ягоны бок. Хіба быў здзіўлены, што Магілёў недалюбліваюць там, але і гэта магу зразумець, – усміхаецца Віталь. – Але ў інфаполі Бабруйск – адзін з самых знакамітых неабласных гарадоў Беларусі, – дадае суразмоўца.

А што думаеш ты? Дзяліся думкамі ў нашым інстаграм!