637 дзень народзінаў Бабруйска – зноў без свята. А як адзначаюць дні горада ў іншых краінах?

У гарадоў, як і ў людзей, ёсць дні народзінаў. Наш Бабруйск адзначае яго 28 красавіка – менавіта гэтым днём датуецца прывілей князя ВКЛ Ягайлы, які ён у 1387 годзе адрасаваў свайму брату Скіргайле і такім чынам перадаў ва ўласнасць Бабруйскую воласць. У дакуменце быў упершыню згаданы Бабруйск. У яго 637 дзень народзінаў мы вырашылі паглядзець, як святкуюцца імяніны гарадоў у іншых краінах.

Калаж: 1387.io

Сапраўдны дзень народзінаў і афіцыйны дзень горада

Было б лагічна, калі б менавіта 28 красавіка ў Бабруйску адзначаўся Дзень гораду. Аднак датай для свята прызначылі 29 чэрвеня – дзень, калі Бабруйск вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе. У сувязі з гэтым і дзень народзінаў заўсёды – мілітарызаваны і нагадвае другі Дзень перамогі. Святкаванне праходзіць па амаль аднолькавым сцэнары: з выставай ваеннай тэхнікі, салдацкай кашай, фотазонамі па матывах Другой сусветнай вайны, ускладаннем кветак да ваенных помнікаў. Акрамя гэтага, на плошчы Леніна праходзяць канцэрты, у якіх часта ўдзельнічаюць артысты, ніякі не звязаныя з горадам і нават краінай – часта гэта расейскія выступоўцы.

Некалькі гадоў таму «Тайм-клуб 1387» пачаў ладзіць святкаванне альтэрнатыўнага дня гораду – менавіта ў дзень народзінаў, 28 красавіка. Цікавыя імпрэзы, якія прыцягвалі шмат удзельнікаў, праходзілі ў памяшканні прасторы на вуліцы Чангарскай. Сярод іх былі габрэйскія танцы, гарадская віктарына з бабруйскім каларытам, розныя майстар-класы, паказы кіно, спектакляў і вечары акустычнай музыкі. Пасля таго як улады прымусілі тайм-клуб закрыцца, 28 красавіка дзень народзінаў Бабруйска больш ніхто не святкуе.

Калаж: 1387.io

А як адзначаюць імяніны гарадоў у іншых краінах? Ці ёсць хоць недзе такая засяроджанасць на ваеннай тэматыцы, як у Беларусі? Давайце паглядзім.

Грузія: традыцыі і шырокі размах

Пачнем з Грузіі з яе цікавымі і незвычайнымі праграмамі гарадскіх святаў.

Батумі

Дзень гораду ў Батумі называецца Батумоба. Ён, як і дзень народзінаў Бабруйска, адзначаецца напрыканцы красавіка, сёлета: 27 – 28-га. Дарэчы, Батумі – горад-пабрацім Бабруйска.

Сёлета Батумі святкуе сваё 136-годдзе.

У праграме свята: выстава-продаж хэндмэйд-вырабаў, выязныя пляцоўкі гарадскіх музеяў, кулінарныя майстар-класы (на іх будуць вучыць гатаваць нацыянальныя стравы), дзіцячы куток.

27 красавіка Батумскі дзяржаўны тэатр лялек і юных гледачоў пакажа спектакль, пройдзе цырымонія ўзнагароджання «Ганаровы жыхар Батумі», увечары адбудзецца джазавы канцэрт, а пасля яго выступіць ансамбль нацыянальнага танцу «Батумі» і дзіцячыя вакальныя ансамблі. Апоўначы будзе выступ дыджэяў.

Батумоба. Фота: Уладзімір Валішвілі / friendingeorgia.com

Увечары 28 красавіка адбудзецца гала-канцэрт з удзелам сімфанічнага аркестру.

Як Бабруйск некалькі разоў хацелі знішчыць, а ён штораз паўставаў з попелу

2 траўня традыцыйна адзначаецца дзень іншага грузінскага гораду – Кутаісі: Кутаісоба, Гвірылоба ці Дзень рамонак («гвірыла» па-грузінску – рамонак). У гэтага свята – прыгожая гісторыя, якая пачалася ў 1905 годзе. Тады ў горадзе прайшла дабрачынная акцыя па зборы грошай для дапамогі мясцовым лякарням. Жанчыны Кутаісі прадавалі рамонкі, а заробленыя грошы ішлі ў фонд дапамогі лекарам і шпіталям. З цягам часу гэты дзень ператварыўся ў свята рамонак, а потым – у дзень горада, да якога цяпер Кутаісі ўпрыгожваюць белымі рамонкамі.

Кутаісоба (Гвірылоба). Фота: sova.news

Аадчас святкавання Кутаісобы адбываецца пасвячэнне ў рыцары ордэну чоханосцаў – чохасані. Чоха – грузінскае ваўнянае паліто з высокай гарлавінай, якое з’яўляецца часткай традыцыйнага адзення народаў Каўказу. Чохасані – людзі, якія апранаюць нацыянальную вопратку і прасоўваюць грузінскія традыцыі і каштоўнасці.

Чоха. Фота: Моя Грузия / Facebook

У дзень горада ў Кутаісі ладзяцца канцэрты, выступаюць ансамблі нацыянальнага танцу, працуе кірмаш, на якім можна набыць імерэцінскую ежу і віно.

Польшча: фокус на сям’ю і дзяцей

У Польшчы мы паглядзелі, як святкуюць свае дні народзінаў невялікія гарады ў розных рэгіёнах, а таксама Стары горад Варшавы.

Новы Сонч

Новы Сонч знаходзіцца на поўдні краіны. У ім пражываюць 84 тысячы чалавек. Летась, у 2023 годзе імяніны гораду святкаваліся з 30 чэрвеня па 2 ліпеня. У праграме былі канцэрты мясцовых гуртоў. У суботу 1 ліпеня прайшоў сямейны фестываль «Бяспечныя вакацыі», на якім можна было пачаставацца бясплатнымі каўбаскамі, марозівам, цукровай ватай, папкорнам. З забаваў быў батут, скаладром, плаванне на пантонных лодках па мясцовым возеры. Скончыліся імяніны фестывалем дзіцячай песні.

Дзеці знаёмяцца з гісторыяй польскіх грошай на Дні гораду ў Новым Сончы. Фота: gazetakrakowska.pl

Шчэцін

Шчэцін знаходзіцца на захадзе Польшчы, на мяжы з Нямеччынай. У ім пражываюць крыху больш за 400 тысяч чалавек. Дзень народзінаў Шчэцін святкуе 2 ліпеня. Летась адмыслова для свята выпеклі вялізны торт, якім маглі пачаставацца гараджане. Частаванне тортам суправаджалася складаннем зычэнняў роднаму гораду. У парку працавала інтэрактыўная пляцоўка для дзяцей. Потым быў канцэрт мясцовых гуртоў і танцы. Музычныя імпрэзы былі прысвечаныя паўднёваамерыканскім матывам і гісторыі танга.

Вялізны торт да дня народзінаў Шчэціна. Фота: radioszczecin.pl

Адмыслова да імянінаў гораду запусцілі гістарычны трамвай. Таксама працаваў кірмаш з ежай і вырабамі хэндмэйд. Для дзяцей зладзіла майстар-клас мясцовая ілюстратарка дзіцячых кніг.

Катавіцэ

Катавіцэ – яшчэ адзін горад на поўдні Польшчы, з насельніцтвам крыху большым за 320 тысяч чалавек. Дзень народзінаў святкуе ў верасні. У 2023 годзе імпрэзы цягнуліся з 1 па 17 верасня. У цэнтры гораду ладзіўся кірмаш, канцэрт пад назвай «Люблю Катавіцэ», уваход на які быў бясплатным. Таксама працавалі забаўляльныя пляцоўкі для дзяцей.

Дзень народзінаў Старога горада ў Варшаве. Фота: warszawa.eska.pl

Варшава

У сталіцы Польшчы Варшаве ёсць асобнае святкаванне народзінаў Старуўкі ці Старога гораду, прысвечанае гадавіне яго адбудовы. Летась імпрэзы праходзілі 21, 22 і 23 ліпеня. У гэтыя дні ў Старым горадзе ладзіліся канцэрты, майстар-класы, прагляды фільмаў, сустрэчы з рознымі дзеячамі, гарадскія гульні, танцы. Апошні дзень святкавання – нядзеля – прайшоў пад заклікам адкрыцця Старога гораду. Адбыўся шэраг экскурсіяў, шпацыраў, лекцыяў, падчас якіх гасцям паказвалі і распавядалі пра таямніцы Старуўкі. Можна было наведаць недаступныя звычайна закрытыя падворкі, сутарэнні, куткі.

Літва: даследаванні вуліц

У Літве мы паглядзелі, як святкуе дзень народзінаў Коўна, у якім пражываюць каля 320 тысяч чалавек. Летась імпрэзы там пачаліся 26 траўня і цягнуліся тры дні. Дэвіз святкавання гучаў як «Коўна – будучыня нашай мінуўшчыны». У праграму былі ўключаныя рэканструкцыя сярэднявечнага гораду і рыцарскія турніры, кірмаш старажытных рамёстваў. На беразе Нёмна была створаная сямейная прастора з пікнікамі, гульнямі, танцамі, дзіцячымі зонамі. У раёне Ковенскага замку на рэчцы Нерыс была адкрытая зона саун.

Дзень народзінаў Каўнаса. Фота: kaunas.kasvyksta.lt

Працавала «вуліца турызму», якая распавядала пра магчымасці адпачынку ў Коўне і ваколіцах. Цягам трох дзён у горадзе праходзілі «Фестываль двароў», «Дзень вуліцы Путвінскіса» і «Святкуем раку». Апошні запрашаў гасцей пазнаёміцца з гісторыяй гораду праз ягоныя рэкі. А ў рамках «Дня вуліцы Путвінскіса» праходзілі выставы працаў мясцовых мастакоў, майстар-класы, экскурсіі, сэнсарнае прадстаўленне, працавала вулічнае радыё, можна было паўдзельнічаць у даследаванні вуліц.

Мы паглядзелі, як святкуюць дні народзінаў самыя розныя гарады у трох краінах – і нідзе не знайшлі ніякіх мілітарызаваных мерапрыемстваў.

Яшчэ адзін Дзень горада. 29 чэрвеня – дата вызвалення Бабруйска ад нямецка-фашысцкай акупацыі