Бульдозерам знялі траву, пафарбавалі старыя парасоны: у якім выглядзе галоўны пляж Бабруйска сустрэў лета?

Летась група неабыякавых жыхароў Бабруйска праводзіла даследаванне стану гарадскіх пляжаў, збірала грамадскае меркаванне, а потым па выніках прапанавала варыянты будучага развіцця ўзбярэжжа Бярэзіны. Свой праект бабруйцы прэзентавалі 30 лістапада 2021 году. Пасля прэзентацыі матэрыялы даследавання і ідэі добраўпарадкавання збіраліся перадаць у гарвыканкам. З пачаткам новага сезона адпачынкаў ля вады мы вырашылі даведацца пра далейшы лёс ініцыятывы, а таксама паглядзець на стан галоўнага бабруйскага пляжа каля санаторыя ім.Леніна.

Галоўны пляж Бабруйска ля санаторыя ім.Леніна. Фота: 1387.io

Новае на «санаторцы»: стэнды з пералікам забаронаў

Аўтар канцэпцыі развіцця бабруйскай набярэжнай Бярэзіны Арцём Галушчанка, які і правёў летась асноўную даследчую працу і прэзентаваў ідэю, кажа, што ў добраўпарадкаванні гарадскіх пляжаў, а ў прыватнасці – «санаторкі», мала што змянілася.

– Яшчэ напярэдадні нашай прэзентацыі мінулай восенню на пляж каля санаторыя Леніна прыехаў бульдозер і ўсё там перакапаў. Разраўняў зямлю, незразумела, навошта, і пры гэтым цалкам знішчыў травяное покрыва, – кажа Арцём. – Цяпер мы там бачым перакопаны пясок, а на ім амаль на старыя месцы вярнулі распранальні, старыя пафарбаваныя парасоны. Яшчэ замянілі лаўкі. Старыя былі не самыя лепшыя, я казаў у сваёй прэзентацыі пра неабходнасць іх замены, але папярэджваў – не трэба замяняць на такія ж. Ёсць процьма ідэяў, як зрабіць лаўку зручнай і функцыянальнай і прыемнай для вока і на дотык. Але паставілі ў выніку бетонныя падстаўкі з дошкамі наверсе. Без спінак, нязручныя.

Новыя лаўкі на «санаторцы». Фота: 1387.io

Совы, пляжный волейбол, экопарк у реки: бобруйчане разработали концепцию развития городской набережной

Старая воркаўт-пляцоўка засталася некранутай, зазначае наш суразмоўца. Як і прыбіральня тыпу «дзірка ў падлозе».

– Калі надоечы сюжэт пра наш пляж здымаў праект «Адкрыты Бабруйск», і я распавядаў ім пра нашу леташнюю ініцыятыву, мы праходзілі каля туалета, і пабачылі, як працаўнікі там зноў фарбавалі сцяну. І гэта замест таго, каб цалкам замяніць гэтую прыбіральню на новую і сучасную, – кажа Арцём.

Воркаўт-пляцоўка на галоўным пляжы Бабруйску ля санаторыя ім.Леніна. Фота: 1387.io

Але ёсць сёлета на «санаторцы» і навінка – стэнды з пералікам таго, што на пляжы рабіць нельга, зазначае аўтар канцэпцыі развіцця бабруйскай набярэжнай.

«Няма дзе пераапрануцца, купіць бутэльку вады»

Вядоўцы бабруйскага ютуб-праекту «Адкрыты Бабруйск» у сваім сюжэце пра пляж запыталіся ў мінакоў, што яны думаюць пра адпачынак ля вады ў родным горадзе. З адказаў вынікае, што бабруйцам не хапае:

  • больш мяккага пяску
  • марозіва і магчымасці набыць іншую ежу і ваду на пляжы
  • добраўпарадкаванай набярэжнай з ліхтарамі, уздоўж якой можна было б гуляць
  • душавых, іншых санітарных выгодаў
  • пляцовак для дзяцей

Стэнды з пералікам таго, што нельга рабіць на гарадскім пляжы ля санаторыя ім.Леніна. Фота: 1387.io

Жыхары Бабруйска кажуць, што гарадскі пляж па ўсіх параметрах прайграе прыватным у ваколіцах горада. Акрамя таго, што ён не добраўпарадкаваны, месцамі яшчэ і брудны – там можна сустрэць аскепкі бутэлек, экскрэменты жывёлаў.

– Пераапрануцца няма дзе, элементарна купіць бутэльку вады, перакусіць таксама няма дзе – мне гэта катэгарычна не падабаецца, – кажа жыхарка Бабруйска. – Трэба высадзіць газонную траву, каб было прыемна нагам, дарожкі элементарныя, урны, кропкі грамадскага харчавання – я хацела б хоць нейкія выгоды.

«Людзі прыходзяць на пляж з дзецьмі, а тут няма нічога для дзяцей»

Галоўны пляж Бабруйска ля санаторыя ім.Леніна. Фота: 1387.io

З патрэбаў людзей, з таго, чаго ім не хапае і трэба сыходзіць, прадумваючы далейшае развіццё набярэжнай, кажа Арцём Галушчанка.

– Дзеля гэтага мы і праводзілі даследаванне. З яго вынікае, што людзі прыходзяць сюды за адпачынкам ля вады, на пляжы, за шпацырамі па зялёнай зоне, заняткамі спортам на свежым паветры, з дзецьмі, а тут як раз няма ніякіх актыўнасцяў для дзяцей, – кажа бабруец. – Як у нас усё магло б выглядаць, выдумляць не трэба. Ёсць шмат гарадоў на рэках, і можна паглядзець, як яны развіваліся і што маюць сёння. Я думаю, мы цалкам можам падглядзець і ўзяць самае лепшае, дадаць нешта сваё, аб’яднаць і прапанаваць у выніку нешта сваё ўнікальнае.

На галоўным пляжы Бабруйска няма пляцовак для дзяцей. Фота: 1387.io

На сённяшні ж дзень, паводле Арцёма, на ўсіх пляжах Бабруйска атмасфера аднолькавая – крыху пяску, трава, старыя парасоны, такія ж старыя прыбіральні, якія не адпавядаюць ніякім санітарным стандартам.

– Я неабыякавы да месца, дзе жыву. Таму праект развіцця набярэжнай узнік летась сам сабой, – кажа наш суразмоўца. – З’явілася ідэя паспрабаваць нешта зрабіць з гэтым месцам, каб яно стала зручнейшым, утульнейшым, адметным, каб тут можна было бавіць час, таму што гэта ўнікальнае месца па сваім знаходжанні, бо тут і гасцініца Турыст, і санаторый ім.Леніна – усё за тое, каб гэтая кропка стала турыстычнай атракцыяй. Тым больш, што сюды людзі прыходзяць не толькі ўлетку, а любяць тут бываць і ў іншыя сезоны.

Совы як «фішка» галоўнага бабруйскага пляжа

Галоўны пляж Бабруйска ля санаторыя ім.Леніна. Фота: 1387.io

Таццяна Праснакова, бабруйчанка, дызайнерка і суаўтарка канцэпцыі развіцця набярэжнай лічыць, што «фішкай» галоўнага пляжа Бабруйска могуць быць совы, якія тут жывуць.

– Я тут бачу прыродны эка-парк, дзе будзе цікава розным гараджанам. Таксама я за экалагічны падыход, – кажа Таццяна. – Напрыклад, калі гэта дзіцячая пляцоўка, то можна яе рабіць з дрэва, а не пластыку. Можна было б зрабіць драўляныя пірсы. У нас тут ёсць совы, і мне падаецца, было б крута, калі б не толькі бабры асацыяваліся з нашым горадам. Можна было б паставіць кармушкі, цікавыя стэнды – як гульнявыя для дзяцей, так і інфармацыйныя.

Галоўны пляж Бабруйска ля санаторыя ім.Леніна. Фота: 1387.io

Пасля леташняй прэзентацыі даследавання меркавання бабруйцаў і магчымых ідэяў далейшага развіцця ўзбярэжжа Бярэзіны, ініцыятыўная група збіралася перадаць свае напрацоўкі гарадскім уладам, і развіваць сваю канцэпцыю далей. Аднак агульная сітуацыя ў краіне прымусіла паставіць працу на паўзу.

– Пэўны час было не да таго, – кажа Арцём Галушчанка. – Аднак я бачу патрэбы гараджанаў у месцах адпачынку ля вады, таму ёсць думка працаваць над канцэпцыяй далей, дапоўніць пакет матэрыялаў і перадаць яго ў выканкам. А далей ужо пытанне зацікаўленасці нашых гарадскіх уладаў – ці развіццё набярэжнай будзе рухацца далей, ці ўсе нашыя напрацоўкі пойдуць «у стол».