Чым Бабруйск лепшы за брытанскі Саўтгэмптан, адкуль некалі адплыў «Тытанік»?

Нашай суразмоўцы бабруйчанцы Лане Яраш 50 гадоў. З іх 20 яна жыве ў Вялікай Брытаніі, апошнія 7 гадоў – у Саўтгэмптане, параўнальным па колькасці насельніцтва з Бабруйскам, у якім жанчына апошні раз была да пачатку пандэміі каронавірусу, у 2019 годзе. Мы папрасілі Лану распавесці пра свой цяперашні горад і паразважаць, у чым Бабруйск мусіць браць прыклад, а ў чым, магчыма, уступае Саўтгэмптан. Ці атрымалася знайсці перавагі Бабруйска – чытайце ў нашым матэрыяле.

Лана Яраш. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Горад, з якога адплываў «Тытанік»

Сёлета напрыканцы года будзе 20 гадоў, як Лана не жыве ў Бабруйску. З’язджала жанчына па ўласным жаданні. Да ад’езду працавала ў бабруйскім тубдыспансеры, потым некаторы час загадчыцай складу ў адной з сеткавых крамаў. А потым паехала ў Вялікую Брытанію. Там спачатку некалькі гадоў вучыла мову ў каледжах. Пасля скончыла падрыхтоўчы курс для паступлення ва ўніверсітэт, паступіла на біямедычныя навукі, скончыла і цяпер працуе ў шпіталі ў лабараторыі гісталогіі.

У родны Бабруйск жанчына спачатку ездзіла рэдка, з 2016 па 2019 гады – часцей.

«Я была ў Бабруйску ў 2008 годзе, а потым прыехала толькі ў 2016-м, калі памёр мой тата. І потым штогод ездзіла на гадавіну ягонай смерці ў лютым. У 2019 годзе я тройчы за год прыязджала ў Беларусь, а пасля 2020 года не магу нават да хворай мамы прыехаць», – распавядае наша суразмоўца.

У Брытаніі Лана спачатку жыла ў самым вялікім горадзе Шатландыі – Глазга. Апошнія 7 гадоў – у Саўтгэмптане. Горад вядомы тым, што менавіта адсюль 10 красавіка 1912 года адправіўся ў свой першы і апошні рэйс «Тытанік».

Круізны лайнер у порце Саўцтгэмптану. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Порт Саўтгэмптану. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

За 20 гадоў Лана шмат павандравала па Вялікай Брытаніі, не была пакуль толькі ў Уэльсе і Паўночнай Ірландыі. Брытанскія гарады ні ў якое параўнанне не ідуць з Бабруйскам ды іншымі беларускімі гарадамі, кажа былая бабруйчанка. Адзінае, у чым да нашага гораду падобны Саўтгэмптан – колькасцю насельніцтва, зазначае жанчына (па стане на 2016 год там пражывалі каля 270 тысяч чалавек, у Бабруйску па стане на 2024 год – крыху больш за 207 тысяч).

«Бабруйск – не маленькі горад»

Калі Лана прыехала ў Вялікую Брытанію, найбольш яе ўразіла, што ва ўсіх гарадах, у тым ліку, у самых маленькіх, правінцыйных – цудоўная інфраструктура:

«Сеткавыя крамы і маленькія прыватныя, абавязкова вялікі гандлёвы цэнтр, пошта, усе неабходныя сэрвісы: хімчыстка, рамонты. І так у любым горадзе. Гэта мяне ўразіла, бо памятаю, што нават у 2019 годзе, калі я была апошні раз у Бабруйску, там нават з вопраткай была праблема – трэба было ехаць у Менск».

Вялізны фудкорт у Саўтгэмптане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Саўтгэмптан – партовы горад, тут знаходзіцца адзін з самых вялікіх партоў Брытаніі, у якім працуе значная частка гараджанаў. Лана параўноўвае яго з бабруйскай «Белшынай» – таксама горадаўтваральным прадпрыемствам. Аднак у Саўтгэмптане цяпер існуюць планы пераносу індустрыяльнай часткі ў іншае месца, на другі бок заліву, а на былым хочуць стварыць пляцоўку для круізных лайнераў, пабудаваць гатэлі, забаўляльныя цэнтры, каб прыцягваць яшчэ больш турыстаў з усяго свету.

У Саўтгэмптане два ўніверсітэты, куды прыязджаюць вучыцца студэнты з усяго свету (у Бабруйску няма ніводнай ВНУ).

«Таму мне балюча глядзець, якім можа быць горад, і які наш Бабруйск. Мы прызвычаіліся лічыць, што Бабруйск – маленькі горад, і таму ў нас так – нечага няма, не хапае ў параўнанні са сталіцай. Але гэта не так! Бабруйск – даволі вялікі горад. А нават калі горад і маленькі, тысяч на 50 насельніцтва, у Брытаніі ён нічым не адрозніваюцца ад вялікага, тут няма такой розніцы паміж сталіцай і рэгіёнамі, як у Беларусі».

«Не разумею сэнсу газону, калі на ім стаіць шыльда «не хадзіць»

Саўтгэмптан, як і іншыя брытанскія гарады, імкліва развіваецца, зазначае былая бабруйчанка:

«Калі я прыехала ў Саўтгэмптан упершыню ў 2005 годзе, ён падаўся мне крыху дэпрэсіўным. Цэнтр быў не надта задбаным. Але калі цяпер параўноўваць, як ён за гэты час змяніўся, а як Бабруйск, у мяне проста няма словаў. Бабруйск таксама змяняецца, але ў які бок? Калі я прыехала і ўбачыла, што выкапалі пасадкі ўздоўж вуліцы Менскай і пабудавалі там гандлёвыя цэнтры, я стаяла на сваім гаўбцы, які выходзіць як раз на габрэйскія могілкі, і плакала».

У гістарычным цэнтры Саўгтэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Брытанскія гарады – вельмі зялёныя, кажа Лана. Не тое, што ў кожным горадзе, але ў кожным раёне маецца парк: шмат прыгожых, задбаных, дзе ёсць дзе пасядзець, пагуляць з дзецьмі, ёсць таксама зялёныя зоны больш падобныя да лесу.

У Саўтгэмптане шмат газонаў, і на іх можна сядзець, ляжаць, адпачываць і нават ладзіць пікнікі.

«Я не разумею, у чым сэнс газону, калі на ім стаіць шыльда з надпісам «не хадзіць», – кажа Лана. – Канешне, тут на газонах можна адпачываць, ляжаць, ладзіць пікнікі. Адзінае, калі справа датычыць адкрытага агню, барбекю, гэта можна рабіць толькі ў спецыяльна прызначаным месцы – такія зоны ёсць у парках, на пляжах. Калі будзеш смажыць шашлыкі ў не прызначаным месцы – цябе аштрафуюць. Але калі ты робіш пікнік на газоне проста з сандвічамі і віном ці сокам, ніхто табе нічога не скажа».

Горад, сяброўскі для дзяцей і жывёлаў

Брытанскія гарады – сяброўскія для ўсіх групаў насельніцтва, кажа былая бабруйчанка. У Саўтгэмптане вельмі камфортна як маладым мамам з немаўлятамі ў вазках, так і бацькам з больш старэйшымі дзецьмі – для іх ёсць шмат дзіцячых пляцовак.

«І яны вельмі якасныя і прыгожыя. У іх дызайне выкарыстоўваецца шмат натуральных матэрыялаў, дрэва, камянёў, спалучэнні колераў вельмі прыгожыя – усё гэта глядзіцца вельмі натуральна і прывабна, – распавядае Лана. – Мне падаецца, што і ў Бабруйску ўсе гэтыя матэрыялы можна знайсці і зрабіць прыгожыя сучасныя дзіцячыя пляцоўкі, дзе ёсць і пясок, і камяні, розныя тэкстуры і колеры – гэта ўсё можна зрабіць. І я думаю, што самі актыўныя бабруйцы маглі б гэта арганізаваць. Але праз тое, што цяпер зламаныя ўсе гарызантальныя сувязі, і любое аб’яднанне людзей караецца, думаю, яшчэ вельмі доўга не будзе ніякіх ініцыятываў знізу».

Дзіцячая пляцоўка ў Саўтгэмптане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Дзіцячая пляцоўка ў Саўтгэмптане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Акрамя дзіцячых пляцовак, у Саўтгэмптане амаль ва ўсіх кавярнях ёсць месца, дзе можна пераапрануць дзіця. Таксама ў горадзе шмат магчымасцяў для спорту, забаваў, месцаў, дзе можна бавіць час з дзецьмі, кажа Лана:

«Напрыклад, у парках стаяць тэнісныя корты – прыходзь са сваімі ракетамі і гуляй бясплатна. Тут агулам заўсёды шмат моладзі, дзяцей у горадзе».

Брытанскія гарады таксама сяброўскія да жывёлаў.

«З гадаванцамі ёсць дзе гуляць – шмат паркаў і проста невялікіх пляцовак з травой, дрэвамі. Паўсюль стаяць урны для сабачых экскрэментаў, папярэджанні, што за сваімі гадаванцамі трэба прыбіраць, – распавядае былая бабруйчанка. – А яшчэ тут увогуле няма панятку «бяздомная жывёла» – я за ўсё жыццё тут не бачыла ніводнага бадзяжнага ката ці сабакі».

Марына ў цэнтры Саўтгэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Марына ў цэнтры Саўтгэмптану. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

«Няма ніводнай установы, куды б не мог заехаць чалавек на вазку»

Яшчэ 20 гадоў таму Лана была прыемна ўражаная інфраструктураў для людзей з інваліднасцю ў Вялікай Брытаніі.

«Я тады была шакаваная тым, як усё развіта, а потым перажыла яшчэ адзін шок, калі прыехала ў Бабруйск, і ўбачыла, што ў нас дагэтуль нічога з гэтага няма, – кажа жанчына. – Так, цяпер будуюць дамы па новых стандартах, але я ўсё роўна бачу, якія высокія пад’езды і пад’ёмы для вазкоў, па якіх вельмі цяжка заехаць».

У Вялікай Брытаніі, паводле Ланы, няма ніводнай установы, куды б не мог заехаць чалавек на вазку.

«Што ні ўзгадай – дзяржаўныя ўстановы, крамы, кавярні, медычныя ўстановы і т.п. – уся інфраструктура сяброўская для людзей з інваліднасцю. Паўсюль ёсць туалеты для вазочнікаў, а калі, напрыклад, туалет толькі адзін, ён абавязкова будзе абсталяваны пад патрэбы людзей на вазках. Пра транспарт і казаць няма чаго – у кожным аўтобусе на прыпынку выязджае прыступка, а калі ёсць праблемы, кіроўца заўсёды выйдзе і дапаможа вазочніку заехаць. У пярэдняй частцы салону аўтобуса ёсць месца для пасажыраў на вазках», – распавядае наша суразмоўца.

Шырокія вуліцы – перавага Бабруйска над брытанскімі гарадамі

Агулам брытанскі транспарт Лана называе ідэальным:

«Ён бывае розны: у Саўтгэмптане толькі аўтобусы, у іншых гарадах бываюць трамваі, у Глазга ёсць метро. У Саўтгэмптане таксама ёсць паром, на якім можна перабрацца на другі бок заліву. Я сама пераважна езджу на машыне, і магу сказаць, што тут вельмі ветлівыя кіроўцы, заўсёды прапусцяць, добра ставяцца да маладасведчаных кіроўцаў і да вучняў на дарогах, якія ездзяць на машынах з пазнакай «L» – learning».

У Саўтгэмптане, паводле Ланы, усё больш распаўсюджанымі становяцца электрамабілі, і для іх цяпер будуецца шмат заправак.

У гістарычным цэнтры Саўтгэмпатана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

У гістарычным цэнтры Саўтгэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

У гістарычным цэнтры Саўтгэмптану. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Распавядаючы пра транспарт Вялікай Брытаніі, Лана прыгадвае, у чым Бабруйск мае перавагу – у шырыні сваіх вуліц.

«Ва ўсёй Брытаніі ў прынцыпе вельмі вузкія вуліцы, – адзначае жанчына. – У Лондане, напрыклад, часта бачна, як цяжка на іх раз’ехацца вялікім двухпавярховым аўтобусам. Таксама на такіх вуліцах няпроста раварыстам».

У Саўтгэмптане, паводле Ланы, не хапае роварных сцежак.

«Мы былі ў Берліне, і я ўбачыла, які там сяброўскі да раварыстаў горад, і як гэта адрозніваецца ад Саўтгэмптана. У нас бывае страшнавата ездзіць на ровары па вузкай праезджай часткі без адмысловай паласы. Так, роварных дарожак становіцца ўсё больш, але агулам – гэта дагэтуль праблема. А вось у Бабруйску – вялікія шырокія вуліцы, на якіх можна ехаць на ровары з боку (калі б было дазволена) і без праблем раз’ехацца з машынамі. Гэта перавага», – кажа жанчына.

У гістарычным цэнтры Саўтгэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Гістарычная спадчына Саўтгэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Асобна Лана згадвае, як у Вялікай Брытаніі захоўваюць гістарычную спадчыну:

«Ніхто нічога не фарбуе жахлівым фарбамі і не пакрывае страшнай тынкоўкай. Будынкі з ХIV стагоддзя перажылі многіх і нас перажывуць, і яшчэ шмат стагоддзяў прастаяць. Тут у дамах, прызнаных гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, якія выкарыстоўваюцца як звычайнае жытло, забаронена мяняць вокны, ставіць пластыкавыя, напрыклад, ці прыбіраць ляпніну і іншыя элементы ўнутры і на фасадах, зносіць перагародкі. А ў Бабруйске я ніколі не разумела, як можна ў старыя дамы ставіць пластыкавыя вокны».

Дамы-шэлтары для людзей у сталым узросце

Брытанскія гарады хутка развіваюцца і змяняюцца, аднак, каб нейкія змены адбыліся, спачатку вядзецца шырокае абмеркаванне з мясцовымі жыхарамі, распавядае Лана:

«Мы жывем на вуліцы з двухпавярховымі дамамі, у прыватным сектары. Цяпер тут хочуць пабудаваць сістэму для зарадкі электрамабіляў, і рыхтуюць праекты для абмеркавання з усімі мясцовымі жыхарамі».

Як прыклад удзелу людзей у добраўпарадкаванні гораду, а таксама клопату пра розныя групы насельніцтва, жанчына прыводзіць гісторыю рэнавацыі раёну, у якім знаходзяцца так званыя шэлтары для людзей, старэйшых за 65 гадоў. Гэта звычайныя кватэры, у якіх ёсць адмысловыя сродкі сувязі з дыспетчарам, які ў выпадку патрэбы хутка зрэагуе і накіруе дапамогу.

«У гэтых кватэрах ёсць трубка, якую можна зняць, націснуць на кнопку, на другім канцы адкажа дыспетчар, і яму можна распавесці, што здарылася. А яшчэ ёсць такая сістэма, калі ў кожны пакой, у ванную, на кухню праведзеныя адмысловыя вяроўкі. Калі за такую вяроўку тузануць, дыспетчар атрымлівае сігнал, і прыходзіць паглядзець, што здарылася. Гэта можа ўратаваць, калі чалавек упаў, у яго штосьці з сэрцам адбылося», – распавядае Лана.

«Прыемна, калі людзі ўдзельнічаюць у жыцці свайго горада і могуць яго змяняць»

У гэтым раёне каля такіх дамоў-шэлтараў паклалі адмысловую плітку і нанеслі рознакаляровую разметку на дарогах.

«Гэта зроблена, каб людзям у сталым узросце, з кепскім зрокам было зручней перасоўвацца, – кажа Лана. – І вось калі гэта ўсё рабілася, было шмат кансультацыяў, абмеркаванняў з мясцовымі жыхарамі. Можна было спрачацца, уносіць прапановы, ідэі. І гэта вельмі прыемна, што людзі ўдзельнічаюць у жыцці свайго горада і могуць яго змяняць, даваць карысныя парады і бачыць, што іх слухаюць».

Каляровая разметка на дарогах. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Яшчэ адзін раён у Саўтгэмптане, які цяпер аднаўляюць – той, дзе жывуць не самыя забяспечаныя людзі, са словаў Ланы:

«Тут зносяць старыя дамы 1960-х гадоў, непрыгожыя, пабудаваныя няякасна, і замест іх будуць узводзіць нармальнае жытло. І ў гэтым раёне таксама робяць усю інфраструктуру, трэнажоры на вуліцах, каб людзі маглі займацца. Паўсюль стаянкі для ровараў, скутараў».

Раён Саўтгэмптана, дзе жывуць малазабяспечаныя гараджане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Раён Саўтгэмптана, дзе жывуць малазабяспечаныя гараджане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Раён Саўтгэмптана, дзе жывуць малазабяспечаныя гараджане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш.

Раён, дзе жывуць малазабяспечаныя гараджане, – ледзь не адзіны, дзе можна сустрэць шматпавярховікі, зазначае была бабруйчанка.

«Брытанія агулам – малапавярховая краіна. Дамы пераважна двух–, максімум чатырохпавярховыя. Раёны са шматпавярховай забудовай я называю «гета», дзе жывуць малазабяспечаныя. Але што цікава – у пад’ездах гэтых дамоў чысцей, чым у любым пад’ездзе Бабруйска», – кажа жанчына.

«Дзе ўсе нашыя таленавітыя людзі?»

Галоўнае, што Бабруйску трэба было б узяць за прыклад у брытанскіх гарадах, на думку Ланы – сяброўская інфраструктура для інвалідаў-вазочнікаў, а таксама для бацькоў з дзецьмі ў вазках.

«Адсутнасць такой інфраструктуры вельмі абмяжоўвае магчымасці людзей некуды трапіць і робіць іхнае жыццё горшым. Гэта мой асабісты боль, бо цяпер гэта перажывае мая мама. Але я і раней бачыла такія гісторыі – у нас быў сусед, які шмат гадоў перасоўваўся на вазку, і для яго вялізнай праблемай было выйсці з дому, – распавядае жанчына. – У Брытаніі ў выпадку інваліднасці табе абавязаныя выдзеліць кватэру на ніжнім паверсе, каб ты мог выязджаць з яе на вазку. Дом табе за кошт бюджэту адаптуюць пад твае патрэбы – зробяць поручні ў ваннай і т.п. Тут вялізная падтрымка для людзей з інваліднасцю, і такога хацелася б і ў Бабруйску».

Лана кажа, што ўжо не сумуе па Бабруйску:

«Калі я прыехала ў 2016 годзе, пасля 8-гадовага перапынку, я плакала, бо мне было незразумела, чаму людзі такія сумныя, не ўсміхаюцца, чаму ўсё так непрыгожа, дэпрэсіўна на вуліцах, чаму вырубілі пасадкі, чаму калі штосьці будуецца, то яно такое непрыгожае, чаму дзіцячыя пляцоўкі ў старых раёнах такія страшныя, чаму такія дзіўныя колеры на іх, няўжо нельга падабраць колеравую гаму – дзе ўсе дызайнеры, дзе нашыя таленавітыя людзі? Я не разумела, і я не хацела б туды вярнуцца».

Наша суразмоўца гатовая выдаткаваць грошы і час, каб дапамагчы ў развіцці нейкіх праектаў для Бабруйска, для Беларусі, але разумее, што жыць там ужо не змагла б.

Спадабаўся артыкул, каментуй у Інстаграм