15 студзеня, пасля нядзельнай службы, ксёндз-пробашч бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі Андрэй Яркавец абвесціў, што з 1 лютага парафія будзе плаціць гораду за арэнду памяшкання касцёла. Пачалося гарачае абмеркаванне навіны, аднак адрозніць дакладную інфармацыю ад чутак дагэуль няпроста. Мы паспрабавалі разабрацца, што адбываецца з найпрыгажэйшым будынкам Бабруйска, а таксама ўзгадалі пра ягоны шматпакутны лёс і паразважалі пра будучыню.
«Каб атрымаць будынак ва ўласнасць, трэба плаціць арэнду»
Ксёндз-пробашч Андрэй Яркавец адразу пасля абвесткі пра арэнду запэўніў вернікаў і звычайных бабруйцаў, што непакоіцца няма пра што, а наадварот – ёсць нагода для радасці – нарэшце распачаўся працэс перадачы касцёла парафіі.
«Справа ў тым, што, па дзяржаўных нарматывах, каб перадаць будынак ва ўласнасць касцёлу, трэба, каб перад тым аплачвалася ягоная арэнда. Гэтаксама плаціў за арэнду магілёўскі касцёл, а потым атрымаў будынак на пяць гадоў у бязвыплатнае карыстанне», – сказаў ксёндз Андрэй у інтэрв’ю «Вечернему Бобруйску».
Памер арэнды дагэтуль нідзе не агучваўся. Вядома, што грошы будуць збірацца з парафіянаў, а каб зменшыць суму, будуць вызваленыя некаторыя памяшканні ў касцёле, якімі карысталіся вернікі. Застануцца бібліятэка, памяшканні для катэхэзаў і набажэнстваў.
У сацсетках і некаторых СМІ можна было сустрэць інфармацыю, што ўлады загадалі разабраць арган. Ксёндз Андрэй сцвярджае, што музычны інструмент ніхто разбіраць не будзе – «гэта ўжо чуткі самі напрыдумваліся». Адначасова суполка «Аднаўленне бабруйскага касцёла» у Фэйсбуку тлумачыць, адкуль гэта ўсё пайшло:
«Прыйшла камісія па абмеры памяшканняў, каб падлічыць памер арэнднай платы, і кажа падчас абмераў: “Вось тут у вас арган стаіць, а каб вунь туды пераставілі, аплата выйшла б меней”. Хацелі дапамагчы парадай, але не разумеюцца на арганах. Тут і пачалося…».
Аднак урэшце музычны інструмент вырашылі пакінуць у спакоі, там, дзе ён і стаіць.
У Бабруйску будзе, як у Магілёве і Нясвіжы. А што там у Магілёве ды Нясвіжы?
Старшыня парафіяльнай рады Віктар Маліноўскі ў каментары ў суполцы «Каталікі Беларусі» у Фэйсбуку заклікае захоўваць спакой, бо нібыта нічога страшнага не адбываецца, а насамрэч распачаўся працэс бязвыплатнага вяртання касцёла парафіі.
«Распачаўся, нарэшце, працэс бязвыплатнага вяртання каталіцкай супольнасці Бабруйска нашага пакутнага касцёла, у комплексе з пяціпавярховай прыбудовай. Юрыдычная працэдура адбываецца гэтак жа, як тое было ў Магілёве, адначасна і цяпер у Нясвіжы. Улады Бабруйска зацікаўленыя, каб перадаць касцёл вернікам. Таксама ўзаемаўзгодненыя і зацверджаныя ўсе захады, каб на час юрыдычнага афармлення ўсёй працэдуры памер арэнднай платы быў аптымальным і найменшым, – піша старшыня парафіяльнай рады. – Ніхто не збіраецца разбіраць арган, выносіць касцельную мэблю, чыніць перашкоды ў дзейнасці святыні. Пэўныя непаразуменні паўсталі праз некарэктныя пытанні з боку камісіі па абмеры памяшканняў і на сённяшні дзень яны не маюць ніякай актуальнасці».
Архітэктурная спадчына Бабруйску: найбольш каштоўныя будынкі закінутыя ці патрабуюць рамонту
Што ж адбываецца ў касцёлах Магілёва і Нясвіжа, якія прадстаўнікі прыводзяць як пазітыўныя прыклады? З размоваў з дасведчанымі асобамі нам стала вядома, што ў Магілёве касцёл не належыць парафіі і гэтае пытанне пакуль нават не падымаецца – проста працягваецца дамова на бязвыплатнае карыстанне. Прыкладна тое самае ў Нясвіжы – у гэтым годзе ўлады вырашылі браць арэндную плату, а потым можна будзе заключыць дамову на бязвыплатнае карыстанне. Як мінімум пакуль ідзе рэстаўрацыя касцёла. Абедзве святыні працягваюць заставацца ў камунальнай уласнасці.
Біскуп Яшэўскі: будзе бязвыплатнае карыстанне, не афармленне ва ўласнасць
Так мы пачалі сумнявацца, ці насамрэч у Бабруйску гаворка ідзе пра перадачу касцёла ва ўласнасць парафіі? Паколькі ніякіх дакументаў ніхто не прадставіў, дакладнай інфармацыі не было, заставалася толькі задавацца пытаннямі і чакаць далейшых звестак.
Нашыя сумневы пацвердзіў Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандар Яшэўскі SDB. Пра лёс бабруйскага касцёла ён распавёў падчас сустрэчы святароў у Горках.
«Рыма-каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Бабруйску не з’яўляецца ўласнікам адзінага дзеючага касцёла ў гэтым горадзе. Па гэтай прычыне яна атрымала пастанову ад выканкама Ленінскага раёна горада Бабруйска, што з 1 студзеня 2023 года (заднім чыслом? Бо пробашч парафіі казаў пра 1 лютага. – рэд.) неабходна заключыць дамову аб арэнднай плаце за тыя памяшканні, якімі карыстаецца парафія для сваіх мэтаў, паколькі бязвыплатнае карыстанне гэтымі памяшканнямі больш немагчымае паводле заканадаўства. За памяшканні прыбудаванага будынку былога «Бобруйскстройкомплекс», якімі парафія не карыстаецца, арэнда выплачвацца не будзе», – паведаміў генеральны вікарый.
Пасля падліку арандаванай плошчы, бабруйская парафія падпіша дамову з уласнікам будынку на мінімальны тэрмін у шэсць месяцаў на аплату арэнды і будзе чакаць распараджэння ўладаў аб перадачы касцёла ў бязвыплатнае карыстанне. Далей біскуп Яшэўскі зноў згадаў касцёл у Магілёве, дзе парафія больш за год аплочвала будынак касцёла, гаража і прылеглай тэрыторыі, а потым атрымала гэтыя аб’екты на 5 гадоў у бязвыплатнае карыстанне.
«Наступным крокам стане просьба аб перадачы ва ўласнасць будынку касцёла, які быў пабудаваны і адрамантаваны каталіцкімі вернікамі Бабруйска і шматлікімі дабрачынцамі парафіяльнай супольнасці», – зазначыў іерарх.
Чарговая праява ціску на Касцёл?
Такім чынам, сітуацыя ў Бабруйску сапраўды падобная да таго, што адбываецца ў Магілёве і Нясвіжы, і гаворка пра перадачу касцёла ва ўласнасць парафіі цяпер не ідзе. Вернікі будуць цягам шасці месяцаў плаціць арэнду, а пасля ўсё вернецца да статуса кво – горад перадасць касцёл у бязвыплатнае карыстанне, але не ва ўласнасць. Перспектыва афармлення ўласнасці зноў абяцаецца ў нейкім будучым часе, але без канкрэтыкі. То бок, па сутнасці, касцёл у Бабруйску як не належыў вернікам, так не будзе належыць і далей.
Такая сітуацыя складваецца далёка не з усімі касцёламі ў Беларусі. У нас ёсць святыні, якія з’яўляюцца ўласнасцю Касцёла. Напрыклад, у Віцебскай дыяцэзіі няма ніводнага касцёла, які б належаў гарадскім ці абласным уладам. У Менска-Магілёўскай мы ведаем пра чатыры такія выпадкі – у Магілёве, Бабруйску, Менску (сітуацыя з Чырвоным касцёлам), Нясвіжы.
Сваім меркаваннем з намі падзяліўся чалавек, абазнаны ў касцельных справах. Ён лічыць, што перашкоды на шляху афармлення касцёлаў ва ўласнасць – гэта праява ціску на каталікоў у Беларусі, і што заканадаўства не перашкаджае спрошчаную перадачу ў валоданне – была б толькі добрая воля.
Мы папрасілі таксама пракаментаваць сітуацыю юрыста і ён сказаў нам, што няма такіх нарматываў, якія абавязваюць арэндадаўцу браць аплату – гэта заўсёды залежыць ад жадання ўласніка – здаваць за грошы ці бясплатна.
Рэпрэсаваны архітэктар Шабунеўскі і іншыя вядомыя асобы, звязаныя з бабруйскім касцёлам
Прыгадаем шматпакутную гісторыю бабруйскага касцёла, а таксама тое, як ужо больш за 30 гадоў вядуцца перамовы з уладамі аб вяртанні святыні і яе адбудове, а воз і дагэтуль там, дзе быў.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску быў пабудаваны ў 1906 годзе ў стылі неаготыкі з рысамі мадэрну. Аўтарам праектаў стаў гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі, рэпрэсаваны і забіты ў 1937 годзе.
У 1912 годзе касцёл асвяціў мітрапаліт Вінцэнт Ключынскі. На пачатку ХХ стагоддзя ў бабруйскім касцёле служыў святар, беларускі паэт і публіцыст Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля).
Падчас Першай сусветнай вайны ў Бабруйску служыў дабраславёны ксёндз Міхал Сапоцька.
У 1935 годзе савецкія ўлады забаранілі службы ў касцёле, зрабілі ў ім гаспадарчыя памяшканні. Касцёл зноў адчыніўся ў 1941 годзе, калі Бабруйск быў акупаваны нямецкімі войскамі.
Пасля вайны, у 1946 годзе савецкія ўлады зноў зачынілі касцёл.
Касцёл мусіў стаць інтэрнатам
У 1960-я гады (1963, 1964 ці 1968 паводле розных крыніцаў) годзе верхнюю частку званіцы касцёла разбурылі, а тое, што засталося, убудавалі ў пяціпавярховы будынак. Так касцёл у Бабруйску стаў такім, якім мы сёння яго бачым.
Дзякуючы адной з парафіянак, якая вырашыла разабраца ў складаным лёсе святыні, знайшліся цікавыя дакументы ў Бабруйскім занальным архіве, а менавіта – рашэнне бабруйскага гарвыканкама ад 20 студзеня 1961 года аб перадачы будынка касцёла будаўнічаму трэсту №13 «для выкарыстоўвання яго пад дом культуры будаўнікоў».
У той жа час, дазволу на будаўніцтва прыбудовы да касцёла, рашэння аб зацвярджэнні на яе праектнай дакументацыі, у архіве няма. Гэтак жа, як і няма акта ўвода ў эксплуатацыю прыбудовы, а таксама якіх-небудзь іншых дакументаў па будаўніцтву пяціпавярховіка.
З адказу вернікам парафіі з Магілёўскага аблвыканкаму вядома, што пяціпавярховая прыбудова прымалася ў свой час як інтэрнат на 197 чалавек. Чаму там урэшце размясцілася адміністратыўная прыбудова домабудаўнічага камбіната, невядома.
У частцы касцёла, якая ацалела, за савецкім часам праводзіліся выставы, у тым ліку – дасягненняў сельскай гаспадаркі з паказамі буйной рагатай жывёлы.
Чаму касцёл не вярнулі цалкам у 1990-х?
У кастрычніку 1989 года было прынятае рашэнне аб перадачы касцёла вернікам, аднак рэалізаванае яно было толькі ў сакавіку 1990 года. 13 ліпеня 1990 касцёл асвяціў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Тады святыні і парафіі надалі тытул Святых Апосталаў Пятра і Паўла, які некалі насіў касцёл на тэрыторыі бабруйскай крэпасці. 9 снежня 1996 года адбылася рэкансэкрацыя касцёла ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
У касцёле аднавіліся службы, рэлігійнае жыццё, аднак уваход у святыню ўсцяж быў праз фае ААТ «Бабруйскбудкомплекс», якое працягвала працаваць. Каталікі пачалі шукаць спосабы, што зрабіць з гэтым дзіўным сімбіёзам.
Адным з першых, хто ўказваў гарадскім чыноўнікам, што прыбудова парушае правы вернікаў, быў ксёндз Раман Факсінскі. У лісце ў выканкам у 1995 годзе ён прапаноўваў знайсці кампраміс праз розныя варыянты вырашэння праблемы. У прыватнасці, сярод ягоных ідэяў было ўсталяванне ў фае будаўнічага камбіната глухіх перагародак, каб аддзяліць уваход у касцёл ад адміністрацыйнага будынку.
Таксама па ініцыятывае ксяндза Факсінскага ў 1990-х гадах у касцёле адбыўся пленэр з удзелам замежных архітэктараў, якія спрабавалі прыдумаць, як можна выкарыстоўваць прыбудову, калі яе не зносіць.
Тым не менш, пытанне з поўнай перадачай касцёла парафіі ва ўласнасць і яго адбудовай так і не атрымалася давесці да паспяховага вырашэння.
Купляць прыбудову Касцёл адмовіўся
ААТ «Бабруйскбудкомплекс» неаднаразова прапаноўваў каталікам купіць прыбудову. Але Касцёл заўсёды лічыў, што ўлады самі павінны прыбраць тое, што надбудавалі, не патрабуючы за гэта грошай.
У некалькіх кроках ад вырашэння пытанне аднаўлення касцёла было ў 2009 годзе. Тады Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва было гатова перадаць будынак каталікам, але пры ўмове прадстаўлення горадам раўназначнай пабудовы для прадпрыемства. Горад прапанаваў адміністрацыйны будынак на 31 кабінет па вуліцы Паркавай. Але Мінбуд адмовіўся ад яго, – маўляў, занадта далёка.
Бабруйскія ўлады ўвесь час кажуць, што цалкам падтрымліваюць ідэю аднаўлення касцёла. Але заўсёды знаходзяцца прычыны, чаму гэта зрабіць немагчыма. У 2017 годзе неабыякавыя бабруйцы сабралі больш за 500 подпісаў за аднаўленне касцёла, распачалі камунікацыю з уладамі, хадзілі на прыёмы ў Бабруйскі гарвыканкам, размаўлялі са старшынёй выканкама і яго намеснікам, пісалі звароты ў Магілёў і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Ніякага выніку гэта ўсё не прынесла.
Тады ж, у 2017 годзе, ААТ «Бабруйскбудкомплекс» збанкрутавала. Адміністратыўны будынак прадпрыемства некалькі разоў выстаўляўся на аўкцыён, аднак ахвочых набыць яго так і не знайшлося.
У бабруйскага касцёла няма гаспадара?
На пачатку 2018 года актыўныя крокі парафіянаў датычна тэмы вяртання і аднаўлення касцёла заціхлі, у тым ліку праз нежаданне прадстаўнікоў касцельнай іерархі, каб грамадскасць удзельнічала ў гэтай справе.
Неўзабаве парафія атрымала папярэджанне, што ўвосень 2018 года будынак касцёла будзе прызнаны безгаспадарным, калі не будуць прадпрынятыя нейкія захады. Ці рабіла нешта парафія, нам невядома. Атрымліваць інфармацыю з таго часу станавілася ўсё складаней.
У кастрычніку 2018 года суд Бабруйскага раёна і г.Бабруйска прызнаў будынак касцёла безгаспадарным і перадаў у камунальную ўласнасць.
Пробашч Андрэй Яркавец тады казаў, што раней асноўны крэдытор ААТ «Бабруйскбудкомплекс», якое збанкрутавала, прапаноўваў перадаць каталікам і будынак касцёла, і прыбудову, але парафія адмовілася праз недахоп сродкаў на знос прыбудовы ці яе ахову.
«Мы ўдзячныя гораду і банку за такія прапановы, але што рабіць з прыбудовай? Мы не фінансавая арганізацыя і ў нас няма грошай, каб арганізаваць знос, – казаў ксёндз Яркавец. – Пакуль будынак знаходзіцца ва ўласнасці горада, яго ахоўваюць, а ў нас няма сродкаў нават на тое, каб яго ахоўваць – мала хто будзе блукаць па гэтых пяці паверхах?».
«Грошы б знайшлі, сабралі б»
Тады ж святар скардзіўся, што ў Бабруйску няма арганізацыяў, якія маглі б знесці прыбудову без шкоды для касцёла, а на аплату адмыслоўцаў з Менску ў парафіі няма грошай і нават у гарадскім бюджэце яны наўрад ці б знайшліся.
Адзін з парафіянаў, які пажадаў застацца ананімным, не згодны з такой пазіцыяй пробашча, і кажа, што грошы заўсёды можна знайсці:
«Ды элементарна сабралі б, і знайшлі б адмыслоўцаў, але затое касцёл быў бы нашым, і была б надзея на хуткае аднаўленне, – кажа вернік. – А цяпер невядома, чаго чакаць, і таксама незразумела, чаму раней не хацелі забіраць з прыбудовай, а цяпер ужо вядзецца гаворка пра перадачу ў карыстанне комплексу – касцёла і прыбудовы».
Ці зносіць прыбудову да касцёла, ці проста перарабіць яе?
Мы запыталіся ў бабруйцаў на нашай Інстаграм-старонцы – хто павінен вырашаць лёс касцёла? Вынік такі: 4% ці 3 чалавекі лічаць, што ўлады, 50% (34 чалавекі) за парафіянаў, 46% (31 голас) аддаюць права вырашаць усім бабруйцам.
На другое нашае пытанне, ці трэба цалкам аднавіць першапачатковы выгляд, ці можна пакінуць прыбудову і адаптаваць яе пад патрэбы касцёла, 4% (4 чалавекі) выбралі другі варыянт, 96% (86 падпісчыкаў) лічаць, што святыні трэба вярнуць першасны выгляд.
За адбудову большасць выступіла таксама ў нядаўнім абмеркаванні гэтай тэмы на старонцы «Аднаўленне бабруйскага касцёла» у Фэйсбуку.
Аўтар старонкі прыводзіць у тым ліку аргументы за тое, каб пакінуць і перарабіць прыбудову:
«Дзе апрача Бабруйска можна ўбачыць падобнае зліццё мадэрновай неаготыкі з савецкай бязлікасцю? Ці не робіць гэта наш прыклад настолькі ўнікальным, што прыбудову неабходна адрэстаўраваць разам з захаванай часткай касцёла і адкрыць пры парафіі такую патрэбную каталіцкую школку, выставачную залу, урэшце – музей каталіцкай грамады горада, гісторыя якой налічвае ці не паўтысячагоддзя… Абодва меркаванні маюць свае перавагі і недахопы».
І разважае далей пра тое, што можна было б зрабіць з былой адміністрацыяй «Бабруйскбудкомплекса»:
«Ці не лепш было б пакінуць абапал адбудаванага фасаду фрагменты сцен вышынёю ў паўтара-два паверхі, накрыць іх дахоўкай і ўпісаць у ансамбль будучага скверу на касцельным участку, як гэта было калісь, а на сценах размясціць гістарычную даведку і выявы, што сведчылі б аб праўдзівасці першай? Такім чынам мы не абразім архітэктурнага генія Станіслава Шабунеўскага, вярнуўшы спрадвечнае аблічча аднаму з найлепшых яго архітэктурных твораў, і разам з тым захаваем элементы старога будынка, як напамін аб памылках продкаў».
У каментарах большасць падпісчыкаў не пагадзіліся з гэтай ідэяй і выступілі за поўнае аднаўленне ўнікальнага касцёла.
А як святыня магла б выглядаць, калі яе адбудаваць, чатыры гады таму бабруйцам паказалі гомельскія архітэктары Дзмітрый і Ганна Башмакі, якія зрабілі 3D-рэканструкцыю касцёла. Прыводзім тут гэтыя выявы.