Цуд на ялінку. Паказваем, якія душэўныя калядныя цацкі з ваты стварае бабруйчанка

Усе фота з асабістых архіваў Ніны

 

– Пасля таго, як я зацікавілася цацкамі з ваты, знайшла інфармацыю, што гэта даволі старая і вядомая тэхналогія, што выкарыстоўвалася для вырабу калядных цацак з 19 стагоддзя.

Больш за ўсё, канешне, мяне ўразіў і здзівіў роспіс тварыкаў. І дасюль для мяне гэта самае складанае і цікавае ў працэсе з’яўлення фігурак з ваты, – тлумачыць Ніна.

– Адразу ж захацела сабе такія цацкі, уяўляла, якая душэўная і цёплая ялінка з імі ў мяне будзе. А так як я чалавек творчы, многае люблю рабіць рукамі, вырашыла, што трэба навучыцца ствараць іх самой.

Першую цацку Ніна зрабіла ў 2021 годзе, на яе сышло каля трох дзён. Гэта была фігурка дзяўчынкі з падарункам, зараз яна ўпрыгожвае ялінку мамы нашай суразмоўніцы.

– Многія цацкі, якія я стварала ў пачатку, жывуць цяпер у маіх сваякоў, – усміхаецца майстрыца.

 

 

Што ж патрэбна для стварэння такой цацкі?

– Гэта зусім простыя матэрыялы: гліна для вырабу тварыка, дрот для каркаса, афарбаваная вата і клейстар, які гатуецца з клею ПВА і крухмалу. Вату я выкарыстоўваю самую звычайную, з аптэкі. Набываю баваўняна-ільняную і афарбоўваю яе ўручную.

  • У першую чаргу я падрыхтоўваю тварыкі для цацак, з гліны, што сама застывае. Раблю гэтыя загатоўкі і размалёўваю акварэльнымі фарбамі.
  • Далей з дроту фармую шкілецік будучай цацкі.
  • З дапамогай клейстара з ваты фармую цела і пакідаю сохнуць.
  • Мацую тварык да цела і раблю адзенне, пры гэтым пакідаю загатоўку сушыцца пасля кожнага элемента.
  • Калі цацка высахла, дадаю дэкаратыўныя элементы: каробачкі, шакаладкі, скрутачкі. Пасыпаю бліскаўкамі ці слюдой і пакрываю матавым лакам.

 

 

Ці складана навучыцца рабіць такія цацкі?

– Не складана. Асабліва, калі ёсць моцнае жаданне, якое было ў мяне, – тлумачыць Ніна. – Мне вельмі дапамог курс, на якім я атрымала не толькі веды і асновы, але і падтрымку іншых майстрыц.

Вядома, спачатку можа не атрымлівацца ідэальна, але калі прыкласці трошкі намаганняў і цярпення, усё атрымаецца! Але, напэўна, нейкія здольнасці да малявання ўсё ж спатрэбяцца – для роспісу вырабаў.

 

 

Ніна дадае, што з ваты можна зрабіць практычна ўсё, што пажадаецца. Але яна аддае перавагу дзеткам з ваты, іх яна любіць больш за ўсё.

– Неяк у мяне прасілі зрабіць цацку па ўзоры з фота. Таксама часта просяць зрабіць паўтор цацкі, якую я рабіла. Але тут трэба разумець, што поўнага падабенства не атрымаецца, як бы я таго не жадала. Бо кожная цацка ствараецца і распісваецца рукамі, а не на канвееры. Мне падаецца, у кожнай з іх свой характар, – усміхаецца Ніна. – Пакуль я не рабіла штось зусім незвычайнае, шалёнай ідэі пакуль не маю. Адзінае – у гэтым годзе планую зрабіць вялікага Дзеда Мароза і Снягурку пад ялінку.

 

Дзе ты можаш сачыць за творчасцю Ніны? А вось тут – пераходзь па спасылцы ў яе інстаграм!