«Само пройдёт?». Педыятарка Мая Церакулава стварыла ютуб-канал пра дзіцячае здароўе

Мая Церакулава – педыятарка з Казахстану, якая пэўны час жыла і працавала ў Бабруйску, а цяпер знаходзіцца ў Польшчы, стварыла youtube-канал пра дзіцячае здароўе – «Само пройдёт?».

Мая Церакулава. Фота: кадр з сюжэту каналу «Само пройдёт?»

 

Новыя выпускі на канале Маі выходзяць кожны чацвер. У іх лекарка прымае самых сапраўдных пацыентаў – дзяцей і іхных бацькоў. Слухае іхныя скаргі, размаўляе, раіць, як лячыць хваробу.

«Усе рэкамендацыі я даю адпаведна са стандартамі доказнай медыцыны», – падкрэслівае Мая.

Ідэя каналу пра здароўе дзяцей нарадзілася ў Маі даўно, яшчэ падчас жыцця ў Беларусі, аднак час і магчымасці знайшліся толькі цяпер, калі Мая вымушана пераехала ў Польшчу.

«У Беларусі ўсё неяк не было часу. У Польшчы ўсё сышлося – я пакуль не працую, вучуся ў паліцыяльнай школе, рыхтуюся да настрыфікацыі дыплому», – кажа лекарка.

Да думкі пра свой ютуб-праект Маю падштурхнула спецыфіка працы і жаданне распавесці як мага большай колькасці бацькоў пра самыя распаўсюджаныя дзіцячыя хваробы.

«Калі на працы ўвесь час гаворыш адно і тое ж, шмат разоў на дзень апавядаеш пра такія распаўсюджаныя хваробы, як вірусныя інфекцыі, алергіі, адэноіды, атыты, то хочацца запісаць гэта ўсё на відэа, каб людзі маглі паглядзець і не трэба было кожнаму асобна паўтараць», – тлумачыць Мая.

Пра Маю і яе сям’ю мы распавядалі ўлетку 2022 года, калі яна толькі-толькі пераехала ў наш горад. Напачатку 2023 года педыятарка пераехала ў Польшчу. Цяпер жыве ў Беластоку. Мая – шматдзетная маці, выхоўвае траіх дзяцей. Сярэдняя дачка Маі мае аўтызм. 1387.io размаўляў з лекаркай пра асаблівасці адукацыі для дзяцей з аўтызмам у Беларусі і Польшчы.

«Настаўнікі кажуць: «Ева, каханая», абдымаюць, усміхаюцца». Як у Польшчы вучацца дзеці з аўтызмам