29-30 кастрычніка – асаблівыя, жалобныя даты ў нашай гісторыі. У гэтыя дні мы ўшаноўваем памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1930-гадоў, якія дасягнулі свайго апагею ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Тады ў турме НКУС у Менску былі расстраляныя больш за 100 беларускіх пісьменнікаў, грамадскіх і культурных дзеячаў, навукоўцаў.
Ці ведаеце вы, дзе ў Бабруйску знаходзіцца помнік ахвярам камуністычнага рэжыму? Так, Бабруйск – адзін з нешматлікіх гарадоў у Беларусі, дзе такое месца ёсць.
Помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў знаходзіцца ў скверы на плошчы Перамогі. Ён уяўляе сабой камень з прымацаванай шыльдай з тэкстам «Бобруйчанам – жертвам необоснованных репрессий». Усталяваны ён быў 15 чэрвеня 1998 года па ініцыятыве старшыні Бабруйскага аддзялення Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Ганны Бакач.
Паводле праекту Ганны, у Бабруйску мусіў паўстаць паўнавартасны мемарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, з капліцай. 2 лістапада 1992 года адбылася ўрачыстая закладка каменя з пазнакай «Здесь будет сооружён памятник жертвам политических репрессий» на месцы будучага мемарыялу. Быў усталяваны таксама крыж.
Капліца, аднак, так і не з’явілся – яе замяніў валун з белага мармуру.
Спачатку надпіс на камяні быў іншым: «Бобруйчанам, пострадавшим в годы репрессий». Той, які мы бачым цяпер, з’явіўся пазней, на пачатку 2000-х гадоў, калі папярэднюю шыльду хтосьці скраў. І нікога не збянтэжыла новая фармулёўка – ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій. Нібыта рэпрэсіі могуць быць абгрунтаванымі…
Акрамя помніка, Ганна Бакач заснавала ў Бабруйску «Музей ахвяраў палітычных рэпрэсій» – адзіны такі музей у Беларусі. Знаходзіўся ён там, дзе цяпер месціцца рэдакцыя парталу Bobr.by. Быў зачынены ў 2002 годзе.