З 31 студзеня не працуе дабрачынная арганізацыя «Справядлівая дапамога», дзе бяздомныя і малазабяспечаныя бабруйцы маглі атрымліваць бясплатныя гарачыя абеды, а таксама вопратку.
Прычына прыпынення працы – недахоп прадуктаў харчавання, распавёў на старонцы арганізацыі ў Інстаграме яе стваральнік і кіраўнік Максім Чарняк.
«З 31 студзеня арганізацыя часова прыпыніла сваю дзейнасць у сувязі з недахопам прадуктаў харчавання. На дадзены момант мы сабралі сродкі для кармлення нашых падапечных на некалькі разоў. І гэта не выратуе нашую сітуацыю з прадуктамі харчавання на бліжэйшыя дні», – напісаў Максім.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Рахунак «Справядлівай дапамогі» арыштаваны ў сувязі з запазычанасцю па арэндзе. Арганізацыя не зможа скарыстацца сродкамі, якія паступаюць на рахунак, да поўнага пагашэння запазычанасці, сума якой немалая – больш за 2000 рублёў.
На сітуацыю паўплывала і тое, што акаўнт «Справядлівай дапамогі» у Аднакласніках быў заблакаваны па невядомых прычынах каля месяца, а менавіта ён прыносіць найбольш ахвяраванняў.
Таксама за апошнія месяцы арганізацыю двойчы рабавалі – выносілі прадукты харчавання, скралі мікрахвалёўку і электрапліту з духавой шафай, якія выкарыстоўваліся для прыгатавання гарачай ежы.
Таксама «Справядлівай дапамозе» можна перадаваць вопратку і дзіцячыя цацкі, але арганізацыя просіць не прыносіць старыя, брудныя, сапсаваныя рэчы.
«Не трэба перакладваць на нашыя плечы ўтылізацыю вашых старых, не прыдатных для выкарыстання рэчаў. Дабрачынны фонд «Справядлівая дапамога» – не звалка. Калі ласка, не прыносьце нам маральна састарэлую вопратку ад бабулі, якая праляжала ў вас 20 гадоў», – просіць арганізацыя.
У «Справядлівай дапамогі» няма памяшканняў для захоўвання, таму вопратку прымаюць строга па сезоне.
Ахвочых дапамагчы Максім Чарняк просіць рабіць ахвяраванні на карту «Беларусбанка» (4246410033166809 да 08/27б Maksim Charniak) ці патэлефанаваць па нумары +375298724856 і дамовіцца пра перадачу прадуктаў харчавання пры сустрэчы. Пункт прыёму «Справядлівай дапамогі» знаходзіцца па адрасе: Бабруйск, вул. Крапасны Вал, д. 21 (раён Лядовага).