36
У тыктоках дзесяцігодак гучыць Рык Эстлі і Кейт Буш, крамы завалены цішоткамі «Blondie» і «Kiss», сацсеткі абмяркоўваюць «Stranger Things» («Дзіўныя справы») і «Слова пацана», а ў моду вярнуліся кашулі ў клетку і футры. Дарэчы, гэтай зімой у беларускім інстаграм быў сапраўдны бум на фотасесіі ў рэтра-футрах і шапках, які, у асноўным, пазначалі хэштэгамі «ссср», «звенитянварскаявьюга» і падобнымі. Падаецца, сумесь моды мінулых дзесяцігоддзяў накрыла ўсё – і вызначыць, дзе тут «савецкае», а дзе звыкла-імпартаванае, і чаму наагул усё гэта вярнулася, без знаўцаў не разабрацца. Спрабуем гэта зрабіць разам з Ірынай Калатковай, імідж-стылісткай, ды Сяргеем Календам – культуролагам і пісьменнікам.
Фота з пазнакай #slavicgirl у футрах пачалі актыўна выкладаць у сацсеткі напрыканцы мінулага года, а тыктокі і рылзы яшчэ і пад паўсталую з попелу песню Каці Лель «Мой мармеладный» – што зрабіла яе міжнародным хітом. Гэты трэнд не абыйшоў бокам і бабруйчанак – у інстаграм мясцовых візажыстак, стылістак і фатографак вы знойдзеце такія фота з верагоднасцю ў 95 працэнтаў. Некаторыя з іх, адзначым, дзеля здымкаў з бублікамі на Чырвонай плошчы не паленаваліся зганяць нават у Маскву. Што тычыццца мясцовых лакацый, то модніцы маглі скарыстацца вось такім «аксесуарам» – аўтамабіль здаецца ў арэнду і мае сваю старонку ў інстаграм.
Але і апроч футравай навалы можна заўважыць вяртанне на паліцы масмаркета адзення і аксэсуараў у стылі гранж і панк, хіпі, дыска, эпохі клубнай электроннай музыкі… І ўсё гэта актыўна мяшаецца і спалучаецца.
Ірына Калаткова адзначае, што сёння ў модзе сапраўды ідзе вельмі моцны камбэк да моды не толькі 80-х, але і 60-70-90-00-хх.
– Гэта ў першую чаргу звязана з тым, што на гэтым этапе ў модзе ўжо былі здзейсненыя ўсе рэвалюцыі і нічога радыкальна новага яна нам пакуль прапанаваць не можа.
Таму дызайнеры бясконца вяртаюцца ў моду мінулага стагоддзя, змешваюць стылі – і ў розныя сезоны той ці іншы выходзяць на першы план і прыцягваюць больш увагі.
Імідж-стылістка тлумачыць, чаму ўсе гэтыя стылі і сам вайб мінулага стагоддзя вабяць падлеткаў і моладзь:
–Бо яны гэтага яшчэ не насілі. Мінае час, вырастае новае пакаленне, яны шукаюць новыя формы самавыяўлення, каб быць максімальна не такімі як іх бацькі. Але іронія гэтай тэндэнцыі такая, што яны як раз і выглядаюць як іх бацькі ў маладосці!
Думаю што серыял «Слова пацана» стаў такі папулярны, бо для пакалення 80-х гэта адсыланне у іх юнацтва, а для іх дзяцей – магчымасць убачыць жыццё сваіх бацькоў у іх узросце. Бо звычайна дзеці лічаць, што іх бацькі нецікавыя і звычайныя, а тут даведаюцца, што ў многіх падлеткавы перыяд быў ого-го якім насычаным! Гэты серыял стаў своеасаблівым мосцікам для сувязі пакаленняў. Напрыклад, мая 15-гадовая дачка пасля прагляду вельмі доўга з цікавасцю дапытвала мужа, а ці праўда што так было ў яго юнацтве.
Ірына заўважае, што папулярнасці такіх камбэкаў вельмі спрыяе мода на экалагічнае спажыванне.
– У сувязі з чым ёсць вялікая папулярнасць вінтажнага адзення. Для моладзі гэта выдатная магчымасць выглядаць модна і не затратна.
Але пры ўсіх адсылках да вінтажнай моды – у іншых рэаліях ды з іншымі тэхнічнымі магчымасцямі, цяпер гэтая візуалізацыі выглядае і ўспрымаецца ўсё роўна крыху іначай.
Цікавы той факт, што нашумелы трэнд гэтай зімы, дзяўчаты ў стылі «Slavic girl» як раз завірусіўся ад заходніх блогераў. Хтосьці звярнуў увагу на спецыфічны стыль савецкіх «дарагіх» дзяўчат у мяхах з 80-х, і пачалі актыўна паўтараць гэты стыль.
Чаму ён так прыцягнуў еўрапейскую супольнасць? Бо ў 80-х там так не насілі. Мода ў Амерыцы і Еўропе развівалася арганічна, у залежнасці ад сацыяльных зменаў у грамадстве, якія там адбываліся. Так, там меў месца падобны стыль у даволі забяспечаных людзей, але ён не быў такім утрыраваным.
– СССР да 80-х гадоў быў адарваны інфармацыйна ад усяго свету і толькі ў гэты перыяд пачаў прыадчыняць заслону, а самыя забяспечаныя грамадзяне змаглі набываць рэчы з-за мяжы. А праз адсутнасць моднай культуры апраналі ўсё лепшае адразу, каб падкрэсліць свой высокі матэрыяльны статус – нават калі ён і не быў такім.
Вось гэтая раскоша і багацце ўсяго і адразу ў вобразах прыцягнула ўвагу моднікаў. А праз тое, што цяпер усе ў пошуках нечага новага, што прываблівае ўвагу ў сацсетках, то гэты трэнд хутка завірусіўся, – тлумачыць Ірына.
Дарэчы, калі казаць пра музыку, самы папулярны рускамоўны гурт у свеце на сёння – беларусы «Молчат дома». І граюць яны ў стылі постпанк. Гэты жанр нарадзіўся напрыканцы 1970-х гадоў у Вялікабрытаніі, як працяг панк-рока. А ў сусветным маштабе прыкладаў, у якіх сучасныя выканаўцы – у тым ліку ў жанры поп-музыкі, ствараюць у плыні а-ля 70-я, 80-я, 90-я, 00-я, проста безліч! Гэта можа быць аранжыроўка ў пэўным вайбу ці рэтра-сэмплы. Напрыклад, Дуа Ліпа выкарыстоўвала ў сваіх хітах сэмплы гуртоў «White Town» – Your Woman і «INXS» – Need You Tonight. А вышэйузгаданы серыял «Дзіўныя справы», а таксама нямецкі серыял «Цемра» сваімі саўндтрэкамі вярнулі любоў (а некаму адкрылі) да старых гуртоў, ад «Nena», «Tears For Fears» да «The Clash» і «Falco».
Сяргей Календа, культуролаг, пісьменнік і стыліст па валасах тлумачыць, што рэтра-трэнды звязаныя таксама з спіральнасцю развіцця культур.
– Па-першае, усё, што адбываецца ў свеце, мае сваю заканамернасць паўтарацца, але ўжо адаптаваным пад сучаснасць, такім ёсць асэнсаванне і мода на культуру 80-ых.
Па-другое, уплывае пакаленне настальгіі. А настальгія тут працуе праз тое, што дзяцінства і падлеткавы ўзрост сённяшніх дарослых трапілі на тыя часы.
Заўжды ёсць жаданне вярнуцца туды, дзе ты быў малады і марыў.
Трэцяе, што ўплывае – новыя пераасэнсаванні дызайну. Кожны новы год свет шукае новага ў дызайне: колер года, альбо сезону, музыка, нейкі «дзвіж» у модзе – патрабуюць новых вырашэнняў. І тады можна звяртацца да мінулага, каб перарабіць і пераасэнсаваць яго ў новае сучаснае.
І чацвёртае – уплыў масавай літаратуры і кіно. Гэта настальгія і спробы яшчэ раз пражыць дзяцінства. І гэта тое, што натхняе – ад Стывена Кінга да Ірвіна Ўэлша.
І так, гэта выглядае цалкам лагічным, быць на пульсе свайго жыцця, асабліва таго самага – маладога, светлага і смешнага, – адзначае наш суразмоўца.