Мы не аднойчы распавядалі пра онлайн-праграму прафесійнай падтрымкі «Дадай сябе» і яе частку – інтэнсіў «Ад ідэі да запуску», на якім будучыя сацыяльныя прадпрымальнікі вучацца, як сваю ідэю ператвараць у рэальную справу. Мабыць, вы хацелі далучыцца да навучання, але не паспелі? Ці вам проста цікава, што ж патрэбна, каб перастаць баяцца і распачаць свой бізнес? Цяпер гэта стала магчыма – каманда інтэнсіву апублікавала ў адкрытым доступе тэарэтычную частку курса ў выглядзе відэаўрокаў. Аўтарка «Дадай сябе» Наталля Халанская распавядае, каму найперш будуць карыснымі ўрокі, а таксама пра вынікі інтэнсіваў.
«Доступ да тэарэтычнай інфармацыі павінен быць простым»
– Наташа, чаму вашая каманда вырашыла выкласці ў агульны доступ відэаўрокі, якія раней вывучалі толькі ўдзельнікі інтэнсіву?
– Мы разумеем, што цяпер паўсюль шмат інфармацыі, і што ў тэарэтычнай частцы нашага інтэнсіву мы нічога новага насамрэч не прыдумалі. Мы проста далі нашае бачанне, як можна структураваць інфармацыю, раскласці яе па палічках, каб чалавеку было зразумела, з чаго пачаць рэалізацыю сваёй ідэі ды як распрацаваць план запуску.
Таксама мы разумеем, што ў наш час доступ да тэарэтычнай інфармацыі павінен быць простым, каб чалавек у зручны для яго час, у сваім тэмпе мог праслухаць ці праглядзець запісы. З такімі думкамі мы рабілі наш плэйліст з відэаўрокамі – што доступ да тэарэтычнай інфармацыі павінен быць у кожнага, і што тэорыя – не наш унікальны здабытак, прыдуманы з нуля.
Для публікацыі ўрокаў мы абралі платформу minsk.cityoflearning. Гэта не было выпадковым рашэннем. Мы абапіраліся на тое, што на гэтай платформе ўжо ёсць шмат цікавых адукацыйных матэрыялаў і яна створаная для навучання па розных тэмах для людзей, якія хочуць развівацца ў розных накірунках. То бок, гэтая платформа менавіта для гэтага і зробленая – каб там збіраліся адукацыйныя матэрыялы. Там можна ствараць свае курсы ў фармаце плэй-лістоў, як мы і зрабілі, каб кожны мог зрабіць крок да справы мары.
«Працуем над бізнес-тэрміналогіяй на беларускай мове»
– З чаго складаюцца відэаўрокі?
– З 4 блокаў:
- Мэтапакладанне і апісанне прадуктаў і паслугаў. Унікальная гандлёвая прапанова;
- Бізнес-мадэль, цэнаўтварэнне, грашовая плынь;
- Аналіз рынку і распрацоўка маркетынгавай стратэгіі;
- Бухгалтарскія і юрыдычныя аспекты вядзення бізнесу. Сацыяльная адказнасць.
Урокі мы запісвалі разам з калегай Юліяй Саковіч. Па кожным блоку я ці Юлія распавядаем тэорыю з невялічкімі прыкладамі – гэта для тых, хто любіць глядзець і слухаць. Таксама ў відэа ёсць слайды з тэкстам – для тых, каму важна чытаць тэзісы. Да кожнага відэаўроку на платформе ідзе відэапісанне, каб чалавек, які прыйдзе, зразумеў, што вывучаецца падчас гэтага ўроку.
Мы зрабілі плэй-лісты на рускай і беларускай мовах, каб у нашых слухачоў была магчымасць вучыцца на зразумелай ім мове. Пры падтрымцы арганізацыі “ІншыЯ” быў зроблены пераклад відэа-урокаў і іншых матэрыялаў інтеэнсіву. І зараз працуем над слоўнікам бізнес-тэрмінаў.
«Інтэнсіў для тых, хто мае ідэю, але не верыць у сябе»
– Як узнікла патрэба запісаць відэаўрокі?
– Тэарэтычная частка, прадстаўленая ў відэаўроках, збіралася менавіта для інтэнсіваў, з таго часу, як мы пачалі іх праводзіць у 2019 годзе ў офлайн-фармаце ў Бабруйску. З цягам часу інфармацыя трансфармавалася. Мы бачылі на практыцы, што найбольш цікава ці незразумела нашым слухачам, і гэта імкнуліся раскрыць у відэаўроках.
Відэа мы запісалі ў 2023 годзе, калі трансфармавалі інтэнсіў з офлайн-фармату ў онлайн. Так, падчас офлайн-заняткаў людзі, слухаючы тэорыю, адразу маглі задаваць пытанні, мы ім адказвалі, прыводзілі прыклады, можна было дыскутаваць. У онлайне ты не можаш задаць пытанні лектару, але ўсё, што там сабрана – гэта досвед інтэнсіваў з 2019 па 2023 гады.
У 2023 годзе ў нас прайшло тры інтэнсівы ў онлайн-фармаце, у якім мы працавалі з гэтымі відэаўрокамі – па іх навучаліся людзі ў 2023 годзе. Усяго навучанне па праграме інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» прайшлі 109 чалавек офлайн і 95 чалавек онлайн.
– Каму ў першую чаргу могуць быць карыснымі вашыя відэаўрокі?
– Найперш тым людзям, якія ўжо маюць ідэю, разумеюць, з чым будуць працаваць, але, магчыма, не маюць дастаткова ведаў, кампетэнцыяў ды веры ў сябе, упэўненасці ў сваіх сілах, каб распачаць сваю справу. Мы падкрэсліваем гэта – вельмі важна мець ідэю, бо ад яе наш слухач адштурхоўваецца далей, калі вызначае мэтавыя групы, шляхі ўзаемадзеяння з імі і г.д. Калі ў вас ёсць ідэя, то нашыя відэаўрокі будуць для вас максімальна эфектыўнымі, бо вы зможаце адразу папрацаваць над заданнямі, якія ўтрымліваюць урокі.
Мы працуем з аўдыторыяй 30+ – інфармацыя адаптаваная для людзей у гэтым узросце. Але моладзь таксама можа праглядзець, калі ім падыдзе фармат.
«Можна прыходзіць як з бізнес-ідэяй, так і з сацыяльнай»
– З якімі ідэямі можна прыходзіць на навучанне?
– Да нас на інтэнсівы прыходзілі людзі з вельмі рознымі ідэямі і кірункамі дзейнасці – онлайн- і офлайн-праектамі, адукацыйнымі, культурніцкімі ідэямі, у такіх галінах, як псіхалогія, кулінарыя, мода, мастацтва, медыцына, турызм і т.п.
Важна памятаць – нашае навучанне больш накіраванае на пачаткоўцаў, якія яшчэ не рабілі свае справы. Калі ў чалавека ўжо ёсць бізнес, для яго, хутчэй за ўсё, гэта будзе не новая інфармацыя.
З іншага боку, чалавек можа ўсё гэта ведаць, але яму складана структураваць свае веды, таму нават прасунутым прадпрымальнікам можа быць карысна. Да нас прыходзілі такія ўдзельнікі, і мы ім дапамагалі структураваць ідэю, якая ўжо ёсць, каб не скакаць з аднаго на другое.
Можна прыходзіць як з бізнес-ідэяй, так і з сацыяльнай, бо для любой справы трэба прадумваць, што ты будзеш рабіць, для каго, як тыя, для каго ты робіш, даведаюцца, і колькі гэта патрабуе рэсурсаў. Нават на некамерцыйную справы патрэбныя рэсурсы.
«Адмова ад ідэі – таксама вынік»
– Ці шмат ідэяў, з якімі да вас прыходзілі ўдзельнікі, былі потым паспяхова рэалізаваныя?
– Мы адсочваем, якія ідэі былі рэалізаваныя, і магу сказаць, што гэтая лічба складае 20 – 25%. Гэтыя ідэі былі не проста рэалізаваныя, але і ўстойліва працуюць. Мне падаецца, што гэта вельмі вялікая лічба. Але ў нас няма мэты, каб пасля навучання чалавек пайшоў і рэалізаваў сваю ідэю. Мэта – каб чалавека прааналізаваў, сабраў інфармацыю і вырашыў для сябе, ці ён гатовы запускаць сваю справу ў такім фармаце. Для нас адмова ад ідэі – таксама вынік. Калі чалавек усведамляе, што лепш адмовіцца ці трансфармаваць у штосьці іншае – гэта таксама вынік. І ў нас ёсць яскравыя прыклады, калі чалавек адмаўляецца ад першапачаткова ідэі і пасля робіць нешта іншае, крутое. Яму менавіта інтэнсіў дапамог заняцца тым, чым хочацца.
– Ці можна пасля вывучэння відэаўрокаў распачынаць сваю справу, ці трэба яшчэ ў вас падвучыцца на чарговым інтэнсіве?
– Відэаўрокі – тэарэтычная частка для самастойнага вывучэння ў сваім тэмпе. Пасля кожнага відэўрока ёсць невялічкае заданне. Усяго іх чатыры. І калі чалавек выканае іх, гэта ўжо будзе пачаткам працы над ідэяй. Калі ж чалавеку патрэбная дадатковая падтрымка ад нас, тады можна прыходзіць на інтэнсіў.
Найбліжэйшы стартуе 1 красавіка. Там можна будзе выбраць розныя фарматы падтрымкі ў залежнасці ад таго, колькі часу чалавек гатовы выдаць на распрацоўку сваёй ідэі. Гэта могуць быць пашыраныя канспекты, працоўныя дакументы, табліца грашовай плыні – навучэнец будзе самастойна запаўняць іх. Яшчэ можна выбраць варыянт атрымання пісьмовых рэкамендацыяў і водгукаў на сваю працу.
Нарэшце, можна ўзяць кансультацыі – размову з выкладчыкамі і разам працаваць над ідэяй, а акрамя таго, атрымаць поўнае суправаджэнне, калі мы разам будзем працаваць з ідэяй чалавека.
Цяпер можна запоўніць анкету перадзапісу і пасля мы будзем звязвацца і абмяркоўваць умовы для ўдзелу ў практычным інтэнсіве.
У якасці падсумавання
Інтэнсіў «Ад ідэі да запуску» – гэта навучальны курс па распрацоўцы бізнес-плану для тых, у каго ёсць ідэя стварэння ўласнай справы, але недастаткова ведаў, навыкаў і смеласці для яе рэалізацыі. Ён падыдзе вам, калі:
- у вас ёсць ідэя, але няма ўпэўненасці і ведаў, каб яе рэалізаваць;
- вы ўжо прыступілі да рэалізацыі ідэі, ёсць план дзеянняў, прыблізнае разуменне, што і як рабіць, але няма ўпэўненасці ў сваіх сілах, прысутнічае страх згубіць укладзеныя сродкі і час;
- у вас ужо ёсць ці была свая справа і яе неабходна перазапусціць, трансфармаваць і/ці маштабаваць у новых умовах.
Тэарэтычная частка інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» складаецца з 4 відэаўрокаў:
- Мэтапакладанне. Апісанне прадукту/паслугі. Унікальная гандлёвая прапанова;
- Бізнес-мадэль. Цэнаўтварэнне. Грашовая плынь;
- Маркетынгавы аналіз і план;
- Юрыдычныя аспекты і бухгалтэрыя. Сацыяльная адказнасць.
Больш карыснай інфармацыі аб запуску справы сваёй мары, кейсы, што натхняюць ды прафесійная падтрымка – у Інстаграм-блогу і Тэлеграм-канале «Дадай сябе».