Ажно ў трох выпусках падкасту “Міфічны Бабруйск” фігураваў адзін з самых шматпакутных старых будынкаў у горадзе – езуіцкі касцёл. Так, той самы, які часта гарэў, і які ў многіх кнігах ды крыніцах (нават у Вікіпедыі ды віртуальных мапах) блытаюць з касцёлам святых Пятра і Паўла. На вялікі жаль, гэтая каламеса трапіла і ў адзін з выпускаў падкасту, пад назвай “Святыя ў Бабруйску”. Крыўдна, але давай паспрабуем разабрацца, чаму так адбываецца, і не толькі з намі.
Ці захаваўся касцёл святых Пятра і Паўла?
Не. Дакладней, захаваўся толькі падмурак ад яго, які пакуль яшчэ можна ўбачыць і памацаць – ён знаходзіцца справа ад езуіцкага касцёла (калі стаяць тварам да ўваходу). На падмурку надбудаваныя два паверхі з чырвонай цэглы – апошні раз тут размяшчалася вайсковая школа кухараў № 168. Прычым больш старая, касцёльная частка даволі добра праглядаецца.
Але пачнём спачатку. Касцёл святых Пятра і Паўла быў закладзены на грошы бабруйскага старасты Пятра Трызны ў 1615 годзе. І хоць сам Трызна паходзіў з праваслаўнай сям’і ды меў уплывовых сваякоў-царкоўнікаў у гэтай канфесіі, свядома перайшоў у каталіцызм. А ўжо пасля таго, як атрымаў права пажыццёва валодаць Бабруйскім староствам (пасля яго смерці горад перайшоў да каралевы Цэцыліі Рэнаты), актыўна ахвяраваў грошы на тое, каб тут з’явілася езуіцкая рэзідэнцыя, а каталіцызм пашыраўся.
І бабруйскі стараста не пашкадаваў сродкаў на тое, каб у горадзе паўстаў першы каменны касцёл – святых Пятра і Паўла, што будаваўся 15 год, і акурат у гады служэння Андрэя Баболі (у 1630 годзе) быў дабудаваны і пачаў дзейнічаць. Паводле бабруйскага даследніка касцёлаў Віктара Маліноўскага: “Мураваны касцёл меў асноўны, прамавугольны ў плане аб’ём; у цэнтры галоўнага фасада мелася двух’ярусная, драўлянай канструкцыі, атынкаваная вежа з складаным па форме завяршэннем; унутраны інтэр’ер быў аздоблены, асабліва багатае аздабленне мелася ў першай палове ХІХ ст.; між іншым – у галоўным алтары знаходзіўся цудатворны ўкаранаваны абраз Панны Марыі, у срэбранай з пазалотай шаце. Святыня з’яўлялася помнікам архітэктуры позняга рэнесансу”.
На жаль, блізкае суседства з Масковіяй не пакінула касцёлу шанцаў захавацца да нашых часоў. Першы раз ён быў разрабаваны і пашкоджаны казакамі ўсяго праз 18 гадоў з часу адкрыцця. Яго паспелі аднавіць, але ўжо праз 7 год тыя ж казакі – наёмнікі расейскай дзяржавы, зноў вярнуліся – каб паліць і нішчыць Бабруйск, забіваць яго жыхароў, і касцёл стаў адной з ахвяраў навалы – яго падпалілі. І святыню зноў аднавілі.
Паводле звестак Віктара Маліноўскага, менавіта ў касцёле святых Пятра і Паўла ў 1808 годзе быў ахрышчаны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Таму мемарыяльная шыльда з яго імем ёсць у дзеючым касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Дарэчы, з гэтым касцёлам таксама адбылася блытаніна – бо пасля закрыцця яго савецкімі ўладамі, і ў час аднаўлення парафіі ў 1990 годзе, біскуп Тадэвуш Кандрусевіч памылкова асвяціў яго ў гонар святых Пятра і Паўла. І толькі праз шэсць год, з дапамогай мітрапаліта, кардынала Казіміра Свёнтка, касцёлу вярнулі яго гістарычнае імя.
Але вернемся да касцёла святых Пятра і Паўла. У 1859 годзе ён чарговы раз гарэў, і быў адноўлены. Наступны пажар здарыўся ў 1885 годзе, і амаль цалкам знішчыў святыню. Напэўна, аднаўленне каталіцкай святыні не было прыярытэтам для Расейскай імперыі, якая акупавала нашы землі ды вырашыла знішчыць дзеля будоўлі крэпасці стары цэнтр Бабруйска. Рэшткі будынка перадалі вайскоўцам.
Праз некалькі год сцены касцёла разабралі да падаконняў, а ў пачатку 20 стагоддзя на падмурку ўзвялі двухпавярховы будынак казармы. У перыяд польскай акупацыі ў ім размяшчалася аптэкарскае сховішча, а ў савецкія часы, у 80-я гады – вайсковая школа кухараў.
У 2010-я гады ў дворыку будынка, у яблыневым садзе праводзілі спаборніцтвы па лазертагу. А ў 2022 годзе тэрыторыю закрылі, дрэвы высеклі, але што канкрэтна там плануюць зрабіць – дасюль невядома (калі ты ведаеш, пішы ў каментарах, ці ў прыватных паведамленнях у нашым інстаграме).
Але чаму атрымалася, што касцёл Пятра і Паўла блытаюць з езуіцкім касцёлам, які знаходзіцца побач? Напэўна, адказ у паслядоўным вынішчэнні нашай гісторыі спярша ў часы імперыі, а пасля ў савецкія часы, калі спальваліся і руйнаваліся не толькі будынкі, але і дакументы, а таксама – людзі. Інфармацыя, якую па крупінках збіраюць даследнікі, такія як Віктар Маліноўскі, не заўсёды даходзіць да шырокіх масаў, таму, паўтаруся, нават у Вікіпедыі езуіцкі касцёл пазначаны, як касцёл святых Пятра і Паўла.
А што наконт езуіцкага касцёла, які блытаюць з неіснуючым ужо св. Пятра і Паўла?
Хутчэй за ўсё, яго чакае аналагічны лёс. Будынак з шыльдай гістарычнай каштоўнасці знаходзіцца ў аварыйным стане. Малаверагодна, што яго магчыма захаваць – гэта трэба было рабіць яшчэ ў час высялення вайсковай часткі.
На сёння гэты будынак (калі не лічыць падмурка ад суседняга) – самы стары ў Бабруйску. Ён быў збудаваны ў 1747 годзе на сродкі рэчыцкага суддзі Францішка Дзерналовіча, і цудам захаваўся ў часы ўзвядзення крэпасці. Што праўда, у вельмі змененым выглядзе.
У 1773 годзе, калі ордэн езуітаў быў прызнаны непажаданым, у касцёле размясцілі павятовы суд, тут жа праходзілі пасяджэнні павятовых соймаў. У 1810 годзе будынак перарабілі пад артылерыйскі цэйхгаўз. У савецкія часы тут размяшчалася гаўптвахта – да 2005 года.
У 2011 годзе будынак гарэў ажно двойчы, прычына – падпал. Першы раз агонь знішчыў некаторыя памяшканні і месцамі дах, другі пажар быў яшчэ больш моцны і знішчыў найбольш аўтэнтычныя часткі касцёла.
Вінаватых не знайшлі. Але адметна, што пасля аднаго з падпалаў унутры былі знойдзеныя прарасейскія надпісы, адзін з іх зневажаў святога Андрэя Баболю, які служыў у Бабруйску з 1630 па 1633 год. Інфармацыя, якой наўрад ці валодалі шэраговыя хуліганы. Тут, па ўсім відаць, працавалі людзі, якія ведалі, што і для чаго робяць.
А каб даведацца, якія легенды звязаныя з езуіцкім касцёлам, слухай выпускі падкасту “Міфічны Бабруйск” пра прывідаў ды падзямеллі. А таксама – пра бабруйскіх святых: